10 крокаў да чыстых рэк

У Беларусі завяршылася інфармацыйная кампанія “Рэкі без фасфатаў”, ініцыятарам правядзення якой стаў Цэнтр экалагічных рашэнняў пры падтрымцы кааліцыі “Чыстая Балтыка”. На працягу трох месяцаў настаўнікі па ўсёй Беларусі расказвалі пра шкоду фасфатаў і ў творчым фармаце ўключалі вучняў і мясцовых жыхароў у праблему забруджвання вадаёмаў.

Бытавая хімія, да якой адносяць мыйныя і касметычныя сродкі, узначальвае спіс нашай штодзённай неабходнасці. Але не варта забывацца, што ўсё мае адваротны бок: у барацьбе за чысціню мы можам нанесці непапраўную шкоду як навакольнай прыродзе, так і свайму здароўю.

Фасфатамі называюць варыянты злучэнняў рознага роду металаў з фосфарнай кіслатой. Гэтыя рэчывы звычайна дадаюць у склад сродкаў для мыцця, бо яны змякчаюць ваду. Пры пападанні ўнутр арганізма праз скуру яны могуць разбураць клеткі, парушаючы важныя біяхімічныя працэсы і абмен рэчываў, зніжаць імунітэт, выклікаць алергічныя рэакцыі і захворванні многіх органаў і крыві. Акрамя таго, яны могуць прывесці да найцяжэйшага атручвання чалавечага арганізма і выклікаць абвастрэнне хранічных хвароб. Згубна ўплываюць фасфаты і на прыроду: трапляючы са сцёкавымі водамі ў рэкі і азёры, яны становяцца ўгнаеннем для водарасцей. Тыя растуць, выклікаючы цвіценне вады, а пад гэтымі ўчасткамі ўтвараюцца мёртвыя зоны, дзе гіне ўсё жывое.

Расказаць пра ўсё гэта жыхарам Беларусі і стала сутнасцю кампаніі. З праблемай фасфатнага забруджвання навакольнага асяроддзя ў цэлым і прыродных вадаёмаў у прыватнасці пазнаёміліся некалькі дзясяткаў педагогаў з усіх рэгіёнаў Беларусі. Потым інфармацыйны прабел у гэтым пытанні сотням (і нават тысячам) людзей яны дапамагалі ліквідаваць разам са сваімі навучэнцамі за 10 крокаў-заданняў, выканаўшы якія, педагогі атрымлівалі балы.

Першым заданнем было анкетаванне мясцовых жыхароў, каб высветліць, якімі сродкамі карыстаецца насельніцтва і ці гатова яно змяніць свае прывычныя сродкі на больш экалагічныя. Другім крокам была інвентарызацыя касметычных сродкаў і парфумерна-касметычнай прадукцыі ў магазінах таго населенага пункта, дзе знаходзіцца школа ці жывуць вучні і педагогі.

“Я курыравала праект у 4 абласцях: Мінскай, Гродзенскай, Віцебскай і Магілёўскай. І ўсяго ў гэтых рэгіёнах было праанкетавана 911 чалавек, прааналізаваны педагогамі і іх навучэнцамі 392 сродкі парфумерна-касметычнай прадукцыі, — гаворыць Наталля Парэчына, каардынатар кампаніі, спецыяліст па кіраванні воднымі рэсурсамі Цэнтра экалагічных рашэнняў. — Акрамя таго, у інвентарызацыі прымалі ўд зел і студэнты маладзёжнай вучэбнай праграмы “Экастарт”, якую арганізоўвае ЦЭР на працягу навучальнага года. Яны праверылі на фасфаты 384 бытавыя сродкі. Безумоўна, на гэтую лічбу паўплываў шырокі асартымент сталічных магазінаў і дыскаўнтараў бытавой хіміі. Але не колькасць сродкаў нам важная, а вынік. Наша ідэя — давесці да ведама як мага большай колькасці людзей інфармацыю пра шкоду фасфатаў. Цяпер дзеці, іх бацькі, калегі і суседзі бацькоў, прадаўцы і загадчыкі магазінаў, вяскоўцы ведаюць пра шкоду фасфатаў і пра тое, што яна можа хавацца і за змененымі словамі (фасфанаты, солі фосфарнай кіслаты і інш.), якімі вытворца маскіруе наяўнасць фасфатаў. Дзеці малявалі плакаты з надпісам “Тут прадаюцца мыйныя сродкі без фасфатаў” і вешалі ў магазінах, што, дарэчы, і арыентавала пакупнікоў на правільны выбар.

Хочацца спадзявацца, што палепшаць сітацыю і запісы ў кнізе заўваг і прапаноў з прапановамі пастаўляць бесфасфатныя сродкі ў пашыраным асартыменце — для каляровай бялізны, для дзіцячай, для адзення чорнага колеру і г.д. Часткай кампаніі сталі акцыі па ўборцы берагоў рэк, флэшмобы.

Значным этапам была “Водная эстафета”: кожны педагог разам са сваімі дзецьмі распрацоўваў і праводзіў выхаваўчае мерапрыемства ў іншай школе. Мы склалі кола: з Віцебскай вобласці настаўнікі ехалі ў Магілёўскую (Асіповічы), з Асіповіч — у Слуцк, адтуль — у Баранавічы, з Баранавіч — у Ліду, з Ліды — у Астравецкі раён і г.д. Усе гэтыя распрацоўкі будуць размешчаны на нашым сайце. Распрацавана праграма аб’яднання па інтарэсах “Назіранне за рэкамі”, і цяпер мы рыхтуем вучэбны дапаможнік для настаўнікаў, а да яго будуць прыкладацца ўрокі. Але, бадай, самымі дзейснымі былі экскурсіі на мясцовыя ачышчальныя збудаванні. Бо да гэтага дзеці, ды і дарослыя таксама, не задумваліся, што адбываецца з вадой, якая трапляе ў сцёк. Ім расказалі, якое смецце бывае ў каналізацыі і як гэта ўплывае на навакольнае асяроддзе. І ў дзіцячых галовах адбыўся пераварот. Яны раптам сталі разумець, што вада, якая змываецца ў ракавіну, не знікае містычным чынам, а доўга ачышчаецца, прычым на гэта ідуць вялікія сродкі і рэсурсы. І цяпер, адсачыўшы ўвесь працэс ачысткі, яны разумеюць, чаму ваду трэба берагчы і не забруджваць”.

А каб бераглі ваду і іншыя, педагогі ў мясцовых газетах расказвалі пра шкоду фасфатаў. Школьнікі ж дзяліліся ўражаннямі ў сваіх кароценькіх відэарэпартажах “Куды ідуць сцёкавыя воды майго дома?” і змяшчалі іх на YouTube. Самым лепшым быў прызнаны ролік Яўгеніі Керсанавай з Лужкаўскай сярэдняй школы Шаркаўшчынскага раёна, у якім яна асуджае векавую традыцыю яе вяскоўцаў мыць дываны на рацэ.

Пераможцамі інфармацыйнай кампаніі сярод педагогаў сталі Т.С.Азацян (Гудагайская сярэдняя школа Астравецкага раёна), І.І.Кручкова (Шумілінская раённая гімназія Віцебскай вобласці) і А.П.Пачэпка (сярэдняя школа № 2 Шаркаўшчыны).

Таццяна Сяргееўна Азацян адзначае: “10 сваіх крокаў мы рабілі не дзеля прызоў, а дзеля сваіх жа рэк, каб яны ніколі не забруджваліся. У нашых краях іх шмат. Мы да гэтага прымалі ўдзел у рэспубліканскім праекце “Малым рэкам — вялікі клопат” (дарэчы, таксама сталі пераможцамі), шмат працавалі над маніторынгам рэк. І згодна з нашымі даследаваннямі, яны чыстыя. У нас даўно няма таго, каб дарослыя пакідалі смецце пасля сябе, а дзеці за імі прыбіралі. Гэта вынік добрасумленнага стаўлення да сваёй працы і кіраўніцтва калгаса, і прыродаахоўнай інспекцыі. Нашай перамозе спрыяла тое, што ўсе зноў аднесліся з пачуццём адказнасці: і работнікі магазінаў, і ачысных збудаванняў, і, канечне, самі дзеці. Яны сталі інфармацыйнай службай — да іх і цяпер звяртаюцца ў магазіне, каб тыя дапамаглі выбраць бесфасфатныя сродкі, асабліва пажылыя людзі, якія дрэнна бачаць. А памыліцца лёгка. У складзе мыйных сродкаў вядомых марак польскай вытворчасці, якія прадаюцца ў нашых магазінах, ёсць фасфаты. А ў дзяржавах Еўрасаюза такіх сродкаў няма. Справа ў тым, што ў межах Еўрасаюза фасфаты забаронены, на паліцах магазінаў вы ніколі іх не знойдзеце, але прадаваць іх за мяжой ніхто не забараняе. Будзем спадзявацца: цяпер людзі будуць звяртаць увагу, што яны купляюць і чым мыюць бялізну, чым мыюцца самі. Напэўна, і мы кропельку чыстай вады дадалі ў Балтыйскае мора”.

Святлана НІКІФАРАВА.