Адны пры 0 градусах на вуліцы стараюцца лішні раз не выходзіць з дому, а другія бяруць плаўкі і ідуць купацца ў адкрыты вадаём. Пагутарылі з намеснікам старшыні праўлення Беларускай федэрацыі загартоўвання і спартыўнага зімовага плавання і даведаліся, што рухае гэтымі другімі.
Прызнаны толькі ў Беларусі і Кітаі
Яраслаў Пронін займаецца плаваннем з 5 гадоў, але ў зімовае прыйшоў толькі ў 18. Калі ў краіне пачалі праходзіць першыя чэмпіянаты па спартыўным зімовым плаванні, яму прапанавалі паўдзельнічаць. Чаму б і не. Яраслаў паехаў і ўцягнуўся. “Адчуванні былі незразумелыя. Я асабліва не рыхтаваўся, дыстанцыя была невялікая — 25 і 50 м, вада — ну, халодная і халодная. Праплыў першы раз — не зразумеў, праплыў другі — думаў, больш не зайду. Паехалі на спаборніцтвы ад Віцебскай вобласці, праплыў трэці раз — здаецца, і нічога. Калі стаў займацца, плаваць на вялікія дыстанцыі, больш сур’ёзна падышоў да падрыхтоўкі. Пачынаў з самага простага — кантраснага душу. Потым спрабаваў акунацца. Спачатку 30 секунд, мінута, з кожным разам усё больш, больш і больш. Калі не было магчымасці акунацца, лёд прама ў ванну грузіў і ляжаў”. Брр. Пацепваешся, нават калі проста слухаеш пра такое.
Самая маленькая дыстанцыя ў спартыўным зімовым плаванні — 25 м, самая вялікая — 450 м. Рэкорд на 450 м зараз — 5 мінут 5 секунд. Толькі ўявіце, як мінімум 5 мінут ты знаходзішся ў вадзе тэмпературай ад 0 да +5 градусаў. Ёсць яшчэ марафонскае плаванне ў халоднай вадзе. Гэта да 1000 м, або, калі перавесці на час, каля 15 хвілін. Наступствы бываюць непрыемнымі. Самыя частыя — абмарожанні.
Яраслаў выступае ў складзе беларускай зборнай на ўсіх дыстанцыях, акрамя марафонскіх. Калі браць абсалютны час, то ён устанавіў шэсць асабістых рэкордаў: на 25 м батэрфляем, 50 м брасам, 200 м вольным стылем, 450 м вольным стылем і на дзвюх эстафетах — 4´50 камбінаваным і 4´50 вольным стылем.
Спартыўнае зімовае плаванне афіцыйна прызнана відам спорту толькі ў Беларусі і Кітаі. Цяпер над гэтым працуюць яшчэ ў Расіі. Удзельнічаюць у спаборніцтвах плыўцы з усяго свету, нават з Бразіліі і Чылі. Але асноўная маса — гэта расіяне, таму што краіна вялікая, людзей шмат. З найбліжэйшых да Беларусі актыўнічаюць літоўцы, латышы, палякі і эстонцы. “Наша каманда вельмі моцная, у нас усяго 12 чалавек, але яны “бамбяць”. У немцаў прафесійная каманда, якая мае добрых спонсараў. У эстонцаў моцныя ўзроставыя спартсмены. Расіяне традыцыйна добра выступаюць. Лідары ад этапу да этапу мяняюцца. Хто лепш падрыхтаваўся, той і выйграе”. Са спаборніцтваў, дзе можна сябе паказаць, ёсць беларускі кубак БЕЛГАРТ, кубкі іншых краін, этапы Кубка свету і чэмпіянат свету.
Эліна Пільшчыкава, навучэнка гімназіі № 8 Мінска:
“Я пачала займацца спартыўным зімовым плаваннем у 12 гадоў, калі выпадкова пачула, што тата ў лютым збіраецца ехаць на спаборніцтвы ў Швецыю. Мне таксама захацелася туды, на што тата жартам сказаў, што гэта магчыма толькі ў тым выпадку, калі я сама пачну плаваць. На выхадных ён хацеў паехаць акунуцца і гэтак жа жартам прапанаваў мне. А я сабралася ды паехала. Ён зразумеў, што я сапраўды збіраюся акунуцца, толькі тады, калі мая нага была ўжо на лесвіцы, якая вядзе ў ваду. Яшчэ спытаў: “Пачакай, ты што, праўда туды палезеш?” У Швецыю мы, дарэчы, не паехалі, але плаваць я працягнула.
Асабіста мне зімовае плаванне дае магчымасць падарожнічаць, знаёміцца з рознымі цікавымі людзьмі, практыкаваць веды ў замежных мовах. Многія пачынаюць займацца гэтым відам спорту, таму што павышаецца імунітэт і ўстойлівасць да холаду. Гэта сапраўды працуе: я ўсю мінулую зіму хадзіла ў лёгкім паліто, ды і ў шапцы неабходнасць адпала”.
Плаванне ў адкрытай халоднай вадзе і ў басейне перш за ўсё адрозніваецца правіламі. Па тэхніцы бяспекі нельга, каб галава доўга пагружалася ў ваду. Стартуюць удзельнікі не з борцікаў, а з вады. Павароты выконваюцца па-іншаму. Перад пачаткам усе праходзяць пільны кантроль. Павысіўся ціск ці паднялася тэмпература — у ваду не пусцяць. “Самая халодная вада ў нас была 0 градусаў на спаборніцтвах ва Уладзівастоку. Звычайна яна пры такой тэмпературы замярзае, але там была марская, салёная, таму больш нагадвала кашу. Спецыяльная брыгада чысціла яе ледзь не праз кожны заплыў”.
База — важны пункт для спартсменаў. На базе павінна быць месца для абагравання: раздзявальні, цёплы вагончык або перавозная лазня. На жаль, пакуль у Беларусі такая ёсць толькі на Камсамольскім возеры. Там стаіць станцыя Асвода, ёсць раздзявальні. Можна прыйсці акунуцца ці паплаваць і не хвалявацца за сябе. У асноўным падрыхтоўка зборнай да спаборніцтваў праходзіць там. Дзве трэніроўкі ў цёплым басейне і раз на дзень трэніроўка па гартаванні.
“У Віцебску базы няма, застаецца толькі Заходняя Дзвіна. Самі прыходзім, выразаем лёд, чапляем гуму (спецыяльны трэнажор для развіцця хуткасці і сілы. — Заўвага аўтара.). Усё гэта адбываецца на станцыі Асвода, за намі глядзяць, гэта не проста мы пайшлі і пачалі рабіць лункі. Працуем сваімі сіламі над стварэннем базы, але патрэбны грошы. І па абласцях шмат спартсменаў займаецца, хочацца даць ім добрыя ўмовы”.
І ў 9 гадоў, і ў 86
Спартыўнае зімовае плаванне можна назваць яшчэ і экстрэмальным, таму не кожнага дапусцяць да спаборніцтваў. Ёсць абмежаванні па ўзросце: дзеці да 16 гадоў плаваюць не больш за 100 м, а на некаторых спаборніцтвах, напрыклад на этапе Кубка свету, не больш за 25 м. Дарослым спартсменам, каб выступаць на 200 або 450 м, трэба да гэтага праплысці пэўную колькасць стартаў на ў два разы меншай дыстанцыі. Пасля гэтага цябе ўнясуць у базу, дадуць сертыфікат, з якім можна ўдзельнічаць на вялікіх дыстанцыях.
“Кубак БЕЛГАРТ — гэта шэсць этапаў чэмпіянату Беларусі на працягу ўсёй зімы. У нас шмат узроставых груп, пачынаючы ад 14 гадоў і заканчваючы безлімітам. Самаму ўзроставаму ўдзельніку было 86. Дзеці без бацькоў або прадстаўніка не могуць удзельнічаць. У нас плаваюць малыя ўжо і ў 9 гадоў, але не больш за 25 м. Іх абавязкова суправаджае вадалаз ад Асвода. Інцыдэнтаў непрыемных не было, але дзеля бяспекі гэта неабходна. Таксама ў якасці шоу праходзяць сямейныя эстафеты. Дарослыя падцягваюць сваіх дзяцей, унукаў”.
Калі прычыны заняткаў у дарослых можна ўмоўна падзяліць на “для здароўя” і “доўга плаваю, хачу паспрабаваць нешта новае”, то ў дзяцей дадаецца яшчэ парачку. Кагосьці прыводзяць бацькі, а хтосьці хоча паказаць іншым: “глядзіце, я магу, а вы не можаце”. Усё ж купанне ў халоднай вадзе — гэта невялікі подзвіг.
Марына Пятроўская, у 2020 годзе скончыла БДУФК:
“На другім курсе ўніверсітэта мяне і маіх аднагрупнікаў паклікалі на судзейства этапу Кубка свету ў зімовым плаванні. Да гэтага я чула пра такія спаборніцтвы, але па розных прычынах не магла ніяк на іх трапіць. Тэматыка мяне цікавіла, таму я з задавальненнем назірала за ўсім, што адбываецца. Гэта было сапраўднае свята. Усюды гучала музыка, прыехала шмат замежнікаў, усе прыязныя і ветлівыя. Атмасфера не пакінула мяне абыякавай, і ў канцы спаборніцтваў я таксама вырашыла паспрабаваць сябе на дыстанцыі 50 м батэрфляем. Тэмпература вады была каля +1 градуса.
У зімовым плаванні старт пачынаецца з вады, а не са стартавай тумбачкі, як у басейне. Як толькі я апусцілася ў ваду па грудзі, адразу перахапіла дух, дыханне пачасцілася. Зусім не памятаю, як плыла першыя 25 м, а вось другія 25 памятаю добра. Я паспела ўжо асвоіцца ў халоднай вадзе і нарошчвала тэмп, паскаралася. Калі выйшла, некаторы час не адчувала ніякага холаду, хоць тэмпература паветра была значна ніжэйшай, чым тэмпература вады. Але ўсё роўна паспяшалася ў лазню. З тых часоў і ўдзельнічаю ў спаборніцтвах па спартыўным зімовым плаванні.
Я ўсё жыццё займаюся плаваннем. Плаванне ў басейне для мяне абсалютна натуральнае, а зімовыя плаванне — гэта нешта экстрэмальнае, што дадае драйву”.
Больш за ўсё людзей прыязджае на спаборніцтвы ў студзені, таму што збіраюцца і беларусы, і прадстаўнікі іншых краін. Апошні раз былі 784 удзельнікі. А калі гэта пачатак сезона і плывуць у асноўным нашы спартсмены, то спаборнічаюць больш за 300 чалавек. Улічваем толькі тых, хто выступае як спартсмен. Яны, дарэчы, дзеляцца на аматараў і прафесіяналаў. Аматары плывуць невялікія дыстанцыі, не змагаюцца за ўзнагароды, але ўдзельнічаюць у спаборніцтвах. Ёсць нават невялікія аматарскія каманды, якія трэніруюцца самастойна, федэрацыя за гэтым не сочыць. Прафесіяналы спецыяльна рыхтуюцца да спаборніцтваў і едуць, каб паказаць лепшы вынік. Нямала людзей прыходзіць, каб проста акунуцца.
“У статуце федэрацыі гаворыцца аб плаванні ў адкрытай вадзе, таму мы не абмяжоўваемся зімой і плаваем круглы год. У нас ёсць каманда, якая выязджае на марафоны па 5 і 10 км. Пакуль не было пандэміі, мы ездзілі ад Беларусі да Кітая”.
Хутка федэрацыя выпусціць метадычку па правільным гартаванні, каб людзі бяздумна не лезлі ў халодную ваду, начытаўшыся незразумела якіх крыніц. А пакуль усе чакаюць, пытаемся:
— Што рабіць пачаткоўцу?
— Самае простае — пачаць з летняга душу. У першы дзень, напрыклад, 15 секунд. Нават калі цёпла і вам здаецца, што можаце паўгадзіны так стаяць, — не трэба. Кожны дзень час можна пакрысе павялічваць. Потым паніжаць тэмпературу вады. Калі дойдзе да халоднай, дастаткова прымаць душ 2—3 разы на тыдзень. Пасля можна пераходзіць да абліванняў зімой. Толькі адразу захутвацца ў цёплы халат і хутка бегчы дадому грэцца. Гэта самыя першыя, элементарныя крокі. Вядома, трэба глядзець, як цела на гэта рэагуе. Таму што ёсць мерзлякі, якія і хочуць, але для іх і летняя вада — гэта кашмар. У іх працэс прывыкання доўгі.
Калі вас зацікавіла тэма зімовага плавання, не бойцеся. Жаданне — першы крок. Другі будзе крыху больш складаным, але ён таго варты.
Настасся ХРЫШЧАНОВІЧ.
Фота з архіва Яраслава ПРОНІНА.