Навучэнцы Капаткевіцкай сярэдняй школы Петрыкаўскага раёна не спяшаюцца дадому пасля ўрокаў — тут яны сваімі рукамі стварылі зялёны аазіс, дзе так прыемна адпачыць ад напружанага школьнага дня. Калі ўдыхаеш водар экзатычных раслін і слухаеш журчанне вады, любую стому як рукой знімае!
Школа ў Капаткевічах шмат гадоў вядучая ў экалагічным кірунку. Навучэнцы, ужо толькі пераступаючы яе парог, становяцца ўдзельнікамі вялікай зялёнай каманды, якая імкнецца зрабіць сваю ўстанову, прышкольны ўчастак больш утульным і прыгожым. Падрастаючы, яны праводзяць тут мноства экалагічных даследаванняў, эксперыментаў, з якімі перамагаюць на рознага кшталту экалагічных конкурсах і канферэнцыях. У школе працуе аб’яднанне па інтарэсах “Юны эколаг” — для навучэнцаў пачатковага і сярэдняга звяна, а старшакласнікі нават атрымліваюць “зялёную” прафесію. Тут жа рэалізуецца праект “Зялёныя школы”. За такі грунтоўны падыход да экалагічнай адукацыі школа і атрымала заслужаны прыз — зімовы сад.
Калі за акном мяце завіруха, зімовы сад падорыць часцінку лета. Ён кожнага сагрэе, парадуе ізумруднай зелянінай, ахіне водарам дзіўных экзатычных кветак, пачастуе трапічнымі пладамі… Лепшага сродку ад зімовай дэпрэсіі не знайсці!
“Расліны для зімовага саду ў 2003 годзе для нас закупіла Петрыкаўская раённая інспекцыя прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, — расказвае Наталля Мікалаеўна Руцкая, намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце. — Пад сад мы адвялі самае вялікае памяшканне, дзе правялі рамонт і рэканструкцыю, зрабілі дэкаратыўную сцяну з бярозавых бярвенняў, якія сталі фонам для высокіх раслін. На бакавых сценах замацавалі лямпы дзённага асвятлення, бацькі навучэнцаў дапамаглі змайстраваць паліцы для раслін. Тут жа мы зрабілі басейн з фантанам для карасёў, устанавілі вялікі акварыум з рыбкамі — гупі, мечаносцамі і інш”.
З кожным годам зімовы сад пашыраецца, папаўняецца новымі раслінамі. На сёння тут больш за 300 раслін! Яны аб’яднаны ў групы — расліны пустынь і паўпустынь Афрыкі і Амерыкі, расліны трапічных лясоў, субтрапічнай і ўмеранай зоны і інш. Ёсць тут і калекцыі пакаёвых кветак — сукуленты, эпіфіты, дэкаратыўна-кустарнікавыя і драўняныя, цыбульныя, ампельныя, дэкаратыўна-лісцевыя, цвітучыя і інш. Асаблівая гордасць школьнікаў — распрацаваныя імі ж асобныя экскурсіі па драцэнавых, кактусах, ёсць багатая калекцыя брамеліевых, фікусаў. Але асабліва цікава дзецям назіраць, як спее ўраджай на кававых дрэвах, лімонах і іншых экзотах.
“Наш сад перанасычаны, і мы вырашылі яго пашырыць. Рассяляем некаторыя расліны ў вучэбныя кабінеты, рэкрэацыі школы. На ўсіх трох паверхах стварылі зялёныя куткі”, — гаворыць Н.М.Руцкая.
Расліны ў зімовым садзе насычаюць паветра ў памяшканні кіслародам і азонам. Таму тут так лёгка дыхаецца і хутка знікае стомленасць пасля напружага вучэбнага дня.
Хоць на дварэ зіма, у школе, дзякуючы якасным фіталямпам, кожны люты пачынаецца новы зялёны сезон. Ужо закуплена насенне, грунт. Яшчэ крыху пачакаць — і пачнецца работа навучэнцаў 10 — 11 класаў, якія ў межах прафесійнага навучання асвойваюць прафесію агародніка. Яны вырошчваюць расаду кветак, а таксама таматаў, перцаў і агуркоў для школьнага агарода і клумб. Лішкі расады рэалізуюць насельніцтву. Акрамя таго, навучэнцы асвойваюць ландшафтны дызайн (абласны эколага-біялагічны цэнтр праводзіць для іх завочную школу па гэтым кірунку). Практыку ж дзеці праходзяць пры школе — тут вялікі ўчастак, дзе яны разам са сваімі педагогамі, у тым ліку настаўніцай біялогіі Валянцінай Уладзіміраўнай Растовай, стварылі аптэкарскі агарод, сад водараў, зялёны клас. Ужо дае свае першыя плады іх сад Перамогі. Яго школьнікі залажылі ў 2015 годзе пасля перамогі на адным з экалагічных конкурсаў і дзе прызам былі пладовыя дрэвы — яблыні, грушы і чарэшні. У 2017 годзе залажылі і алею туй.
Хоць і падаецца, што ў школе для экалагічнай адукацыі ёсць усе ўмовы, усё ж спыняцца на гэтым ні дзеці, ні педагогі не збіраюцца. Так, у іх планах — вырошчваць агародніну ў сучаснай тэхналагічна-аснашчанай разумнай цяпліцы. Упэўнена, і такая цяпліца ў іх — не за гарамі.
Святлана НІКІФАРАВА.
Фота з архіва школы.