Школьная субота — словазлучэнне, якое для ўсіх ужо стала прывычным. Здаецца, не так даўно гэтае новаўвядзенне выклікала хвалю эмоцый як у педагагічным асяроддзі, так і за яго межамі. Сёння на многія пытанні ёсць адказы, пацверджаныя жыццём. У школу, дзе працуюць таленавітыя педагогі, дзеці не проста ідуць, яны прыводзяць з сабой бацькоў.
Нядаўна на базе Нацыянальнага дзіцячага аздараўленча-адукацыйнага цэнтра “Зубраня” прайшоў заключны этап конкурсу на лепшы праект па арганізацыі шостага школьнага дня. Нагадаем, што конкурс праводзіцца ў Беларусі ўжо ў чацвёрты раз. Сёлета яго фінал аказаўся надзвычай багатым на ідэі: педагогі і спецыялісты сістэмы адукацыі, якія сядзелі ў зале, літаральна канспектавалі арыгінальныя знаходкі і творчыя рашэнні сваіх калег.
Пра серыял у рэжыме анлайн і інтэрнэт-рэсурсы
Намінацыямі конкурсу сталі: “Выхоўваем патрыётаў Беларусі”, “Здароўе — гэта здорава!”, “Лепшая творчая ідэя па арганізацыі шостага школьнага дня”, “Лепшы інавацыйны праект”, а таксама “Ствары свой брэнд”.
Школьная субота, якая, па сутнасці, і стваралася для разгрузкі школьнікаў ад вучобы, для іх актыўнага адпачынку, знайшла сваё адлюстраванне ў праектах “ЗДРАВствуй!” сярэдняй школы № 4 Лунінца (Брэсцкая вобласць) і “Субота — гэта здораwwwа!” сярэдняй школы № 12 Светлагорска (Гомельская вобласць).
І калі першы праект, які стаў пераможцам намінацыі, уразіў серыялам у рэжыме анлайн, то другі — унікальным інтэрнэт-рэсурсам, які любы жадаючы можа знайсці па адрасе http://www.sv12school.of.by.
“Мы паставілі перад сабой задачу вывесці інфармацыйнае забеспячэнне шостага школьнага дня на якасна новы ўзровень, — адзначылі аўтары светлагорскага праекта. — Для гэтага стварылі вэб-рэсурс, якія будзе карысны школьнікам і іх бацькам, а таксама педагогам. У выніку наведванне рэсурсу педагогамі вырасла на 28 працэнтаў, школьнікамі — на 46 працэнтаў. 64 працэнты педагогаў сцвярджаюць, што атрымалі неабходную інфармацыю на старонках інтэрнэт-праекта. А большая палова бацькоў дзякуючы сайту стала цікавіцца школьным жыццём”.
Лунінецкі праект звяртаў на сябе ўвагу шырокай сістэмай міні-праектаў: “Прывітанне, чысты горад”, “Прывітанне, птушка гарадская”, “Прывітанне, цёплы дом” і інш. У аснове кожнага пректа — здаровы лад жыцця. Трапным акцэнтам прэзентацыі сталі вершаваныя парады на тэму захавання здароўя: “Жёлтая фанта — напиток для франта”, “Выпьешь фанту и смотри — растворишься изнутри”, “А теперь скажите нам, дяденьки и тёти, кто не злится никогда на своей работе?”. Увогуле гумарам былі прасякнуты вельмі многія прэзентацыі заключнага этапу, і гэта нядзіўна, бо ў “Зубраня” прыехалі тыя, хто выйшаў у фінал дзякуючы ўласнай творчасці.
Тагор, Пушкін, Купала, Гогаль, Андэрсэн…
Лепшым творчым праектам гэтага года і, адпаведна, пераможцай намінацыі “Лепшая творчая ідэя па арганізацыі шостага школьнага дня” стала работа аднаго з “мэтраў” конкурсу. Настаўнік англійскай мовы сярэдняй школы № 5 Салігорска Юрый Аляксандравіч Базыкін удзельнічае ў ім ужо чацвёрты раз, прычым сёлета зноў як аўтар конкурснага праекта. Нагадаем нашым чытачам, што ў мінулым годзе ён уваходзіў у склад журы.
Сёлетняя прэзентацыя салігорскай школы ператварылася ў сапраўднае тэатралізаванае шоу. Прычым, як прызнаецца сам педагог, гэта толькі вытрымкі таго маштабнага праекта, які на самай справе рэалізуецца ў навучальнай установе.
“Нам хацелася знайсці ідэю, якая адначасова вырашала б дзве асноўныя задачы — адукацыйную і выхаваўчую, — падкрэсліў Юрый Аляксандравіч. — Так узнік цыкл праектаў “Імёны”, дзе дзеці атрымліваюць веды ў вельмі цікавай форме, падчас нават не ўсведамляючы гэтага. Мы ўзялі за аснову такія вядомыя імёны, як Тагор, Пушкін, Купала, Гогаль, Андэрсэн, і пастараліся праз прызму іх жыцця і творчасці данесці да дзяцей простыя чалавечыя ісціны, уяўленне пра цэлую эпоху. На наш погляд, гэта арыгінальная ідэя шостага школьнага дня, і колькасць дзяцей, іх бацькоў і педагогаў, якія прынялі ўдзел у рабоце, пацвярджае гэта. Шкада адпускаць дзяцей у жыццё, не стварыўшы таго светлага і чыстага, што яны пранясуць з сабой праз гады. Маючы святло ўнутры, маючы любоў, яны будуць дарыць гэта іншым”.
Яшчэ адным праектам намінацыі, які звярнуў на сябе ўвагу, стала краязнаўчая гульня “Мой пасёлак: знаёмы незнаёмец”. Цікава, што яго аўтарам аказаўся навучэнец 11 “Б” класа Воранаўскай сярэдняй школы (Гродзенская вобласць) Руслан Зубель. У аснове праекта, які самі падлеткі называюць Сity style, — ідэя гарадскога арыентавання. Задача — прайсці па невядомым маршруце, звязаным з гістарычнымі месцамі. Арыенціры маршруту зашыфраваны ў легендах, і для таго, каб рухацца наперад, трэба сапраўды нядрэнна ведаць гісторыю роднага краю. Цікава, што заданні перадаюцца ўдзельнікам квэста на мабільныя тэлефоны пры дапамозе праграмы Skype. Як кажуць, усё геніяльнае проста!
“Давайце прызнаемся, спачатку ў нас былі самыя розныя адносіны да шостага школьнага дня, — адзначае начальнік аддзела ідэалагічнай і выхаваўчай работы Гродзенскага абласнога інстытута развіцця адукацыі Людміла Анатольеўна Кіўлюк. — Аднак такія праекты нават скептыкаў прымусілі б прызнаць, што там, дзе працуюць творчыя людзі, школьная субота ўдалася.
У спецыялістаў, якія сядзелі ў глядзельнай зале, і ў мяне ў прыватнасці, была магчымасць інтэрактыўнага галасавання. Кожны адзначаў той праект, які яму найбольш спадабаўся, і гэта таксама ўплывала на рэйтынг. Ідэя Руслана Зубеля не новая, моладзь і раней была знаёма з ёй, але па маршрутах бегалі недзе там, у сталіцы, у суседніх краінах, а не ў Воранаве. Хлопцу ж удалося зацікавіць мясцовую моладзь распрацаванымі легендамі і місіямі. І гэта сапраўднае дасягненне”.
Безумоўна, лепшымі ў сваіх намінацыях можна назваць літаральна ўсе праекты ўжо толькі таму, што яны прайшлі адбор на ўзроўні рэгіёнаў і трапілі ў фінал. Творчыя ідэі Ліноўскай сярэдняй школы Пружанскага раёна (Брэсцкая вобласць) “Фольк-кола “Лінаўчанка”, Глыбоцкай раённай гімназіі (Віцебская вобласць) “Мы — за энергаэфектыўнасць!”, Касцюковіцкай раённай гімназіі (Магілёўская вобласць) “Дзейнасць гімназічнай інфармацыйнай кампаніі “ШАНС” стануць тэмамі публікацый у наступным дадатку “Шосты дзень”. А праекты Салігорска, Воранава, а таксама Пінскага раёна Брэсцкай вобласці мы рады прапанаваць вам ужо сёння.
Школьнікаў Лідскага раёна будуць памятаць у 3013 годзе
Намінацыя “Выхоўваем патрыётаў Беларусі” аказалася адной з самых шматлікіх на конкурсе. Яе пераможцам сёлета названы праект “Скрыжаванні гістарычнай памяці” сярэдняй школы № 9 Рэчыцы (Гомельская вобласць). Хто такі патрыёт? На думку рэчыцкіх педагогаў, перш за ўсё той, хто мае за плячыма сілу і памяць папярэдніх пакаленняў. Памяць пра падзеі Вялікай Айчыннай вайны і подзвіг тых, хто ваяваў у Афганістане. Пра што думаў салдат — зусім яшчэ хлопчык, які і забыцца не паспеў пра сваю 9-ю школу, калі вызваляў сябра з палаючай машыны? Якімі былі яго апошнія думкі на чужой афганскай зямлі? Пра што думаюць сённяшнія хлопцы і дзяўчаты, калі даглядаюць пажылых людзей ці даследуюць храмы Рэчыцкай зямлі? У рэчыцкім праекце ўсе гэтыя пытанні вядуць на адно скрыжаванне, дзе адказ кожны з удзельнікаў суботніх мерапрыемстваў знаходзіць для сябе сам.
Для педагогаў і школьнікаў сярэдняй школы № 83 Мінска гэтая намінацыя мела крыху іншую накіраванасць. Акцэнтам іх школьнай суботы стала распрацоўка электроннай гульні “Перамога”, якая створана ў праграмнай абалонцы вядомай гульні “Хто хоча стаць мільянерам?”. Ганарацца школьнікі і сваім музеем баявой славы, які наведалі ўжо 12 тысяч гасцей, і не толькі з Беларусі, але і з Кубы, Швецыі, Аргенціны.
Цікавай падалася прэзентацыя навучэнцаў Ёдкаўскай сярэднай школы Лідскага раёна (Гродзенская вобласць) “Ля вытокаў ёдкаўскіх крыніц”. Па сцэнарыі адзін з ёдкаўскіх школьнікаў дзякуючы машыне часу знаёміцца з дзяўчынай па імені Алена, якая жыве ў 3013 годзе. Алена мала што ведае пра сваіх продкаў, і ёдкаўскія падлеткі вырашаюць дапамагчы ёй. За кароткі час яны прадэманстравалі Алене, як яе продкі ўмелі ткаць, гатаваць, плесці з лазы. Запрасілі госцю з будучыні на мясцовы кірмаш і паказалі ёй сем цудаў роднага краю. А ў рэальным жыцці ўсё гэта яны самі вывучаюць у школе ў суботні дзень. Як расказваюць дзеці, іх справы настолькі цікавыя, што нават з суседняй Польшчы прыязджаюць пазнаёміцца з іх праектам.
Таксама ў гэтай намінацыі былі прадстаўлены краязнаўча-экалагічны праект “Вывучэнне заходніх ваколіц горада Паставы” Пастаўскай гімназіі (Віцебская вобласць), праект “Веков связующая нить” Насовіцкай сярэдняй школы Добрушскага раёна (Гомельская вобласць), праект “РИТМ (Растим Инициативную Творческую Молодёжь)” Асіповіцкай гімназіі (Магілёўская вобласць).
У суботу займаемся бізнесам
Лепшым інавацыйным праектам па арганізацыі шостага школьнага дня стаў сацыяльны партнёрскі праект “Горад майстроў” сярэдняй школы № 8 Жодзіна. Цікавай знаходкай прэзентацыі стала з’яўленне на сцэне князя Багуслава Радзівіла. Колішні заснавальнік Жодзіна ўбачыў сваё тварэнне ў яго сучасным выглядзе. Навучэнцам 8-й школы сапраўды было што паказаць. Праект інтэр’ера для маладзёжнага цэнтра, афармленне сквера і ландшафтны дызайн тэрыторыі гарадской бальніцы, а таксама гарадскі пляж — уразілі не толькі Радзівіла, але і кампетэнтнае журы.
У Смалявічах па суботах дзеці займаюцца бізнесам. Менавіта тут працуе дзіцячая школа бізнесу “Крэатыў”, якая, па словах яе стваральнікаў, з’яўляецца ўнікальнай адукацыйнай тэхналогіяй. Як правільна скласці медыя-план? Чым попыт адрозніваецца ад прапанавання? Аб усім гэтым можна даведацца ў суботу, а таксама паспрабаваць сябе ў ролі фінансавага дырэктара, крэатыўнага дырэктара, дырэктара па будаўніцтве і інш. І ўсё гэта не проста прыгожыя назвы. За ідэямі і пасадамі стаіць некалькі сур’ёзных праектаў. Акцыя “Падары дзецям месца для гульні” можа стаць першым сацыяльным праектам падобнага роду ў Смалявічах. А вось праект стварэння пазлаў і настольных гульняў ужо часткова рэалізаваны — у Смалявіцкай раённай гімназіі створана гульня “Дарогамі продкаў”.
Арыгінальны інавацыйны праект “Праffстыль шостага школьнага дня” які высока ацаніла журы, быў прадстаўлены сярэдняй школай № 76 Мінска.
Разам з ужо названымі праектамі ў фінал намінацыі выйшлі праекты сярэдняй школы № 1 Смаргоні “Мы многае зможам, калі будзем разам” і сярэдняй школы № 14 Наваполацка “Фарміраванне мадэлі адукацыйнай прасторы, накіраванай на стварэнне ўмоў для развіцця дзіцячых і маладзёжных ініцыятыў”.
Ствары свой брэнд
“Ствары свой брэнд” — так называлася апошняя намінацыя конкурсу, у фінал якой выйшлі два праекты: “Вялікае сэрца маленькага беларуса” сталічнай гімназіі № 14 і “Сусветная цудоўная студыя “РазБег (развитие без границ)” гімназіі Крычава (Магілёўская вобласць). Пераможцам стаў праект мінскіх педагогаў і гімназістаў.
“Сёлетні конкурс яшчэ раз сведчыць, што шосты школьны дзень адбыўся, — падвяла рысу член журы і кансультант упраўлення сацыяльнай і выхаваўчай работы Міністэрства адукацыі Ларыса Васільеўна Емяльянчык. — Многія праекты адрозніваюцца крэатыўнасцю, сучасным падыходам, інавацыямі. Прыемна, што гэта адна з нямногіх творчых сустрэч, дзе на сцэну выходзяць не толькі педагогі, дзеці, іх бацькі, але і кіраўнікі школ і гімназій. Гэта значыць, школьная субота мае сур’ёзную падтрымку, у ёй зацікаўлены.
Конкурс захапляе, і мы бачым, што ў яго з’явіліся пастаянныя ўдзельнікі, такія як сярэдняя школа № 5 Салігорска, сярэдняя школа № 76 Мінска, сярэдняя школа № 83 Мінска. Уразіла, што многія праекты выйшлі далёка за рамкі шостага школьнага дня, і гэта, па сутнасці, цэлая сістэма выхаваўчай работы”.