Культурнае выхаванне

Сёння цэнтры дадатковай адукацыі імкнуцца развіваць новыя кірункі. Разам з педагогамі юныя аматары дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва асвойваюць карвінг, квілінг, фелтынг, ікебану, танцоры выбіраюць брэйк-данс, хіп-хоп, R’n’B, вакалісты часта змешваюць існуючыя плыні ў пошуку абсалютна новых. А як жа традыцыі?

Як жа культурны здабытак нашых продкаў для нас, для будучых пакаленняў? Як зрабіць так, каб перш за ўсё нашы дзеці імкнуліся ведаць сваю культуру, а не чужую? Адказы на гэтыя пытанні шукалі ўдзельнікі рэспубліканскай навукова-практычнай канферэнцыі “Традыцыйная культура: педагагічны падтэкст”.

З вопыту работы удзель­нікаў канферэнцыі.

Сучаснае мінулае

Арганізавалі маштабную анлайн-сустрэчу педагогаў краіны Нацыянальны цэнтр мастацкай творчасці дзяцей і моладзі і Цэнтр дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі “Ветразь” Мінска, які з’яўляецца апорнай метадычнай пляцоўкай рэспубліканскага метадычнага кластара і гарадскім рэсурсным цэнтрам па выхаваўчай рабоце ў кірунку этнакультурнага выхавання навучэнцаў.

Удзельнікамі канферэнцыі сталі педагогі дадатковай адукацыі, настаўнікі (кірункі — народнае дэкаратыўна-прыклад­ное мас­тацтва, музычны фальклор, фальклорны тэатр і інш.), культарганізатары і педагогі-арганізатары, метадысты і спецыялісты, якія курыруюць пытанні этнакультурнага выхавання ўстаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, выкладчыкі УВА і іншыя.

Зразумела, якім бы цікавым і карысным ні быў вопыт асобна ўзятага педагога, ён прынясе куды больш плёну, калі будзе агучаны, шырока прадстаўлены і калі знойдуцца тыя адна­думцы, якія захочуць аб’яднаць намаганні і сумесна рабіць адну агульную справу.

Пра творчую згуртава­насць педагогаў гаварыла, адкрываючы канферэнцыю, ды­рэктар НЦМТ ДіМ Надзея Васільеў­на Васільчанка: “Сучасны этап развіцця дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі прадугледжвае неабходнасць і магчымасць бесперапыннага развіцця, пошуку і абнаўлення форм і зместу метадычнай дзейнасці, якая грунтуецца перш за ўсё на педагагічных інавацыях. І тут найбольшы вынік можа быць дасягнуты за кошт аб’яднання намаганняў, рэсурсаў, патэнцыялу ўстаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, стварэння эфектыўнай сістэмы метадычнай дзейнасці на рэспубліканскім узроўні”.

Адным з самых маштабных і паспяховых прыкладаў аб’яднання аматараў народнай творчасці стаў ініцыіраваны Нацыянальным цэнтрам мастацкай творчасці дзяцей і моладзі рэспубліканскі культурна-адукацыйны праект “Беларускае народнае мастацтва і дзеці”. У прыватнасці, у яго межах на базе цэнтра былі створаны і актыўна працуюць Рэспубліканскае метадычнае аб’яднанне педагагічных работнікаў выяўленчай і дэкаратыўна-прыкладной твор­часці ўстаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, Рэспубліканская лабараторыя народнай творчасці, праводзяцца рэс­публіканскія майстар-класы ў галіне народнай творчасці.

Маштабна заявіў пра этнакультурнае выхаванне моладзі і Цэнтр дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі “Ветразь” Мінска. У прыватнасці, тут 5 гадоў рэалізоўваецца раённая адукацыйна-культурная праграма “Традыцыйная культура і моладзь: учора, сёння, заўтра”. Праграме ўжо стала цесна ў прасторы толькі аднаго раёна, і яе ахоп пашырыўся нават за межы нашай краіны і аб’яднаў тысячы неабыякавых да традыцыйнай культуры прафесіяналаў і таленавітых навучэнцаў. Так, часткай праграмы сталі адкрыты конкурс беларускага народнага песеннага і музычна-інструментальнага выканальніцтва “Згукі Мінуўшчыны”, адкрыты конкурс выканаўцаў беларускіх народных танцаў “Ветразь”, раённыя конкурсы беларускіх народных рамёстваў: “Саломапляценне: беларус­кая народная лялька, цацка”, “Выцінанка — беларускі народны танец”, “Маляванка: Мінск на дзіцячых далонях”, “Беларуская лялька ў традыцыйным народным строі” і інш. Свой уклад зрабілі і ўдзельнікі фальклорнага калектыву “Мілавіца”, аб’яднання па інтарэсах “Скарбніца традыцый” і іншых творчых калектываў “Ветразя”. Для самых матываваных навучэнцаў тут дзейнічае праграма аб’яднання па інтарэсах мастацкага профілю на павышаным узроўні “Беларускі сувенір, або Курс на рамесную дзейнасць”.

З вуснаў у вусны

У межах канферэнцыі працавалі тэматычныя секцыі, педагагічныя інтэрактыўныя пляцоўкі і майстар-класы, дзе педагогі па­дзяліліся сваімі лепшымі напрацоўкамі з калегамі. Была арганізавана і метадычная анлайн-выстава “Традыцыйная беларуская культура: педагагічны вопыт, творчасць, майстэрства”. Асаблівую ўвагу ва ўдзельнікаў выклікаў вопыт калег па спалучэнні беларускай народнай творчасці і сучасных дэкаратыўна-прыкладных тэхнік на занятках у аб’яднанні па інтарэсах, па выхаванні творчай асобы сродкамі дзіцяча-маладзёжнага тэатра, па арганізацыі дзіцячага адпачынку ў летніках падчас тэматычных змен па вывучэнні беларускай народнай культуры і інш.

Маладым педагогам было карысна пазнаёміцца з больш вопытнымі калегамі, бо поспех гэтай работы ў значнай ступені вы­значаецца прафесіяналізмам i захопленасцю педагогаў. І адзін з яскравейшых такіх прафесіяналаў — Тэрэса Антонаўна Адамовіч, мастацкі кіраўнік узорнага фальклорнага калектыву “Васілёчкі” Гродзенскага раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі. Збор фальклорнай спадчыны Гарадзеншчыны яна пачала яшчэ будучы студэнткай Мiнскага iнстытута культуры (1979—1983 гг.) і не спыняе да сённяшняга дня. Пачала свой прафесійны шлях Тэрэса Антонаўна ў вёсцы Жытомля як кіраўнік фальклорнага калектыву для дарос­лых, а галоўнай справай жыцця для яе ўсё ж стала работа з дзiцячым фальклорным калектывам “Васiлёчкi”. Дзіцячыя пастаноўкі, адроджаныя абрады і святы, здымкі ў тэлепраграмах і тэлепраектах, штогадовыя перамогі на фестывалях і конкурсах фальклорнага кірунку ад абласнога да міжнароднага ўзроўню толькі частка жыцця “Васілёчкаў”. У іх рэпертуар увайшлі ў першую чаргу адноўленыя і бытуючыя ўзоры каляндарнага і сямейна-абрадавага цыклаў, карагоды, старадаўнія танцы, мясцовыя пазаабрадавыя песні, гульні, разнажанравыя інструментальныя найгрышы, казкі, байкі, жарты і інш.

Але з кожным днём у Тэрэсы Антонаўны больш трывог: “Мы жывём у той час, калi старэйшае пакаленне, якое ведала народныя традыцыi i жыло па iх законах, адыходзiць, а маладое яшчэ трэба навучаць. А ў нашай вёсцы Жытомля дзяцей засталася жменька. Кiм папаўняць дзiцячы ўзорны фальклорны калектыў “Васiлёчкi”, вялікае пытанне…” — трывожыцца Тэрэса Антонаўна.

У кірунку адраджэння фальклору працуе і Святлана Мікалаеўна Раговіч, настаўніца беларускай мовы і літаратуры, кіраўнік гуртка “Фальклорная Берасцей­шчына” сярэдняй школы № 27 Брэста. Яна падзялілася сваім вопытам выкарыстання фальклорных твораў на ўроках беларускай мовы і літаратуры ў 5—6 класах.

“Мала хто з сучасных бабуль і дзядуляў, бацькоў ведае тыя казкі, гульні, забаўлянкі, калыханкі, праз якія дзіця з маленства пазнавала навакольны свет, — гаворыць С.М.Раговіч, прыводзіць прыклады з прак­тыкі і дадае такую асаблі­васць сваёй працы: — Вывучэнне фальклорнай спадчыны ў нас арганізавана так, што працэс носіць не пасіўны характар (простае слуханне), а актыўны: дзеці слухаюць аўдыя- і відэазапісы з маёй бабуляй (Ганнай Мікалаеўнай Літвінюк), робяць запісы песень, гульняў, загадак, прыкмет, пачутых ад сваіх прабабуль. Разам з дзецьмі мы ўзнавілі абрад выпякання каравая ў вёсцы Смуга Брэсцкага раёна”.

У гэтым кантэксце Любові Уладзiмiраўне Раманавай, педагогу дадатковай адукацыi Рагачоўскага РЦТДіМ, можна пазайздросціць, бо яна ў разрэз трывогам многіх адзначыла: “Самабытнасць нашай вёскі не трэба адраджаць, бо яе жыхары захавалі незнаёмае нам мінулае. Многія старэйшыя жыхары і сёння прытрымліваюцца спрадвечнага ладу жыцця, заведзенага продкамі, беражліва захоўваюць традыцыі дзядоў і прадзедаў. У дамах і кватэрах нашых сялян побач з сучаснымі моднымі гарнітурамі прысутніча­юць даматканыя посцілкі, вышытыя сурвэткі і абрусы. Яны перадаюцца з пакалення ў пакаленне і захоўваюць цяпло і ласку бабуліных рук, стварыўшых гэты цуд”.

Але тым не менш у кірунку захавання фальклору педагог працуе актыўна. У прыватнасці, захоўвае багатую каляндарна-абрадавую паэзію сваёй мясцовасці (абрадавыя песні, танцы), захоўвае каларыт мясцовага фальклору, разам з навучэнцамі і іх бацькамі ладзіць фальклорныя святы, вячоркі, а амаль на ўсе народныя абрады тут накрываецца святочны стол з народнымі стравамі. Вялікую ўвагу Любоў Уладзіміраўна звяртае на рэгіянальныя асаблівасці свят і абрадаў, якія вывучаюцца. Для гэтага, акрамя арганізацыі фальклорных экспедыцый, практыкуюцца творчыя заданні: збор інфармацыі пра святы і абрады ад бацькоў, дзядуляў і бабуль, мясцовых носьбітаў фальклору. Дзякуючы такім формам работы, у прыватнасці, дэталёва вывучаюцца і рэканструююцца святы Калядкі, Саракі, Юр’е.

Педагог дадатковай адукацыі Іванаўскага раённага цэнтра дзіцячай творчасці Нэллі Мікалаеўна Гарнастай расказала пра вынікі пошукавай работы навучэнцаў сваёй установы па зборы мясцовых народных гульняў сярод старажылаў падчас этнаграфічных экспедыцый. Без гульняў не праходзяць ні адны заняткі ва ўдзельнікаў тэатральнага калектыву “Крынічка”, фальклорнага гурта “Высэлыкы” і ансамбля фальклорнага танца “Каразель”. Педагог расказала пра дзясятак самых любімых у дзяцей гульняў і іх правілы, пазнаёміла з дыялектнымі асаблівасцямі свайго краю.

Цяпло традыцый на далоньках

Шмат робяць педагогі і ў кірунку папулярызацыі сярод дзяцей беларускіх народных рамёстваў, дэкаратыўна-прыкладной творчасці. Выцінанка, вышыўка, ткацтва, мастацкі роспіс, лепка, пляценне — кожная тэхніка знаходзіць сваіх прыхільнікаў.

Так, пра ролю ў выхаванні дзіцяці беларускай абрадавай лялькі расказала Таццяна Францаўна Харытончык, педагог дадатковай адукацыі Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі “Світанак” Пухавіцкага раёна. Яе навучэнцы не проста шыюць ляльку, а вывучаюць народныя традыцыі, побыт, гульні. Сам жа працэс шыцця можа быць ператвораны ў казку або вячоркі, каб зацікавіць дзяцей тэатралізацыяй, а педагогу гэта дасць магчымасць зрабіць працэс навучання больш эмацыянальным.

Умеюць зацікавіць дзяцей і ва ўзорнай студыі керамікі “Казачная гліна”, якая працуе больш за 20 гадоў у ЦТДМ “Прамень” Гродна. Яе кіраўнік С.М.Круглаполава пайшла шляхам праектаў, каб даць дзецям магчымасць выбраць свой тэмп засваення розных тэхнік стварэння посуду, сувеніраў, пано, сюжэтных кампазіцый, цацак. На працягу апошніх трох гадоў студыйцамі былі рэалізаваны творчыя даследчыя праекты: “Керамічная пластыка. Традыцыі і сучаснасць” (па вывучэнні традыцыйнай беларускай керамічнай цацкі), “Прыгажосць Божага свету” (стварэнне керамічных вырабаў на аснове лепшых рэгіянальных узораў), “Велікодны сувенір. Традыцыі і сучаснасць” (выяўленне і захаванне традыцыі вырабу і афарбоўвання велікодных яек на тэрыторыі Гродзеншчыны, у прыватнасці Сапоцкінскай пісанкі).

Характэрнай асаблівасцю праграмы дзіцячай творчай майстэрні, распрацаванай педагогам дадатковай адукацыі Настассяй Аляксандраўнай Даргель, з’яўляецца мікс адразу некалькіх кірункаў беларускага народнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва: лозапляцення, маляванкі, роспісу па дрэве, саломапляцення. Настасся Аляксандраўна, будучы ўраджэнкай Мёраў, прамой спадчынніцай і прадаўжальніцай рамесніцкіх традыцый сваёй сям’і і сваёй малой радзімы, паспяхова ўкараняе іх і ў педагагічную дзейнасць. Беражліва захоўваючы традыцыі народнай культуры, Настасся Аляксандраўна імкнецца перадаць навучэнцам сваю любоў і павагу да самабытнай гістарычнай спадчыны, захаванай народнымі майстрамі і мастакамі, у тым ліку і членамі яе сям’і: мамай Наталляй Эдуардаўнай Даргель — майстрам мастацкага роспісу па тканіне ў тэхніцы “маляванка”, настаўніцай Мёрскай дзіцячай школы мастацтваў; цёткай Аленай Эдвардаўнай Батарчук — майстрам па кераміцы, кіраўніком клуба майстроў народных мастацкіх рамёстваў і самадзейных мастакоў “Святліца” пры Мёрскім раённым доме культуры; дзядзькам Баляславам Чэслававічам Чарняўскім — майстрам па саломапляценні, лозапляценні і мастацкай апрацоўцы драўніны, настаўнікам Мёрскай дзіцячай школы мастацтваў.

Вельмі цікавым аказаўся вопыт кіраўніка ўзорнага тэатра моды “Спадчына” Ваўкавыс­кага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі, на рахунку якога больш за 50 унікальных калекцый адзення. Калектыў тэатра на чале з яго кіраўніком Алай Аляксееўнай Сурмінавай, народным майстрам Беларусі па саломапляценні, за чвэрць стагоддзя свайго існавання з’яўляўся неаднаразовым лаўрэатам і пераможцам шматлікіх абласных, рэспубліканскіх і міжнародных фестываляў дзіцячай моды, прэстыжных аглядаў-конкурсаў і выстаў у Беларусі і за яе межамі. За кожнай мадэллю сукенкі стаіць карпатлівая творчая праца кіраўніка і вучняў па спалучэнні традыцый культурнай спадчыны з сучаснымі ідэямі і тэхналогіямі. Калекцыі адзення выкананы з сучасных і традыцыйных матэрыялаў з выкарыс­таннем беларускіх народных рамёстваў: саломапляцення, керамікі, інкрустацыі, вышыўкі, выцінанкі, а таксама новых, у тым ліку аўтарскіх, тэхнік дэкаратыўна-прыкладной творчасці.

Інавацыі без перабору

Удзельнікі канферэнцыі змаглі пазнаёміцца з вопытам калег не толькі з іх слоў ці праглядваючы прэзентацыі, але і падчас азнаямлення з відэасюжэтамі, міні-фільмамі. Для іх, дарэчы, шмат рэкамендацый і парад далі навукоўцы, выкладчыкі. Так, Таццяна Аляксандраўна Пладунова, дацэнт кафедры этналогіі і фальклору БДУКіМ, дала педагогам свае рэкамендацыі па засваенні каляндарна-абрадавых традыцый і рэкрэацыйных побытавых практык. У прыватнасці, яна звярнула ўвагу на імкненне многіх педагогаў прыўнесці ў гэты кірунак інавацыі, што ў выніку можа стаць недарэчным: “Часам педагогі прапануюць святкаваць Масленіцу “па-сучаснаму”, з абавязковых кампанентаў свята добра калі пакідаюць пудзіла і вогнішча. Музычны ж змест зусім не адпавядае святу. Даводзілася назіраць, як на Купалле запрашаюць дыджэя з караоке. Шаноўныя, трэба схадзіць у бібліятэку, пагартаць кнігі, можна знайсці традыцыйную музыку ў інтэрнэце — сёння можна зрабіць шыкоўную падборку любога меласу: і танцавальнага, і абрадавага, і пазаабрадавага. І, канечне, прыкласці намаганні і вывучыць некалькі песень. Шмат зроблена ў гэтым кірунку і нацыянальным цэнтрам, і нашай кафедрай, у прыватнасці выпускаюцца зборнікі. А яшчэ лепш вывучыць з навучэнцамі хаця б па пары песень з кожнага цыкла, каб яны адчулі ўсю іх прыгажосць”.

Падвёўшы вынікі, становіцца відавочным, што традыцыйная культура перастала лічыцца “ўчарашнім днём” — і педагогі, і навучэнцы беражліва вывучаюць родную культуру. І кожны з удзельнікаў сустрэчы разумее, што займацца трэба найперш тым, што нам блізкае і роднае, што пакінута нам у спадчыну продкамі, а ікебану і арыгамі лепш усё ж такі пакінуць японцам.

Святлана НІКІФАРАВА.