Фарфор у фаворы

Стварэнне аўтарскай фарфоравай лялькі заўсёды лічылася вяршыняй майстэрства нават для прафесіянала-­лялечніка. Сярод дзяцей жа гэта ўвогуле рэдкасць — уменне трэба назапашваць у шматгадовай практыцы. Ды мала каму па кішэні гэтая справа: кошт на фарфор у магазінах добра збаўляе пыл пакупніка. Але ж у Цэнтры творчасці дзяцей і моладзі Навабеліцкага раёна Гомеля гэтыя ўмовы не перашкоды.

Гарэзлівыя малышы, сімпатычныя звяркі, гномы, эльфы, драконы, чараўнікі — сотні лялек убачылі свет сваімі лялечнымі вачыма тут, у цэнтры, пад творчым кіраўніцтвам педагога, майстра-лялечніцы Анжалікі Балоцінай. Іх аўтары — каля 70 дзяцей, якія выдатна асвоілі лепку з халоднага фарфору і палімернай гліны. Дарэчы, ажно 30 з іх — хлопчыкі!

Педагог такой гендарнай роўнасці ў сваім аб’яднанні не здзіўляецца і гаворыць, што часам у хлопчыкаў нават больш уседлівасці і жадання стварыць нешта неардынарнае.

“Апошняя выстава нашых лялек праходзіла вясной і была прымеркавана да Дня сям’і. І калі журналісты там бралі інтэрв’ю ў маіх навучэнцаў, шэптам, ужо не для камеры, пыталіся: “А цяпер шчыра скажы: якія работы ты зрабіў сам?” Гэта ставіла ў тупік дзяцей, бо яны ўсе работы выконвалі самастойна”, — усміхаецца Анжаліка Рыгораўна.

Прыгатаваць фарфор самастойна з самых звычайных інгрэдыентаў роўна ў 10 разоў танней, чым купіць у магазіне. Па якасці ён нічым не саступае купленаму і дазваляе юным майстрам не баяцца сапсаваць матэрыял, смела памыляцца, пакуль яны вучацца. І гэты “кулінарны” майстар-клас ад Анжалікі Рыгораўны дзеці асвойваюць першым.

Так, узровень дзіцячых работ уражвае. Асаб­ліва Яфіма Ліпніцкага. Боль­шасць яго лялек — не выдуманыя вобразы, а рэальныя. Гэта маленькія копіі людзей, якія жывуць побач з ім. За 3 гады юны майстар стварыў ужо больш за 40 лялек. Ён пераможца некалькіх творчых конкурсаў, у тым ліку рэспубліканскага, дзе журы адзна­чыла яго перамогай за ляльку-ветэрана ў акружэнні дзяцей. Цяпер Яфім ро­біць ляльку-рыбака. Гэта яго мэта — рабіць вобразы рэальных людзей цэльнымі і ўвасабляць іх у фарфоры, перадаваць іх эмоцыі праз міміку лялькі.

“Яфім прыйшоў да мяне ў 9 гадоў і літаральна праз некалькі месяцаў ужо валодаў практычна ўсімі тэхнікамі, ляпіў па-майстэрску. Мне з ім казачна цікава працаваць! — гаворыць педагог. — Я не паспела сёння прапанаваць яму прыняць удзел у конкурсе, не паспела нават да канца агу­чыць ідэю, ён ужо ў дэталях расказвае, якой будзе яго работа, у чым будзе яе адмет­насць. Гэта неверагодна таленавітае дзіця! Бацькі хлопчыкаў часта мараць пра тэхнічную адукацыю сваіх сыноў, але гэта той выпадак, калі найлепшым выбарам была б прафесія скульптара ці хаця б архітэктара. На наступным тыдні Яфіму бу­дзе ўсяго толькі 12 гадоў, а ён ужо асвоіў нават партрэтную скульптуру і хоча развівацца якраз у гэтым кірунку. Гэтым мы з ім будзем займацца па-за праграмай, бо вельмі складаны кірунак”, — гаворыць педагог.

Зрэшты, у кожнага з навучэнцаў А.Р.Балоцінай свой стыль, свой почырк. Асабліва ў тых, хто займаецца ў аб’яднанні з дня яго заснавання — чацвёрты год. Так, 13-гадовая Марыя Адаменка заўсёды выбірае для сябе сэнсавыя вобразы. Напрыклад, цяпер яна стварае калекцыю лялек, якія паказваюць міжнацыянальную дружбу. Гэта чалавечкі з тварамі ў колерах дзяржаўнага сцяга Беларусі і сцягоў іншых еўрапейскіх краін. Гэта яе мара пра дружбу ва ўсім свеце, яе дзіцячае ўяўленне пра яднанне людзей. Караліна Лазарэнка захапляецца анімэ, але яе вобразы не маюць нічога агульнага з японскай мультыплікацыяй: яны самыя што ні ёсць родныя, беларускія.

“Мне заўсёды падабаюцца дзеці, якія паслухаюць, як трэба, але ўсё роўна ўнясуць свой погляд, свой стыль у ляльку. І гэта тычыцца не толькі тэхнічных момантаў. Так, дзеці бачаць свет правільным, магчыма, ідэальным. Імкнуцца гэты свой погляд увасабляць у лялечных вобразах. У іх застаецца дзіцячая непасрэднасць, але разам з гэтым з’яўляецца майстэрства”, — гаворыць педагог.

Святлана НІКІФАРАВА.
Фота з архіва А.Р.Балоцінай.