Цямней за ўсё пад ліхтаром

Святлодыёдная ўказка, фотаапарат, цемра — на першы погляд, гэтыя рэчы несумяшчальныя. Але калі ўсё ж паспрабаваць іх спалучыць, атрымаецца сапраўднае чараўніцтва. Хтосьці называе яго светлавым графіці, хтосьці — люмінаграфіяй, але мацней за ўсіх замацаваўся тэрмін “фрызлайт”. Што гэта такое, як яго стварыць і чаму ён пачынаецца з усмешкі? Даведаемся ў дасведчанага люмінаграфіка.

Статыка VS дынаміка

Ідучы насустрач кожнаму запыту, загадчык аддзела камп’ютарных тэхналогій Лідскага раённага цэнтра тэхнічнай творчасці Міхаіл Валер’евіч Грабоўскі правёў шэраг майстар-класаў па фрызлайце. Канечне, гэта падштурхнула многіх дзяцей да пошуку дадатковай інфармацыі і ўласных творчых эксперыментаў.

— Фрызлайт — не новы кірунак у фатаграфіі, — расказвае Міхаіл Валер’евіч. — Ён з’явіўся, калі адкрылася магчымасць на фотаапараце наладжваць базавыя параметры здымкі. Яго сутнасць заключаецца ў тым, каб стварыць малюнак з дапамогай праменя святла. Зрабіць гэта можа камера, у функцыянал якой уваходзяць светласіла і вытрымка. Неабходна выставіць пэўную вытрымку да здымкі кадра і ў гэты момант “засвяціць” нейкую карцінку. Тут падыдзе практычна любая крыніца накіраванага мігацення: святлодыёдная ўказка, ліхтарык, падпаленая свечка, запальнічка, люмінесцэнтныя палачкі. Чым ярчэй — тым лепш.

Ёсць два метады фрызлайта — статычны і дынамічны. Мы з навучэнцамі практыкавалі статычны, бо ён больш просты. Дынаміка — гэта ўжо відэафільм або гіф-малюнак, больш складаны праект, на які прый­дзецца патраціць шмат часу. Акрамя таго, не абысціся без мантажу і сюжэтнай лініі. Так можна ствараць анімацыю. Напрыклад, ператварыць смайлік з сумнага ва ўсмешлівы. Але тут спатрэбіцца не адзін малюнак, а некалькі. У гэтым і заключаецца склада­насць, бо паўтарыць першы не надта проста.

Галоўны плюс — даступнасць

Калі паглязець на фрызлайт-фатаграфіі, можа скласціся ўражанне, што без спецыяльнага абсталявання не абысціся. На справе ўсё куды прасцей: звычайная лічбавая камера або сучасны смартфон справяцца з задачай на ўра.

— Няма крутога фотаапарата — не праблема. Дастаткова і “мыльніцы” або нават тэлефона — яны цяпер аснашчаны высокамегапіксельнымі матрыцамі, якія забяспечваюць неабходную якасць здымкі. Затым трэба ўвайсці ў ручны рэжым і наладзіць галоўныя параметры — вытрымку і святлоадчувальнасць. Пасля падрыхтоўкі дэвайса распачынаем здымку. Пачынаць маляваць святлом лепш з чагосьці простага. Звычайна мы рабілі смайлік, і перад тым як заха­ваць патрэбны вобраз, уяўлялі, як малюем яго алоўкам на паперы. Гэта патрэбна для таго, каб паспець выканаць смайлік прамянём святла пасля актывацыі затрымкі. Тут могуць узнікнуць складанасці, бо ліхтарык павінен засвяціць аб’ектыў камеры. Спачатку малюем круг, а затым дабаўляем вочы і ўсмешку. Націскаем факусіроўку, потым ідзе сігнал, і ад яго адлічваецца колькасць часу, адведзенага на стварэнне здымка.

Ёсць варыянт выкарыстоўваць тэлефон, але калі мы праводзілі майстар-класы, не ва ўсіх дзяцей былі смартфоны з камерамі высокай якасці. На іх таксама можна спрабаваць здымаць, але фота атрымліваюцца не вельмі выразныя. Таму мы бралі напаўпрафесійны фотаапарат.

Малюнкі святлом маюць сваю класіфікацыю. Лайт-дроўінг — гэта сюжэтныя праекцыі. Лайт-графіці вельмі блізкае да традыцыйнага майстэрства графіці і ўяўляе сабой не што іншае, як светлавыя надпісы. Люмінаграфія адрозніваецца ад двух папярэдніх відаў тым, што ў гэтым выпадку мы рухаем не крыніцу святла, а саму фотакамеру. А лайт-пэйнтынгам называюць методыку асвятлення аб’ектаў з розных кропак.

Асвоіць можа кожны

Рабіць прыгожыя здымкі не так проста. Для гэтага трэба ведаць асновы пабудовы кадра, правільна выбіраць кропку здымкі і яшчэ шмат усяго. Менавіта таму многія дзеці наведваюць аб’яднанні па інтарэсах “Лічбавая фатаграфія” — якасны кантэнт для Instagram сам сябе не зробіць. Але фрызлайту можна навучыцца нават у хатніх умовах, а потым здзівіць усіх арыгінальнымі фатаграфіямі.

— Маляваць святлом не складана, —адзначае М.В.Грабоўскі. — Галоўнае — правільна наладзіць фотаапарат і зразумець, у якой паслядоўнасці выконваць усе дзеянні. Важней за ўсё вызначыцца з вытрымкай. Дапусцім, калі мы малюем той жа смайлік, то выстаўляем дылэй у межах 5 секунд. На нешта больш дэталізаванае спатрэбіцца больш часу, а значыць, працяг­ласць вытрымкі ўзрастае. Лічбавыя напаўпрафесійныя камеры даюць магчы­масць працаваць на працягу 30 секунд.

На майстар-класах у нашым цэнтры дзеці пачыналі з простага: смайлік, ялінка, паветраны шарык… Потым была вольная тэма, і яны стваралі больш цікавыя здымкі. Каб разнастаіць такое мастацтва, можна выкарыстоўваць не толькі белы або жоўты спектр свячэння ліхтарыка. Калі ёсць магчымасць пераключаць колеры, варта паэксперыментаваць.

Без фантазіі ніяк

Светлавое графіці — вельмі яркі кірунак. Дзякуючы яму можна разнастаіць вучэбны працэс і абудзіць творчасць нават у самых абыякавых дзяцей. Галоўнае, каб у іх працавала фантазія.

— Я вёў аб’яднанне па інтарэсах “Лічбавая фатаграфія” і, каб навучэнцам было цікавей вывучаць асаблівасці здымкі, вырашыў паказаць ім штосьці новае. Звычайныя тэмы, такія як правілы пейзажнай фатаграфіі, пабудова кадра, факусіроўка, з часам дакучаюць. Тады я знайшоў інфармацыю аб фрызлайце ў інтэрнэце і адаптаваў яе да вучэбнага працэсу. Гэты кірунак фатаграфіі вельмі развіты, напрыклад, у Расіі: можна знайсці шмат відэаролікаў аб статычнай і дынамічнай здымцы. Фрызлайт пайшоў у плюс, бо прыўнёс разнастайнасць у нашы заняткі. Не так даўно мы нават арганізавалі раённы конкурс па светлавым графіці. Каб прыняць у ім удзел, трэба валодаць як тэхнічнай аснасткай, так і асноўнымі навыкамі. І, вядома, без фантазіі тут таксама не абысціся, — гаворыць Міхаіл Валер’евіч. — Яшчэ ў нашым Цэнтры тэхнічнай творчасці перыядычна праводзяцца майстар-класы па фрызлайце — гэты маляўнічы кірунак вельмі прываблівае дзяцей. На жаль, цяпер з-за пандэміі масавых мерапрыемстваў у нас амаль няма. Але як толькі сітуацыя нармалізуецца, фрызлайт абавязкова вернецца.

Матэрыялы Дзмітрыя АРХІПЕНКІ.