Першы дыплом у намінацыі “У Год народнага адзінства ідзём дарогамі дабра” адправіўся ў гімназію № 8 Віцебска. Праект-пераможцу “Дыялог пакаленняў — тэрыторыя адзінства” прадставіла разам са сваімі калегамі настаўніца гісторыі Ала Міхайлаўна Мільман.
— У шосты дзень дзеці могуць убачыць нас з іншага боку, — дзеліцца Ала Міхайлаўна. — На ўроку ў нас не заўсёды атрымліваецца працаваць у рэжыме партнёрства, ролі больш дэтэрмінаваныя і трывалыя, але па суботах адносіны “вучань — настаўнік” мяняюцца, дзеці разумеюць: гэтай жанчыне, якая паставіла мне двойку, на самай справе не важны мае адзнакі, ёй важна тое, хто я ёсць…
Умоўна праграму гімназіі для шостага дня можна прадставіць як дарожную карту, у якой ёсць шэсць напрамкаў-маршрутаў: гістарычны, гераічны, экалагічны, турыстычны, творчы і інфармацыйны. Кожны з напрамкаў развіваецца ў сваім рэчышчы, аднак напярэдадні мая ўсе шляхі пачынаюць злівацца ў адзін: праекты выходзяць на агульную фінішную праграму.
Чалавеку, нават самаму сучаснаму, патрэбны “рэальныя лайкі”: бачыць жывую рэкцыю на свае словы і выступленні, адчуваць сацыяльную значнасць таго, што робіш.
Сваёй місіяй педагогі гімназіі бачаць зберажэнне традыцый, аднак не фармальнае, а крэатыўнае, бо “традыцыі — гэта не захоўванне попелу, а перадача агню”. Напрыклад, “эколагі” прысвяцілі сябе азеляненню гімназіі і ператварэнню яе ў маляўнічы куток малой радзімы. У рамках турыстычнага кірунку гімназісты шмат падарожнічаюць (на Лінію Сталіна, у Жодзіна, у музей ВАВ, Бярэзінскі запаведнік і інш). Інфармацыйная група вядзе старонкі “Жывога часопіса”. Ала Міхайлаўна прысвяціла шмат увагі стварэнню разам з вучнямі электроннай кнігі памяці, з якой вырасла яшчэ некалькі вялікіх праектаў, у тым ліку віртуальная экспазіцыя “Сямейная рэліквія”.
— Мы ўсе ведаем, чым адрозніваецца сённяшняе пакаленне. Адсутнасцю непасрэдных зносін і сацыяльнай індыферэнтнасцю. У іх усё жыццё “ў тэлефончыку”, — расказвае Ала Міхайлаўна. — Аднак чалавеку, нават самаму сучаснаму, патрэбны “рэальныя лайкі”: бачыць жывую рэакцыю на свае словы і выступленні, адчуваць сацыяльную значнасць таго, што робіш. І наша сістэмная работа накіравана, перш за ўсё, на фарміраванне неабыякавасці, на тое, каб дзеці не адчувалі адарванасці ад жыцця.
Віталіна НЕСЦЯРОВІЧ.
Фота з архіва героя.