Пры слове “важаты” ўзгадваюцца вясёлыя хлопцы і дзяўчаты ў нязменным акружэнні шумнай кампаніі дзяцей. Песні пад гітару, купанні, начное вогнішча… і іншыя атрыбуты маладосці і рамантыкі. Аднак для многіх такая практыка становіцца свайго роду праверкай педагагічнага прызвання. Адказнасць за жыццё і здароўе дзяцей, за арганізацыю іх вольнага часу, фарміраванне дзіцячага калектыву і нават за такую зменлівую рэч, як дзіцячы настрой, не пакідае сумненняў: работа гэтая сур’ёзная і цяжкая. Наколькі гатовы да яе сённяшнія студэнты? З гэтым пытаннем мы звярнуліся ў Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка.
“Летняя педагагічная практыка арганізавана практычна на ўсіх факультэтах ВНУ, у ёй задзейнічаны студэнты 2, 3 курсаў, — расказвае кіраўнік практыкі вучэбна-метадычнага ўпраўлення БДПУ Таццяна Анатольеўна Янкавец. — Сёння ў нас наладжана супрацоўніцтва з 24 лагерамі Мінскай вобласці. Трэба адзначыць, што гэта першая вытворчая практыка для большасці студэнтаў і, канечне, яна патрабуе асаблівай арганізацыі і падрыхтоўкі”.
Як паведамілі супрацоўнікі ВНУ, асновай такой падрыхтоўкі з’яўляецца спецкурс “Методыка выхаваўчай работы ў дзіцячых аздараўленчых лагерах”, які складаецца з 20 акадэмічных гадзін. Колькасць лекцыйных і практычных заняткаў у ім вар’іруюцца ў залежнасці ад выбару факультэта. Звычайна гэта 12 лекцыйных і 8 практычных гадзін ці, наадварот, 8 лекцыйных і 12 практычных.
Як паказала апытанне, праведзенае сярод студэнтаў 3 курса, толькі 1 працэнт рэспандэнтаў мае вопыт педагагічнай работы ў лагеры, 70 працэнтаў маюць вопыт наведвання лагераў у якасці выхаванцаў і 29 працэнтаў не маюць ніякага ўяўлення аб рабоце лагера ўвогуле. Лекцыі, на думку выкладчыкаў, даюць магчымасць студэнтам пазнаёміцца з асаблівасцямі такой работы. У чым сутнасць работы выхавальніка? Як сфарміраваць з групы дзяцей сапраўдны калектыў за такі кароткі час? Як планаваць і рэалізоўваць выхаваўчую дзейнасць? Як правільна захоўваць тэхніку бяспекі і ў неабходным выпадку аказаць першую даўрачэбную дапамогу? На гэтыя і іншыя пытанні і даюць адказ тэарэтычныя заняткі. Тым не менш на такую важную тэму, як “Псіхолага-педагагічная работа выхавальніка ва ўмовах лагера”, адводзіцца ўсяго 2 акадэмічныя гадзіны.
Падобны прагал, па меркаванні тутэйшых спецыялістаў, у многім акупаецца заняткамі практычнымі.
“Зразумела, што студэнтам пакуль не хапае педагагічнага вопыту, — адзначае старшы выкладчык кафедры педагогікі і псіхалогіі пачатковай адукацыі Ірына Іванаўна Забаўская. — І мы напрацоўваем яго шляхам аналізу і вырашэння складаных педагагічных сітуацый. Адна з важнейшых тэм у гэтым кірунку — работа з бацькамі. Мы вучым студэнтаў, як правільна наладзіць з імі кантакт, як паводзіць сябе ў тых ці іншых абставінах.
Сёння, калі кожнае дзіця мае мабільны тэлефон, многія сітуацыі штучна абвастраюцца. Калі выхавальнік не ў тым тоне задаў пытанне ці дзіцяці падалося, што на яго павысілі голас, яно адразу тэлефануе бацькам. Зваротная сувязь не прымушае сябе чакаць, і вось тут вельмі важна паводзіць сябе правільна. Мы рыхтуем нашых студэнтаў да такіх складанасцей”.
У курс практычный падрыхтоўкі ўваходзяць таксама заняткі, на якіх студэнты засвойваюць спосабы і прыёмы арганізацыі гульняў, афармлення атрадных куткоў, разглядаюць падыходы да арганізацыі тэатральна-музычных і спартыўна-аздараўленчых мерапрыемстваў. Адным з самых прадукцыйных спосабаў работы на практычных занятках, па словах выкладчыкаў ВНУ, з’яўляюцца ролевыя гульні, трэнінгі.
“У якасці самастойнай работы мы прапаноўваем студэнтам стварэнне ўласнай “Метадычнай скарбонкі”, — расказвае старшы выкладчык кафедры педагогікі вышэйшай школы і сучасных выхаваўчых тэхналогій Міхаіл Вікенцьевіч Кудзейка. — Напрыканцы спецкурса кожны студэнт павінен атрымаць залік-допуск да практыкі, і “скарбонка” з’яўляецца адной з яго ўмоў.
Сёлета ў змест спецкурса былі ўнесены пэўныя карэктывы. Справа ў тым, што па выніках педагагічнай практыкі мінулага года мы правялі маніторынг, які выявіў шэраг праблем: 4,6 працэнта студэнтаў адзначылі, што ім не хапае ведаў па ўзроставай псіхалогіі, 2,3 працэнта — па арганізацыі гульнёвай дзейнасці з улікам узроставага прынцыпу. Некаторыя студэнты мелі складанасці пры рабоце з цяжкімі падлеткамі”.
Яшчэ адной сапраўднай праблемай з’яўляецца адсутнасць прафесійнай педагагічнай падтрымкі з боку старэйшых і больш вопытных педагогаў па той простай прычыне, што яны ў лагерах цяпер… на вагу золата.
Як адзначае Таццяна Анатольеўна Янкавец, лагеры сёння ўкамплектоўваюцца ў многім за кошт студэнтаў, аднак і іх не хапае. У гэтым годзе ў ВНУ прыйшло 1172 заяўкі, у той час як студэнтаў-практыкантаў усяго 960. Трэба ўлічваць і тое, што на момант пачатку першых лагерных змен у студэнтаў яшчэ працягваецца вучэбны працэс.
Далейшая перспектыва таксама не вельмі радуе, бо колькасць студэнтаў з кожным годам змяншаецца. Для параўнання: яшчэ чатыры гады назад БДПУ арганізоўвала падобную практыку для 1860 студэнтаў, сёлета іх амаль удвая менш.
“Педагогі школ традыцыйна задзейнічаны ў рабоце прышкольных лагераў, — падкрэслівае Таццяна Анатольеўна, — і адміністрацыі загарадных лагераў разлічваюць на нас. Вось і атрымліваецца, што ў атрадзе нярэдка працуюць два нявопытныя студэнты. А бывае, што і ўвогуле ў лагеры толькі 1-2 вопытныя выхавальнікі на ўсю змену, з якімі, дарэчы, не заўсёды можна знайсці агульную мову.
Якраз гэты фактар і стаў той трэцяй праблемай, якую выявіў маніторынг. Цяжкасці ў наладжванні кантакту з старэйшымі калегамі адзначылі 14 працэнтаў практыкантаў. Асноўнымі прычынамі, на іх погляд, сталі: кансерватыўнасць, адсутнасць дапамогі, сярэдні ўзрост калег-выхавальнікаў (61 год) і дрэнныя звычкі. У 20 працэнтаў узнікалі непаразуменні з адміністрацыяй, і толькі 3 (!) працэнты ўказалі на праблемы ў зносінах з дзецьмі.
Быць педагогам у лагеры — значыць быць чалавекам мноства прафесій: сцэнарыстам, рэжысёрам, акцёрам, вядучым і інш. Аднак як трымаць публіку, калі вопыту і ведаў не хапае. Амаль 9 працэнтаў студэнтаў расказалі, што адчувалі цяжкасці пры правядзенні атрадных мерапрыемстваў, і больш за 11 працэнтаў — пры правядзенні агульналагерных мерапрыемстваў. Для таго каб пазбягаць у далейшым такіх праблем, у будучых практыкантаў ёсць магчымасць, што называецца, “абкатаць” сваё заліковае мерапрыемства. Традыцыйна студэнты праводзяць іх на базе школ, з якімі супрацоўнічае ўніверсітэт, а таксама на базе дапаможнага інтэрната № 7 Мінска, дзе выхоўваюцца дзеці-сіроты, дзеці з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця…
Акрамя таго, напрыканцы спецкурса факультэты ўніверсітэта праводзяць конкурсы майстэрства выхавальнікаў. Яны вельмі папулярныя ў БДПУ, і перамагчы ў іх вельмі прэстыжна.
Калі гаварыць пра сітуацыю, у якой аказваюцца студэнты-практыканты з пачаткам сваёй першай прафесійнай практыкі, то яе складанасць відавочная. У 18-19 гадоў браць на сябе адказнасць за жыццё, здароўе і адпачынак вялікай колькасці дзяцей проста па-чалавечы страшна. На маё пытанне, ці існуе ва ўніверсітэце нейкая група падтрымкі, куды любы са студэнтаў можа звярнуцца за дапамогай, выкладчыкі заўсміхаліся, маўляў, гэта яны і ёсць.
“О, бывае, што тэлефануюць позна вечарам ці нават ноччу з пытаннем, якое хвалюе, — расказвае Ірына Іванаўна. — Мая задача — супакоіць і раскласці праблему па палічках, знайсці прычыны і ўказаць на наступствы. Іншым разам патрэбна проста адсунуць эмоцыі ўбок і паглядзець на ўсё цвяроза”.
“Канечне, кідаеш свае справы і спрабуеш па тэлефоне разабрацца ў сітуацыі, — працягвае Міхаіл Вікенцьевіч, — нашы студэнты павінны адчуваць, што ім ёсць на каго абаперціся. Магу сказаць, мы падтрымліваем вельмі цесны кантакт з кіраўніцтвам лагераў, нашымі практыкантамі і валодаем поўнай інфармацыяй аб тым, што там адбываецца.
Што мне асабіста не падабаецца? Апошнім часам адбываецца так, што адміністрацыя навязвае студэнтам значна больш абавязкаў, чым запланавана практыкай. Напрыклад, правядзенне агульналагерных мерапрыемстваў. Мы не прадугледжваем такога, гэта работа педагога-арганізатара. Давайце паразважаем: калі студэнт працуе над такім мерапрыемствам, хто займаецца мерапрыемствамі атрада, хто займаецца дзецьмі? Як у такіх умовах можна паспець сфарміраваць дзіцячы калектыў?
Зразумела, студэнты могуць і павінны вучыцца гэтаму, пры жаданні яны могуць аказваць дапамогу, аднак прымусіць іх ніхто не мае права”.
Нягледзячы на ўсе мінусы, якія, хутчэй, можна назваць рабочымі момантамі, ёсць некалькі несумненных плюсаў ва ўзнятай намі тэме. Больш за 50 працэнтаў студэнтаў адзначаюць, што падчас практыкі адчулі сябе педагогамі, яшчэ 32 працэнты — што яны зацвердзіліся ў абранай прафесіі.
“Канечне, гэта складана і не кожнаму дадзена, — усміхаецца Міхаіл Вікенцьевіч, — аднак студэнты пранікаюцца ў лагеры асаблівым духам. Заканчваецца змена, і яны развітваюцца з дзецьмі са слязамі на вачах, вось гэта і ёсць тое шчасце, дзеля якога людзі выбіраюць прафесію педагога”.
Наталля АЛЁХІНА.
public@nastgaz.by