Відэагульні ўсяго толькі забава — стэрэатып, які сёння будзе развенчаны. Калі першапачаткова яны ствараліся для пацехі, то цяпер здабылі дадатковыя магчымасці. Яскравы прыклад — Minecraft — самая папулярная гульня ў свеце. Гэтая “індзі-пясочніца” з часам эвалюцыянавала ў адукацыйны праект, які дапамагае многім школьнікам грызці граніт навукі так, што за вушамі трашчыць.
Прыемнае з карысным
Аляксандр Сяргеевіч Сітун выкладае асновы праграмавання для дзяцей 7—8 гадоў у Віцебскім абласным палацы дзяцей і моладзі. Здавалася б, нічога асаблівага. Але кожныя яго заняткі — займальная прыгода, сакрэт якой — у адукацыйнай платформе Minecraft Education Edition.
— Minecraft вельмі падабаецца дзецям: яны часта абмяркоўваюць гульнявы працэс, дзеляцца дасягненнямі. Я падумаў, што было б крута выкарыстоўваць гэтую цікавасць у адукацыйных мэтах — на базе папулярнай платформы навучыць іх асновам праграмавання. На першы погляд дзеці проста гуляюць, але на самай справе асвойваюць алгарытмы, цыклы і тыпы даных.
У дзяцінстве я сам праводзіў час у Minecraft, але тады не было такіх праграм, як Education Edition. Нават уявіць не мог, што гэтую “пясочніцу” можна ператварыць у інтэлектуальны дапаможнік. У мой час былі больш олдскульныя забавы. Напрыклад, клавіятурны трэнажор (усміхаецца). Выдатна, што цяпер ёсць магчымасць сумясціць прыемнае з карысным.
Minecraft Education Edition з’яўляецца адукацыйнай версіяй камп’ютарнай гульні Minecraft, спецыяльна прыдуманай для выкарыстання ў школьнай праграме. Яна распрацавана кампаніяй Microsoft і студыяй Xbox Game Studios і змяшчае функцыі, якія дазваляюць зрабіць навучанне больш наглядным, практыка-арыентаваным і займальным.
Мы пабудуем новы дом
Аснову кожных заняткаў складаюць тэмы з інфарматыкі. Але навукай аб рашэнні задач не так проста зацікавіць звычайнага школьніка. Патрэбен творчы падыход і спаборніцкі момант.
— У асноўным мы вывучаем пабудову алгарытмаў — на гэтым і трымаецца праграмаванне. Нешта падобнае адбываецца на ўроках інфарматыкі ў школе. Але галоўная адметнасць Minecraft Education Edition у тым, што вынік адразу ж можна ўбачыць на экране. Без лічбаў, як у задачах, а ў забаўляльным фармаце. Хлопчыкі і дзяўчынкі складаюць алгарытм, запускаюць яго і ў выпадку паспяховага рашэння назіраюць, як робаты- памочнікі выконваюць іх заказы. У выніку атрымліваюцца цікавыя праекты, якія і выглядаюць выдатна, і дапамагаюць дзецям асвоіць найпрасцейшыя інструменты IT.
Таксама вельмі выручае спаборніцкі момант. Я даю, напрыклад, тэму “Умоўныя канструкцыі”, потым прапаную напісаць алгарытм для пабудовы дома. А які ён атрымаецца, школьнікі выбіраюць самі. У выніку ва ўсіх выходзіць па-рознаму, але кожны хоча, каб яго праект стаў самым крутым. Для гэтага трэба прыдумаць найбольш цікавы спосаб, прапісаць дадатковыя задачы для робата, і ў канцы замест звычайнага шаблону атрымліваецца сапраўдны палац.
— Дарэчы, акрамя праграмавання, у Minecraft Education Edition можна вывучаць і іншыя прадметы. Для гэтага былі распрацаваны спецыяльныя модулі, якія вучаць асновам матэматыкі, біялогіі, хіміі. Зараз гэта не проста гульня, а адукацыйная платформа.
Галоўнае, каб атрымлівалася
Аб’яднанне інфарматыкаў Віцебскага абласнога палаца дзяцей і моладзі юныя праграмісты наведваюць з задавальненнем. Там яны весела праводзяць час і вучацца новым скілам. Аляксандр Сяргеевіч дапамагае дзецям знайсці баланс: запальвае цікавасць да прадмета і накіроўвае яе ў канструктыўнае рэчышча.
— Знайсці з навучэнцамі агульную мову дапамагае сама гульня, бо менавіта яна займае дзяцей. Я ж выступаю правадніком паміж звычайнай забаўкай і карыснымі ведамі. Часам гэта не так проста. Увага дзяцей мае ўласцівасць рассейвацца. Толькі ўявіце: у іх у руках апынулася новая гульня, у якой можна ствараць што заўгодна. Таму часам падапечныя адцягваюцца. Каб гэтага не адбылося, я паказваю, чаго можна дасягнуць, і гэты вынік яны хочуць паўтарыць і нават пераўзысці. На асабістым прыкладзе імкнуся матываваць да стварэння чаго-небудзь цікавага.
Вядома, некаторым тэмам неабходна ўдзяляць больш увагі. Яны больш складаныя, а таму не такія вясёлыя. Напрыклад, у кагосьці цыклы выклікаюць цяжкасці, у кагосьці — умовы. Але, дзякуючы Minecraft Education Edition, можна асвоіць усю базу праграмавання. Зразумець, як тыя ж алгарытмы працуюць, для чаго патрэбны. Наогул, дзецям падабаюцца ўсе заданні. Галоўнае, каб у іх атрымлівалася, а тут я прыходжу на дапамогу.
У гульні карыстальнік кіруе робатам, які можа выконваць некалькі функцый: перамяшчэнне, будоўля, праходжанне перашкод. Калі выбрана будоўля, ён па блоках пачынае ўзводзіць будынак, а дзеці назіраюць за тым, што і як ён робіць.
Ад простага да складанага
Акрамя Minecraft Education Edition, Аляксандр Сяргеевіч вядзе гурток па кодынгу ў сістэме Python. Гэта больш складаны кірунак, які не асвоіць без базавых ведаў інфарматыкі.
— Python — паўнавартасная мова праграмавання. Тут дзецям ужо не так цікава, таму што адсутнічае тая маляўнічасць, якая ёсць у Minecraft. Але Python — наступная прыступка ў свет IT. Таму ён падыдзе для вучняў, якія разумеюць, чаго можна дасягнуць дзякуючы праграмаванню. Наогул усё ўзаемазвязана. Мы рухаемся ад простага — Minecraft, да складанага — Python. Спачатку развіваем лагічнае мысленне, вучымся рашаць задачы шляхам складання алгарытмаў. Як толькі база даведзена да аўтаматызму, можна працаваць з кодам. Юныя праграмісты заўважаюць гэтую пераемнасць, бачаць перспектывы і займаюцца з задавальненнем.
Дзмітрый АРХІПЕНКА.