Гендарнае выхаванне: тэорыя пасля практыкі

Выхаванне гендарнай культуры, здавалася б, не новае для беларусаў. Мы чуем пра гендарную палітыку ўжо 25 гадоў. Але сказаць, што нам удалося дасягнуць гендарнай роўнасці, нельга. У прыватнасці, нацыянальнае сацыялагічнае даследаванне, якое было праведзена ў мінулым годзе, паказала, што толькі палова насельніцтва ведае, што гэта такое. Што тычыцца сістэмы адукацыі, то гендарнае выхаванне стала адным з напрамкаў выхаваўчай работы яшчэ ў 2006 годзе, калі была прынята Канцэпцыя бесперапыннага выхавання дзяцей і моладзі ў Рэспубліцы Беларусь. Замацавана яно і ў Кодэксе аб адукацыі. Ці ёсць гендарны падыход у адукацыі сёння? Пра гэта мы гутарым з Таццянай Шчурко, псіхолагам і магістрам сацыялогіі па гендарных даследаваннях.

— Таццяна, скажыце, ці правільна разумеюць беларускія педагогі паняцце “гендарнае выхаванне”?
— Для таго каб адказаць на гэтае пытанне, неабходна звярнуцца да сацыялагічных апытанняў і спецыяльных даследаванняў.
Так, у 2011 годзе мы праводзілі невялікае даследаванне сярод выкладчыкаў. У ім прымалі ўдзел 276 настаўнікаў сярэдніх школ. З іх 89 працэнтаў жанчын — настаўніц гісторыі, сусветнай мастацкай культуры, пачатковых класаў, матэматыкі, біялогіі, а 11 працэнтаў мужчын — настаўнікаў гісторыі, рускай мовы і літаратуры, працоўнага навучання і фізкультуры. Паняцце “гендар” ніколі не чулі 11 працэнтаў настаўнікаў; нешта чулі, але патлумачыць не змаглі, 35 працэнтаў; ведалі і змаглі даць азначэнне 20 працэнтаў рэспандэнтаў. На пытанне, што такое гендарны падыход у адукацыі, мы атрымалі тыповы адказ: “Гендарны падыход у адукацыі — выхаванне жаночага ў дзяўчынках і мужчынскага ў хлопчыках”.
Ускоснымі паказчыкамі гендарнай кампетэнтнасці педагогаў могуць быць і веды саміх навучэнцаў, іх адчувальнасць да гендарнай тэматыкі. У гэтым плане цікавае даследаванне было праведзена ў 2012 годзе кандыдатам юрыдычных навук дацэнтам Святланай Буравай па вывучэнні гендарных стэрэатыпаў ва ўніверсітэцкім асяроддзі Мінска. Удзел у ім прынялі 600 студэнтаў трох універсітэтаў — Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (юрыдычны факультэт і факультэт міжнародных адносін), Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта (факультэт тэхналогій кіравання і гуманітарызацыі), Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта (факультэт права).
Даследаванне паказала, што на фоне пэўнай змены ўстановак у адносінах да гендарных прадпісанняў большасць студэнтаў падзяляюць наступныя ўстаноўкі: 73,7 працэнта — мужчыну сорамна зарабляць менш за жанчыну; 62,7 працэнта — дзяўчаты больш уседлівыя і працавітыя, жанчыне больш складана ў параўнанні з мужчынам спалучаць прафесійныя і сямейныя абавязкі; 58,2 працэнта — мужчына павінен быць моцным і заўсёды хаваць свае эмоцыі; 52,2 працэнта — роўнасць жанчын і мужчын немагчымая.

— Вы праводзіце гендарны аналіз вучэбных дапаможнікаў, рэкамендаваных Міністэрствам адукацыі для педагогаў. Якая трактоўка гендарнага выхавання ў іх даецца?
— Тыя трактоўкі, якія часта выкарыстоўваюць у беларускіх дапаможніках, адпавядаюць азначэнню, што даецца ў Кодэксе аб адукацыі 2011 года. Згодна з ім, гендарнае выхаванне з’яўляецца адным з асноўных складнікаў выхавання. Апісанне выхаваўчых кампанентаў не змянілася значна, хутчэй, адлюстравала тое, што было легітыміравана ў сістэме адукацыі ўжо на працягу доўгага перыяду. Гендарнае выхаванне, згодна з Кодэксам аб адукацыі, накіравана на фарміраванне ўяўленняў пра ролю і жыццёвае прызначэнне мужчын і жанчын у сучасным грамадстве. Падобнае разуменне гендарнага выхавання, па сутнасці, падмяняецца поларолевым падыходам, які некрытычна ўзнаўляе традыцыйнае разуменне мужчынскіх і жаночых роляў. Адпаведна, гендарнае выхаванне ў беларускай школе накіравана на замацаванне традыцыйных мужчынскіх і жаночых роляў. Асноўная мэта выхавання бачыцца ў стварэнні ўмоў для развіцця правільнай ідэнтычнасці і цэласнага ўяўлення пра сваю прыналежнасць да пэўнага полу.
Калі ж звярнуцца непасрэдна да гендарнай тэорыі, то трэба адзначыць, што тэарэтычна гендарны падыход у адукацыі базіруецца на перакананні, што біялагічныя адрозненні не з’яўляюцца вызначальнымі для фарміравання псіхалагічных і сацыяльных характарыстык жанчын і мужчын. Галоўную ролю ў фарміраванні гендарных адносін адыгрывае не біялагічны пол, а тыя сацыяльныя і культурныя сэнсы, якія грамадства прыпісвае анатамічным адрозненням. Адпаведна, місія гендарнага падыходу ў адукацыі — гэта вызваленне вучэбна-выхаваўчага працэсу і школьнага асяроддзя ад найбольш жорсткіх стэрэатыпаў, пашырэнне адукацыйнай прасторы для праяўлення індывідуальнасці і развіцця асобы кожнага вучня і вучаніцы, выхавання іх у духу раўнапраўнага партнёрства жанчын і мужчын ва ўсіх сферах жаццядзейнасці.

— Калі пачынаецца перакос? У школе ці яшчэ раней?
— Цяжка гаварыць пра нейкі пункт адліку, бо гендарныя стэрэатыпы глыбока ўкаранёны ў свядомасць. З нараджэння дзеці трапляюць у акружэнне гендарных прадпісанняў — пачынаючы ад адзення і цацак і заканчваючы манерай выхавання і зносін з дзіцем. Жорсткія гендарныя прадпісанні абмяжоўваюць магчымасць і патэнцыял варыянтаў жыццёвага самавызначэння індывіда.

— Вядома, што за агульнапрынятым стэрэатыпам можа хавацца рэальная небяспека. Чым, на ваш погляд, такія ўстаноўкі могуць шкодзіць дзіцяці ў будучыні?
— Напрыклад, фразы накшталт “Не плач — ты ж мужчына” маюць прамую сувязь з праблемамі здароўя ў мужчын. З дзяцінства хлопчыка вучаць: мужчына — здабытчык, ён нясе адказнасць за сям’ю, у яго павінна быць добрая работа і менавіта мужчынская прафесія, а не, скажам, прафесія настаўніка малодшых класаў. А калі ў яго не атрымліваецца? У гэтай цяжкай для яго сітуацыі мужчына не можа праявіць свае эмоцыі, бо нельга, і стрэс назапашваецца. А ўсё гэта прыводзіць да расчараванняў. І як вынік — частыя сардэчна-сасудзістыя захворванні, паводзіны, якія прынята называць звязанымі з рызыкай.
У сваю чаргу дзяўчыну настройваюць на ролю толькі гаспадыні і маці, але гэта не адпавядае рэальнасці. Мадэль двухкар’ернай сям’і, дзе і муж, і жонка зарабляюць грошы, сёння пераважае. Жанчына аказваецца паміж молатам і кавадлам, не ведаючы, як сумясціць стэрэатыпы, што вісяць над ёй, і рэальнасць.

— Мяркую, што са стэрэатыпамі звязана паняцце “гарызантальнай сегрэгацыі”, ці, прасцей кажучы, наяўнасць мужчынскіх і жаночых прафесій. Наколькі гэтая з’ява характэрна для нашай краіны?
— Сегрэгацыя на рынку працы, як гарызантальная, так і вертыкальная, канечне, звязана з тым гендарным парадкам, які існуе ў краіне, з тым, якія ролі і паводзіны прадпісваюцца індывідам у залежнасці ад іх гендарнай ідэнтыфікацыі. Сама па сабе сістэма адукацыі — той класічны прыклад выключна жаночай сферы, дзе большасць работнікаў — жанчыны. Мужчын жа часцей можна сустрэць на пасадах кіраўнікоў. Так, сярод настаўнікаў пачатковых класаў больш за 90 працэнтаў складаюць жанчыны, а вось сярод рэктараў устаноў вышэйшай адукацыі, наадварот, пераважная большасць — мужчыны. У цэлым сярод работнікаў сферы адукацыі 82,3 працэнта складаюць жанчыны, і пры гэтым узровень аплаты працы ў адносінах да сярэднерэспубліканскага ўзроўню складае ўсяго толькі 75,6 працэнта.

— Аналізуючы выхаваўчыя мерапрыемствы, якія праводзяцца ва ўстановах адукацыі, становіцца відавочным, што гендарнае выхаванне замяняецца поларолевым. Як, на ваш погляд, яго можна сумяшчаць з гендарным? Ці можна яго выкарыстоўваць падчас вывучэння прадметных дысцыплін?
— Па маім меркаванні, гендарнае выхаванне ніяк не можа сумяшчацца з поларолевым, бо яны супярэчаць адно аднаму. Гендарнае выхаванне, заснаванае на гендарнай тэорыі, звяртае ўвагу на ўключэнне гендарнай іерархіі ў сацыяльную прастору. Напрыклад, на ўроках гісторыі настаўнік можа задаць дзецям пытанне, напрыклад, па аналогіі з пытаннем гісторыка мастацтваў Лінды Нохлін: “Чаму не было вялікіх жанчын-мастачак ці вялікіх палітыкаў сярод жанчын? Чаму іх так мала ў падручніках па гісторыі? Іх сапраўды не было ці іх імёны замоўчваюцца?”
Акрамя таго, мы ў прынцыпе мала ведаем пра жаночую гісторыю. Бо што такое гісторыя? Тое, як раней выхоўвалі дзяцей, таксама гісторыя. Але хатнім справам на ўроках не ўдзяляецца столькі ўвагі, як публічнай сферы, у выніку яна не ўяўляецца нам такой важнай, як уплыў і ўлада. Калі браць вобраз жанчыны ў літаратуры, то ён таксама можа быць іншым: у класічных творах фарміруецца вобраз мілай і вытанчанай жанчыны, пад які не ўсе сёння падпадаюць. І тут настаўніку важна растлумачыць, чаму менавіта такі вобраз пераважаў, магчыма, пацвердзіць гэта гістарычнымі фактамі.
У выхаваўчыя мерапрыемствы ўключаць гендарныя элементы лепш у межах інтэрактыўных форм (дыскусій, круглых сталоў, дэбатаў) ставіць перад навучэнцамі канкрэтныя пытанні: чаму так шмат жанчын у сістэме адукацыі, ці патрэбна ў сучаснай школе сексуальная асвета, як мяняюцца гендарныя ролі сучасных людзей? Трэба дазволіць дзецям аналізаваць і разважаць з пазіцыі гендарнага падыходу.

— Таццяна, вялікі дзякуй за размову.

Святлана НІКІФАРАВА.