Insta-марафон

Што рабіць, калі нечакана з’яўляецца шмат вольнага часу ды яшчэ і ў дзённіку ў графе “Дамашняе заданне” пуста? Аказваецца, гэта таксама можа быць праблемай. Для дзяцей, якія трэці тыдзень сумуюць без школы, іх бацькоў і нават настаўнікаў. Як у гэтай сітуацыі захаваць і падтрымаць пазнавальны інтарэс і эмацыянальны тонус? У нашай школе на дапамогу прыйшлі сацыяльныя сеткі.

У самым пачатку канікул на школьнай старонцы ў Instagram быў запушчаны фотамарафон #БЕЗШКОЛЫ_161, у якім дзеці і баць­кі дзяліліся сваімі фотаздымкамі пра тое, чым яны займаюцца ў вольны ад вучэбных заняткаў час. На змену фотамарафону прый­шла Insta-віктарына, у складанні якой прынялі ўдзел педагогі школы. Ужо больш як тыдзень кожны дзень у сацыяльнай сетцы публікуюцца пытанні з розных сфер навукі і жыцця. Ідэя такой віктарыны ў тым, каб не проста разнастаіць вольны час нашых падпісчыкаў, але і даць ім магчымасць праверыць свае веды і падтры­маць цікавасць да пазнавальнай дзейнасці. Удзельнік віктарыны можа адразу ацаніць якас ць свайго адказу, а ў канцы дня — уба­чыць статыстыку пра­вільных і няправільных адказаў, якія давалі астатнія ўдзельнікі.

Сярод пытанняў, якія падрыхтавалі для карыстальнікаў Instagram нашы настаўнікі, ёсць як зусім простыя, накшталт “Якая самая маленькая птушка?”, “Якая дзясятая літара ў алфавіце?”, так і такія, на якія правільныя адказы даюць далёка не ўсе ўдзельнікі. Напрыклад: “Як звалі першую сабаку-касманаўта?”, “Які тып плода ў рабіны?”, “Як са старажытнагрэчаскай мовы перакладаецца слова “школа”?”. Ёсць таксама пытанні на ўвагу, кемлівасць, на англійскай і беларускай мовах. Напрыклад: “Гэтага пісьменніка называюць гордасцю беларускай літаратуры. Жанравы дыяпазон яго твораў шырокі. У Віцебску яму пастаўлены помнік з надпісам “Быў. Ёсць. Буду”. Кожнае пытанне мае некалькі варыянтаў адказу. Важна выб­раць правільны.

Віктарына карыстаецца поспехам у нашых падпісчыкаў, сярод якіх не толькі вучні школы, але і іх бацькі. Хочацца верыць, што з яе дапамогай многія ўдзельнікі адкрылі для сябе новыя веды, а значыць, з карысцю правялі час на канікулах. У нашых планах зрабіць такую віктарыну штотыднёвай і ўзнагароджваць самых актыўных і эрудзіраваных удзельнікаў.

Ірына СУКАЛА,
кіраўнік медыяхолдынга “ТИГР” сярэдняй школы № 161 Мінска.