У другі раз залаты медаль на міжнароднай алімпіядзе экалагічных праектаў Хрысціне Неўдах прынёс яе праект “Вызначэнне спосабаў зніжэння ўдзельнай актыўнасці цэзію-137 у грыбах з мэтай павышэння радыялагічнай культуры насельніцтва забруджаных тэрыторый”. На гэты раз навучэнка Лунінецкага ліцэя і выхаванка Рэспубліканскага эколага-біялагічнага цэнтра прывезла “золата” з Інданезіі. Сама Хрысціна была ўпэўнена, што ў адну раку не ўвайсці двойчы, і на ганаровае месца ніяк не разлічвала. Аднак, менавіта яе праект увайшоў у тыя 10 працэнтаў навуковых работ, перамога якіх была прызнана абсалютнай.
Сёлетні міжнародны конкурс ISPRO ў Інданезіі можна назваць хутчэй пілотным праектам. Ён праводзіўся ў першы раз і пакуль што не набыў шырокай вядомасці ў свеце. Тым не менш паспрабаваць свае сілы ў ім сабраліся прадстаўнікі 24 краін.
“Усяго ў конкурсе прымалі ўдзел 75 праектаў у секцыях “Фізіка”, “Хімія” і “Біялогія”, — дзеліцца ўражаннямі Хрысціна. — Мяне асабіста прывабіў той факт, што аўтары праектаў вырашалі канкрэтныя праблемы тых краін, у якіх яны жывуць. Напрыклад, у Інданезіі большая частка насельніцтва выкарыстоўвае ў якасці транспарту матацыклы. Там вельмі мала машын. Адна з інданезійскіх работ была прысвечана вытворчасці матацыклетных шлемаў. Аўтары прапаноўвалі зрабіць шлемы з бамбуку, што, на іх думку, нашмат больш бяспечна”.
Палітра тэм ISPRO сапраўды дастаткова шырокая: ад вывучэння антымікробных уласцівасцей хны і маку, прыродных рэпелентаў на аснове базіліку і арэгана да паніжэння колькасці нітратаў у малацэ і ператварэння забруджанай вады ў прыдатную для піцця.
Тэма радыеактыўнага забруджвання сёння вядомая ва ўсім свеце, а таму беларуская работа, прысвечаная наступствам Чарнобыльскай аварыі, “прагучала” надзвычай актуальна.
“Грыбы тут іграюць асаблівую ролю, — адзначае навуковы кіраўнік праекта, асістэнт кафедры батанікі біялагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта і кіраўнік навуковага аб’яднання навучэнцаў “Батаніка” Рэспубліканскага эколага-біялагічнага цэнтра Алеся Аляксандраўна Шавялёва. — Яны з’яўляюцца прыроднымі акумулятарамі радыецэзію, які цяпер знаходзіцца ў глебе на глыбіні 6—8 см, якраз там, дзе закладваецца грыбная сетка. Калій — гэта асноўны кампанент грыбоў, а цэзій — яго аналаг. Адбываецца так, што цэзій замяняе калій. Устаноўлена, што 30 працэнтаў радыенуклідаў трапляюць у арганізм чалавека з дарамі лесу”.
Нягледзячы на тое, што ў Беларусі праблема забруджаных грыбоў стаіць вельмі востра, нашы суайчыннікі актыўна іх збіраюць. Правёўшы даследаванні, Хрысціна разам з навуковым кіраўніком высветліла, наколькі зніжаецца небяспечнасць грыбоў пры розных спосабах кулінарнай апрацоўкі.
Аказалася, што найбольш эфектыўна ачышчае грыбы трохразовае адварванне. Аднак у такім выпадку ў грыбах не застаецца ніякіх карысных рэчываў. Такім чынам, аптымальным можна назваць 12-гадзіннае вымочванне. А вось пры сушцы, наадварот, канцэнтрацыя цэзію-137 павялічваецца.
“Цяпер грыбны сезон толькі пачаўся, і ў нашых найбліжэйшых планах высветліць, наколькі ўважліва насельніцтва Лунінецкага раёна, у якім пражывае Хрысціна, аднеслася да той інфармацыі, якую мы актыўна распаўсюджвалі, — падкрэслівае Алеся Аляксандраўна. — Ці сталі людзі часцей звяртацца ў радыелагічны цэнтр, каб праверыць грыбы і ягады?”
Навуковы кіраўнік адзначае, што Хрысціна плануе ў будучым заняцца больш шырокім даследаваннем тэмы.
Навуковыя аб’яднанні навучэнцаў у нашай краіне сёння набылі значную вядомасць. Толькі ў Рэспубліканскім эколага-біялагічным цэнтры такіх аб’яднанняў шэсць. У іх падлеткі займаюцца батанікай, генетыкай, мікрабіялогіяй, заалогіяй, гідрабіялогіяй і нават касмічнай біялогіяй.
“Для мяне як кіраўніка такога аб’яднання гэта вельмі важны складнік прафесійнай рэалізацыі, — адзначае Алеся Аляксандраўна. — Канечне, работа займае шмат часу і патрабуе шмат аддачы, але гэта вельмі цікава. Асабліва прыемна, што ты сустракаеш такіх жа зацікаўленых дзяцей. Дарэчы, Хрысціна сама прапанавала мне “залатую” тэму, якую мы потым значна пашырылі і дапрацавалі. Гэта не першы праект, навуковым кіраўніком якога я з’яўляюся. Да гэтага яшчэ адна мая выхаванка заваявала бронзавы медаль на алімпіядзе ў Азербайджане.
Сёння мы разам з калегамі і адміністрацыяй РЭБЦ працуем над ідэяй стварэння трывалай сістэмы навуковай работы з зацікаўленымі дзецьмі з розных рэгіёнаў краіны. Напрыклад, навучэнцы Лунінецкага ліцэя займаюцца як у эколага-біялагічным цэнтры, так і на кафедрах біялагічнага факультэта БДУ. Вынік — дзяўчынка з двума залатымі медалямі. Яе, на мой погляд, установы вышэйшай адукацыі павінны разглядаць як вельмі каштоўную патэнцыяльную студэнтку.
У нас невялікая краіна, можна працаваць дыстанцыйна і час ад часу наведваць заняткі і кансультацыі ў сталіцы. Гэта магчыма для юных жыхароў любога кутка Беларусі. Пакуль толькі здагадваюся, колькі самародкаў мы маглі б знайсці”.