Шумныя і мнагалюдныя школьныя суботы, аздобленыя дзіцячым смехам, — лепшая ўзнагарода педагогу-арганізатару. Бо толькі прафесійна падрыхтаванае мерапрыемства шостага школьнага дня заінтрыгуе дзяцей і не дасць ім правесці гэты дзень седзячы каля экрана ці бадзяючыся па дварах. Чым напоўнены суботнія дні беларускіх школьнікаў? Як зрабіць пазнаваўчы праект цікавым? У якую “абгортку” можна “загарнуць” выхаваўчае мерапрыемства? На гэтыя пытанні далі свае адказы ўдзельнікі VIII Рэспубліканскага конкурсу на лепшы праект па арганізацыі шостага школьнага дня. Сёння вашай увазе прадстаўляем лепшы вопыт ад прызёраў і пераможцаў конкурсу.
Педагогі з Навагрудка ўдастоены гран-пры за свой раённы Google-праект шостага школьнага дня “#КУБ”. Яны прапанавалі юным жыхарам Навагрудчыны кожную суботу раскручваць куб, выбіраючы сабе тэматычныя заданні адпаведна кожнай з граней куба.
Менавіта выява і вобраз куба з яго шматграннасцю натхнілі на стварэнне праекта “#КУБ” яго аўтараў — Алену Міклаш, дырэктара, і Святлану Крынскую, загадчыка вучэбна-метадычнага кабінета Навагрудскага раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі. Фішка праекта ў тым, што ён аб’яднаў дзяцей і падлеткаў Навагрудскага раёна не толькі ў цэнтры творчасці, але і ў анлайн-прасторы.
Сотні хлопчыкаў і дзяўчынак атрымлівалі ад арганізатараў праекта анонс будучага суботняга дня і спасылку на Google-прэзентацыю. Анонс размяшчаўся на сайце цэнтра і на сайце праекта, а таксама ў месенджарах. Спасылка станавілася актыўнай непасрэдна па суботах. Куб як галоўны сімвал, як эмблема праекта быў на ўсіх віртуальных пляцоўках, а аб’ёмны драўляны куб — яшчэ і на рэальных, там, дзе ладзіліся мерапрыемствы афлайн. Хаця прысутнічаў ён і ў іншых варыянтах, напрыклад, на спаборніцтвах па спідкубінгу — зборцы кубіка Рубіка на хуткасць.
Як патлумачылі арганізатары, кожную суботу дзецям прапаноўваліся пэўныя тэматычныя заданні па кубаалгарытме, адпаведныя шасці граням куба. Так, грань праекта “Даведайся” — гэта прапанова паглядзець цікавыя ролікі, разам з роднымі і сваякамі знайсці адказы на пэўныя пытанні па тэме дня і інш., што спрыяла сумеснай творчасці і выхаванню культуры сямейнага вольнага часу. Грань “Навучыся” прапаноўвала дзіцяці на аснове атрыманых ведаў выканаць пэўнае заданне. Грань “Крытычна пераасэнсуй” фарміравала медыякультуру ўдзельнікаў, вучыла ствараць цікавыя матэрыялы для падачы аднагодкам. Грань “Увасоб” — гэта работа над стварэннем электроннага прадукту (фотакалажу, відэароліка, малюнка і інш.), сумеснай Google-прэзентацыі і інш. Грань “Навучы іншага” прапаноўвала ўдзел у чэленджах, інтэрнэт-гульнях, конкурсах і інш. Грань “Прэзентуй сябе” натхняла дзіця, выканаўшы заданні ў фармаце анлайн, прэзентаваць сябе ў інтэрнэт-прасторы і тым самым паглядзець на сябе збоку, атрымліваць прыемныя каментарыі ад педагогаў і аднагодкаў.
Па выніках сумеснай работы дзяцей ствараўся электронны рэсурс, напрыклад, відэавыстава малюнкаў “#Загадка_левітана”, электронная кніга “Ліст да восені”, электронны каталог рэкордаў і інш. Усяго ў межах праекта было створана і распаўсюджана 26 медыяпрадуктаў, якія захоўваюцца ў воблачных Google-сховішчах.
Дзецям найлепш даюцца творчыя заданні. Напрыклад, яны ўпадабалі выраб сувеніраў сваімі рукамі і пакрокавыя здымкі ўсіх этапаў работы, мантаж відэа і прасоўванне ролікаў у TikTok. Гэты актуальны кірунак ператварыўся ў новы сацыяльны праект — “Блогер-студыю”, дзе дзеці вучацца заяўляць пра сябе і пра свае захапленні, не баяцца прэзентаваць сябе.
Алена Раманаўна Міклаш рада, што гэты праект стаў настолькі папулярным у дзяцей: “Стартавалі мы са стварэння карціннай галерэі “Сакрэты Левітана” — малявалі залатую восень і адкрылі ў дзецях новыя таленты. Цікава прайшоў вечар “Нашы рэкорды”: напрыклад, мы зладзілі спаборніцтва ў зборцы кубіка Рубіка — спідкубінгу. Запомніўся ўсім і зімовы шосты школьны дзень “Зоркі, якія спяваюць”. Дзеці пабывалі ў ролі журналістаў, паэтаў, ілюстратараў кніг, вывучалі адметнасці роднай прыроды, гісторыю свайго краю і рабілі фота любімых мясцін, стварылі картатэку гульняў і весела праводзілі час з сябрамі, сваімі рукамі стварылі мноства самых розных сувеніраў і яшчэ шмат чаго цікавага. Мы хацелі, каб у першую чаргу да нас далучаліся дзеці, якія з-за пандэміі засталіся дома на ізаляцыі. І гэта нам удалося. Прыемна, што мы змаглі зацікавіць праектам не толькі дзяцей, але і іх сем’і. Знайшоў праект водгук і ў рабоце педагогаў: яны выкарыстоўваюць нашы віртуальныя рэсурсы ў сваіх выхаваўчых мерапрыемствах, на інфармацыйных і класных гадзінах”.
Усяго ў праекце прынялі ўдзел больш за 1700 навучэнцаў, 150 бацькоў і 220 педагогаў. Але відавочна, што гэта толькі пачатак.
Сам праект як раённы ўжо завяршыўся, але настрою спыняцца ў аўтараў няма. 25 верасня праект выйшаў ужо на рэгіянальны ўзровень. Так, кожную трэцюю суботу месяца да праекта далучаюцца навучэнцы ўсёй Гродзенскай вобласці. Фішкай “#КУБа” сёлета стане і тое, што кожную чацвёртую суботу будзе праводзіцца “#ПЕД_ КУБ” з агульнай назвай “Педагагічны бенефіс”.
Святлана НІКІФАРАВА.