Новая праца, новае натхненне, новыя ідэі. Аліна Чарамных менш як год кіруе ўзорнай студыяй эстраднага танца “Нон-стоп”, але ўжо падарыла яе ўдзельнікам шмат незабыўных момантаў. Чым малады спецыяліст заахвочвае дзяцей, расказваем ніжэй.
Аліна Чарамных прыехала ў Полацкі раённы цэнтр дзяцей і моладзі па размеркаванні. Гэта яе родны горад, таму, калі прапанавалі працу менавіта тут, дзяўчына з радасцю пагадзілася. У жніўні адбыўся першы для яе набор у студыю, і цяпер Аліна Вячаславаўна трэніруе 4 групы дзяцей 6—16 гадоў. Спачатку малады спецыяліст сутыкнулася з некаторымі складанасцямі. Па-першае, прыйшлося прывыкаць да дзяцей і іх характараў, шукаць падыходы да кожнага. Па-другое, трэба было і сябе ўзяць у рукі, прыняць адказнасць. Нямала гузоў было набіта, але цяпер у харэографа больш вопыту.
“Мы танцуем у розных стылях, не толькі ў эстрадным. Маленькія дзеці займаюцца класікай, таму што гэта аснова асноў. З больш старэйшымі бяром, напрыклад, народныя танцы. Нядаўна вывучылі нумар у стылі Vogue. З ім занялі 1-е месца на фестывалі-конкурсе дзіцячай творчасці “Полацкая мазаіка” і 1-е месца на конкурсе ў Бабруйску”, — расказвае педагог.
Калі Аліна Вячаславаўна прапанавала вывучыць танец у стылі Vogue, дзецям ідэя вельмі спадабалася. Разам яны ездзілі на майстар-клас, глядзелі на YouTube базавыя элементы, потым харэограф дабаўляла штосьці сваё і атрымліваўся абсалютна новы рух. Планавалася яшчэ паездка на майстар-клас па кірунку House, але яна часова адкладзена. Новыя стылі і рухі даюцца дзецям з большай цяжкасцю, затое яны вучаць іх з вялікім жаданнем. “Часам выхаванцы прыносяць нейкі ўрывак з TickTok і пытаюцца, ці можам мы такое вывучыць. Бывае, з такога кавалачка нараджаецца цэлы танец. Часам дзеці паказваюць проста музыку, якая ім падабаецца, і мы прыдумляем нешта пад яе”.
На трэніроўках Аліну Вячаславаўну можна ўбачыць рознай. Харэограф лічыць, што трэба быць строгай, каб падтрымліваць дысцыпліну, але калі яна бачыць дзіця ў дрэнным настроі, міма не пройдзе. Абавязкова пагутарыць, суцешыць. Часам дзеці не могуць даверыць усяго бацькам, а маладому сучаснаму педагогу расказаць пра праблемы лягчэй.
“Нашы стандартныя заняткі пачынаюцца з размінкі, каб прывесці мышцы ў рабочы стан. Далей мы рухаемся ў сілавым напрамку: робім прысяданні, стаім у планках, працуем над прэсам, нагамі, каб далей у танцавальных нумарах мы маглі выкарыстоўваць сваю форму. Потым стаім на руках, хто баіцца, таму дапамагаюць іншыя дзеці, і робім невялікі перапынак. Я абавязкова адводжу 15 мінут класіцы ці народнаму кірунку, а ў астатні час мы або вучым новыя нумары, або адпрацоўваем старыя. Калі ведаем, што праз 20 дзён конкурс, то робім упор на паўтор нумара. Часам на адпрацоўку маленькага кавалачка ідзе гадзіна, таму што мне хочацца, каб усё было дакладна”.
Прыкладна па такой жа схеме праходзяць трэніроўкі са старэйшымі дзецьмі, зараз, праўда, у прамым эфіры ў Instagram. У профілі студыі “Нон-стоп” тры разы на тыдзень у 5 гадзін вечара пачынаюцца заняткі. Некаторыя практыкаванні са старых трэніровак даводзіцца прапускаць, бо не ва ўсіх кватэрах камфортна іх выконваць. У канцы Аліна Вячаславаўна дае дзецям новыя кавалачкі з танцаў, просіць іх паўтарыць і запісаць вынік на відэа. Калі заняткі ў панядзелак, то ў аўторак увечары яны павінны даслаць ролік. Педагог усё праглядае, указвае на памылкі, дзеці выпраўляюць іх і дасылаюць новы варыянт. “З маленькімі дзецьмі мы працуем праз Viber. Я запісваю ім нейкія элементы, якія яны павінны адпрацаваць, напрыклад, практыкаванні для ног. На наступных занятках ужо скідваю кавалачак танца, каб яны яго паўтарылі. Праблема анлайн-навучання ў тым, што я не магу адразу ўказаць на памылку. Дзеці дасылаюць відэа з выкананым практыкаваннем, а там, напрыклад, з 40 паўтарэнняў усе былі няправільнымі. Бывае, скажу пра памылку і ў адказ атрымліваю відэа ўжо з новай памылкай. З іншага боку — гэта работа над сабой. Дзеці дома крыху лянуюцца, часам даводзіцца ім некалькі разоў паўтараць, каб даслалі відэа, але пакуль мы спраўляемся. Так займаемся каля месяца. Некаторыя ўсё ж прыходзяць на заняткі, тады мне прасцей: можна на іх прыкладзе нешта паказаць”.
Шчырая цікавасць харэографа да выхаванцаў, новыя выклікі, стылі, рухі і знаходжанне на адной хвалі — гэта, напэўна, тое, што так вабіць танцораў студыі “Нон-стоп” і выклікае жаданне хутчэй выконваць заданні ці ўключаць прамы эфір.
Настасся ХРЫШЧАНОВІЧ.
Фота з архіва А.В.Чарамных.