Аўтобусны тур у глыб Палесся

Важнай формай грамадзянска-патрыятычнага выхавання навучэнцаў з’яўляецца экскурсія. Гэта метадычна прадуманы паказ славутых мясцін, помнікаў гісторыі і культуры, у аснове якога ляжыць аналіз аб’ектаў, якія знаходзяцца перад вачыма экскурсантаў, а таксама аповед аб падзеях, звязаных з імі.

З 2004 года мы рэгулярна праводзім аўтобусныя экскурсіі для нашых вучняў. За гэты час было арганізавана больш за 20 экскурсій у Полацк, Хатынь і Мінск, Гродна і Навагрудак, Нясвіж і Мір, Слонім і Жыровічы, Сынкавічы і Завоссе, Косава і Ружаны, Камянец і Белавежскую пушчу, Давыд-Гарадок і Тураў, Брэст і Тамашоўку. На аснове асабістага вопыту мной распрацаваны метадычныя рэкамендацыі для педагогаў па арганізацыі 7 маршрутаў. Рэкамендацыі ўтрымліваюць інфармацыю аб найбольш значных аб’ектах гісторыі, прыроды і культуры. Прапаноўваю ўвазе чытачоў вытрымкі з рэкамендацый па наведванні некаторых адметных мясцін Палесся.
Першы прыпынак — Пінск. Праводзім аглядную аўтобусную экскурсію па горадзе, пешаходную прагулку па яго гістарычным цэнтры. Пінск — старажытны горад на захадзе Палесся, яго сталіца. Вядомы па Іпацьеўскім летапісе з 1097 года. Гісторыя Пінска непарыўна звязана з ракой Пінай, якая дала гораду яго імя. Па захаванасці старой планіроўкі, архітэктурных помнікаў і гістарычнай забудовы Пінск займае другое месца ў краіне пасля Гродна. Адметнымі архітэктурнымі помнікамі з’яўляюцца былы езуіцкі калегіум сярэдзіны XVII ст. (цяпер у ім размяшчаецца харэаграфічная школа і музей Беларускага Палесся), ансамбль манастыра францысканцаў XVII—XVIII стст. (цяпер кафедральны касцёл Успення Найсвяцейшай Дзевы Марыі), Варварынская царква 1786 года пабудовы (былы касцёл бернардзінцаў) і будынак былога кляштара бернардзінцаў XIX ст. Акрамя таго, да ліку адметных адносяцца касцёл Карла Барамея, пабудаваны ў XVIII ст. на месцы старога драўлянага касцёла, і палац Бутрымовіча 1794 года пабудовы, які з’яўляецца прыкладам архітэктуры пераходнага тыпу ад барока да класіцызму.
Другі прыпынак — парк “Манькавічы”. Ён знаходзіцца на паўднёва-ўсходняй ускраіне Століна. Закладзены Радзівіламі ў 1885 годзе як сядзібны на плошчы ў 50 га (захавалася 28 га). Асновай яго кампазіцыі з’яўляўся палац, які быў размешчаны ля краю высокага берагавога адхону на насыпной тэрасе. Адсюль адкрываўся выдатны выгляд на пойму Гарыні. Партэр, які прымыкаў да палаца, меў сажалкі і фантаны, быў дэкарыраваны паркавай скульпурай. Першая сусветная вайна прынесла моцныя разбурэнні і страты для велічнай рэзідэнцыі, аднак у 1922 годзе палац быў адноўлены. Парк, у тым ліку і палац, моцна пацярпеў у гады Вялікай Айчыннай вайны. Пасля вайны была праведзена вялікая работа па выратаванні пашкоджаных дрэў, добраўпарадкаванні тэрыторыі, пабудавана агароджа, адноўлена брама. На тэрыторыі парку размяшчаюцца раённы краязнаўчы музей, музычная школа, расце каля 30 відаў экзатычных раслін, у тым ліку елка канадская, лістоўніца еўрапейская, клён блакітны, таполя канадская, дуб чырвоны. Захаваліся адзінкавыя дрэвы піхты белай, піхты каўказскай.
Трэці прыпынак — Давыд-Гарадок. Знаходзіцца за 32 км ад Століна. Цяпер гэта невялікі горад з насельніцтвам 7 тысяч жыхароў, але ён мае багатую гісторыю. Па некаторых крыніцах, ён заснаваны ў пачатку XII ст. адным з тураўскіх князёў, па іншых — унукам Яраслава Мудрага валынскім князем Давыдам Ігаравічам. Тут мы наведваем замчышча, на якім усталяваны мемарыяльны камень. Помнік князю Давыду ўпрыгожыў цэнтральную плошчу горада ў канцы ХХ ст. Візітнай карткай Давыд-Гарадка можна назваць унікальны помнік драўлянага культавага дойлідства Палесся Свята-Георгіеўскую царкву, якая была ўзведзена ў другой палове XVII ст.
Чацвёрты прыпынак — Тураў. Гэта адзін з самых старажытных гарадоў беларускай зямлі (упершыню згадваецца ў “Аповесці мінулых гадоў” пад 980 годам). У канцы першага тысячагоддзя стаў палітычным, эканамічным і культурным цэнтрам Тураўскага княства. У 1005 годзе — цэнтрам Тураўскай епархіі як адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкі Кіеўскай мітраполіі. Знаёмства з гісторыяй горада пачынаем з наведвання краязнаўчага музея. Працяг экскурсіі на Замкавай гары. Тут захоўваецца падмурак царквы, пабудаванай яшчэ ў 1170-я гады. Побач велічны помнік Кірылу Тураўскаму, усталяваны ў 1994 годзе. У горадзе знаходзіцца помнік архітэктуры — царква Усіх Святых, пабудаваная ў 1810 годзе. Сярод святынь царквы — два каменныя крыжы, якія, паводле падання, прыплылі ў Тураў з Кіева. З імі быў і трэці крыж, але яго сляды страчаны. Ёсць яшчэ адно месца, якое неабходна наведаць пры выездзе з Турава, — гэта старадаўнія Барысаглебскія могілкі. Паводле падання, на іх пахаваны забітыя ў 1015 годзе сыны вялікага кіеўскага князя Уладзіміра Барыс і Глеб, у смерці якіх абвінавачваецца іх зводны брат Святаполк. Таксама на могілках знаходзіцца каменны крыж. Жыхары Турава лічаць, што ад яго ідзе цяпло, а яшчэ крыж расце.
Пры падрыхтоўцы канкрэтнай экскурсіі разам з турыстычнай арганізацыяй настаўнік павінен узгадніць маршрут, аб’екты наведвання і г.д. Будучую экскурсію неабходна прадумаць такім чынам, каб не ўпусціць штосьці важнае і дасягнуць максімальнага выхаваўчага эфекту. Часам карысна ўнесці свае прапановы і дапаўненні. Аднак для гэтага неабходна валодаць неабходнымі звесткамі, умець вылучаць з вялікага аб’ёму інфармацыі па тых ці іншых аб’ектах самае галоўнае і цікавае для вучняў.

Мікалай БАЛІЦЭВІЧ,
настаўнік гісторыі Лукаўскай сярэдняй школы Маларыцкага раёна.
Фота Ігара ГРЭЧКІ.