Хіты Брадвея

У жывой музыкі і тэатра сёння ўсё больш сімпатый у свеце, стомленым ад фанаграм. Менавіта жывая музыка, творчая атмасфера і шчырыя адносіны — галоўнае для ўзорнай вакальнай студыі “Кантабіле” Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Бабруйска. А дапамагаюць юным артыстам напоўніцу пагрузіцца ў свет мастацтва мюзіклы.

Гучны рэпертуар

Таленавіты педагог падбірае не дзяцей для рэпертуара, а рэпертуар для дзяцей. Першыя гадоў пяць ад заснавання студыі Настасся Сяргееўна Тарасенка раскрывала ў сваіх маленькіх навучэнцах самыя розныя таленты, і яны спявалі найчасцей дзіцячыя песні, патрыятычныя, народныя стылізацыі, захапляліся тэатральнымі пастаноўкамі. Але рэпертуар змяніўся з прыходам у студыю 7 гадоў назад 9-гадовай Валерыі Няжэльскай. Дзяўчынка ніколі раней не займалася вакалам, але з маленства спявала са сваёй бабуляй, якая таксама мае прыгожы голас. Трапіўшы да таленавітага педагога, дзяўчынка літаральна праз пару гадоў з навічка стала вядучай салісткай.

“З Лерай я была гатова на любыя творчыя эксперыменты, але спецыфіка голасу дзіцяці дазваляла працаваць у першую чаргу ў жанры мюзікла. У дзяўчынкі запамінальны, адметны, вельмі гнуткі і пластычны тэмбр з шырокім дыяпазонам. Не менш важныя і акцёрскія складнікі — Лера ўмела данесці тую музыку, якую выконвае, у яе добрая пластыка”, — гаворыць педагог.

Валерыя Няжэльская:
“Мне падабаецца эксперыментаваць, спрабаваць нешта новае. Таму прапанова педагога паўдзельнічаць у мюзікле мяне заінтрыгавала. Гэта нова, унікальна і сучасна і аб’ядноўвае і вакал, і маё захапленне замежнымі мовамі. Асабліва мне падабаецца нямецкая. Таму многія арыі я спяваю менавіта па-нямецку, нават калі ў арыгінале яны на рускай ці англійскай”.

Ужо праз 3 гады Н.С.Тарасенка распрацавала індывідуальную праграму па рабоце з адоранай навучэнкай, склала індывідуальны адукацыйны маршрут на некалькі гадоў, падбірала спецыяльны рэпертуар павышанай складанасці і творчыя праекты рознага ўзроўню, прапаноўвала ўдзел у рэспубліканскіх і міжнародных конкурсах і фестывалях. Паступова да Валерыі далучыліся яшчэ некалькі салістак.

“Жанр мюзікла цяпер вельмі запатрабаваны, бо комплексна развівае дзіця. Танцы, пластыка, музыка, сольныя і ансамблевыя спевы, акцёрскае майстэрства — усё гэта дапамагае цалкам раскрыць патэнцыял навучэнца. Акрамя таго, у рабоце над мюзіклам дзеці спазнаюць новае, развіваюць вобразнае мысленне, вучацца кіраваць сабой і сваімі эмоцыямі, пераадольваюць свой страх перад публічным выступленнем, развіваюць уласную самаацэнку і камунікатыўныя навыкі. Таму мюзікл — гэта не толькі форма арганізацыі культурна-адпачынкавай дзейнасці ва ўстанове дадатковай адукацыі, але і ўнікальнае асяроддзе, якое спрыяе раскрыццю творчых здольнасцей дзяцей”, — тлумачыць сваю любоў да мюзікла Н.С.Тарасенка.

Прыступкі на сцэну

Пасляўрочнае жыццё студыйцаў напоўнілася не толькі вакалам, але і работай над сцэнічным рухам, танцам, акцёрскім майстэрствам і тэхнікай прамовы. Яны асвоілі дыхальную рытміку, складаны дыкцыйны комплекс. Кансультантам тут выступіў выпускнік студыі Ягор Фёдараў, акцёр Беларускага дзяржаўнага маладзёжнага тэатра. Дарэчы, ужо некалькі выпускнікоў студыі сталі прафесійнымі акцёрамі ці кіраўнікамі тэатральных студый.

Цікавай была работа над асобнымі ролямі і нумарамі, адаптацыя рэпертуару пад асаблівасці і магчымасці дзіцячага калектыву. Было вырашана, што частка твораў бу­дзе выконвацца на мове арыгінала. На нямецкай мове прагучалі арыі з мюзіклаў “Элізабэт”, “Моцарт!”, “Рэбека”, на англійскай — з рок-оперы “Ісус Хрыстос — суперзорка”, “Дзевяць”, на французскай — з кіберпанк-рок-оперы “Старманія”, рок-оперы “Моцарт”.

Звярнуліся студыйцы і да творчасці паэта Аляксандра Свешнікава, які стварае эквірытмічныя пераклады мюзіклаў арый (“Пераадольваючы гравітацыю” з мюзікла “Злая”, “Золатам зорак” з мюзікла “Моцарт!”). У праграму ўвайшлі нумары з рускамоўных дзіцячых мюзіклаў: “Балада аб маленькім сэрцы”, “Дзюймовачка”, мультфільмаў “Брэменскія музыканты” і “Кароль Леў”, кінафільмаў.

Удзел у праекце “Хіты Брадвея” пакінуў непаўторныя эмоцыі і ўражанні ў дзяцей, бо на працягу года ім удалося пабываць артыстамі і рэжысёрамі, дэкаратарамі і дызайнерамі, харэографамі і грымёрамі.

Асабліва цікава было шыць касцюмы, адпаведныя жанру і стылю мюзікла. На гэтым этапе здорава дапамагалі бацькі. Дэкарацыі да мюзіклаў не менш важныя, гэта складнік нараўне з музыкай, літаратурным сюжэтам, танцавальнымі рухамі. Таму калектыў ператварыўся ў дызайнераў: прадумвалі афармленне сцэны, дэкарацыі, малявалі, выразалі, клеілі. З канцэртных фатаграфій дзеці стваралі на камп’ютары афішы з назвамі сусветных мюзіклаў. Самі ж яны пісалі і сцэнарый мюзікла, бо не так проста звя­заць у адзінае цэлае шэраг яркіх і самадастатковых нумароў, але розных па тэматыцы і характары.

Вынік такой работы не прымусіў сябе чакаць. Ужо нават дэбют Валерыі ў гэтым жанры быў паспяховым. На IV Міжнародным фестывалі-конкурсе “Скрыжаванні” 12-гадовая Валерыя за выкананне на нямецкай мове “Арыі Міны” з мюзікла “Дракула” была ўдастоена звання лаўрэата I ступені і сертыфіката на пазаконкурснае залічэнне на факультэт эстрадна-джазавых спеваў Інстытута сучаснага мастацтва (Масква). Цяпер жа за плячыма дзяўчынкі больш за тры дзясяткі перамог толькі на міжнародных фестывалях і вакальных конкурсах! Практычна ўсе нумары з праекта “Хіты Брадвея” атрымалі самыя высокія ўзна­гароды. Адна з апошніх — гран-пры II Міжнароднага конкурсу-фестывалю выканальніцкага мастацтва “Тэрыторыя поспеху — 2021”, які праходзіў у Санкт-Пецярбургу, за разнажанравы дуэт Валерыі Няжэльскай і Сяргея Кеда. Шмат перамог і ў іншых студыйцаў: Міланы Хацько, Алены Гарбачэнка, Ганны Бажэнка, Софіі Мухінай, Юліі Васкавец. Падаюць на­дзеі і малодшыя зорачкі: Марыя Башан, Ангеліна Яновіч, Валерыя Ткачова.

“Мюзіклы нас вабяць сваёй разнастайнасцю. Дзеці да нас прыходзяць з рознымі задаткамі. Адзін лепш спявае, другі выдатна танцуе, трэці выдзяляецца сваёй артыстычнасцю, чацвёрты шые шыкоўныя касцюмы, пяты — выдатны арганізатар. І якраз мюзікл дае магчымасці прымяніць свае такія розныя таленты, кожнаму дастаецца самая ўдалая роля і кожны можа паспрабаваць сябе ў розных амплуа”.

“Жанр мюзікла з’яднаў наш калектыў, бо гэта не справаздачны канцэрт, дзе кожны адказвае толькі за свой нумар, — тут кожны адказны за ўсю агульную справу цалкам. Гэтым і цікавы мюзікл: кожны ўдзельнік калектыву раскрыўся і праявіўся з самага лепшага боку. А можа, справа ў дзецях? Неяк так супадае, што да мяне прыходзяць тыя дзеці, якім падабаецца праяўляць сябе адразу і ва ўсім”, — гаворыць педагог.

Сёлета ў Валерыі будзе выпускны, цяпер ідзе работа над яе сольным канцэртам, які пройдзе вясной. Ён будзе складацца з двух аддзяленняў, дзе Валерыя прадставіць сусветна вядомыя хіты. Але я ўпэўнена, што гэты выпускны стане не фіналам, а зыходнай кропкай для новага этапу ў жыцці студыі. Маючы перад сабой такі прыклад таленавітай артысткі, у студыі ўжо створана цэлая плеяда яе не менш таленавітых і артыстычных паслядоўнікаў.

Святлана НІКІФАРАВА.
Фота Віктара Шэйкіна і з архіва студыі.