Маладосці мора па калена

Як паказвае вопыт нашай гераіні, дарослыя часам скептычна ставяцца да маладых прадпрымальнікаў. “Гэта вялікая нагрузка і адказнасць”, — кажуць яны. Але чаму яны вырашылі, што моладзь да гэтага не гатова?

Нэла Казаран.

Незвычайны будынак

Нэла Казаран распрацавала свой першы праект 2 гады назад у бізнес-акадэміі для падлеткаў TeenGuru. Тады яна была непаўналетняй, без вопыту, але ў дзяўчыны гарэлі вочы. Вялізныя мары, вялізныя жаданні: пакарыць увесь свет, адкрыць шмат праектаў. Некаторыя з іх спраўдзіліся, іншыя яшчэ чакаюць свайго часу.

“Памятаю, як гартала стужку ў сацыя­льных сетках. Тады я яшчэ не разумела, што такое Imaguru (інавацыйная прастора, дзе праходзілі заняткі, — Заўв.аўт.), TeenGuru, вуліца Фабрыцыуса, 4 (адрас Imaguru, — Заўв.аўт.). Тата прывёў мяне да дзвярэй за руку, таму што адрас здаваўся дзіўным, побач складскія памяшканні, ён хваляваўся. Будынак мне спадабаўся. Думала тады, што трэба пашукаць яшчэ якія-небудзь івэнты, каб зноў сюды прыйсці. Другое мерапрыемства, на якое трапіла, было пра падлеткаў, што ствараюць свае праекты. Тады я не разумела амаль ні аднаго тэрміна, але бачыла, як маладыя лю­дзі ўпэўнена расказваюць пра нейкую маржынальнасць, маркетынг, пра тое, як яны бу­дуць прасоўваць праекты, як яны падлічылі фінансы і г.д. Я падумала: “Гэта так крута! Чаму яны гэта ведаюць? Я таксама хачу ведаць”. Да таго ж тады мяне чамусьці пацягнула на бізнес-падкасты. Я садзілася на веласіпед і ез­дзіла гадзіну, пакуль падкаст не скончыцца. Знаходзіла ў гэтым натхненне. Калі на мерапрыемстве ўсе падлеткі расказалі пра сябе, я паразмаўляла з каардынатарамі курса, і яны паклікалі мяне да сябе”. Нэла была ў 11 класе і думала, ці варта браць на сябе дадатковую нагрузку, бо была падрыхтоўка да іспытаў TOEFL i SAT, заняткі па матэматыцы, рэпетыцыі вальса.

“Я мала каму расказвала, што мне падабаецца тэма бізнесу, бо ведала: гэта не знойдзе водгук. Людзі скажуць:“Ты не разумееш, у што ўвязалася. Гэта вялікая нагрузка і вялікая адказнасць”. Пакуль ты сам гэта не адчуеш, усё роўна не зразумееш. Таму, калі мне хтосьці з дарослых, якія ніколі не адкрывалі свой бізнес, гэта казаў, было відавочна, што ні яны, ні я не разумеем, якая гэта нагрузка”.

Праекты, як дзеці

У верасні ў адной з груп TeenGuru аб’явілі конкурс накшталт “Адзнач нас у акаўнтах, сярод усіх мы разыграем курс”. Нэла паўдзельнічала і праз некалькі дзён атрымала паведамленне ад каардынатара курсаў пра перамогу. Умовай конкурсу было стварэнне свайго праекта. Першы дзяўчына прысвяціла кавярням і назвала EatPlace. Яго галоўная задача — анлайн расказваць будучым наведвальнікам, ці ёсць у кавярні свабодныя месцы. Нэла Казаран разлічыла фінансаванне, маркетынгавыя стратэгіі, але праект не рэалізаваўся. Для гэтага патрэбны былі датчыкі ці асобныя людзі, якія б маніторылі свабодныя месцы і ўносілі іх у базу.

“Мне здаецца, я ўжо не адзін раз выгарала. Разы тры. У людзей майго ўзросту так не павінна быць, хоць у рэальнасці гэта магчыма. Калі я выгараю, то слухаю музыку, імкнуся нічога не рабіць, і гэта вельмі складана. Пераходжу на нешта медыйнае: заліпаю ў Pinterest на фота, гля­джу YouTube. Потым надыходзіць момант, калі гэта надакучвае, і я пачынаю нешта гугліць, шукаць, чытаць кнігі. Пасля зноў уцягваюся ў работу, ужо бадзёрая. У кожнага свой спосаб адпачываць, але адпачынак для мяне — гэта не змена дзейнасці, а рэальны адпачынак. Я раіла б сустракацца з людзьмі, чытаць кнігі, гуляць па вуліцы, займацца спортам, медытацыямі. Але рабіць усё гэта, калі ёсць жаданне.

Потым пачаліся іншыя курсы. Дзяўчына ўвесь час знаходзілася ў атмасферы стартапаў. Нэла вырашыла сабраць каманду для стварэння адукацыйнага праекта. З’явіліся маркетолаг, памочнік з email-рассылкай, адказны за speaking-клубы. Дзяўчына прыгадвае, як сядзела ў кавярнях, рабіла планы, распісвала абавязкі. Яна старалася быць ліберальным кіраўніком, але з прычыны таго, што ўжо скончыла школу і прысвячала праекту ўвесь вольны час, пачала крыху націскаць на хлопцаў і дзяўчат. Яны былі яшчэ школьнікамі, мелі свае справы. “У нейкі момант я выгарала, вельмі моцна стамілася, не магла вымотваць астатніх і сябе. Я ім шчыра сказала, што ў мяне няма сіл, мы вырашылі паставіць праект на паўзу. Паўза доўжылася з зімы да вясны. Вясной мы паспрабавалі зноў сабрацца, але не атрымалася, людзі пачалі сыхо­дзіць. Я памятаю той дзень, калі мой апошні работнік паведаміў, што нешта ідзе не так. Кажу яму: “Усё добра”, а ў самой слёзы цякуць. Ён вялізнымі вачыма глядзіць на мяне, я такімі ж на яго. Разумею, што не хачу паказваць пачуцці чалавеку, каб не засмучаць яго і каб ён не падумаў, што ў чымсьці вінаваты. Я яго разумела. Заўсёды казала партнёрам, што яны могуць сысці ў любы момант, галоўнае, сказаць пра гэта загадзя”. Нэла хацела працягнуць рабіць праект адна, але адчуванні былі ўжо не тыя. Раней ты працаваў у камандзе, сустракаўся, размаўляў, смяяўся, прапаноўваў ідэі, абмяркоўваў, а аднаму ўжо цяжка. Работа ішла хвалямі: паспрабавала нешта зрабіць, закінула, зноў паспрабавала нешта зрабіць, таксама закінула. Людзей прыходзіла ўсё менш, гэта дэматывавала дзяўчыну. Ёй да апошняга не хацелася закрываць праекты, але мінулым летам Нэла прыняла рашэнне.

“Парада: слухаць сябе. Слухаць сябе і рабіць”.

У маладой прадпрымальніцы была яшчэ адна паспяховая справа. Падчас работы над адукацыйным праектам прыйшла ідэя ствараць экасумкі. Справа ў тым, што ў пэўны момант Нэла проста не знайшла падыходзячую для сябе сумку. Не падабаецца, што прапаноўваюць іншыя, — зрабі сам. З праектам дапамагла частка каманды, што была задзейнічана ў адукацыйным праекце. Першы прататып сумкі сшыла мама Нэлы. Менавіта з ім дзяўчына ходзіць дагэтуль. “Чыстыя” чатыры экзэмпляры зрабіла швачка. У яе вялікі вопыт, таму яны атрымаліся ідэальнымі. На кожнай сумцы Нэла вышыла назву брэнда — “Насі”. Выкарыстоўвала аранжавы, блакітны, аліўкавы і шэры колеры. Усе сумкі ў выніку прадалі.

“Тэма экалогіі мяне зацікавіла таму, што тады гэта было модна. Спачатку цікавішся, што такое экалогія. Потым даведваешся пра тое, як забруджаны сусветны акіян, што паміраюць жывёлы, што мы можам нешта зрабіць для іх выратавання. Мы можам нешта зрабіць — ключавая фраза. Давайце нешта рабіць! З’яўляецца ўнутранае абурэнне, чаму людзям так складана нешта зрабіць. Нават штосьці простае — на­кшталт сартавання смецця”, — разважае дзяўчына.

Курсы ў TeenGuru па бізнесе, англійскай мове, маркетынгу, тэхналогіях будучыні, стартапам далі шмат карысных ведаў. Нэла зразумела, што тэма бізнесу чапляе. Мабыць, для кагосьці гэта гучыць дзіўна, калі ўлічваць узрост дзяўчыны, але для яе — нармальна. “Мне падабаецца, што ў бізнесе, калі ты хочаш быць стваральнікам, пажадана ведаць пра ўсё патроху і прайсці ўсе ступені. Напрыклад, калі я хачу адкрыць кавярню, то мне лепш спачатку папрацаваць барыста, афіцыянткай, потым падняцца ўверх да адміна, затым стаць дырэктарам. Я не супраць такога рознабаковага развіцця”, — прызнаецца дзяўчына. Зараз Нэла займаецца мантажом відэа, вядзе анлайн-урокі па англійскай мове, часам бярэ праекты на вядзенне профіляў у Instagram, займаецца капірайтынгам. Словы для яе — гэта справы.

“Я сама была гатова працаваць па 14—16 гадзін, але не разумела, што на валанцёрскай аснове без грошай многія так доўга не працягнуць. І гэта нармальна”.

Выбраць ролю

Калі перад чалавекам стаіць пытанне, ці спрабаваць пачынаць свой праект, канечне, трэба спрабаваць, лічыць Нэла Казаран. Не заўсёды ўсё атрымаецца з першага разу, нават мала што атрымліваецца з першага разу, але чым больш памылак, тым лепш. Ад іх будзе балюча, гэта праўда. Але чалавек можа адрэгуляваць сваё стаўленне да ўсяго. З часам памылкі могуць прыраўняцца да вопыту, а ён лішнім не будзе.

“Людзі, якія толькі пачынаюць бізнес, робяць падобныя памылкі. І не важна, колькі ім гадоў — 17 ці 34. Я гэтыя памылкі заўважаю. Гэта вельмі дзіўна, не думала, што ў мяне ёсць нейкі вопыт. Аказалася, я пачала разумець, у якім кірунку рухацца і куды гля­дзець”, — кажа дзяўчына.

Адкуль браць ідэі для праектаў? Нэла дзеліцца лайфхакам: можна скампанаваць штосьці, што не павінна быць ра­зам. Яшчэ вельмі дапамагае, калі шмат што глядзіш, слухаеш, чытаеш. Самае важнае — ствараць тое, што ты хочаш. Зараз, напрыклад, актуальныя тэмы экалагічнасці, адукацыі. Ці варта іх разві­ваць, калі яны не адгукаюцца ўнутры? Ці вытрымае чалавек вялікую нагрузку? Канечне, ёсць людзі, якія здольны рабіць што заўгодна з вялікай аддачай, але як яны будуць сябе адчу­ваць, калі дасягнуць мэты?

“Не кожнаму чалавеку трэба ствараць праект. Магчыма, хто-небудзь хоча далучыцца да яго і быць часткай. Хтосьці хоча рабіць фатаграфіі, хтосьці — пісаць тэксты, хтосьці — прасоўваць праект. Трэба падумаць, што ты гатовы рабіць бясплатна і ў любы час сутак. Трэба слухаць сябе. Думаю, толькі пры такім раскладзе чалавек зможа пайсці на доўгую дыстанцыю”.

Настасся ХРЫШЧАНОВІЧ.
Фота з архіва Н.В.Казаран.