У майстэрню да Мароза

Новы год заўсёды прыходзіць з водарам мандарынаў, шакаладных цукерак і хвоі. А ў Шумілінскім раённым цэнтры дзяцей і моладзі яшчэ і з водарам свежай стружкі. Святочныя клопаты — гэта ж не проста дастаць з каробкі навагоднія цацкі, а сапраўдны творчы рытуал. Многія імкнуцца настроіцца на святочны лад, стварыўшы сваімі рукамі хоць пару ёлачных цацак. Дзякуючы майстру па дрэваапрацоўцы Аляксандру Пціцкаму з Шумілінскага раённага цэнтра дзяцей і моладзі, тут больш за 20 гадоў запар перад навагоднімі святамі пачынае работу майстэрня Дзеда Мароза, што аб’ядноўвае дзяцей розных узростаў, якія хочуць стварыць сваімі рукамі ёлачныя цацкі з дрэва.

Навагоднія цацкі Аляксандр Яўгенавіч стварае амаль усё сваё свядомае жыццё. Яшчэ хлопчыкам ён праводзіў вольны час у гуртках па дрэва­апрацоўцы, па лоза- і саломапляценні. Таму калі пасля заканчэння Віцебскага вышэйшага прафесійнага вучылішча народных мастацкіх рамёстваў і пасля работы майстрам-метадыстам у Доме рамёстваў яму прапанавалі выкладаць дрэваапрацоўку дзецям, ён без ваганняў згадзіўся, бо гэта было магчымасцю зноў вярнуцца ў гуртковае дзяцінства. Тут, у Шумілінскім раённым цэнтры дзяцей і моладзі, Аляксандр Пціцкі дорыць дзецям ра­дасць ад таго, што яны могуць убачыць першыя вынікі сваёй творчай працы, ужо больш за 20 гадоў. І столькі ж сезонаў працуе яго “Майстэрня Дзеда Мароза”.

Больш за ўсё лобзікі, напільнікі і разцы вабяць хлопчыкаў усіх узростаў. Іх тут звыш паўсотні. Але і дзяўчынкі час ад часу забягаюць, стараюцца, робяць тое, што ім па сілах. Любяць шліфаваць, выпаль­ваць, распісваць гатовыя вырабы. Усё ж тонкія завіткі і дробныя дэталі лепш паддаюцца дзявочым пэндзлям. Хлопчыкі ж стараюцца асвоіць усю навуку поўнасцю.

Цацкі з натуральных матэрыялаў — вельмі актуальны аксесуар для ёлкі. Дарэчы, у 60— 80-х гадах мінулага стагоддзя ў кожным доме драўляныя ёлачныя цацкі былі настолькі распаўсюджанымі, што не лічыліся чымсьці незвычайным. Зараз жа гэта арыгінальная і ўнікальная рэч, якая стане цудоўнай альтэрнатывай пластыкавым, а ў сем’ях, дзе ёсць малыя дзеці ці каты, — яшчэ і шкляным цацкам.


“Малодшыя дзеці пачы­наюць з самага простага — вучацца піліць, шліфаваць, працаваць кіянкамі, а пачынаючы з 5—6-х класаў асвойваюць разьбярства, — расказвае педагог. — Тут гляджу, што і ў каго як атрымліваецца, бо ў кожнага свой характар, свая хватка, свой інтарэс, і самым зацікаўленым я прапаноўваю больш складаныя заданні. Для самых амбіцыйных у нас ладзіцца шмат конкурсаў: “На добрую памяць”, “Калядная зорка”, “Лёд. Кветкі. Фантазія”, “Выратуем зялёную красуню” і інш., а таксама традыцыйныя конкурсы па дрэваапрацоўцы ў Віцебску. Маім навучэнцам часта прысуджаюць перамогі і на абласным этапе, і на рэспуб­ліканскім, таму кожны год тых, хто жадае памерацца творчымі сіламі з калегамі-равеснікамі, прыбаўляецца.

Некалі сваю першую навагоднюю цацку я таксама зрабіў яшчэ дзіцем у гуртку. Рабіў і раблю цяпер не толькі драўляныя, але і лазовыя, саламяныя цацкі. Увогуле, я люблю зіму, зімовыя святы і заўсёды з задавальненнем да іх рыхтую вырабы. І гэтую маю любоў да свят падзяляюць і мае навучэнцы, бо традыцыйна перад Новым годам у нас у майстэрні становіцца больш дзяцей — у Шуміліна да бабуль і дзядуляў з’язджаюцца ўнукі і многія з іх прыходзяць да нас на заняткі”.

Па словах педагога, кожны выбірае сам, якую цацку бу­дзе рабіць, зыходзячы з уласных уменняў. Для большасці юных майстроў заняткі па дрэваапрацоўцы ў цэнтры прахо­дзяць круглы год, і таму яны больш вопытныя, могуць зрабіць больш складаныя рэчы, напрыклад, боксы для падарункаў у выглядзе скрынкі, санак, ёлкі і інш. Старэйшыя робяць формы кручэннем: грыбочкі, елачкі, снегавічкоў. Для дзяцей работа з аб’ёмам — самае цікавае. Найбольш умелым А.Пціцкі давярае рабіць і разьбу. Навічкам педагог прапануе штосьці больш простае. Напрыклад, цацкі са спілаў, на якіх выпальваецца ці малюецца ўзор. Такую цацку можна павесіць не толькі на ёлку, але і на сцяну. Можна скласці цэлую кампазіцыю з такіх “карцін”, бо на спілах можна намаляваць усё што заўгодна — ад простых віншаванняў да заснежаных хатак, “пабудаваўшы” цэлую вёску. Падабаецца дзецям рабіць і разнастайныя сняжынкі.

Для дзяцей цікавы не толькі сам працэс вырабу цацак. Яны з задавальненнем пагружаюцца ў святочныя традыцыі, у іх вывучэнне, рэгіянальныя асаб­лівасці.

“Драўніна—матэры­ял жывы. Яна не памірае, пакуль не стане шэрай ці чорнай. Я цікаўлюся сам і расказваю дзецям пра ўплыў пароды дрэва на чалавека. Многія пароды даюць энергію чалавеку, а некаторыя, наадварот, забіраюць яе. Напрыклад, калі дзяўчаты робяць заколкі для валасоў, то выбі­раюць дрэва, якое здымае галаўны боль (для гэтага лепш падыходзіць дуб ці асіна), а бяроза, ліпа даюць прыліў сіл, энергію”, — тлумачыць майстар.

Галоўны яго прынцып стварэння цацак — разумнае міксаванне. Драўляная цацка сама па сабе ўжо прыгожая, але ў майстэрні дзеці яе часам аздабляюць.

“Калі на ўпрыгожванне “просіцца” саломка, мы робім аплікацыю (напрыклад, скарбонку з інкрустацыяй ці цацку ў выглядзе санак), часам дабаўляем роспіс, — расказвае пра тонкасці справы Аляксандр Яўгенавіч. — Асабіста я не люблю змешваць натуральныя матэрыя­лы з сінтэтычнымі. Не люблю і фарбаванае дрэва, стараюся пакідаць яго ўвогуле без пакрыцця. Хаця сёння ў трэндзе кітч — каб змешваліся розныя стылі, каб было ярка, “дорага-багата”. Такую цацку можна зрабіць — яна бу­дзе яркай, але задавальнення ад такой работы не атрымаеш. У драўніны ёсць колер, тэкстура, і прыгажэйшай за прыроду чалавек яе не зробіць. Падбярыце лепш пароду дрэва з пэўнай структурай. Патрэбна белая сняжынка — зрабіце яе з асіны, патрэбна гульня валокнаў — вазь­міце ясень, елку. Можна яшчэ падкрэсліць прыродную прыгажосць натуральным пакрыццём — льняным алеем, воскам. Існуе цікавая тэхніка — інтарсія. Гэта калі малюнак, як пазл, складаецца з кавалачкаў драўніны розных парод. Кожны элемент мае свой колер, сваю структуру, і за кошт гэтых пераходаў утвараецца малюнак ці ўзор. Так можна зрабіць і цацку цалкам, і яе элементы. Дзецям гэта вельмі цікава асвойваць”.


Канечне, выраб ёлачных цацак — толькі частка справы педагога і яго навучэнцаў. На працягу ўсяго года працуюць гурткі. Лапаткі, лыжкі, апрацоўчыя дошкі выходзяць з-пад дзіцячых інструментаў як гарачыя піражкі. Тут жа ўтвараюцца аўтапаркі з уласна змайстраваных машынак, цэлыя аэрапорты з самалётаў. Дзевяцікласніца Алена Смолікава любіць песціць свайго малодшага браціка і з дапамогай Аляксандра Яўгенавіча зрабіла для яго коніка і птушку. Тут жа, на паліцах майстэрні, пасяліліся самыя розныя казачныя персанажы, героі мультфільмаў, блішчаць адпаліраванымі бакамі яблыкі, вішні, “цвітуць” кветкі.

Старшакласнікі спрабуюць сябе ў сталярнай справе: робяць паліцы, лаўкі, сталы. Раман Чаркасаў зрабіў нават канапу. Дзясяткі выпускнікоў Аляксандра Яўгенавіча настолькі захапіліся сталярствам у яго майстэрні, што атрымалі адпаведную адукацыю і ўжо працяг­ваюць справу свайго педагога ўжо ва ўласных майстэрнях, а некаторыя таксама вучаць майстэрству ствараць прыгожыя рэчы з дрэва ўжо сваіх навучэнцаў. І нешта мне падказвае: гэтымі днямі ўсе яны таксама па традыцыі ствараюць хаця б некалькі новенькіх ёлачных цацак.

Святлана НІКІФАРАВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА
і з архіва А.Я.Пціцкага.