Падысці да справы з розумам

У Баранавічах існуе гарадская ліга інтэлектуальных каманд, якая аб’ядноўвае каманды розных школ. Каардынуе яе работу клуб “Альянс” Палаца дзіцячай творчасці Баранавіч. За 21 год існавання яго кіраўніку Таццяне Кароль удалося пабудаваць не адну моцную каманду і выхаваць яшчэ больш моцных інтэлектуалаў.

Турнір “Кубак Баранак”.

Саюз эрудытаў

У клубе “Альянс” заняткі прахо­дзяць 2 разы на тыдзень для школьнікаў 5—11 класаў. Ёсць тры каманды: 5—7 класы, 8—9 класы і 10—11 класы. “Трэніроўкі бываюць трох відаў: звычайныя, тыя, на якіх мы рыхтуемся да гульняў, і тыя, дзе мы абмяркоўваем спаборніцтвы, з якіх прыехалі, — дзеліцца Таццяна Кароль. — Звычайная трэніроўка — гэта разміначныя гульні, разагрэў (як у іншых спартсменаў), асноўная нагрузка (гульні “Што? Дзе? Калі?”, “Свая гульня”) і выхад з нагрузкі, каб дзеці крыху супакоіліся. Калі мы прыязджаем са спаборніцтваў, то павінны разабраць, якое пытанне і чаму не ўзялі, хто больш даў правільных версій, абмяркоўваем паводзіны капітана і г.д. Дзеці больш за ўсё любяць гульні “Што? Дзе? Калі?” у іх класічным варыянце, дзе трэба разважаць. Нават калі ў цябе недастаткова ведаў, выбудаваўшы шчыльнае ўзаемадзеянне ў камандзе, ты можаш прыйсці да правільнага адказу. Часам мы праводзім трэнінгі асобаснага росту або камунікатыўныя гульні. Я пастаянна шукаю новыя формы работы і стараюся зрабіць так, каб дзеці адчувалі навізну ў занятках. Гэта прыцягвае ўвагу да інтэлектуальных відаў дзейнасці і выклікае жаданне далучыцца да шэрагаў інтэлектуалаў”.

Калі пачынаць трэніравацца, ска­заць складана. Самы пластычны ўзрост, у якім дзіця бярэ на сябе адказнасць і з’яўляецца псіхалагічна сталым, па меркаванні Таццяны Аркадзьеўны, 7—8 класы. Заняткі ў клубе дапамагаюць выхаванцам пашыраць кругагляд, павышаць канцэнтрацыю ўвагі і псіхалагічную ўстойлівасць, вучыцца трымаць сябе ў руках. “Ёсць розныя спосабы развіваць разумовыя здольнасці і падтрымліваць мозг у рабочым стане, але інтэлектуальныя гульні — самы прыемны. Сёння адукаванасць чалавека вызначаецца не толькі адмысловымі ведамі, але і здольнасцю асобы да самаадукацыі, самаўдасканалення, самавызначэння. Інтэлектуальныя гульні даюць дзецям магчымасць быць эрудзіраванымі і кемлівымі”, — лі­чыць трэнер. Акрамя інтэлектуальных, дзеці паляпшаюць і камунікатыўныя здольнасці. Яны працуюць у камандзе, вучацца будаваць узаемаадносіны і атрымліваюць шэраг важных у будучыні навыкаў: чуць суразмоўцу, пава­жаць чужое меркаванне, умець упэўніць іншых у сваёй слушнасці, прызнаваць памылкі.

Некаторыя выпускнікі клуба ствараюць сямейныя пары, іншыя працягваюць сяброўства. Яны абавязкова сустракаюцца, тэлефануюць адно аднаму, прыяз­джаюць у госці да Таццяны Аркадзьеўны, ведаюць, што заўсёды знойдуць у яе разуменне і падтрымку. “Я заўсёды з павагай стаўлюся да дзяцей, незалежна ад таго, які ў іх узрост, — дзеліцца Таццяна Кароль. — Не прымаю пазіцыі “настаўнік заўсёды мае рацыю”. Трэба размаўляць на роўных, але не дапускаць панібрацтва. Мне блізкі дэмакратычны стыль адносін, трэба з любоўю і прыхільнасцю ставіцца да дзяцей. Не варта чытаць маралі, лепш растлумачыць усё праз звычайную размову або душэўную гутарку, каб дзеці усё зразумелі і адгукнуліся”.

Анлайн-трэніроўка.

За гады існавання клуба яго каманды “Ёркшырскія вожыкі”, “Адрэналін”, “Коза-Ностра”, “Круты калач”, “Нейрон”, “Фул-Хаўз”, “Місія не выканальная” не раз станавіліся прызёрамі і чэмпіёнамі як рэспубліканскіх, так і міжнародных спаборніцтваў. Самыя запамінальныя — “Кубак Яраслава Мудрага”, “Акно ў Еўропу”, “Ліга розуму”, “Эрудыт пяцёрка”, “Я ведаю!” і інш. Падрыхтоўка дзяцей праходзіць паспяхова, і самае важнае, што яны нават не заўважаюць працэсу навучання. Гульня і гульня, а ведаў становіцца ўсё больш.

“Мне хацелася б, каб рух інтэлектуальных гульняў набыў такі ж узровень, як і алімпіядны”, — прызнаецца Таццяна Кароль.

Кубак Баранак

Міжнародны турнір па інтэлектуальных гульнях “Кубак Баранак” — важнае пачынанне клуба “Альянс”. Летась спаборніцтвы прайшлі шосты раз і ўпершыню сталі трохдзённымі. “Мы даўно хацелі зрабіць сапраўды вялікае свята для дзяцей. Адчувалася, што двух дзён не хапае. Хацелася не толькі пагуляць у класічныя гульні, але і дазволіць сабе паспрабаваць штосьці не заезджанае на турнірах. Так з’явіліся “Эрудыт-лолшто”, “Гонка за лідарам” і паўнавартасны квіз. Дарэчы, у нас гуляюць не толькі дзеці, але і трэнеры”.

Гасцей са шчырай радасцю пры­маюць сімфанічны аркестр і мастацкія калектывы Палаца дзіцячай творчасці Баранавіч, на ўзнагароджанні трэнераў чакаюць каралі з абаранкаў, дзяцей — падарункі, і, канечне, атмасфера свята пануе ўсе дні. У арганізацыі, судзействе і правядзенні кубка цяперашнім выхаванцам дапамагаюць былыя. Іх цікавасць да інтэлектуальных гульняў не знікае з гадамі, таму любыя просьбы становяцца чарговым пытаннем, якое трэба вырашыць. “Турнір пакідае пасля сябе добрыя ўражанні, бо мы робім яго, у першую чаргу, для дзяцей. Не для трэнераў, не для вызначэння лепшых каманд, не для птушачкі. Мы робім тое, што падабаецца нам самім, і гэты настрой перадаецца іншым”, — упэўнена Таццяна Аркадзьеўна.

Навічкі прымяраюць форму клуба.

Новае месца

Зараз трэніроўкі праходзяць у тыя ж дні, у той жа час, што і раней, але анлайн. Добра, што каманда займаецца не першы год і ўжо згулялася, інакш ім прыйшлося б цяжка. “У рэжыме анлайн каманду не згуртаваць, так можна працаваць толькі над папаўненнем ведаў. Для гульні патрэбна эмацыянальная блізкасць, каб разуменне было на ўзроўні погляду, жэстаў”, — кажа педагог.

Вопыт работы ў рэжыме анлайн у клуба ёсць: удзельнікі неаднаразова гулялі ў турніры “Эрудыты планеты”, “Спадчына краіны”. Зараз яны маюць зносіны праз суполку ва “УКантакце”, Viber, Skype, часам праз Zoom. Калі заданне невялікае, то зручней выкарыстоўваць першыя два варыянты, калі ж пачынаецца работа ў камандзе, то аддаецца перавага Skype. Раней на звычайных занятках каманды час ад часу гулялі з завязанымі вачыма, каб дзеці інтуітыўна адчувалі адно аднаго і без візуальнага кантакту маглі ўзаемадзейнічаць. Такая практыка працягваецца і ў Skype, толькі рабіць гэта яшчэ прасцей: дастаткова проста выключыць камеру. “Цяпер мы разбіраем пакеты пытанняў з турніраў, якія не адбыліся з-за пандэміі. Імі з намі дзеляцца трэнеры. Штосьці прыдумваем самі. Часам дасылаю дзецям канкрэтныя заданні, напрыклад, нешта знайсці. Трэнінгі асобаснага росту і камунікатыўныя гульні пакуль не праводзім”.

Для пашырэння кругагляду і адпрацоўкі хуткасці рэакцыі Таццяна Аркадзьеўна прапанавала дзецям выкарыстоўваць праграму Kahoot. Гэта адносна новы сэрвіс для стварэння анлайн-віктарын, тэстаў і апытанняў. Дзеці могуць выкарыстоўваць праграму на любой прыладзе, якая мае доступ у інтэрнэт. Пакуль там няма рускай ці беларускай мовы, але інтэрфейс зразумелы, а пры напісанні свайго тэста можна выкарыстоўваць любую мову.

“Створаныя ў Kahoot заданні дазваляюць уключаць у іх фатаграфіі і нават відэафрагменты. Можна задаць часавыя абмежаванні для кожнага пытання і такім чынам кантраляваць тэмп выканання віктарыны ці тэста. Пры жаданні педагог можа ўвесці налічэнне балаў за адказы: за правільнасць ці хут­касць. Адной з асаблівасцей Kahoot з’яўляецца магчымасць дубліраваць і рэдага­ваць тэсты, што дазваляе трэнеру эканоміць шмат часу”, — расказвае Таццяна Кароль.

Навучыцца карыстацца сэрвісам даволі проста. Разгледзім прыклад з сайтам kahoot.com. Каб ства­рыць акаўнт, увойдзем на сайт праз камп’ютар. Трэба націснуць Create. Далей напісаць пытанне (Click to start typing your guestion), выставіць час на адказ, можна пазначыць найбольшую колькасць балаў (0, 1000, 2000). Упісваць адказы трэба каля геаметрычных фігур, правільныя — з правага боку адзначыць птушачкай. Пры неабходнасці да пытання можна дабавіць карцінку ці відэа з YouTube, адказам таксама можа быць карцінка. Каб паглядзець, як бу­дзе выглядаць віктарына ў канчатковым варыянце, у верхнім правым куце трэба націснуць Prewiew, калі ўсё гатова — Done. Далей вам прапа­нуюць увесці назву тэста (Title) і апісанне (Description). Наша віктарына гатова!

Для ўдзелу ў тэсціраванні дзеці проста павінны адкрыць сэрвіс і ўвесці PIN-код, які дае трэнер са свайго камп’ютара (ён з’яўляецца пры націсканні Play і выбары модуля — персанальны ці для каманды). Выхаванцы ўводзяць код і сваё імя. Потым настаўнік бачыць, хто гуляе і колькі балаў набраў. Калі гульня скончыцца, можна спампаваць вынікі. Выкарыстанне дадзенага сэрвісу дазваляе арыгінальным чынам атрымліваць зваротную сувязь ад дзяцей.

“Арганізаваць анлайн-работу мне было нескладана, — прызнаецца Таццяна Кароль. — У нас ролі размеркаваны, каманднае ўзаемадзеянне выбудавана, база пытанняў ёсць, дзеці адказныя, могуць самастойна выконваць заданні. Яны нават сталі маімі актыўнымі памочнікамі: вучацца пісаць пытанні на платформе Kahoot”.

Анлайн-навучанне падарыла выхаванцам новы вопыт і некалькі важных думак. Яны зразумелі, што дакладна хочуць займацца інтэлектуальнымі гульнямі, што сумуюць па сябрах, па выбуху эмоцый на спаборніцтвах, па падарожжах. Напэўна, гэта дапаможа ім яшчэ больш цаніць час, праведзены разам, і яшчэ мацней чакаць аднаўлення інтэлектуальнага сезона.


І яшчэ крыху ад Таццяны Аркадзьеўны: “Займацца інтэлектуальнымі гульнямі ніколі не позна. Галоўнае — паверыць у сябе і свае сілы. Не трэба думаць, што ў вас не атрымаецца, што гэтым займаюцца звышрозумы і звышлюдзі. Зараз ёсць маса квізаў, паб-квізаў, можна знайсці аднадумцаў, аб’яднацца і схадзіць паспрабаваць”. Думаю, мала хто зможа ўстаяць перад такім спектрам эмоцый, такім прылівам энергіі і прыемным азартам.

Настасся ХРЫШЧАНОВІЧ.
Фота з архіва Т.А.Кароль.