Канікулы ў “Калейдаскопе”

Дзяцінства — самы спрыяльны перыяд для творчасці. Малюнак і жывапіс, айрыс фолдынг і цестапластыка, роспіс па шкле, дрэве, тканіне… Гэта толькі частка таго, у чым прапаноўвае паспрабаваць сябе юным мастакам Алеся Мікалаеўна АКІНЧЫЦ, кіраўнік аб’яднання па інтарэсах “Калейдаскоп” Абласнога цэнтра творчасці Магілёва. Сёння творчыя эксперыменты па стварэнні пацешных сувеніраў і аўтарскіх інтэр’ерных аб’ектаў выхаванцы цэнтра працягваюць завочна.

“Фармат дыстанцыйных заняткаў мы апрабавалі яшчэ падчас падрыхтоўкі да конкурсаў, калі некалькі дзяцей раптам захварэлі. Адна справа, калі гэта індывідуальная работа, і зусім іншая, калі калектыўная: тут трэба выканаць так сваю частку работы, каб не выбіцца з агульнага праекта. Таму я стварыла чаты кожнай групы ў Viber, дзе мы і абмяркоўвалі нашу сумесную работу. На канікулах дыстанцыйная работа працягнулася”, — гаворыць Алеся Мікалаеўна.

Перад пачаткам канікул навучэнцы скончылі свае работы для традыцыйнай выставы “Магілёўская скарбонка”. У гэтым годзе Алеся Мікалаеўна ўпершыню правяла яе для сваіх навучэнцаў анлайн, каб яны натхніліся на далейшую творчасць. А каб падштурх­нуць дзяцей не сядзець дома без справы, яна аб’явіла сярод іх конкурс на лепшы малюнак.

“У мяне ў групах 73 дзіцяці ад 5 да 12 гадоў, многія з іх заданні выконваюць хутка, кожны дзень чакаючы новых. Работа кіпіць, і адным конкурсам мы не абмежаваліся: кожны тыдзень — новы конкурс па новай тэме. Свае вырабы ў працэсе стварэння яны мне высылаюць па Viber. Калі трэба, я прашу іх штосьці паправіць, перш чым працягнуць работу. Цяпер мы асвойваем і новыя тэхнікі (дудлінг, зентангл), дзеці працуюць і фламастарамі, і ручкамі, каб падрыхтаваць руку і потым адразу працаваць контурам, не задумваючыся, якія можна рабіць узоры на шкле”.

Калі ёсць база, падрыхтоўка, то новыя заданні ні для каго з навучэнцаў Алесі Мікалаеў­ны не праблема. Але каб паказаць нейкую новую тэхніку, яна запісвае майстар-класы. У ролі памочніцы ў кадры выступае яе дзесяцігадовая дачка Паліна, якая ўжо некалькі гадоў займаецца ў маміным гуртку. Напрыклад, для дзяцей, якія толькі першы год займаюцца і яшчэ не валодаюць тэхнікай пап’е-машэ, мама здымае відэаролікі, дзе Паліна паказвае, як накладваць і згладжваць паперу.

Па словах педагога, арганізоўваючы дыстанцыйныя заняткі, галоўнае — прадугледзець варыятыўнасць матэрыялаў і цікавыя заданні.

“У самой студыі ў нас шмат розных матэрыялаў, а дома іх выбар абмежаваны. Трэба падбіраць заданні так, каб у кожнага была магчымасць іх выканаць любымі матэрыяламі, незалежна ад наяўнасці дома, скажам, аркушаў паперы фармату А3, акрылавых ці вітражных фарбаў і інш. Напрыклад, контуры па шкле можна рабіць і ручкамі, і фламастарамі, і алоўкамі. Акрамя таго, не варта абмяжоўвацца вольнай тэмай, трэба даваць канкрэтныя заданні, а ўжо да іх выканання дзеці павінны падыходзіць творча. Цяпер мы ствараем антыстрэсавыя малюнкі. Так, мы малявалі дзяўчыну, у якой локаны валасоў прапрацоўвалі ў тэхніцы зентангл. Днямі паспрабавалі ўпісаць сваё імя ў любую форму: жывёлу, фрукт, тэхніку, агародніну. Вынікі дзеці паказвалі ў групе, і мы вызначалі лепшыя работы і самых актыўных аўтараў. Усіх пераможцаў чакаюць падарункі”.

Калектыўныя работы хлопчыкі і дзяўчынкі пакрокава абмяркоўваюць у чатах. Дыстанцыйна яны рыхтуюцца нават да здымак мультфільмаў. Фоны і герояў яны лепяць кожны ў сябе дома, а іх фотаздымкі і абмеркаванні перанеслі ў групы ў Viber. На зімовых канікулах навучэнцы Алесі Мікалаеўны знялі мультфільм, і хоць гэта быў іх першы вопыт у мультыплікацыі, з ім яны перамаглі ў абласным этапе конкурсу “Салют Перамогі — 75!”. Іх работа будзе прымаць удзел у рэспубліканскім этапе.

“Свае мультфільмы стварае кожная з пяці маіх груп. Я распісала і размеркавала паміж удзельнікамі заданні: хтосьці лепіць герояў, хтосьці — фоны, нехта прадумвае сюжэт. Калі мы збяромся разам, нам застанецца толькі зняць мультфільм”, — гаворыць Алеся Мікалаеўна.

Святлана НІКІФАРАВА.