Merry-go-round — тэатральная карусель

Калі глядзіш спектакль, то глядзіш яго тут і зараз. І рэдка задумваешся над тым, які шлях прайшлі акцёры, рэжысёр, касцюмер да моманту Х. Напэўна, так адбываецца і ў дарослым, і ў дзіцячым тэатры. Юлія Крот, кіраўнік тэатра на англійскай мове Merry-go-round сярэдняй школы № 4 Віцебска, расказала пра тое, што застаецца за кулісамі.

Першая спроба: фестываль

Юлія Васільеўна працуе ў школе настаўніцай англійскай мовы пяты год. Ствараць тэатр яна не планавала, тым больш што сама ў ім ніколі не займалася. Удзельнічала ў творчых мерапрыемствах падчас вучобы ў школе, універсітэце, але не больш. Хутчэй можна было чакаць, што настаўніца ўзначаліць гурток па настольным тэнісе, бо яна — кандыдат у май­стры спорту. Аднак атрымалася інакш.

У Віцебскай вобласці штогод прахо­дзіць абласны фестываль міжкультурных камунікацый у пяці намінацыях: “Я — аратар”, “Я — гід”, “Прэс-цэнтр”, конкурс міні-тэатраў і фабрыка зорак (конкурс песень, танцаў краіны вывучаемай мовы). У 2019 годзе Юлія Крот разам з калегай, настаўніцай анг­лійскай мовы Дар’яй Волкавай, вырашыла зрабіць пастаноўку і трапіць на конкурс міні-тэатраў. Часу было нямнога — крыху больш за месяц, таму працаваць прыйшлося хутка. Першая складанасць, з якой сутыкнуліся настаўніцы, — падбор акцёраў. Трэба было знайсці дзяцей, якія змогуць і англамоўны тэкст на 10 мінут вывучыць, і добра сыграць на сцэне. Вырашылі браць сваіх вучняў з 3—4-х класаў, дзе педагогі выкладалі замежную мову. Другая складанасць — адсутнасць дакладнага графіку. Паколькі ніякага гуртка тады не існавала, сустракаліся з вучнямі хаатычна, калі ў настаўніц былі “фортачкі”. Юлія Васільеўна з Дар’яй Андрэеўнай вырашылі паставіць казку “Папялушка”. Час пайшоў і на тое, каб напісаць сцэнарый, падправіць некаторыя рэплікі. Затое журы высока ацаніла пастаноўку і ўзнагародзіла дзяцей дыпломам ІІ ступені.

Добры вынік выступлення і захапляючы працэс падрыхтоўкі да конкурсу прадвызначылі будучыню Юліі Андрэеўны. Пагутарыўшы з намеснікам дырэктара па выхаваўчай рабоце, яна вырашыла: трэба ствараць тэатр. Тады дзеці будуць дакладна ведаць, калі і куды прыходзіць на заняткі, і займацца цікавай справай. І вось тэатр Merry-go-round працуе ўжо трэці год.

Ад гісторыі да дзеяння

Зараз на заняткі ходзіць 16 вучняў 5—6-х класаў. Сустракаюцца па суботах на дзве гадзіны. Большасць дзяцей — усё тыя ж вучні Юліі Васільеўны, таму з імі яна бачыцца не толькі ў тэатры, але і на ўроках.
Каб выхаванцы зразумелі, што такое тэатр і як ён развіваўся, ім даюць шмат тэорыі. Педагог знаходзіць яе ў інтэрнэце, шмат чытае, вывучае, каб не схлусіць дзецям. Дапамагаюць і веды з універсітэта: на гісторыі замежнай літаратуры некаторыя моманты, звязаныя з тэатрам, таксама закраналіся.

— Спачатку мы знаёміліся з тэатрам як відам мастацтва, вывучалі яго віды. Гэтая тэма дзецям вельмі спадабалася, яны даведаліся пра лялечныя тэатры, тэатры без слоў і г.д. Потым мы паглыбіліся ў замежны тэатр. Вывучалі тэатральнае мастацтва Вялікабрытаніі, знакамітыя тэатры свету, Вільяма Шэкспіра і яго тэатр “Глобус”, тэатральныя прафесіі. Зараз мы звяртаем больш увагі на пастаноўку спектакля, культуру, тэхніку і логіку маўлення, жэсты, міміку, сцэнкі без слоў. Мы рэпеціруем міні-дыялогі, дзе ёсць яркія эмоцыі — злос ць, радасць, расчараванне і г.д. Так дзеці вучацца паказваць розныя эмоцыі і перамагаюць страх размаўляць па-англійску. Часам мы імправізуем. Выхаванцы ма­юць 10—15 мінут, каб самастойна прыду­маць дыялог і разыграць яго. Апошні пункт у нашай праграме — сцэнічныя і тэатральныя дзеянні: удзел у конкурсах, паказ спектакляў у школе. Такім чынам, у пачатку навучання ў нас было больш тэорыі, зараз акцэнт робім на практыку, — расказвае Юлія Крот.

На хвіліну ўявіце, што вы іграеце ў тэатры Merry-go-round. Вы прыходзіце на заняткі. Спачатку ўсім трэба “прачнуцца”. Для гэтага дзяцей дзеляць на дзве каманды, і яны гуляюць у зламаны тэлефон. Толькі замест звычайных слоў — англійскія няправільныя дзеясловы. Так адначасова і матэрыял урока можна паўтарыць. Далей педагог расказвае тэорыю, і пачынаецца рэпетыцыя казкі. На першых занятках выхаванцы чытаюць новыя рэплікі з паперкі, на наступныя ўжо трэба падвучыць свае словы. Займацца дзве гадзіны запар складана, таму Юлія Васільеўна абавязкова робіць перапынак. Дзецям вельмі падабаецца ў гэты час арганізоў­ваць dance-батл. Рэпетыцыі праходзяць у актавай зале, дзе ёсць вялікія калонкі. Педагог іх падключае, дзеці 5—10 мінут рыхтуюць танец і выступаюць. Калі не хочацца батліцца, можна пагуляць у “Кракадзіла”.

Юлія Крот часта здымае рэпетыцыі на відэа, каб маленькія акцёры маглі паглядзець на сябе збоку. Гэта дапамагае і з дысцыплінай: калі працуе камера, усе чамусьці паво­дзяць сябе ўзорна і больш стараюцца.

— Ёсць дзеці, у якіх добра атрымліваецца ўсё. Яны і ў ролю ўваходзяць хутка, і тэкст доб­ра запамінаюць. А ёсць тыя, каму складана апрануць новую маску, яны саромеюцца. Я стараюся іх падбадзёрыць, больш падрабязна растлумачыць, як паводзіць сябе на пэўнай рэпліцы. З англійскай мовай праблем не ўзнікае ні ў каго, проста розныя дзеці патрабуюць рознага часу на вывучэнне сваіх слоў.

“Мне здаецца, дзецям у тэатры падабаецца, па-першае, уваходзіць у ролі, раскрываць у сабе акцёра, а па-другое, тое, што на занятках няма жорсткіх абмежаванняў і яны адчуваюць сябе свабоднымі”.

Рэплікі для ўсіх

У рэпертуары тэатра тры казкі: “Папялушка”, “Пітар Пэн” і “Беласнежка і сем гномаў”. Зараз дзеці вучаць новую — “Снежную каралеву”.

— Мы шукаем такія казкі, каб усім хапіла роляў. Часам гэта бывае складана. Ужо нават узнікала ідэя напісаць сваю казку, але пакуль мы не адважыліся. Усе казкі, якія мы ставім, прыходзіцца перапісваць. Няма канкрэтных падрыхтаваных сцэнарыяў, якія можна было б адразу выкарыстоўваць. Я звычайна адкрываю арыгінал і па ім арыентуюся: штосьці дадаю, штосьці прыбіраю. За тыдзень можна перапісаць тэкст і зрабіць сцэнарый, калі працаваць кожны дзень, — расказвае педагог.

Ёсць казкі, дзе лексіка надта складаная і падыходзіць для старэйшых дзяцей. Ёсць, наадварот, з вельмі простай лексікай, для самых маленькіх. Трэба знайсці аптымальны ўзровень і прапанаваць яго выхаванцам. Таксама трэба звяртаць увагу на коль­касць рэплік. Калі ў кагосьці іх мала і Юлія Васільеў­на бачыць, што дзіця хоча і можа быць задзейнічаным у спектаклі больш шырока, то дапісвае яму словы. Больш за ўсё перарабляць прыйшлося “Беласнежку і сем гномаў”, бо першапачатковы варыянт атрымаўся на 20 мінут. Праблема не ў тым, што дзецям неабходна было шмат запомніць, яны, на­адварот, радаваліся. Справа ў тым, што гэтая пастаноўка рыхтавалася да фестывалю міжкультурных камунікацый, а там абмежаванне на выступленне складала 10 мінут. У выніку ў школе маладая трупа паказала арыгінал, а для конкурсу зрабіла скарочаны ва­рыянт.

— Колькі часу пой­дзе на пастаноўку казкі, залежыць ад тэрміну, калі яе трэба здаць. Напрыклад, “Папялушка” была гатова за месяц, гэта вельмі хутка. Але тады мы з дзецьмі сустракаліся часцей, чым раз на тыдзень. “Пітара Пэна” ставілі тры месяцы, бо працавалі ў камфортным тэмпе. “Беласнежку і сем гномаў” зрабілі хутка, бо рыхтаваліся да фестывалю.

Асалода ад сцэны

Асноўныя гледачы Merry-go-round — равеснікі акцёраў, бацькі, прадстаўнікі адміністрацыі школы. Так усе ра­зумеюць, пра што ідзе гаворка ў спектак­лі. Хаця гэта неабавязкова. Канечне, калі ты ведаеш мову, то пачуеш кожную рэпліку, перакладзеш кожнае слова, але і без гэтага будзе зразумела, што адбываецца на сцэне. “Публіка ўспрымае нас добра, усе хваляць. Настаўнікі пасля выступлення дзеляцца эмоцыямі, расказваюць, хто з герояў ім больш за ўсё запомніўся”, — расказвае Юлія Крот.

Акцёры на час пастаноўкі становяцца іншымі людзьмі, а сцэна — іншым месцам. З пераўвасабленнем дзецям дапамагаюць касцюмы, якія ствараюць бацькі. Яны мо­гуць і самі прыдумаць фасон, і сшыць іх. Хтосьці заказвае гатовыя. Сцэнай, а дакладней рэквізітам на ёй, займаецца Дар’я Волкава. Штосьці робіць з падручных матэрыялаў, штосьці малюе. Камін стварыла з дапамогай паперы і фарбаў, а кацёл — з чашы ад мультываркі. Таксама важна падабраць правільную музыку, якая б дапаўняла вобразы, розныя сцэны, лепш раскрывала эмоцыі. Гэтым Юлія Васільеўна займаецца ў апошнюю чаргу, калі ўсё астатняе амаль гатова.

Merry-go-round перакладаецца як “карусель”. Спачатку гэтая назва асацыіравалася з чымсьці дзіцячым, а зараз тэатр ставіць спектаклі ў розных жанрах, кожны акцёр спрабуе новыя ролі, усе, так бы мовіць,“катаюцца на каруселі”.

— Перад выступленнем дзеці хвалююцца, а я хвалююся за іх. Хочацца, каб усё прайшло, як мы задумалі, але часам здараюцца дробныя непрыемнасці. То музыка не пойдзе, тэхніка раптам перастане праца­ваць, то дзеці забудуць словы. Каб супакоіць сябе і іх, кажу, што яны ўсё ведаюць, што публіка нас падтрымлівае, абавязкова абдымаю. Падчас выступлення страх кудысьці знікае, бачна, што дзеці атрымліваюць асалоду ад сцэны. Апладысменты, фатаграфаванне — яны адчуваюць сябе сапраўднымі зоркамі. Калі ўсё заканчваецца, выхаванцы падбягаюць да мяне, пытаюцца, ці ўсё атрымалася. Ім важна ведаць маё меркаванне.

Усе пастаноўкі бацькі здымаюць на відэа і потым дасылаюць педагогу, каб яна магла абмеркаваць вынік з дзецьмі. Кожны з юных акцёраў расказвае, што яму спадабалася, што не атрымалася. Часта выхаванцы смяюцца, праглядваючы відэа, бо яшчэ не прызвычаіліся бачыць сябе збоку. Некаторыя аналізуюць сваю ігру, кажуць, дзе і што зрабілі не так. Потым свае заўвагі дадаюць Юлія Васільеўна і Дар’я Андрэеўна.

— Мне падабаецца, калі ў дзяцей атрымліваецца выканаць тое, што мы задумвалі, калі я бачу, што з гэтым матэрыялам мы можам пайсці на конкурс і перамагчы. Выхаванцаў гэта таксама падбадзёрвае, яны лю­бяць удзельнічаць у конкурсах, адчува­юць там сябе больш упэўнена, атрымлі­ваюць ацэнку сваёй творчасці не толькі ад мяне. Мне падабаецца, калі знаходзіцца роля для чалавека, якая яму добра падыходзіць, і ён з ёй спраўляецца. Мне падабаецца проста праводзіць час з дзецьмі, бо гэта заўсёды весела і прадукцыйна.

Настасся ХРЫШЧАНОВІЧ.
Фота з архіва Ю.В.Крот.