Сёння, у час небывалага ўзлёту камп’ютарных тэхналогій, рэдкая ўстанова дадатковай адукацыі не адчыніла для маленькіх наведвальнікаў дзверы сваіх IT-кузняў. І чым больш жадаючых выйсці на дарогу ў Сіліконавую даліну, тым менш застаецца жадаючых крочыць па сцежцы з фарбамі і тубусам. Пра тое, што знаходзяць для сябе сёння маленькія беларусы ў мастацкіх студыях, мы гутарым з мастацтвазнаўцам, педагогам Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі, заснавальнікам і кіраўніком народнай арт-студыі “Востраў” Юрыем ІВАНОВЫМ.
— Юрый Аляксеевіч, раскажыце, што сабой уяўляе сёння дзіцячае выяўленчае мастацтва? Ці ёсць за апошнія гады істотныя змены?
— На жаль, ніякіх прынцыповых змяненняў няма. Па-ранейшаму ў дзіцячым выяўленчым мастацтве галоўнай каштоўнасцю застаецца арыентацыя на “правільнае маляванне”. І тычыцца гэта сферы мастацкай адукацыі ўвогуле. У любым метадычным дапаможніку, часопісе, аўтарамі якіх выступаюць навукоўцы і педагогі, па-ранейшаму дзіцячая творчая работа суадносіцца ці з узорамі класікі, ці з народнымі традыцыямі — толькі не з аўтэнтычнай прыродай дзіцячага мастацтва, задачамі і спецыфікай творчага працэсу, асаблівасцямі дзіцячай псіхалогіі і эстэтычнага ўспрымання. Узнікае такое ўражанне, што сучасныя веды пра тэорыю і практыку мастацтва ўвесь час абыходзяць нас бокам. Гэта і сумна, і недарэчна асабліва тады, калі Беларусь пачала ўдзельнічаць у сучасных арт-праектах, у прыватнасці ў Венецыянскім біенале, дзе рэпрэзентуюцца інавацыйныя і самыя актуальныя формы візуальнага мастацтва.
— А што не дазваляе нам змяніць падыходы да выкладання жывапісу ў новым рэчышчы? Чаму ніяк не ўдаецца зірнуць на мастацтва па-новаму?
— Тут прычын шмат. І галоўная з іх — інфармацыйны вакуум. У двухмільённым Мінску ёсць толькі некалькі пляцовак для выстаў сучаснага мастацтва, ды і то іх магчымасці, на жаль, вельмі далёкія ад сучасных патрабаванняў экспаніравання. Дзеці ж з рэгіёнаў увогуле не маюць доступу да сучаснага мастацтва. Пры такой сітуацыі дзіцячыя мастацкія студыі, якія працуюць ва ўстановах дадатковай адукацыі, сталі тым выратавальным каўчэгам, тымі астраўкамі, дзе і ратуюцца крэатыўныя рабінзоны.
Па-другое, я не веру ў жыццядзейнасць нават самай эфектыўнай вучэбнай праграмы без гатоўнасці і ідэйнага дачынення да яе педагога. Многія студэнты профільных вышэйшых навучальных устаноў, якія прыходзяць да нас на практыку, ведаюць толькі імёны сваіх выкладчыкаў-мастакоў, зрэдку хто ўспомніць імёны мастакоў XX стагоддзя, абсалютна нічога не ведаюць пра кірункі, тэндэнцыі сучаснага культурнага жыцця.
Акрамя таго, неабходна мяняць ролю і значэнне мастацкай культуры і гуманітарнай адукацыі ў сацыякультурным асяроддзі. Даўно вядома, што прафесійныя поспехі і навуковыя дасягненні — гэта перш за ўсё вынік гуманітарнай сталасці, а мы на шляху да тэхнічнага прагрэсу бяздумна выкінулі са школьных сумак падручнікі па гісторыі культуры нашай цывілізацыі. Пазбаўляючы дзяцей гэтых ведаў, мы адразу робім іх неканкурэнтаздольнымі. Паглядзіце, дзеці ўжо не малююць ні Геракла, ні Афіну, яны не ведаюць антычнай міфалогіі, старажытнай архітэктуры, гісторыі тэатра і многага іншага, што магло б стаць крыніцай іх роздумаў, творчых ідэй і вобразных уяўленняў. Неяк я пачуў краем вуха, як дзеці малодшай групы гутарылі пра Мікеланджала, Рафаэля. Узрадаваны, прыбег паглядзець, хто гэтыя вундэркінды. Аказалася, што гэта была размова пра герояў мультсерыяла “Чарапашкі Ніндзя”. Так кур’ёзна, праз анімацыю, сённяшнія дзеці “знаёмяцца” з Адраджэннем.
— Ёсць падставы спадзявацца, што з вяртаннем прадмета “Сусветная мастацкая культура” ў школьную праграму сітуацыя выправіцца?
— Хочацца спадзявацца. Нездарма нават самыя вядомыя вучоныя заўсёды прызнавалі, што аднабокасць адукацыі на карысць дакладных навук — згуба для развіцця асобы. Нельга займацца ранняй спецыялізацыяй, асабліва ў дзяцінстве, небяспечна даваць дзіцяці пэўныя абстрактныя схемы, на якіх заснаваны дакладныя навукі. На мой погляд, вырашыць канфлікт “фізікі — лірыкі” дапаможа міждысцыплінарны падыход, таму пры распрацоўцы новай канцэпцыі СМК побач з вывучэннем гісторыі традыцыйных відаў мастацтва напоўную трэба выкарыстоўваць творчы патэнцыял сучасных мастацкіх практык з выкарыстаннем мультымедыйных інструментаў.
Праблема і ў тым, што за сем гадоў страчаны творчыя кадры, але на змену ім у школу могуць прыйсці маладыя спецыялісты: культуролагі, мастакі, рэжысёры, музыканты — усе тыя, хто, маючы творчыя амбіцыі, атрымае магчымасць і права пошуку новых форм эстэтычнага выхавання і мастацкай дзейнасці, зможа стварыць у сучаснай школе “закваску” здаровага, правільнага малявання.
— А што, на ваш погляд, называецца “правільным маляваннем”? Раскажыце, як вы будуеце сваю работу ў студыі з дашкольнікамі? Якімі прыёмамі карыстаецеся, якіх прынцыпаў прытрымліваецеся?
— Перш за ўсё хачу сказаць, што ні я, ні мае калегі, якія працуюць у цэнтры, не ставім мэтай перадачу выхаванцам пэўнага набору мастацка-тэхнічных навыкаў. Творчасць — гэта эфектыўны інструмент пазнання свету, якім прырода надзяліла нас ад нараджэння. У дзіцяці няма іншага спосабу расказаць пра сябе больш эфектыўна, чым праз малюнак. Так, калі музыкант садзіцца за раяль — словы не патрэбны, але ж яго яшчэ трэба было навучыць іграць. А тут першы раз прыйшоў, пачаў маляваць — і ты ўжо мастак.
Так, дзіця малюе па-свойму — спрошчана, брутальна, сімвалічна, часам наадварот — занадта дэкаратыўна, але ніколі так, як патрабуюць ад яго школьныя падручнікі. У дзіцяці свая логіка, а дарослыя не хочуць весці дыялог з дзіцем на зразумелай яму мове.
Мой галоўны прынцып — не шукаць у дзіцячай творчасці памылак. Акрамя таго, я не даю дзецям ніякіх прыёмаў, нават тэму мы з імі абмяркоўваем толькі тады, калі яны закончылі маляваць і ўжо ведаюць, пра што гаварыць. Маляванне — гэта ўнутраная самастойная работа дзіцяці, падчас якой яно ўсе хваляванні, патаемныя пачуцці выводзіць на паверхню аркуша. Дзіця захапляецца ўзаемадзеяннем фарбаў і спантанна ўзніклых форм, яно ўсё ва ўладзе гульні, у яго няма мэты. Нябачнае раптам становіцца бачным, набывае вобраз, і дарма, калі ён не знойдзе свой адпаведнік у рэальнасці. Увогуле, адлюстраванне рэальнасці не павінна быць задачай жывапісу, для гэтага існуе літаратура, паэзія. Гэта не значыць, што рэалістычна маляваць не трэба — рабіць гэта трэба інакш: не даказваць, што ты можаш дакладна адлюстраваць рэчаіснасць. Гэта дзеці і робяць, калі выяўляюць сутнасць, забываючыся пры гэтым пра дакладнасць аб’екта, малюючы не тое, што бачаць, а тое, што адчуваюць. Маленькі мастак намалюе мамін партрэт — і ўсе, хто яе ведае, здзівяцца, наколькі гэта будзе падобна на яго маму. Толькі гэта будзе не абалонка мамы, а яе сутнасць, якую сын змог выказаць інтуітыўна ўгаданай рысай, вядомай толькі блізкім людзям.
— Атрымліваецца, задача педагога — не вучыць, а не перашкаджаць? А як жа тады калякі-малякі ператварыць у твор мастацтва?
— Калякі-малякі — гэта і ёсць твор мастацтва. Дзіця ў паўтара-два гады бярэ аловак і пачынае малякаць: штрыхі-лініі згушчаюцца, потым яго аловак раптам прадзірае аркуш, дзіця заглядвае ў гэтую дзірку. Для яго аркуш — гэта мяжа, за якой адкрываецца новая нязведаная прастора, а аловак — сродак для яе пазнання. Малыш думае, што там, за аркушам, ёсць іншы свет — не ўсё тут так проста. Для нас яго малюнак, яго знакі на першы погляд бессэнсоўныя. Уявіце, што вы падарожнік і ідзяце па пустыні. Каб не заблукаць, вы ставіце меткі. Так і дзіця, падарожнічаючы па аркушы, пакідае свае меткі. Нядаўна адзін мой выхаванец намаляваў цудоўны яркі паравоз і раптам стаў бязлітасна пакрываць свой шэдэўр густой чорнай фарбай. Аўтар патлумачыў, што гэта “паравоз увайшоў у тунэль, і там стала цёмна і страшна”.
У адрозненне ад дарослага чалавека маленькаму бескарысліваму мастаку важны не столькі вынік яго працы, колькі сам працэс у выглядзе гульні-пазнання. І задача педагога — ахоўваць правы дзіцяці на творчую пазіцыю і выказванні ў любой мастацкай форме, фарміраваць іх аўтарскую годнасць і самастойнасць, патрэбу тварыць і ўмець прымаць меркаванне іншага.
— Я помню свае ўрокі малявання. Гэта было звыклым, калі настаўніца з пэндзлем пераходзіла па класе ад адной парты да другой і папраўляла, калі ў нас нешта не атрымлівалася.
— Рукі б адарваў! Бяда ў тым, што дастаткова адзін раз так “дапамагчы” — ў дзіцяці сфарміруецца комплекс няўпэўненасці, перакананне, што яно не зможа без настаўніцы маляваць правільна. Хаця ў вашай сітуацыі педагог выконвала свае абавязкі ў адпаведнасці з вучэбнай праграмай “правільнага малявання”, і яе інтарэс да мастацтва быў абмежаваны выключна гадзінамі педагагічнай нагрузкі.
Мы, дарослыя, павінны прывучыцца самі і прывучаць дзяцей да новых каштоўнасцей, да разумення, што мастацтва — гэта не толькі акадэмічны жывапіс. Мастацтва куды шырэй. Дзеці павінны ведаць, што не толькі рэпрадукцыі Васняцова і Шышкіна, вісяць ледзь не ў кожнай школе, маюць права называцца творамі мастацтва. Гэта толькі яго частка, яго былы перыяд. Свет наперадзе не толькі ў развіцці камп’ютарных тэхналогій, мабільнай сувязі, але і ў мастацтве. У мяне была выхаванка, якая малявала вельмі вольна і найбольш нагадвала стыль Пікасо. І калі яна стала падрастаць, неяк сказала: “Вось вы мяне хваліце, мне даюць узнагароды, а я была з настаўніцай у музеі, дзе выстаўляюцца сапраўдныя мастакі, і яны так, як я, не малююць”. І ў яе з’явіўся комплекс, быццам яна дрэнна малюе, і імкнулася навучыцца правільна маляваць. А калі яна вярнулася з Францыі, па якой тыдзень падарожнічала з бацькамі, аб’ехаўшы мноства музеяў, прыбегла ў студыю, знайшла ў сховішчы сваю папку і з крыкамі “Я малюю, як Пікасо!” пабегла да мальберта.
— Безумоўна, пашырэнне кругагляду ідзе на карысць, і відавочна, што гэтую задачу можна вырашыць толькі комплексна. Якім шляхам, на вашу думку, трэба рухацца наперад?
— Шмат чаго магло б змяніцца, калі б нашы дзеці і педагогі мелі магчымасць вывучаць сучасныя дасягненні сусветнай культуры, якія даступны іх равеснікам з Берліна, Парыжа, Варшавы і іншых гарадоў, глядзець сучасныя спектаклі, знаёміцца з праектамі-ідэямі мастакоў, архітэктараў, дызайнераў. Гэта ж так важна — бачыць сапраўдныя артэфакты, а не рэпрадукцыі. Але для захопленага чалавека, тым больш для прафесіянала, заўсёды ёсць альтэрнатыва — гэта кнігі, альбомы, інтэрнэт-парталы, на якіх прадстаўлены экспазіцыі музеяў, галерэй. Там “правільныя педагогі” могуць убачыць, як цудоўна “няправільна” малявалі Джота і Брэйгель, мастакі Паўночнага Адраджэння, майстры японскай гравюры “ўкіё-э”. Але тут многае вызначаецца асабістай інфармацыйнай мабільнасцю педагогаў, дакладней, яе адсутнасцю: мяне ўражвае поўнае іх раўнадушша да арт-падзей. Жыць і не зведаць гэтага багацця — гэта як быць каля мора, чуць плёскат яго хваль, але не акунуцца, не адчуць смак салёнай вады на вуснах.
— Вашы выхаванцы часта паспяхова ўдзельнічаюць у міжнародных конкурсах, ведаю, што вы часта іх суправаджаеце і, мабыць, сустракаецеся са сваімі калегамі? Раскажыце, як будуюцца адносіны з жывапісам, мастацтвам у еўрапейскіх школьнікаў?
— Якраз у Еўропе, дзе даўно склаліся традыцыі гарадскога культурнага жыцця, сітуацыя кардынальна іншая. Патрэба зносін у кавярнях, слухання музыкі ў храмах, паходаў на выставы і ў тэатр успрымаецца як неад’емная важная частка штодзённага чалавечага жыцця. У кожным горадзе, вялікім і маленькім, ёсць выдатныя музеі, і многія з іх бясплатныя ці прадастаўляюць для наведвальнікаў шмат ільгот. Музеі, асабліва навукова-тэхнічнага профілю, — інтэрактыўныя, з сучаснымі тэхналогіямі, і прынцып іх дзеяння — “чапаць рукамі абавязкова”. Школьнікі і студэнты шмат падарожнічаюць па свеце, валодаюць некалькімі мовамі, многае бачаць на свае вочы. Гэта тычыцца не толькі Еўропы. На першым Пражскім біенале я сустрэў групу японскіх падлеткаў. Аказалася, у іх ёсць дзяржаўная адукацыйная праграма, якая дапамагае школьнікам бліжэй знаёміцца з заходне-еўрапейскім мастацтвам. Мне давялося пагартаць падручнік-альбом для першага класа японскай навучальнай школы па гісторыі выяўленчага мастацтва, у якім ёсць літаральна ўсё: ад артэфактаў палеаліту і гравюр Хакусая да інсталяцый актуальнага мастацтва.
Канечне, пра ўсё гэта сёння нам застаецца толькі марыць. А значыць, працаваць трэба яшчэ больш. Успомнім эпізод з фільма Андрэя Таркоўскага “Ахвярапрынашэнне”: засохлае дрэва трэба ўсё роўна паліваць і верыць, што прыйдзе дзень, калі яно дасць новыя парасткі.
Гутарыла Святлана НІКІФАРАВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.