Падзяліся сваёй радасцю

Жаданне дзіцячага калектыву Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Камянца дапамагаць людзям не засталося незаўважаным. Іх валанцёрскі праект “ПроДвижение +” атрымаў “бронзу” ў намінацыі “Шосты дзень заўсёды ў трэндзе”.

Аўтар праекта Аляксандра Сяргееўна Дацкевіч прызнаецца, што займацца валанцёрскай работай пачала ў 2008 годзе, яшчэ калі працавала ў гімназіі. А калі перайшла працаваць культарганізатарам у цэнтр дадатковай адукацыі, за ёй прыйшлі яе самыя актыўныя валанцёры і ўтварылі аб’яднанне па інтарэсах “Валанцёр”. Вакол сябе яны аб’ядналі творчых дзяцей, якія таксама захацелі быць іншымі. 

Клопат менавіта пра дзяцей, пра равеснікаў стаў асноўным кірункам для валанцёраў з Камянца. 

“Ведаючы, наколькі шчыльны графік у нашых падлеткаў, мы не хацелі забіраць у іх час, які яны выдзяляюць на любімыя заняткі вязаннем, выпальваннем па драўніне, тэатрам і інш., для валанцёрства. Мы проста прапанавалі ім пашырыць іх заняткі. Калі гэта тэатральнае аб’яднанне “Вясёлая карусель”, то прапаноўвалі іх спектаклі паказаць не толькі ў цэнтры, але і малышам у дзіцячым садку ці дзецям-сіротам у прытулку, а ўмельцам, якія ствараюць шыкоўныя вырабы сваімі рукамі, прапанавалі зра­біць іх для выхаванцаў Кобрынскага дзіцячага дома ці Турнянскага дома сямейнага тыпу. І там, і ў сацыяльных прытулках, і ў тэрытарыяльным цэнтры, цэнтры карэкцыйна-развіццёвага навучання і развіцця — усюды дзеці чака­юць свята, а мы можам яго арганізаваць і падарыць незабыўныя эмоцыі. Ды і нашым навучэнцам пайшло на карысць такое ўзаемадзеянне, магчымасць прадэманстраваць свае таленты не толькі ў цэнтры”, — гаворыць Аляксандра Сяргееўна.

Выхаванцы цэнтра ўжо знайшлі сабе занятак па душы, напоўнілі свае суботы любімай справай. У межах праекта яны проста дзяліліся радасцю ад творчасці з іншымі. Для гэтага ім не абавязкова было станавіцца валанцёрам “назаўсёды”. Дастаткова было хоць раз зрабіць нешта прыемнае для іншага і ўбачыць, што сувеніры прыносяць больш радасці, калі яны падораны дзіцяці, а не стаяць на паліцы, а акцёрскі талент дае куды больш эмоцый, калі яго ацэніць сваімі далонькамі значна большая колькасць юных гледачоў.

Святлана НІКІФАРАВА.