Віртуальная робататэхніка

Спачатку трэнер па таэквандо, а потым педагог па робататэхніцы. Так цікава крочыў па прафесіях Уладзімір Мажэйка, які вядзе свой гурток у Абласным цэнтры творчасці Магілёва. Што прыдумаў педагог, каб дзеці не страцілі навыкі па робататэхніцы падчас канікул, чытайце ніжэй.

Падчас дыстанцыйнага занятку.

Сёлета ў аб’яднанне да Уладзіміра Васільевіча запісаліся каля 80 чалавек 9—15 гадоў. 60—70% з іх — тыя, хто хадзіў да яго раней. У педагога выдатна атрымліваецца захапіць сваіх вучняў не вельмі простым светам робататэхнікі. Магчыма, таму што яму самому гэтая справа вельмі падабаецца. “З дзяцін­ства я цікавіўся электронікай, у свой час падлеткамі з сябрамі збіралі камп’ютары, якія яшчэ на касетах працавалі. У робататэхніцы пачынаў са стварэння BEAM-робатаў (у іх выкарыстоўваюцца аналагавыя ланцугі, а не мікрапрацэсары)”.

Заняткі ў жывую ў гуртку Уладзіміра Мажэйкі праходзілі 2 разы на тыдзень. На іх педагог знаёміў дзяцей з асновамі электронікі і схематэхнікі, робататэхнікі і аўтаматыкі, праграмавання, да таго ж даваў ім уяўленне пра магчымыя будучыя прафесіі. “Мой вучань з першых груп Мікалай Шылаў зараз вучыцца ў БДУІР на інжынера-праграміста, другі рыхтуецца да паступлення туды ж. Для некаторых гэта не проста заняткі ў гуртку, а падрыхтоўка да будучага напрамку дзейнасці”. Важным плюсам сваёй работы педагог бачыць развіццё дзяцей адразу па некалькіх прадметах. Ім спатрэбіцца і фізіка, і матэматыка, і інфарматыка.

На першым этапе навучання дзеці знаёмяцца з асновамі канструявання і канструктарам. Яны выкарыстоўваюць адукацыйны набор LEGO Mindstorms EV3 (усяго іх 12 штук). З гэтым жа наборам выступаюць на спаборніцтвах, як унутраных, так і абласных, рэспубліканскіх, міжнародных. Спачатку вучні збіраюць робата па інструкцыі. Калі яны пазнаёміліся з асновамі, даведаліся, што такое механічная перадача, перадатачныя адносіны, павышэнне і паніжэнне хуткасці, мацаванне, то можна пераходзіць на больш складаны ўзровень і рыхтавацца да спаборніцтваў. Штомесяц Уладзімір Васільевіч ладзіць унутраныя турніры, дзе ў залежнасці ад задачы дзецям трэба сабраць пэўнага робата. Самыя папулярныя віды спаборніцтваў — кегельрынг (робату трэба выпхнуць кеглі за межы рынга) і робат-сумо (робаты выштурхваюць адзін аднаго за межы зоны). Да таго ж кожныя два месяцы каманды робяць і абараняюць творчыя праекты. За іх дзеці атрымліваюць балы, якія падлічваюцца ў канцы года. Лепшых выхаванцаў Уладзімір Васільевіч падтрымлівае ўзнагародамі. Для старэйшых дзяцей праходзяць заняткі яшчэ і на базе Arduino, дзе вывучаюцца мікракантролеры і мова праграмавання С.

“Зараз мы працуем дыстанцыйна. Спачатку спрабавалі займацца анлайн, але ўсіх дзяцей сабраць разам складана. У выніку я прыйшоў да такой схемы: запісваю 45-мінутныя заняткі, адпраўляю ўсім вучням на электронную пошту, яны іх глядзяць, выконваюць заданні, адпраўляюць мне рашэнні, я гэта ўсё правяраю, калі камусьці штосьці не зразумела, тады мы спісваемся і разбіраемся разам. У нас ёсць віртуальныя праграмы, дзе можна са­браць, запраграмаваць і выпрабаваць робата, таму займацца даволі зручна. Дзеці могуць пагля­дзець заняткі на працягу тыдня і ў падыходзячы час выканаць заданне. Мне здаецца, у нашай сітуацыі — гэта аптымальны варыянт”, — дзеліцца вопытам педагог.

Спачатку стварэнне відэа было для Уладзіміра Васільевіча не самай простай справай: трэба наладзіць гук, карцінку, апрацаваць інфармацыю так, каб яна была даступнай і зразумелай дзецям, потым яшчэ і зманціраваць ролік. Свае першыя 45-мінутныя заняткі педагог рабіў 2—3 дні, зараз спраўляецца за 2—3 гадзіны.

“Я спрабаваў такую форму работы яшчэ да вясновых канікул. Напрыклад летам. Дзецям, якія займаюцца 5 гадоў, важна за 3 месяцы не разгубіць свае навыкі, таму я ім дасылаў відэа, яны выконвалі заданні, мы падтрымлівалі зваротную сувязь”. Зараз вучні Уладзіміра Мажэйкі рыхтуюцца да рэспубліканскага конкурсу JuniorSkills. Дзеці і далей працягнуць займацца любімай справай і атрымліваць карысныя веды.

Настасся ХРЫШЧАНОВІЧ.
Фота з архіва У.В.Мажэйкі.