Алёна Янкоўская выкладае ў сярэдняй школе № 9 Мазыра харэаграфію і чырлідынг. З першым напрамкам яна знаёма з дзяцінства — сама займалася сучаснымі танцамі, а другім зацікавілася толькі 5 гадоў назад. Розны часавы вопыт не перашкаджае педагогу і яе выхаванкам ззяць на абедзвюх сцэнах.
Дзявочы склад
У калектыве сучаснага танца NRJ-kids займаецца каля 120 чалавек. Гэта вучаніцы 1—10 класаў сярэдняй школы № 9 і іншых школ горада. Сярод іх — ніводнага хлопчыка. Алёна Іванаўна звязвае гэта з жаданнем бацькоў аддаць сыноў у больш “мужчынскія” гурткі: футбол, валейбол, барацьбу і г.д. Заняткі праходзяць тры разы на тыдзень па гадзіне. Калі ідзе падрыхтоўка да конкурсу, то дзеці сустракаюцца кожны дзень.
Большасць выхаванак запісаліся ў гурток, таму што проста хацелі танцаваць. Зараз многія прыходзяць з іншых школ, ведаючы пра поспехі калектыву. Алёна Янкоўская адбор не праводзіць, бярэ ўсіх. Так, некаторыя ўпачатку не чуюць такта, саромеюцца, але педагог упэўнена, што неадораных дзяцей няма. Яны ўсе таленавітыя, проста гэта трэба развіваць.
Стандартная трэніроўка пачынаецца з размінкі. Неабходна разагрэць і расцягнуць мышцы. Далей — вывучэнне танца. У канцы выхаванкі абавязкова качаюць прэс і атрымліваюць дамашняе заданне: вывучыць новыя рухі і прыдумаць хаця б адну “васьмёрку”. Алёна Іванаўна прывучае дзяцей да таго, што можна не толькі танцаваць, але і ствараць танцы. Магчыма, гэта камусьці спатрэбіцца ў жыцці. На наступных занятках пасля размінкі дзяўчынкі здаюць дамашняе заданне, астатняе ідзе па старой схеме.
“Калі дзіця хоча, яго можна навучыць усяму. Калі хочуць мама ці тата, а дзіця не хоча, то тут нічога не зробіш”.
— Спачатку дзецям цяжка раскрыцца. Яны саромеюцца на занятках, некаторыя і на сцэне. Бывае, нават адмаўляюцца выходзіць выступаць. Каб гэтага пазбегнуць, я запрашаю да нас кіраўніка школьнага тэатра “Крэсень” Алесю Коваль. Тры-чатыры заняткі ў месяц яна працуе з дзецьмі і вучыць іх разнявольвацца.
Не ўсе атрымліваюць ад танцаў тое, што хацелі, і сыходзяць. Так можа здарыцца праз некалькі месяцаў ці нават праз год. Для Алёны Янкоўскай гэта цяжка, таму што яна ўкладвае ў дзяцей душу, выхоўвае іх. Калектыў як сям’я, і калі хтосьці сыходзіць, даводзіцца развітвацца са сваяком.
Каб паменшыць колькасць такіх непрыемных сітуацый, педагог падтрымлівае сувязь з бацькамі. “Калі дзіця прапускае заняткі, лянуецца, я тэлефаную бацькам, мы абмяркоўваем гэтыя праблемы. Бацькі адкрытыя, ідуць мне насустрач. Падтрымліваю з імі сяброўскія адносіны, каб яны не саромеліся да мяне звярнуцца. У пачатку, сярэдзіне і канцы года мы праводзім сходы, сустракаемся перад кожнай паездкай на спаборніцтвы, перапісваемся ў групе ў Viber”.
З чаго гатуецца торт
3—3,5 месяца сыходзіць на стварэнне і пастаноўку нумара. Яго прыдумвае ці бачыць у сне Алёна Іванаўна. Спачатку яна падбірае музыку.
— Я кожны дзень слухаю радыё, усё, што мне спадабалася, захоўваю. Часам мы з дзецьмі можам 45 мінут заняткаў прысвяціць выбару музыкі, якая западзе ў душу. Часцей гэта замежныя песні, але я абавязкова гляджу пераклад, каб не было дрэнных слоў. Некаторыя дзеці самі прыносяць музыку, праўда, не пад усё можна паставіць танец. Калі не атрымліваецца, то мы пад яе хаця б размінаемся.
Музыка становіцца першым слоем у торце “Танец”, далей ідуць рухі і адпрацоўка. Кожны год Алёна Іванаўна ставіць новыя нумары, каб не танцаваць старое. Калі едзеш на конкурс і 20-ы раз паказваеш тое ж самае — гэта сумна і для журы, і для дзяцей.
— Чатыры гады назад мы падрыхтавалі нумар з бацькамі. Узялі музыку, перарабілі словы, бацькі ў студыі ўсё запісалі. Трэніроўкі праходзілі вельмі весела. Дарослыя прывыклі танцаваць у рэстаранах, а тут трэба вучыцца, дакладна рухацца. Цікава было назіраць за іх эмоцыямі: калі нешта не атрымлівалася, яны нерваваліся, некаторыя нават плакалі. Не адрозніць ад дзяцей. Калі мы ўсё вывучылі, то запісалі танец на відэа. Яны глядзелі і не верылі, што так умеюць. З гэтым нумарам мы паехалі на конкурс. Там дарослыя таксама паводзілі сябе, як дзеці: перажывалі, плакалі, некаторыя пілі валяр’янку. Дзеці хваляваліся за бацькоў больш, чым за сябе. Але былі задаволеныя, ганарыліся імі.
Кожны нумар — гэта новы касцюм, таму нядзіўна, што ў
NRJ-kids ёсць свая касцюмерная, у якой амаль не засталося месца. Прыдумваюць вобразы Алёна Іванаўна і педагог тэатра Алеся Аркадзьеўна. Яны робяць каштарыс, закупляюць тканіну (з гэтым дапамагае дырэктар школы Вольга Хамутоўская), а шые ўсё настаўніца працоўнага навучання Ірына Данільчанка.
У мінулым годзе выпусціліся першыя выхаванкі калектыву. Яны працягваюць мець зносіны з харэографам, часам сустракаюцца і трэніруюцца. Падчас зімовых канікул нават правялі некалькі заняткаў для цяперашніх выхаванак. Алёна Іванаўна адразу прывучае дзяцей да ролі педагога. Паказаць рухі, правесці размінку, а калі падрастуць, і трэніроўку — не праблема.
Сінякі не хвалююць
— З чырлідынгам я пазнаёмілася толькі 5 гадоў назад. Мы вырашылі паўдзельнічаць у конкурсе каманд падтрымкі “Піянерскія іскры”. Мне спадабалася, падумала: працягну. Так з’явіўся клуб NRJ. Спачатку было складана, бо трэба было і дзяцей вучыць, і самой вучыцца. Але Беларуская федэрацыя чырлідынгу і каманд падтрымкі стварыла для гэтага ўсе ўмовы. Я ездзіла туды на курсы, перагледзела мноства відэаматэрыялаў, перачытала ўсе правілы. Плюс да ўсяго, да нас прыязджалі трэнеры з Мінска, Гродна і праводзілі майстар-класы. Два-тры майстар-класы на год былі для нас нормай.
Пазней да Алёны Янкоўскай далучыўся настаўнік фізічнай культуры і здароўя Яўген Кучын. Спачатку ён займаўся з дзецьмі агульнафізічнай падрыхтоўкай, потым прыйшоў на асноўную трэніроўку і застаўся. Гэта спрашчае падрыхтоўку, таму што мужчына-трэнер можа дзяцей падкінуць і злавіць.
Чырлідынгам у клубе NRJ займаюцца дзяўчынкі малодшай (8—10 гадоў) і старэйшай (11—15 гадоў) групы. Некаторыя ходзяць і на харэаграфію. І гэта вельмі дапамагае: танцавальную частку вывучыць прасцей і хутчэй. “Я не ўяўляю, як яны вытрымліваюць, таму што ёсць дзеці, якія прыходзяць на 12:00 на харэаграфію, ідуць на ўрокі, а пасля на чырлідынг”, — гаворыць педагог.
Трэніроўкі праходзяць тры разы на тыдзень, два разы па 1,5 гадзіны, у суботу — 2 гадзіны. Пачатак — размінка, якая цягнецца каля гадзіны. Гэта расцяжка, перавароты. Потым выхаванкі вучаць танец, выпраўляюць памылкі, будуюць піраміды, у канцы падкачваюць цела.
Перавароты, скачкі, піраміды — гучыць траўманебяспечна. Але пакуль пацярпела толькі дачка Алёны Іванаўны: на спаборніцтвах на размінцы атрымала невялікую траўму. У іншых звычайна бываюць сінякі. Спачатку бацькі ўспрымалі гэта з жахам, але потым супакоіліся. А дзецям усё адно. Яны сапраўдныя воіны: атрымалі на трэніроўцы ўдар, дзве секунды паплакалі, умыліся — і далей працаваць. Дзяўчынкі ўспрымаюць гэта як частку працы. Зрабіла рух правільна — пойдзеш без сіняка, зрабіла няправільна — з сіняком.
— На трэніроўках заўсёды ёсць аптэчка, лёд, розныя мазі. Мы вучым дзяцей правільна падаць, займаемся на матах, каб пазбегнуць лішніх траўм. Калі дзяўчынкі вывучылі рухі, маты прыбіраем, але страхуем з Яўгенам Пятровічам. Цяжэй за ўсё ім даюцца піраміды, але тым больш радасці, калі яны атрымліваюцца, дзеці аж пішчаць. Лягчэй за ўсё вывучыць танцавальную частку. Можна мінуту нумара засвоіць за 10 мінут.
Цэлы нумар доўжыцца 2 мінуты 30 секунд — гэта абавязковае патрабаванне федэрацыі.
“У нашым горадзе ёсць стэрэатып, што чырлідынг — гэта выйшаў, пампонамі памахаў і пайшоў. Мы на сваім прыкладзе паказалі, што ўсё не так. Зараз людзі ўспрымаюць нас больш сур’ёзна”.
Вышэйшы ўзровень
Клуб удзельнічае ва ўсіх спаборніцтвах, якія праводзіць федэрацыя чырлідынгу і каманд падтрымкі. Гэта рэспубліканскія спаборніцтвы і Кубак Рэспублікі Беларусь. Таксама выступае ў конкурсе “Школьная ліга”, які федэрацыя арганізавала сумесна з Міністэрствам адукацыі. Першы этап — адборачны ў раёне ў намінацыях “Фрыстайл пом”, “Чырлідынг-шоу” і “Чыр”. “Фрыстайл пом” — на працягу ўсяго выступлення спартсменкі выкарыстоўваюць пампоны. “Чырлідынг-шоу” — выступленне з базавымі элементамі (станты, піраміды, акрабатыка) і харэаграфічнай часткай. “Чыр”— гэта элементы больш высокага ўзроўню (станты, піраміды, выкіды). Два апошнія гады NRJ удзельнічаў у дысцыпліне “Чыр” і займаў на рэспубліканскім этапе 1-е і 2-е месцы.
— На пастаноўку аднаго нумара ідзе 3—4 месяцы. Федэрацыя патрабуе, каб кожны год калектыў прадстаўляў новы нумар. Мы вывучылі адзін, амаль тут жа трэба пачынаць працаваць над іншым. Так хутка перабудавацца дзецям складана. Музыку выкарыстоўваем толькі замежную. Тут песні на дрэнныя словы правяраю не толькі я, але і федэрацыя. Калі нешта знаходзіць, то спыняе выступленне і дыскваліфікуе каманду.
Харэаграфія, чырлідынг, харэаграфія, чырлідынг. Пасля такога графіка без аднаўлення ніяк. Алёна Янкоўская выбрала шлях спакою: вяртаецца дадому, дзе ўсе ведаюць, што паўгадзіны яе не трэба чапаць, сядзіць у цішыні і п’е гарбату. Працуе практычна без збояў.
— Калі дзеці прыходзяць на заняткі, абдымаюць мяне, глядзяць вялікімі вачыма, я разумею, як моцна люблю сваю прафесію. Дапамагаюць у гэтым і вынікі на спаборніцтвах, і падтрымка бацькоў . Але дзеці — самае галоўнае, — гаворыць педагог.
Настасся ХРЫШЧАНОВІЧ.
Фота з архіва А.І.Янкоўскай.