Прыадкрыйце калядную скарбонку

Вось, нарэшце, і заканчваецца снежань. Яшчэ некалькі дзён — і перагорнем апошні лісток календара. А наперадзе — самае галоўнае свята. Толькі сёлета прырода не вельмі спрыяе навагодняму, зімоваму настрою. Замест санак і лыжаў на вуліцу мы бяром парасоны, замест скрыпучага снегу пад нагамі — лужыны. Які ж гэта Новы год з такім настроем? Якія ж Каляды? А вы пераскочце лужыны, згарніце парасоны і накіруйцеся туды, дзе пануе сапраўдная зімовая казка, дзе ўжо гучаць песні калядоўшчыкаў і дзе няма месца суму. У Нацыянальным цэнтры мастацкай творчасці дзяцей і моладзі 18-ты раз разгарнулася экспазіцыя Рэспубліканскай выставы-конкурсу дэкаратыўна-прыкладной творчасці навучэнцаў “Калядная зорка”.

Настройцеся на творчасць

На святочную атмасферу самыя юныя госці выставы настройваліся творча. Каб упрыгожыць ёлку, хлопчыкі і дзяўчаты прынялі ўдзел у майстар-класах педагогаў цэнтра па вырабе навагодніх цацак з саломы, лямцу, паперы, якімі потым і была ўпрыгожана імправізаваная ёлка. Акрамя навучэнцаў цэнтра і ўстаноў дадатковай адукацыі Мінска і Мінскай вобласці, на ўрачыстым адкрыцці выставы прынялі ўдзел іх бацькі і педагогі, а таксама прадстаўнікі клубаў ЮНЕСКА з Беларусі, Румыніі, Латвіі, Расіі, Польшчы, Малдовы, Чэхіі.
“Творчыя работы, прадстаўленыя на выставе, цудоўныя, — адзначыла, адкрываючы выставу, намеснік дырэктара НЦМТДіМ Кацярына Анатольеўна Кузьменка. — Здзіўляе шчырасць успрымання дзецьмі прыгажосці навакольнага свету, бязмежнасць дзіцячай фантазіі, смеласць у мастацкіх прыёмах і задумах. Радуе і тое, што ўсвядоміць свой творчы дар і здольнасці дзецям дапамагаюць сапраўдныя сябры — вопытныя педагогі”.
Павітаў гасцей і старшыня рэспубліканскага грамадскага аб’яднання “Беларуская асацыяцыя клубаў ЮНЕСКА” Дзмітрый Юр’евіч Субцэльны:
— Тэма нематэрыяльнай спадчыны, тэма захавання промыслаў, народных традыцый ніколі не страціць актуальнасці. Ва ўмовах глабалізацыі губляюцца народныя традыцыі, мова, парушаецца пераемнасць перадачы рамёстваў ад аднаго пакалення другому, таму задача цэнтраў дадатковай адукацыі, дзіцячых маладзёжных арганізацый, клубаў ЮНЕСКА захоўваць гэтыя традыцыі, каб кожны мог прыадкрыць для сябе скарбонку беларускай народнай культуры.
Парадаваў прысутных сваім выступленнем заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь ансамбль песні і танца “Зорачка” пад кіраўніцтвам А.М.Навіцкай з праграмай “Заходзьце да нас на Каляды”. Сапраўдным пагружэннем у чароўны свет Ражджаства Хрыстова стаў батлеечны паказ: лялечныя героі выхаванцаў ЦТДіМ Барысава расказалі, чаму менавіта ёлка стала сімвалам Новага года.

У зіму — з фотаідэямі

Пасля адкрыцця на выставе да позняга вечара было шумна: госці актыўна абмяркоўвалі паміж сабой, як змяніў экспазіцыю штучны снег, на што выгадна зроблены акцэнт у аўтара лямцавай ёлкі, як удала спалучылася скура з камянямі і шклом, за кошт чаго нядаўна створаныя ёлачныя цацкі выглядаюць як рарытэтныя.
Паміж сполахамі фотаўспышак маладой жанчыны Аксаны Клімчук, якая прыйшла на выставу з 6-гадовай Алінай, высвятляю, навошта ёй столькі фота. “Наперадзе выхадныя, будзе чым заняцца з дзецьмі: у нас часта збіраюцца сябры маёй дачкі, — гаворыць Аксана. — А ідэі ніколі не бываюць лішнімі. Канечне, паўтарыць складаную тэхніку мы наўрад ці зможам, але можна нешта перайначыць, нешта сваё дадаць”.
А ўзяць ідэі на выставе сапраўды варта. Яна ўвабрала ў сябе каля 450 творчых работ навучэнцаў з усёй краіны. Выкананы яны ў розных відах і тэхніках дэкаратыўна-прыкладной творчасці: выцінанка, саломапластыка, мастацкі роспіс, кераміка, вышыўка, ткацтва, габелен, аўтарская лялька, мяккая і ёлачная цацка.
“Трэба адзначыць, што сёлета шматлікія работы выкананы з нетрадыцыйных матэрыялаў, прычым відаць, што работы дзеці выконвалі самастойна, — гаворыць член журы і член Беларускага саюза мастакоў Эма Аляксандраўна Фокіна. — Гэта не можа не радаваць, бо раней было відавочна, што педагогі актыўна прыкладалі руку да дзіцячых работ. Не магу не выдзеліць узровень работ з Мінскай вобласці, якая апошнія гады на выставе нас не радавала. Сёлета на адборы, які праходзіў у Барысаве, было больш за 60 зацікаўленых педагогаў з Міншчыны. Яны вельмі стараюцца: дастаткова толькі нешта падказаць, накіраваць — і яны гатовы тварыць. І работы іх выхаванцаў склалі значную частку экспазіцыі. Напрыклад, яны прадставілі шмат дасканалых работ з пап’е-машэ. Сярод іх “Снягурачка” Лізаветы Саўчанка з народнай студыі “Арт-лялька” (ЦТДіМ Дзяржынскага раёна Мінскай вобласці). Ёсць цікавыя габелены, нягледзячы на тое, што гэта самая складаная для дзяцей тэхніка, бо патрабуе вытрымкі і ўседлівасці”.
Сёлета павялічылася і колькасць намінацый — іх ужо дзесяць. Хоць намінацыя “Ёлачная цацка” новая, у ёй было прадстаўлена шмат дастойных работ, выкананых са скуры, лямцу, нітак, бісеру, кардону. Цікавыя былі і ідэі падачы. Напрыклад, ёлка Вікторыі Масюковіч з ЦТДіМ Бабруйска Магілёўскай вобласці збіраецца як мазаіка, з вязаных кручком шароў.
Упершыню за многія гады прадстаўлена забытая тэхніка — набойка. Яе тэхналогія нагадвае батык — разагрэтыя фарбавыя сумесі наносяцца ўручную на тканіну тампонамі-квачамі. “Авечкі-воблачкі” — так назвалі сваю калектыўную работу ў гэтай тэхніцы выхаванцы аб’яднання па інтарэсах “Вясёлка” народнай скульптурна-керамічнай студыі “Крынічка” НЦМТДіМ. Вельмі прафесійна, па меркаванні журы, выкананы работы з гліны, якія прадстаўлены ў розных намінацыях.
Ёсць і элементы маскарадных і абрадавых касцюмаў. Цудоўную работу з лямцу — шапку калядоўшчыка “Каза” — зрабіла Дар’я Жукава, выхаванка народнай студыі “Крынічка” гімназіі № 3 Салігорска Мінскай вобласці.
Новая плынь — упрыгожваць вокны — таксама знайшла ўвасабленне ў работах. Мы ўжо прывыклі да каляровай ілюмінацыі: з надыходам Каляд яна становіцца ледзь не абавязковым атрыбутам для кожнага акна. Але заваражыць выпадковых прахожых можна і адмыслова: не мільгаценнем, а прасочваннем святла праз мудрагелісты ўзор на акне. Напрыклад, выхаванцы аб’яднання па інтарэсах “Народная крыніца” ЦТДіМ “Маладзік” Мінскай вобласці прапануюць выцінанку на шкле. Лізавета Захватошына з Мінскай дзяржаўнай гімназіі-каледжа мастацтваў прадставіла вітраж.

Знайдзіце новае ў традыцыйным

Пры тым, што экспазіцыя выставы аказалася вельмі яркай, цікавай, рухацца ёсць куды, — упэўнена журы. У прыватнасці, яно заклікае педагогаў больш актыўна звяртаць увагу на тэму казак, асабліва беларускіх народных, якія цяпер увогуле аказаліся па-за ўвагай. Побач з сюжэтнымі кампазіцыямі “Шчаўкунчык”, “12 месяцаў”, “Марозка”, “Снежная каралева” не аказалася ні адной беларускай казкі.
“На жаль, у школе ўвогуле мала ўдзяляецца ўвагі вывучэнню беларускай народнай казкі, — заклапочана Эма Аляксандраўна. — Падчас зносін з дзецьмі я часта сутыкаюся з тым, што яны нават назваць не могуць такія казкі. Таму ўдзел у выставе “Калядная зорка” мог бы стаць цудоўнай нагодай, каб акунуцца ў гэты сапраўды бязмежны свет. Хацелася б новых падыходаў і да стварэння віншавальных паштовак. Прычым гэта зусім не значыць, што яны павінны быць кардынальна іншымі. Тут варта пашукаць новае ў традыцыйным. Сёлета многія з прадстаўленых паштовак зроблены на заходні манер, з нагрувашчваннем самых розных матэрыялаў. І за гэтым пераборам часта губляецца ідэя. Тут можна эксперыментаваць з выцінанкай. Валерыя Русецкая з ЦТДіМ Барысава (Мінская вобласць) падышла неардынарна, выканаўшы паштоўкі з гліняным аздабленнем. Я ўпэўнена, у імкненні стварыць нешта прыгожае не абавязкова звяртацца да заходніх тэндэнцый — чэрпайце ідэі ў прызабытым”.
Дарэчы, пераможцы выставы-конкурсу па кожнай з намінацый ужо вызначаны — вынікі будуць прадстаўлены на сайце НЦТДіМ. На саму ж выставу прыйсці па ідэі і натхненне можна будзе ажно да канца студзеня. Акрамя таго, педагогі цэнтра падрыхтавалі для гасцей насычаную інтэрактыўную праграму, тэматычныя экскурсіі, віктарыны, гульні, можна будзе і самому пабываць у ролі калядоўшчыка. Самыя цікавыя і яркія дзіцячыя работы рэспубліканскай выставы будуць прадстаўлены і на тэматычнай экспазіцыі ў рамках рэспубліканскай дабрачыннай акцыі “Нашы дзеці” на навагоднім свяце ў Палацы Рэспублікі.

Святлана НІКІФАРАВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *

*