Зялёныя маршруты

Развіццё экалагічнага турызму на ахоўных прыродных тэрыторыях роднага краю прынесла педагогам Палачанскай сярэдняй школы Маладзечанскага раёна перамогу ў намінацыі “Шосты дзень заўсёды ў трэндзе”. 

“Ідэя праекта з’явілася два гады назад, калі мы разам з двума сённяшнімі 9-класнікамі распрацавалі зялёныя маршруты па прыродаахоўных мясцінах свайго раёна. Але тады мы зрабілі толькі картаграфічную прывязку — расказалі і паказалі па фота галоўныя прыродныя славутасці свайго краю, — гаворыць Юрый Міхайлавіч Мяцельскі, настаўнік геаграфіі і суаўтар праекта. — А цяпер зарадзілася ідэя распрацаваць прыродаахоўны атлас Маладзечаншчыны. Мы пачалі работу, але пакуль не завяршылі — занадта працаёмкай яна аказалася. Пакуль стварылі толькі адзін аддзел атласа — экскурсійныя зялёныя маршруты па прырода­ахоўных аб’ектах. Гэтыя маршруты можна прайсці ў рэальным рэжыме (пешшу, на веласіпедзе, у шосты школьны дзень з настаўнікам ці як паход выхаднога дня з сям’ёй), а можна павандраваць віртуальна. Мы распрацавалі яшчэ і аўдыягід для самастойных вандровак (выйсці на яго ў мабільным дадатку izi.TRAVEL можна па QR-кодах)”.

Распрацавалі школьнікі і новую карту, новыя маршруты, стацыянарныя квесты па некаторых аб’ектах, распрацавалі гульню “Кола фартуны: “Прыродная спадчына Маладзечаншчыны”, якая ла­дзіцца пасля пройдзенага маршруту. Але шмат чаго ў іх толькі ў планах. Напрыклад, для візуалізацыі яны хочуць стварыць для свайго сайта панарамы, распрацаваць квест-экскурсіі ў рэальным рэжыме для кожнага прыродаахоўнага аб’екта, плануюць замяніць рукапісны маршрут друкаваным выданнем. З нецярпеннем чакаюць вясну і лета, каб працягнуць гэту работу. 

Наш праект асабліва актуальны ў перыяд пандэміі: каб не збірацца ў памяшканні, мы прапануем адправіцца невялічкімі групамі ў паход па сваім краі. А тыя, хто мае фізічныя абмежаванні, могуць павандраваць віртуальна.

“Наш маршрут складае каля 170 кіламетраў — такі кругавы круіз. І на ім нам ёсць што паказаць. Па-першае, гэта, канечне, самы стары вяз у Беларусі — адзі­ны аб’ект рэспубліканскага значэння ў нашым раёне. Яго ўзрост, падлічылі вучоныя, — каля 300 гадоў. Ганарымся мы і нашымі пяццю пагоркамі, якія людзі называюць беларускімі гарамі. Ёсць у нас і вельмі рэдкія расліны, якія сустракаюцца толькі на старонках Чырвонай кнігі Беларусі. Гэта і пылкагалоўнік, купальнік еўрапейскі, сімвал нашага праекта лілея курчаватая і інш. З дрэў наша гор­дасць — помнік прыроды сасна Веймутава, лістоўніца еўрапейская, на поўначы раёна — некалькі экзэмпляраў піхты белай. Ёсць у нас 2 крыніцы — адна ў Ракуцёўшчыне, Максіма Багдановіча, другая — у вёсцы Лешна, вядомая як “святая”. Абедзве з’яўляюцца гідралагічнымі помнікамі мясцовага значэння. Паказваем мы і саму раку Вязынку, заказнік Бортнікі — усяго цікавых аб’ектаў у нас 26”, — гаворыць Ю.М.Мяцельскі.

На пытанне “Чым захапіць дзіця ў шосты школьны дзень?” мой суразмоўнік ведае адказ — запрасіць павандраваць і атрымаць асалоду ад роднай прыроды. Большасць навучэнцаў палачанскай школы ўжо скарысталіся такой прапановай.

Святлана НІКІФАРАВА.