Бягучы год стаў юбілейным для Мінскага дзяржаўнага палаца дзяцей і моладзі. Святочныя мерапрыемствы, прысвечаныя 55-годдзю ўстановы, ладзіліся на працягу некалькіх месяцаў. Педагогі і навучэнцы палаца расказвалі пра свае дасягненні і планы, дэманстравалі сваё майстэрства і любоў да палаца. Цэнтральнай падзеяй года стала нядаўняя Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя “Дадатковая адукацыя дзяцей і моладзі — педагогіка дасягнення поспеху”.
Прыклад для ўсіх
Удзельнікамі канферэнцыі сталі педагогі і кіраўнікі ўстаноў адукацыі, навуковыя работнікі і выкладчыкі ўстаноў вышэйшай адукацыі, інстытутаў развіцця адукацыі, спецыялісты і кіраўнікі органаў кіравання адукацыяй Беларусі і краін блізкага замежжа: Расіі, Казахстана, Кыргызстана. У межах анлайн-сустрэчы 97 выступоўцаў вызначылі асноўныя тэндэнцыі развіцця дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, абмеркавалі навуковыя і практычныя аспекты педагагічнай дзейнасці ў галіне дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі краін-удзельніц. Праблемнае поле канферэнцыі вызначылі такія кірункі, як метадалогія і стратэгіі развіцця дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, інавацыі ў дадатковай адукацыі і тэхналогіі паспяховага педагагічнага ўзаемадзеяння, маніторынг асобаснага росту навучэнцаў, павышэнне кваліфікацыі і перападрыхтоўка спецыялістаў, партнёрства ў інтарэсах дзяцей, развіццё і падтрымка дзіцячых і маладзёжных сацыяльных ініцыятыў і інш.
У цэнтры ўвагі быў вопыт каманды педагогаў Мінскага дзяржаўнага палаца дзяцей і моладзі. Удзельнікі канферэнцыі паглядзелі відэаролік пра галоўныя поспехі педагогаў і навучэнцаў, пра кірункі развіцця і далейшыя творчыя планы. Дырэктар палаца Ганна Лявонаўна Аверына і яе калегі прэзентавалі вопыт, які яны назапасілі за апошнія 5 гадоў, расказалі пра банк сваіх лепшых педагагічных практык, рэгіянальны праект “Сацыяльны маніторынг дзейнасці ўстаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі” і інш. І, канечне, прадаставілі магчымасць падзяліцца вопытам сваім калегам, выслухалі меркаванні вучоных пра сучасную сістэму дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, пра праблемы і перспектывы яе развіцця.
Э.В.Тамільчык, начальнік Галоўнага ўпраўлення выхаваўчай работы і маладзёжнай палітыкі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, павіншаваў юбіляра і сказаў: “Ваш юбілей — гэта свята для ўсіх, хто прысвяціў сябе справе захавання і развіцця лепшых традыцый дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. Гэта момант, калі варта азірнуцца і падумаць, што ўжо зроблена і што яшчэ належыць зрабіць. 55 гадоў творчасці — гэта практычна лёс цэлага пакалення са сваімі традыцыямі, заслужанымі вынікамі, але і наперадзе яшчэ шмат цікавых спраў”.
Н.В.Васільчанка, дырэктар Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі, падкрэсліла, што Мінскі дзяржаўны палац дзяцей і моладзі стаў не проста адной з самых яркіх частак жыцця для 8 тысяч юных жыхароў сталіцы, але і прыкладам для педагогаў дадатковай адукацыі краіны. “На працягу многіх гадоў метадычная служба і педагогі палаца — у авангардзе інавацый, якія высока ацэньваюцца ў межах рэспубліканскіх метадычных выстаў, — адзначыла Н.В. Васільчанка. — На кожнай з іх вы з’яўляецеся пераможцамі і прызёрамі. Напрыклад, у Рэспубліканскім конкурсе адукацыйных праграм культурна-адпачынкавага профілю 5 пераможцаў — вашы. На сёння сапраўды ўнікальны ваш вопыт па рэалізацыі інавацыйных праектаў: укараненне мадэлі адукацыйнага цэнтра “Дзіцячы тэхнапарк” як рэсурсу развіцця навукова-тэхнічнай творчасці дзяцей і моладзі, навукова-практычная і метадычная работа Цэнтра бяспечнага дзяцінства, Цэнтра дзіцячых і маладзёжных грамадскіх аб’яднанняў “Лідар XXІ стагоддзя”, сектара развіцця пазнавальных ініцыятыў “Школа акадэмікаў” і інш”.
Шмат было і выступленняў навукоўцаў. Так, пра падрыхтоўку канкурэнтаздольнага спецыяліста і развіццё яго асобы ў сістэме дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі паразважалі Т.А.Лапацік, загадчык кафедры менеджменту адукацыі Акадэміі паслядыпломнай адукацыі, і А.С.Лапцёнак, прарэктар па вучэбнай рабоце Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. В.Ф.Гігін, дэкан факультэта філасофіі і сацыяльных навук БДУ, выказаў сваё меркаванне пра выхаваўчы эфект заняткаў у аб’яднаннях па інтарэсах. Так, на яго думку, адзін з галоўных вынікаў такіх заняткаў — выхаванне волі навучэнцаў, бо тут дзеці самі, без прымусу, выбіраюць сабе пэўныя заняткі і, наведваючы іх, вучацца адмаўляць сабе ў гэты час у тым, каб, скажам, паглядзець тэлевізар.
Новы час — новыя навыкі
У адной з секцый ішла размова пра фарміраванне ў вучняў кампетэнцый XXI стагоддзя сродкамі дадатковай адукацыі, фарміраванне асобасных якасцей юных журналістаў, арганізацыю сацыяльнай практыкі школьнікаў і інш.
А.В.Мяшкова, метадыст Віцебскага гарадскога цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, расказала пра модульны падыход да арганізацыі выхаваўчай прасторы ў аддзеле дэкаратыўна-прыкладной творчасці. Так, штогод тут рэалізуюцца выхаваўчыя модулі (“Сузор’е фантазіі і творчасці”, “Ад мары да прафесіі”, “З любоўю з Беларусі!”), а ў рамках Года малой радзімы быў рэалізаваны пазнавальна-гульнявы модуль “Я і мой горад”. Гэта сумесная вучэбна-пазнавальная, творчая, гульнявая дзейнасць навучэнцаў, педагогаў і бацькоў, арганізаваная ў рамках сеткавай супольнасці — групы “Творчыя арэлі” ва “УКантакце”. Аксана Валер’еўна падрабязна расказала, як наладзіць работу па складанні выхаваўчага модуля — ад выбару яго тэматыкі і сюжэта да прадумвання відаў дзейнасці ўдзельнікаў і заданняў для іх.
Педагогі Палаца творчасці дзяцей і моладзі Колпінскага раёна Санкт-Пецярбурга прадставілі ўвазе калег адукацыйны праект “Мая Айкумена”. Гэты інавацыйны прадукт прызначаны для педагогаў дадатковай адукацыі, настаўнікаў, школьнікаў і бацькоў. Ён прадугледжвае развіццё картаграфічных кампетэнцый, навыкаў работы з геасэрвісамі і электроннымі базамі даных, дыстанцыйнае і палявое вывучэнне тэрыторыі свайго паселішча і рэгіёна, авалодванне метадамі праектавання паходаў і экскурсій. Тут ёсць тэарэтычныя і практычныя заданні, якія спрыяюць усведамленню сямейных каштоўнасцей, авалодванню асновамі генеалогіі, геральдыкі, брэндынгу тэрыторый і культурных славутасцей, методыкай праектавання экскурсій.
Інавацыйныя кірункі з кожным годам усё шырэй ахопліваюць сферу дадатковай адукацыі. “Лічбавізацыя як адна з тэндэнцый развіцця дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі” стала тэмай выступлення С.У.Паўлоўскай, намесніка дэкана факультэта эканомікі і менеджменту БДЭУ. Пра формы і метады правядзення анлайн-навучання расказаў калегам Д.І.Прохараў, намеснік дэкана факультэта павышэння кваліфікацыі педагагічных работнікаў МГІРА.
Выступоўцы падрабязна спыняліся і на навукова-тэхнічнай творчасці навучэнцаў як форме прафарыентацыйнай работы, інавацыйных тэхналогіях анлайн-камунікацыі ўстановы дадатковай адукацыі ў сацыяльных медыя, інтэграцыі інтэрнэт-рэсурсаў у адукацыйны працэс. Ролю комплекснага адукацыйнага асяроддзя ў развіцці даследчай дзейнасці навучэнцаў у дзіцячым тэхнапарку абазначыла С.В.Вабішчэвіч, загадчык кафедры інфарматыкі і методыкі выкладання інфарматыкі БДПУ імя Максіма Танка. Змястоўным было выступленне М.М.Усцінава, дырэктара Аршанскага РЦТТДіМ. Заняткі ў яго ўстанове арганізаваны на базе створанай раней дзіцячай IT-акадэміі “КомпАС” (лабараторыі “Камп’ютарныя сеткі і тэлекамунікацыі”, “3D-мадэляванне і камп’ютарная графіка”, “Робататэхніка і нейрапілатаванне”). У бягучым навучальным годзе вядзецца работа па стварэнні сучаснай трасы для трасавых мадэлей. У аступным на ёй можна будзе праводзіць спаборніцтвы міжнароднага ўзроўню.
Пра праектную дзейнасць як кампанент арганізацыі інавацыйнай адукацыйнай прасторы ўстановы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі расказалі метадысты Вілейскага раённага цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Н.А.Сухан і В.В.Шостак. Так, аб’яднанне па інтарэсах “Займальныя доследы” стала асновай для стварэння адукацыйнага праекта “Планета навуковых цудаў”, накіраванага на развіццё пазнавальнай цікавасці навучэнцаў, папулярызацыю навукі і займальных, даступных і бяспечных доследаў. Па словах выступоўцаў, стварэнне відэаролікаў, удзел у конкурсах, правядзенне навукова-пазнавальных праграм “Навука — гэта цікава”, пабудаваных па прынцыпе навуковых шоу, навуковых кафэ, майстар-класаў і квест-гульняў, дапамагаюць удзельнікам праекта даведвацца пра ўзаемасувязь розных навук, развіваць эрудыцыю, уяўленне, назіральнасць, вучаць актыўнасці і ўзаемадзеянню. Юныя вучоныя ладзяць свае шоу на інтэрактыўных пляцоўках раённых мерапрыемстваў: конкурсу папулярызатараў навукі NAUKA+, кірмашу займальных эксперыментаў, фестывалю маладзёжных субкультур “Энергія маладосці”, фестываляў “Уха-фэст”, “Выбірай і рухайся!” і інш.
У межах канферэнцыі быў шырока прадстаўлены вопыт узаемадзеяння ўстаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі з сацыяльнымі партнёрамі. Так, Т.Н.Іларыёнава, загадчык аддзела Палаца дзяцей і моладзі “Золак” Мінска, расказала, як у іх арганізавана работа валанцёрскага атрада “Экалагічны патруль”, удзельнікі якога актыўна падтрымліваюць ініцыятыву супрацоўнікаў кампаній ТДА “Экалогія горада”, як распрацоўваюцца і рэалізуюцца праекты па ландшафтным дызайне і пераўтварэнні тэрыторыі ўстановы ў адзіны прыродна-адукацыйны комплекс “Зялёны горад”, пра адукацыйныя эка-квесты, якія традыцыйна праводзяцца на экалагічнай сцежцы ў мікрараёне Чыжоўка. Расказала яна і пра фарміраванне экалагічнай культуры навучэнцаў у межах рэалізацыі праекта “Золак за экалогію: думаць, даследаваць, дзейнічаць!”. Так, у палацы быў распрацаваны праект “Цудоўныя ўласцівасці вады” (займальныя віктарыны, пазнавальныя відэаролікі), праграма інфармацыйна-адукацыйнага курса “Экомир” для навучэнцаў школ Заводскага раёна Мінска і ПДіМ “Золак”, а падчас летняй аздараўленчай кампаніі быў рэалізаваны праект профільнага палатачнага аздараўленчага лагера экакірунку “Экалагічны экспрэс, або Круіз у лета”.
Пра партнёрства школ з турыстычнымі арганізацыямі ў інтарэсах дзяцей на прыкладзе работы Цэнтра дзіцячага (юнацкага) турызму і экскурсій расказала Н.Я.Куюзова, педагог-арганізатар Палаца дзіцячай (юнацкай) творчасці Уладзіміра (Расія). У мэтах атрымання зваротнай сувязі ад школ і дзяцей, супрацоўнікамі цэнтра быў арганізаваны гарадскі конкурс “Едзем з класам па Расіі” ў трох намінацыях: “Лепшы аповед пра паездку з класам”, “Лепшае апісанне славутасці”, “Лепшае рэпартажнае фота з месца падзей”. Так педагогі не толькі атрымліваюць водгук аб экскурсіі і сваёй рабоце, але і раскрываюць творчы патэнцыял школьнікаў, сістэматызуюць іх веды пра аб’екты роднага краю.
М.В.Камоцкі, кандыдат педагагічных навук, дацэнт кафедры педагогікі сацыякультурнай дзейнасці БДУКМ, загадчык аддзялення інавацыйнага развіцця Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі “Ветразь” Мінска, расказаў пра перавагі створанага на базе “Ветразя” філіяла кафедры педагогікі сацыякультурнай дзейнасці БДУКМ, у прыватнасці пра магчымасці мэтанакіраванай прафарыентацыйнай работы з патэнцыяльнымі абітурыентамі з ліку навучэнцаў установы дадатковай адукацыі, а таксама пра арганізацыю і правядзенне экзаменацыйных творчых паказаў студэнтаў кафедры на базе цэнтра, дзе яны могуць папрацаваць з рэальнай аўдыторыяй, што дазваляе павысіць якас ць атэстацыі студэнтаў па ўзроўні асваення вучэбных дысцыплін.
Удзельнікі канферэнцыі ўпэўнены, што вопыт, якім падзяліліся выступоўцы, ідэі і задуманыя праекты стануць новым вітком у развіцці сістэмы дадатковай адукацыі і ў Беларусі, і ў краінах-суседках.
Святлана НІКІФАРАВА.
Фота прадастаўлены Мінскім дзяржаўным палацам дзяцей і моладзі.