Маляванне без малявання

Ролю класічнага жывапісу цяжка пераацаніць. Зразумела, класіка — гэта аснова. Гэта нібы фундамент для дома, але ніхто не адмяняў аўтарскага афармлення яго сцен, вокнаў, тэрасы… Вось і добры педагог­мастак не абмяжоўваецца навучаннем класічнаму маляванню традыцыйнымі матэрыяламі. Дзіцячую непасрэднасць, індывідуальнасць і інтарэс да акадэмічнага жывапісу лягчэй падтрымліваць, уключаючы ў заняткі элементы нетрадыцыйнага малявання.

Святлана Калістратава, кіраўнік студыі выяўленчага мастацтва “Вясёлка” Мінскага дзяржаўнага палаца дзяцей і моладзі, акрамя жывапісу і графікі, шырока прымяняе пясочнае маляванне на светлавым стале.

“Менавіта пры падсветцы малюнак “ажывае”, набывае кантраснасць і драматычную выраз­насць нават пры мінімуме дэталяў, лёгка трансфармуецца, — гаворыць Святлана Барысаўна. — Акрамя таго, маляванне пяском дапамагае навучэнцам расслабіцца, супакоіцца, стварае пазітыўны настрой. Спалучэнне цёплай гладкай паверхні светлавога стала і прыемнай фактуры дробнага кварцавага пяску выклікае ў дзяцей прыемныя ўспаміны пра адпачынак на моры, вобразы прыроды, адчуванні цяпла і святла. Падчас заняткаў навучэнцы могуць ненадоўга адхіліцца ад выканання задання і памаляваць пяском на вольную тэму. Работа з пяском стымулюе развіццё дробнай маторыкі рук, што, у сваю чаргу, спрыяе развіццю маўлення, увагі, мыслення, памяці, фантазіі і каардынацыі рухаў”.

Акрамя таго, на занятках у студыі ёсць магчымасць стварэння анімацыі на светлавым стале. Гэта можа быць відэафільм, створаны па зададзеным сюжэце, анімацыя паводле літаратурнага твора. Асаб­ліва палюбіліся дзецям казачныя сюжэты. Так, студыйцы знялі анімацыйны ролік па матывах беларускай народнай казкі “Залатая яблынька”, які паспяхова ўдзельнічаў у розных конкурсах дзіцячай творчасці. Створаны міні-фільмы па аповесці-казцы Антуана дэ Сент-Экзюперы “Маленькі прынц”, ролікі на тэмы “Памятныя мясціны Мінска”, “Энергазберажэнне”, “Гісторыя кінематографа”.

Яшчэ адзін спосаб асвоіць новыя прыёмы і тэхнікі выяўленчай творчасці — гульня. Напрыклад, студыйцы паспяхова ўвасобілі ў жыццё ідэю стварэння ценявога тэатра, выкарыстоўваючы тэхніку выцінанкі. Выразаныя юнымі мастакамі фігуркі перамяшчаюцца на тонкіх палачках за напаўпразрыстым падсветленым экранам. Дзеці з задавальненнем уключаюцца ў працэс стварэння сюжэта і персанажаў для вырабу такога імправізаванага тэатра. Традыцыйным стаў паказ “Зімовай казкі” для бацькоў і гас­цей навагодняга свята ў студыі. Першапачатковы варыянт казачнай гісторыі ў вершах Святлана Барысаўна напісала сама, але з кожным годам гэты твор узбагачаецца новымі персанажамі і падзеямі, прыдуманымі навучэнцамі.

Разнастаіць вучэбны пра­цэс, зрабіць яго больш займальным дапамагае і маляванне без малявання. Тут на дапамогу педагогу прыходзяць такія тэхнікі, як раздзіманне трубачкамі (кляксаграфія), манатыпія, адбіткі рукамі, губкай, садавіной і агароднінай, зафарбоўванне рэльефных малюнкаў праз тонкі ліст паперы (фраттаж). Па словах педагога, такія тэхнікі дапамагаюць развіваць фантазію дзяцей і ствараць творчую атмасферу ў студыі.

Нетрадыцыйныя метады малявання дазваляюць дзецям быць смялейшымі, не баяцца рабіць памылкі, эксперыментаваць, выпрабоўваць матэрыялы і тварыць з азартам.

Святлана НІКІФАРАВА.