Ролю класічнага жывапісу цяжка пераацаніць. Зразумела, класіка — гэта аснова. Гэта нібы фундамент для дома, але ніхто не адмяняў аўтарскага афармлення яго сцен, вокнаў, тэрасы… Вось і добры педагогмастак не абмяжоўваецца навучаннем класічнаму маляванню традыцыйнымі матэрыяламі. Дзіцячую непасрэднасць, індывідуальнасць і інтарэс да акадэмічнага жывапісу лягчэй падтрымліваць, уключаючы ў заняткі элементы нетрадыцыйнага малявання.
Святлана Калістратава, кіраўнік студыі выяўленчага мастацтва “Вясёлка” Мінскага дзяржаўнага палаца дзяцей і моладзі, акрамя жывапісу і графікі, шырока прымяняе пясочнае маляванне на светлавым стале.
“Менавіта пры падсветцы малюнак “ажывае”, набывае кантраснасць і драматычную выразнасць нават пры мінімуме дэталяў, лёгка трансфармуецца, — гаворыць Святлана Барысаўна. — Акрамя таго, маляванне пяском дапамагае навучэнцам расслабіцца, супакоіцца, стварае пазітыўны настрой. Спалучэнне цёплай гладкай паверхні светлавога стала і прыемнай фактуры дробнага кварцавага пяску выклікае ў дзяцей прыемныя ўспаміны пра адпачынак на моры, вобразы прыроды, адчуванні цяпла і святла. Падчас заняткаў навучэнцы могуць ненадоўга адхіліцца ад выканання задання і памаляваць пяском на вольную тэму. Работа з пяском стымулюе развіццё дробнай маторыкі рук, што, у сваю чаргу, спрыяе развіццю маўлення, увагі, мыслення, памяці, фантазіі і каардынацыі рухаў”.
Акрамя таго, на занятках у студыі ёсць магчымасць стварэння анімацыі на светлавым стале. Гэта можа быць відэафільм, створаны па зададзеным сюжэце, анімацыя паводле літаратурнага твора. Асабліва палюбіліся дзецям казачныя сюжэты. Так, студыйцы знялі анімацыйны ролік па матывах беларускай народнай казкі “Залатая яблынька”, які паспяхова ўдзельнічаў у розных конкурсах дзіцячай творчасці. Створаны міні-фільмы па аповесці-казцы Антуана дэ Сент-Экзюперы “Маленькі прынц”, ролікі на тэмы “Памятныя мясціны Мінска”, “Энергазберажэнне”, “Гісторыя кінематографа”.
Яшчэ адзін спосаб асвоіць новыя прыёмы і тэхнікі выяўленчай творчасці — гульня. Напрыклад, студыйцы паспяхова ўвасобілі ў жыццё ідэю стварэння ценявога тэатра, выкарыстоўваючы тэхніку выцінанкі. Выразаныя юнымі мастакамі фігуркі перамяшчаюцца на тонкіх палачках за напаўпразрыстым падсветленым экранам. Дзеці з задавальненнем уключаюцца ў працэс стварэння сюжэта і персанажаў для вырабу такога імправізаванага тэатра. Традыцыйным стаў паказ “Зімовай казкі” для бацькоў і гасцей навагодняга свята ў студыі. Першапачатковы варыянт казачнай гісторыі ў вершах Святлана Барысаўна напісала сама, але з кожным годам гэты твор узбагачаецца новымі персанажамі і падзеямі, прыдуманымі навучэнцамі.
Разнастаіць вучэбны працэс, зрабіць яго больш займальным дапамагае і маляванне без малявання. Тут на дапамогу педагогу прыходзяць такія тэхнікі, як раздзіманне трубачкамі (кляксаграфія), манатыпія, адбіткі рукамі, губкай, садавіной і агароднінай, зафарбоўванне рэльефных малюнкаў праз тонкі ліст паперы (фраттаж). Па словах педагога, такія тэхнікі дапамагаюць развіваць фантазію дзяцей і ствараць творчую атмасферу ў студыі.
Нетрадыцыйныя метады малявання дазваляюць дзецям быць смялейшымі, не баяцца рабіць памылкі, эксперыментаваць, выпрабоўваць матэрыялы і тварыць з азартам.
Святлана НІКІФАРАВА.