Традыцыя ў танцы

Людміла Кабаева ў дзяцінстве танцавала ў калектыве “Мілавіца” Уваравіцкага цэнтра дзіцячай творчасці Буда-Кашалёўскага раёна. Калі падрасла, вырашыла стаць харэографам. Сваё жаданне здзейсніла і вярнулася працаваць у цэнтр, у родны калектыў. Як педагог з выхаванцамі і калегамі адраджае мясцовыя традыцыйныя танцы, чытайце ў матэрыяле.

Для любога ўзросту

Людміла Аляксандраўна — харэограф і кіраўнік узорнага ансамбля танца “Мілавіца”. У ім займаецца 77 чалавек ад 3 да 21 года з усяго Буда-Кашалёўскага раёна. Адлегласць паміж населенымі пунктамі і цэнтрам творчасці даходзіць да 20 кіламетраў, але дзеці прыходзяць сістэматычна. Людміла Аляксандраўна гэта цэніць. Старэйшыя выхаванцы часцей прыходзяць па суботах і ня­дзелях, бо многія прыязджаюць з кале­джаў і ўніверсітэтаў.

“Я зрабіла два гурткі: класічны танец і народны. Калі ў нас класічны танец, то гэта пастаноўка корпуса, размінка, станок, дыя­ганаль, работа на сярэдзіне залы, расцяжка, партэрная гімнастыка, развучванне камбінацый. Пры класічным танцы мы закладваем аснову, — тлумачыць харэограф. — Калі ў нас народна-сцэнічны танец, то мы размінаемся, у канцы і пачатку робім паклон. Калі ідзе развод якога-небудзь танца народаў свету, мы даведваемся пра гісторыю, побыт, культуру народа. Калі гэта народна-побытавы танец, мы знаёмімся з касцюмам, вышыўкай, нотным матэрыялам, развучваем танцы і расказваем, што яны сабой уяўляюць. Народна-побытавыя, класічныя танцы і размінку выконваем толькі пад жывую музыку”.

Каб зацікавіць малодшых дзяцей, Людміла Аляксандраўна праводзіць з імі заняткі ў гульнявой форме. За 35 мінут яны паспяваюць і пагуляць, і нешта вывучыць. Займаюцца з задавальненнем, бо педагог паводзіць сябе з імі як з роўнымі, можа і падурэць. Працэнт дзяцей, якія перайшлі з дзіцячага сада ў школу і працягнулі танцаваць у “Мілавіцы”, максімальны.

Часам праходзяць зводныя рэпетыцыі, дзе малодшыя выхаванцы сустракаюцца са старэйшымі. Гэта ідзе на карысць: адны цягнуцца за іншымі, іншыя дапамагаюць, адчуваюць адказнасць. Атрымліваюцца такія сямейныя зносіны. Хоць малодшыя не заўсёды могуць выдатна паўтарыць, яны імкнуцца, а старэйшыя дзеці іх падтрымліваюць.

“Цяжка разумець, што выпускнікі больш не прыйдуць, што яны паступілі або пайшлі ў войска. Ад цябе сыходзіць прафесіянал, частка калектыву. Але я хачу адзначыць, што, куды б дзеці ні перайшлі, яны працягваюць танцаваць ужо там”.

“Калі я працавала яшчэ і ў Доме культуры, то стварыла калектыў народна-побытавага танца “Ойра”. Удзельнікамі калектыву сталі бацькі, бабулі і дзядулі маіх выхаванцаў. Некалькі пакаленняў адначасова маглі танцаваць разам. Потым мая выхаванка прый­шла мне на змену і працягнула працаваць з калектывам. На мерапрыемствах, конкурсах, фестывалях прыемна назіраць, як бацькі хвалююцца за дзяцей, а дзеці — за бацькоў, як яны падтрымліваюць адно аднаго”.

Па назіранні харэографа, першапачаткова дзеці прыходзяць у калектыў таму, што танцы прыгожа выглядаюць на сцэне. Потым пачынаецца перыяд “мне цяжка, напэўна, я не буду займацца”. У гэты час Людміле Аляксандраўне важна іх падтрымаць і дапамагчы палюбіць танцы. Тады дзеці застануцца і будуць прыходзіць па сваім жаданні, а не таму, што так хочуць бацькі.

Важна захаваць

“Я заўважаю, што маладое пакаленне мала цікавіцца традыцыйнай беларускай харэаграфіяй. Хочацца гэта змяніць, таму мы вывучаем народна-побытавыя танцы. Гэта фарміруе ў дзяцей нацыянальную самасвядомасць, адказнасць за адраджэнне і захаванне гісторыка-культурнай і харэаграфічнай спадчыны сваёй малой радзімы. Выхаванцы знаёмяцца з танцавальнай культурай, побытам і гісторыяй беларускага народа. Перад вывучэннем кожнага танца я расказваю гісторыю яго ўзнікнення, тэматыку, харэаграфічную лексіку, знаёмлю з манерай выканання”. Каб адукацыйны працэс быў эфектыўным, Людміла Аляксандраўна стварыла мадэль арганізацыі дзейнасці па захаванні традыцый рэгіянальнай харэаграфічнай культуры.

“Народна-побытавыя танцы — гэта скарбніца, таму што іх можна апра­цаваць для сцэны і паказваць шырокай аўдыторыі. Мне хочацца ве­рыць, што ў кожным рэгіёне адраджаюць свае традыцыйныя танцы”.

Першы крок у гэтай мадэлі — перадача вопыту і традыцый ад пакалення да пакалення. Навучанне павінна праходзіць не толькі ад педагога да выхаванцаў, але і ад носьбітаў рэгіянальнай харэаграфічнай культуры і старэйшых да малодшых.

Другі крок. Народна-побытавыя танцы па сваіх асаблівасцях маюць шмат агульных элементаў, таму выхаванцы з першых заняткаў вучацца адчуваць музычны і танцавальны малюнак асобнага танца. Кожны народна-побытавы танец адпавядае пэўным абрадам, традыцыям, звычаям, нясе сваю сэнсавую нагрузку і выконваецца толькі ў парах. Малодшыя дзеці вучаць танцы “Мальвіна”, “Картузэ”, “Кірмаш”, “Карманчыкі”. У іх гульнявы характар. Выхаванцы сярэдняга ўзросту раз­вучваюць “Лявоніху”, “Какетку”, “Кракавяк”, “Матлёт”, “Ойру”, “Суботу”, “Мікіту”, “Імправізаваную польку”. Старэйшыя дзеці — “У садзе”, “Месяц”, “Карапэт”, “Каробачку”, “Ночку”, “Падэспань”, “Заёнец”.

Трэці крок — вывучэнне мясцовага нацыянальнага касцюма і яго асаблівасцей. Дзеці маюць зносіны з носьбітамі фальклорных традыцый, а пасля ствараюць народныя касцюмы, уласцівыя Буда-Кашалёўскаму рэгіёну.

Чацвёрты крок — супрацоўніцтва. Важна, каб на занятках педагог, выхаванцы і акампаніятар працавалі разам, бо народна-побытавыя танцы прынята выконваць пад жывую музыку. Музычнае суправаджэнне павінна быць выразным, характэрным для кожнага танца. Людміла Аляксандраўна з акампаніятарам сабрала ў раёне мясцовы музычны матэрыял, які яны выкарыстоўва­юць на рэпетыцыях.

Пяты крок. Добры стымул для выхаванцаў — удзел у конкурсах і фестывалях фальклорнай творчасці. Напрыклад, у раённым фальклорным свяце-конкурсе “Фестываль ручнікоў на Буда-Кашалёўшчыне” і “Уваравіцкі кірмаш”, у адкрытым творчым конкурсе “Беларусь — брэнд маладых”, у абласным конкурсе выканаўцаў народных бытавых танцаў “Вытокі”, у фестывалі праектаў рэспублікан­скага конкурсу “Нашчадкі традыцый”, у рэспубліканскім фестывалі фальклорнай творчасці “Берагіня”, у турніры нацыянальных танцаў на “Славянскім базары ў Віцебску” і інш. Прыехаць з гэтых конкурсаў без дыплома для “Мілавіцы” як схадзіць у парк атракцыёнаў і не пакатацца ні на адным.

Шосты крок — заключны. Для захавання і распаўсюджвання мясцовых харэаграфічных традыцый выхаванцы могуць право­дзіць майстар-класы па народна-побытавых танцах для педагогаў, навучэнцаў і гасцей з замежжа. Добрую рэкламу зробяць выступленні перад бацькамі і жыхарамі рэгіёна.

“Дзякуючы нашай рабоце, мы стварылі відэатэку выканання побытавых танцаў і народны касцюм Буда-Кашалёўскага рэгіёна, “Вянок побытавых танцаў”, паспяхова ўдзель­нічалі ў раённых, абласных, рэспубліканскіх і міжнародных конкурсах і фестывалях. Для мяне дасягненне, што выхаванцы з асалодай выконваюць народна-побытавыя танцы. Першапачаткова дзеці ставіліся да іх жартоўна, а цяпер жывуць імі”.

“Харэаграфія вучыць працавітасці, узаемаразуменню, уменню працаваць у калектыве, добразычлівасці. Мае выхаванцы вельмі камунікабельныя, ведаюць, як сябе паводзіць у розных сітуацыях. Часам кажуць, што ў сельскіх дзяцей, якія прыходзяць у гарадскія ўстановы адукацыі, ёсць пэўныя комплексы. У маіх такога няма. Я сама была ў падобнай сітуацыі, таму хачу, каб мае дзеці адчувалі сябе ўпэўнена”.

Заўсёды на сувязі

У красавіку форму заняткаў Людміла Кабаева памяняла. Наладзіла работу ў Zoom, выкарыстоўвала Viber, WatsUp, “УКантакце”, “Аднакласнікі”, Instagram, электронную пошту. Так “Мілавіца” займалася два месяцы. Некаторыя ўрокі засталіся на старонцы ансамб­ля ў Instagram. На ёй можна знайсці і іншыя цікавыя рэчы. “Калі я іду ў адпачынак, не магу пакінуць сваіх дзяцей, разумею, што павінна быць з імі заўсёды. Таму прашу дасылаць відэа, як яны працуюць дома. Так з’явіўся марафон “Мілавіца” працуе дома”. Яшчэ я запісвала майстар-класы па раз­вучванні побытавых танцаў, каб дзеці маглі займацца самастойна. Я не прымушаю іх гэта рабіць, яны самі просяць. Ужо больш мяне кантралююць, чым я”. Калі на канікулах абвясцілі акцыю “Сотні ідэй для лепшых сяброў”, выхаванцы Людмілы Аляксандраўны не змаглі яе прапусціць. Запісвалі відэа, чым
можна займацца дома, акрамя харэаграфіі. На гэта рэагуюць: пішуць, што паспрабавалі ўжо некаторыя варыянты.

Па самых запамінальных момантах у кар’еры Людмілы Кабаевай можна прасачыць гісторыю развіцця калектыву. Першы — калі харэограф толькі прыйшла на работу і набрала сваю першую групу, 12 чалавек. Другі — званне ўзорнага ансамбля ў 2015 го­дзе. Трэці — паездка на чэмпіянат Еўропы па народна-сцэнічных танцах у Маскву. “Мілавіца” стала бронзавым прызёрам. Чацвёрты — абмен вопытам, калі ўдзельнікі калектыву ездзілі ў Японію, Германію, Балгарыю. Пяты — стварэнне асабістага календара, дзе на кожным месяцы ёсць фатаграфія ансамбля.

“Я люблю сваю прафесію, люблю дзяцей, цаню, што яны адказваюць мне ўзаемнасцю, — гаворыць харэограф. — Я рада, што магу быць карыснай і бачу вынік сваёй работы”.

Настасся ХРЫШЧАНОВІЧ.
Фота з архіва Л.А.Кабаевай.