Вучацца і дзеці, і педагог

Так бывае: прыходзіш на пасаду настаўніка працоўнага навучання, а становішся яшчэ і педагогам па робататэхніцы. Андрэй Віктаравіч Дуброўскі з гімназіі № 4 Баранавіч паспяхова прымяніў гэтую схему на сабе і расказаў, як засвойваў новы прадмет, чаго ўжо дасягнулі яго вучні і дзе яшчэ плануюць выбухнуць.

Новы прадмет

З 2018 года асацыяцыя “Адукацыя для будучыні” праводзіць для настаўнікаў, якія выкладаюць у STEM- і STEAM-цэнтрах, курсы па адукацыйнай робататэхніцы. Калі Андрэя Віктаравіча спыталі ў гімназіі, ці хоча ён на такія пае­хаць, адказ быў адназначны — так. Тэма цікавая і сучасная.

Навучанне доўжылася каля двух тыдняў. Настаўнікам з розных устаноў паказвалі, як карыстацца наборам для робататэхнікі і праграмаваць. Апошняе было самым важным для Андрэя Віктаравіча, бо самому ў гэтым разабрацца складана. Праграма была насычаная, цікавая, але давала толькі асновы, далей трэба разбірацца самастойна.

Пасля вяртання Андрэй Дуброўскі набраў першых вучняў у гурток па робататэхніцы. Пазней з’явіўся яшчэ адзін — па спартыўнай робататэхніцы. У першым займаюцца дзеці 1—2-га года навучання, якія засвойваюць азы.

У другім — тыя, хто паспяхова прайшоў першы этап і можа выступаць на спаборніцтвах і паказах. Заняткі праходзяць тры разы на тыдзень па дзве гадзіны. Абодва гурткі — частка STEM-цэнтра, куды запісваюцца вучні не толькі гімназіі, але і іншых устаноў горада і раёна.

— У мяне займаюцца дзеці 5—9 класаў, усяго каля 45 чалавек. Ходзяць як дзяўчынкі, так і хлопчыкі. На спаборніцтвы стараюся браць іх напалову. У асноўным дзяўчынкам больш падабаецца праграмаваць, а хлопчыкам — канструяваць, — расказвае Андрэй Віктаравіч.

Усё залежыць ад задачы

— У гуртку па робататэхніцы мы збіраем робатаў па інструкцыі і праграмуем іх. Прыкладна 45 мінут ідзе на зборку і 45 мінут — на праграмаванне, — гаворыць педагог. — У гуртку па спартыўнай робататэхніцы вывучаем палажэнне спаборніцтваў, чытаем, як павінен выгля­даць робат, якога ён павінен быць памеру. Дзеці яго канструююць і тэсціруюць. Калі нешта ідзе не так, шукаюць прычыну, выпраўляюць і так паляпша­юць свайго робата. Вучні могуць збіраць робата як 45 мінут, так і цэлы месяц. Залежыць ад таго, якія перад імі ста­яць задачы.

У якасці эксперымента Андрэй Віктаравіч праводзіў заняткі для вучняў і іх бацькоў. Дарослыя зацікавіліся працэсам не менш, чым іх дзеці. Разам разбіраліся з пластыкавымі дэталямі і шнурамі, разам праграмавалі рухі робата. Сумесная дзейнасць добра ўплывае на адносіны ў сям’і.

Вучні Андрэя Дуброў­скага ўдзельнічаюць у спаборніцтвах у катэгорыях Roborace, “Лабірынт”, “Праходжанне па лініі”, “Робасумо”, “Кегельрынг”. У верасні 2020 года ў Брэсце яны пазнаёміліся з РТК і зацікавіліся. Гэта спаборніцтвы для тых, хто стварае робататэхнічныя комплексы (адсюль і абрэвіятура) для работы ў экстрэмальных умовах. Выпрабавальнае поле — паласа перашкод, лабірынт, які складаецца з участкаў, што імітуюць умовы перасечанай мясцовасці, урбанізаванага асяроддзя ці наступстваў катастроф. Робат на палігоне можа прадэманстраваць праходнасць, маніпулятыўнасць і аўтаномнасць. Праходнасць — пераадоленне ўчасткаў перасечанай мясцовасці, завалаў, пад’ёмаў, спускаў і г.д. Маніпулятыў­насць — робат збірае прадметы і пераносіць іх у пэўныя зоны, націскае кнопкі, паварочвае краны і г.д. Аўтаномнасць — чытанне QR-кодаў, аўтаномны рух па лініі і г.д. Кожная каманда мае дзве спробы па 10 мінут. Робат павінен за найменшы час пераадолець паласу перашкод і выканаць заданні. Маршрут удзельнік фарміруе самастойна, улічваючы магчымасці робата.

— Нам трэба дакупіць дэталі падвескі, каб удзельнічаць у такіх спаборніцтвах. Таксама хочам набыць больш звычайных набораў для заняткаў, таму што выхаванцаў шмат і да спаборніцтваў рыхтавацца не вельмі зручна. Дзецям прыходзіцца збіраць робата, частку, якую складана зрабіць, пакідаць, а астатняе разбіраць, каб маглі займацца вучні пачатковага ўзроўню, — дзеліцца педагог.

STEM-цэнтр адкрыўся ў гімназіі № 4 Баранавіч у верасні 2018 года дзякуючы асацыяцыі “Адукацыя для будучыні”. У ім дзеці канструююць і праграмуюць робатаў з дапамогай канструктараў Lego Mindstorms EV3 і на мове праграмавання Scratch. У цэнтры ёсць 5 асноўных набораў па робататэхніцы і 5 дадатковых. Таксама там працуе STEM-гараж, дзе вучні з настаўнікамі інфарматыкі, фізікі, хіміі, біялогіі, працоўнага навучання распрацоўваюць праекты.

Зборка vs праграмаванне

Андрэй Віктаравіч вылучае дзве асноўныя прычыны, чаму дзеці прыходзяць у робататэхніку. Першыя выхаванцы мараць стаць праграмістамі, другая-дзецям падабаецца збіраць Lego.

Кірыл Шчарбакоў, вучань 7 “А” класа Жамчужненскай сярэдняй школы Баранавіцкага раёна:

“Я пайшоў на робататэхніку для дасягнення вынікаў. Заняткі дапамагаюць увасобіць мае думкі ў жыццё. Больш за ўсё я люблю частку з праграмаваннем, бо там трэба рабіць вылічэнні. Самыя запамінальныя спаборніцтвы для мяне былі ў дысцыпліне “Кегельрынг” у Брэсце. Зборка робата далася лёгка, а вось праграмаванне і тэсціраванне — цяжка. Дзіўна было, што ўсе тры этапы трэба было паспець зрабіць усяго за 2 гадзіны”.

Міхаіл Ашканаў, вучань 7 “В” класа сярэдняй школы № 7 Баранавіч:

“Мне ў дзяцінстве было цікава глядзець, калі па тэлевізары паказвалі, як распрацоўваюць робатаў, асабліва ў сферы хірургіі. Я вырашыў паспрабаваць сам. Два гады займаўся ў Палацы дзіцячай творчасці, тры гады назад прыйшоў у гімназію. Я вельмі люблю менавіта збіраць робата, з праграмаваннем зараз узмоцнена знаёмлюся. Заняткі развіваюць канструктыўнае мысленне, уяўленне. Калі нешта зламалася, можна лёгка прыдумаць, як гэта замяніць. Таксама робататэхніка дапамагае, калі мы ў школе праходзім базавы курс інфарматыкі”.

Аляксандр Карповіч, вучань 9 “Б” класа гімназіі № 4 Баранавіч:

“Спачатку я займаўся робататэхнікай у Палацы дзіцячай творчасці, потым перайшоў у гімназію, бо тут больш прафесійныя наборы. Заняткі да­юць магчымасць ездзіць на спаборніцтвы, крыху дапамагаюць пры вывучэнні фізікі, паказваюць асновы праграмавання. Мне падабаецца збіраць мадэлі, калі ты можаш пабудаваць што заўгодна. Напрыклад, мы стваралі робатызаваную руку і робата-ўсюдыхода. Асаблівымі для мяне сталі спаборніцтвы па робасумо, дзе мы з сябрам занялі 5-е месца са 100, і спаборніцтвы па кегельрынгу, калі адначасова працавала шмат робатаў, з-за чаго ў нашага перабіваўся сігнал. У выніку мы прайгралі, але ўспаміны засталіся”.

“Каб паспяхова займацца робататэхнікай, дзецям патрэбна настойлівасць і жаданне ўнікнуць у сутнасць праграмавання. Многія адсейваюцца, таму што не разлічваюць свае сілы. Яны думалі проста прыйсці пагуляць, а тут пагуляць можна толькі 45 мінут, наступныя 45 мінут — гэта праграмаванне”.

У будучыні — на WRO

Самы галоўны турнір для Андрэя Віктаравіча — Кубак па адукацыйнай робататэхніцы. У мінулым годзе яго вучні занялі 15-е месца са 150. Таксама яны ўдзельнічаюць у Рэспубліканскім конкурсе прафесійнага майстэрства WorldSkills, гарадскіх спаборніцтвах.

— У горадзе ў нас два 2-я месцы па Wedo. На жаль, у гімназіі няма такога канструктара, але мы ўсё роўна не прапускаем турніры. Нашы канструктары Lego Mindstorm на ўзровень вышэйшыя, таму хлопцам і дзяўчатам гэта лёгка даецца, — гаворыць Андрэй Дуброўскі. — Таксама ў катэгорыі “Робасумо” мы занялі 1-е месца на першых гарадскіх спаборніцтвах па робататэхніцы “BarRoboFest-2019”.

Летась вучні адкрылі для сябе Engineering Hexagon. Гэта інжынернае мнагаборства для школьнікаў 11—15 гадоў, якое арганізавала ІТ-кампанія EPAM Systems. Больш за 30 каманд з Беларусі спаборнічалі ў матэматыцы, інфарматыцы, фізіцы, робататэхніцы і англійскай мове. Школьнікі атрымлівалі задачы, абмяркоўвалі іх, рашалі, за што ім налічвалі. У канцы праводзілася выпрабаванне па ТРВЗ — тэорыі рашэння вынаходніцкіх задач. Каманды прыдумвалі робата і абаранялі сваю ідэю: расказвалі, для чаго ён, што будзе рабіць. Вучні Андрэя Віктаравіча, Наталлі Карней (настаўніца матэматыкі) і Таццяны Шастак (настаўніца фізікі) занялі 4-е месца.

— Дзецям вельмі спадабалася, таму ў гэтым годзе мы таксама будзем удзельні­чаць — гаворыць педагог па робататэхніцы. — Такія спаборніцтвы, дзякуючы нестандартным заданням, развіваюць кругагляд. Напрыклад, за 35 мінут трэба пабудаваць робата, які будзе збі­раць цукеркі, шарыкі і мандарыны і выкідаць іх за борцік. Гэта значыць, робат не зможа проста выпіхнуць прадметы, у яго павінна быць рука, якой ён возьме прадмет і перакіне яго праз перашкоду. Для стварэння такога робата патрэбны ўяўленне і здольнасць выходзіць за рамкі.

У планах Андрэя Віктаравіча — з’ездзіць з вучнямі на World Robot Olympiad, разабрацца з платформай Arduino. Толькі трэба падрасці. Пакуль разам з вучнямі вучыцца і педагог. Калі ўсе набяруцца сіл, можна будзе расказваць пра новыя перамогі.

Настасся ХРЫШЧАНОВІЧ.
Фота з архіва А.В.Дуброўскага.