Разам у свята

Летні адпачынак бывае розным, асабліва калі ён сямейны. Дзеці з бацькамі едуць на мора, адпачываюць у аздараўленчых лагерах, санаторыях, адпраўляюцца разам у лес, парк ці на вадаём. Але многія дзеці застаюцца ў горадзе, таму што бацькі працуюць або проста не маюць магчымасці нікуды выехаць разам. Як зрабіць летні адпачынак сямейным, ведаюць у сталічнай школе № 34. Сёлета тут стартаваў пілотны адукацыйны праект па эфектыўным узаемадзеянні з сям’ёй у летні перыяд “Рука об руку”, які дзейнічае з мая да канца жніўня.

Эксперымент

“Напрыканцы навучальнага года мы правялі маніторынг бацькоў і зразумелі, што вялікая частка нашых дзяцей, больш як 20%, летам знаходзіцца дома. Акрамя таго, мы звярнулі ўвагу, што асноўныя сацыяльныя праблемы сем’яў, пападанне дзяцей у крытычныя сітуацыі маюць месца менавіта ў летні перыяд. Хоць такіх выпадкаў і нямнога, але гэта тычыцца ўсіх сем’яў — як добранадзейных, так і тых, што знаходзяцца на розных катэгорыях уліку. Зразумела, з бацькамі мы вельмі цесна супрацоўнічаем на працягу навучальнага года, таму вырашылі правесці эксперымент і прыдумаць летні сямейны праект, які быў бы карысны ўсім”, — расказвае намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Наталля Уладзіміраўна Котава.

Дарэчы, праект “Рука об руку” стаў адным са складнікаў вялікага адукацыйнага праекта “Будучыня — гэта мы”, які дзейнічае ў школе з 2013 года. “Правая рука — гэта ўстанова адукацыі, педагогі, якія задаюць пэўны кірунак сумеснай рабоце і з’яўляюцца мадэратарамі, а левая рука — сям’я, якая дапамагае ажыццявіць ідэю”, — тлумачыць Наталля Уладзіміраўна.
Каб зрабіць праект больш эфектыўным, трэба было высветліць, якой дапамогі ад школы ў летні перыяд чакаюць самі бацькі. Мамы і таты ўдзельнічалі ў анкетаванні, дзе выказвалі сваё меркаванне аб тым, як школа можа заняць дзяцей. Да таго ж яны пажадалі атрымаць кансультацыі спецыялістаў у нефармальнай абстаноўцы, у тым ліку праблемныя кансультацыі, якія б тычыліся наркатычнай залежнасці і асноўных абставін, у якіх дзеці могуць паспрабаваць наркотыкі ў летні перыяд. Да таго ж кожны напісаў, што ён умее рабіць і чым сам мог бы дапамагчы школе. Гэты маніторынг бацькоўскіх пажаданняў дапамог педагогам школы скласці цікавую сямейную праграму на лета.

Асаблівая ўвага, па словах намесніка дырэктара, пры распрацоўцы праекта была звернута на катэгарыяльныя сем’і, якія звычайна складана далучыць да сумеснай дзейнасці. “Яны вельмі насцярожана адносяцца да мерапрыемтсваў, якія разлічаны толькі на іх катэгорыю. Гэта як нейкі штамп — “нядобранадзейная сям’я”, ад чаго ў бацькоў зніжаецца самаацэнка. Такім чынам, атрымліваецца канфрантацыя, якая, на жаль, існуе ў многіх установах адукацыі, калі “цяжкія” бацькі не маюць зносін з добранадзейнымі на працягу года. Тым не менш праблемы, якія патрабуюць нейкай псіхалагічнай дапамогі, могуць існаваць у любой сям’і. Галоўнае — даць магчымасць усім адчуць сябе патрэбнымі і ў рознай ступені рэалізавацца”, — упэўнена Наталля Уладзіміраўна.

Замест мерапрыемства — свята!

Для таго каб усе без выключэння маглі разняволіцца, трэба было прыдумаць штосьці нетрадыцыйнае. Рашэнне прыйшло само сабой: усе магчымыя формы ўзаемадзеяння педагогогаў з сям’ёй: бацькоўскія сходы, канферэнцыі, лекторыі, семінары, практыкумы, трэнінгі, кансультацыі і пасяджэнні — ператварыліся ў святы і агульныя творчыя справы. Куратарамі праекта сталі класныя кіраўнікі з усіх паралеляў з 1 па 11 клас — атрымалася так званая творчая група, якая своечасова магла інфармаваць бацькоў пра тое, што будзе адбывацца, і курыраваць працэс. Такім чынам, кожны клас ужо ў маі ведаў, што цікавае запланавана на лета, і пры жаданні мог выбраць занятак па душы.

“Справа ў тым, што мы нібы перасталі радавацца. У нас існуюць спартыўныя, інтэлектуальныя і іншыя МЕРАПРЫЕМСТВЫ. А павінна быць СВЯТА! Гэта асаблівая форма мерапрыемства. Свята можа быць абсалютна розным, але заўсёды аб’ядноўвае, уключае ў працэс падрыхтоўкі ўсіх, дае магчымасць рэалізавацца кожнаму. І дзеці, і бацькі, і педагогі развіваюць тут свае самыя лепшыя навыкі. Мы ўключаем у свята ўсіх педагогаў, бо не кожны можа прыйсці і сказаць, што можа зрабіць, напрыклад, папяровыя кветачкі для свята, спець ці станцаваць, не кожнае дзіця адразу скажа: “Я магу!” А свята аб’ядноўвае ўсіх. Увогуле мы плануем вялікі праект з МГІРА па арганізацыі і правядзенні ўнутрышкольных свят, таму “Рука об руку” — добры прыклад гэтага”, — расказвае намеснік дырэктара.Апошні званок для школьнікаў ператварыўся ў свята “Геаграфічная карта маёй радаслоўнай”. Адзін з навучэнцаў Аджар Чэвік, які штодзень на працягу года прыязджае на школьныя заняткі з Лагойска, на гэты раз вырашыў арганізаваць экскурсію па сваіх родных мясцінах. Жадаючых — і дзяцей, і бацькоў — сабралося больш за 30 чалавек. Крыніцы, маляўнічыя пейзажы і пах шашлыкоў надоўга засталіся ў памяці ўдзельнікаў сумеснага адпачынку.

Лета пачалося з гасцёўні “Сямейныя традыцыі”, дзе кожны жадаючы мог расказаць пра традыцыі сваёй сям’і. Прайшоў і конкурс сямейных летапісаў “Гэта мая гісторыя, мая радаслоўная”, на якім былі прадстаўлены не толькі друкаваныя, але і жывапісныя, графічныя і дэкаратыўна-прыкладныя работы, а таксама мультымедыйныя прэзентацыі, выкананыя дзецьмі разам з бацькамі. Дарэчы, асаблівым крытэрыем ацэнкі работ быў актыўны ўдзел усіх членаў сям’і — ад бабуль і дзядуляў да ўнукаў.

Сабрала ўсіх за кубкам гарбаты і сустрэча “Бабуліны пірагі”, для якой пірагі былі прыгатаваны па старадаўніх рэцэптах унукамі разам са сваімі бабулямі і прабабулямі. Падчас сустрэчы не толькі частаваліся, але і ўспаміналі цікавыя выразы, страшылкі, гулялі і, зразумела ж, абмяркоўвалі рэцэпты старадаўняй славянскай кухні. Творчы азарт захапіў дзяцей падчас конкурсу “Чатыры спосабы парадаваць маму”, вынікі якога будуць падведзены 1 жніўня. Задача ў тым, каб зрабіць нешта прыемнае для сваёй матулі, каб яна сапраўды здзівілася і парадавалася, а ў якасці доказу зняць гэты момант на відэа ці зрабіць фотаздымак.

Усё лета дзеці прыносяць сямейныя фотаздымкі, якія ў верасні з’явяцца на старонках “Майго сямейнага альбома” — яшчэ аднаго гістарычнага аб’екта ў школе. “Дзень нараджэння ў сям’і”, “Талісман і гараскоп сям’і”, “Сямейная кніга рэкордаў”, “Доўгажыхар сям’і” (кніга, цацка і г.д.), “Сямейныя захапленні”, “Вядомыя людзі сям’і”, “Тата можа ўсё, што хочаш”, “Наш дом — тэатр, музей, аранжарэя”, “Песні і казкі маёй бабулі”, “Самае ласкавае матуліна слова”, “Я ганаруся сваім дзедам!”, конкурс на самыя цікавыя матуліны натацыі і маралі — гэта яшчэ далёка не ўсё, што адбылося і запланавана ў школе на лета.

“Мы не абмяжоўваем навучэнцаў, яны могуць самастойна выбраць, дзе будуць прымаць удзел, але наша задача ў тым, каб і дзіця, і яго бацькі знайшлі сябе ў любой форме работы, — адзначае Наталля Уладзіміраўна Котава. — Не кожны можа пайсці да псіхолага са сваёй праблемай, а гэтыя мерапрыемствы могуць выступаць у якасці дыягноста. Літаральна адразу відаць, які настрой пануе ў сям’і, ці існуюць у ёй традыцыі і ўвогуле ці ёсць паміж дзецьмі і бацькамі душэўная блізкасць”.

Пра мастацкае і праблемнае

Аказваецца, сямейныя паходы ў тэатр могуць быць карыснымі не толькі ў культурным плане. Яны дапамагаюць асэнсаваць праблемы ў сям’і. У сувязі з гэтым бацькоў запрасілі на пастаноўку “Мой першы раз” у адным са сталічных тэатраў.

“У спектаклі разглядаецца праблема ранніх палавых сувязей, прычым вельмі далікатна. Сёння гэта актуальна, бо нярэдка дзяўчаты не могуць змадэляваць сваю жаноцкасць, свае сексуальныя паводзіны, падачу жаночага пачатку. І часцей за ўсё гэта прыводзіць да крайнасцей: або гэта свабодныя, незалежныя паводзіны, якія вельмі пужаюць бацькоў і педагогаў, або, наадварот, дзяўчына становіцца вельмі замкнутай. Менавіта гэтая пастаноўка дапамагла ўсім паглядзець на праблему знутры, а пасля спектакля мы яшчэ доўга ўсё абмяркоўвалі, — расказвае намеснік дырэктара школы. — Дагэтуль мы не маглі прыдумаць, з якога боку паглядзець на праблему сексуальных паводзін падлеткаў, планавалі запрасіць псіхолага-сексапатолага і ў нефармальнай абстаноўцы, напрыклад, на сумесным пікніку, абмеркаваць праблему. Але ж многія бацькі не гатовы пры ўсіх разважаць на гэтую тэму, таму спектакль трапіў у яблычак”.

Пікнік таксама адбыўся, на ім сабраліся ўжо дзеці разам з сацыяльным педагогам і псіхолагам, дзе тэму ранняга кахання яны разгледзелі з іншага боку. Настаўніца рускай мовы і літаратуры Ларыса Уладзіміраўна Салагубоўская змагла далікатна накіраваць гутарку менавіта ў літаратурнае рэчышча і расказала дзецям пра каханне ў літаратуры.

“Нам неверагодна пашчасціла, што адна мама, якая працуе ў сферы культуры і арганізацыі масавых мерапрыемстваў, дапамагла нам з запрашальнымі білетамі, і мы змаглі наведаць некаторыя цікавыя спектаклі і канцэрты. Разам з бацькамі мы хадзілі на пастаноўкі “Пара па парах”, “Блізкія людзі”, “Вячэра з Кірай Найтлі”, завіталі і ў Нацыянальны мастацкі музей на сімвалічную акцыю “Бывай, тысяча!”. У школе мы таксама працягнулі акцыю — зрабілі інфармацыйныя “грашовыя” калажы. Дзеці прыносілі купюры розных часоў, “купоны”, “вавёркі”, “зайцы”, манеткі, а гатовыя калажы мы выставілі на вуліцы каля школы”, — паведамляе Наталля Уладзіміраўна.

Трэба адзначыць, што бацькі разам з дзецьмі не толькі адпачываюць, але і дапамагаюць упрыгожваць прышкольную тэрыторыю. Побач з галоўным уваходам у школу раскінулася інсталяцыя Барбары Радзівіл, адзенне для якой рабілі самі бацькі, а потым разам з дзецьмі і педагогамі ўпрыгожвалі кветкамі. У кветках і ўся прышкольная тэрыторыя, якая імітуе Барбараўскі сад. Усё гэта — частка культурна-адукацыйнага праекта школы “Жаночымі сцежкамі гісторыі”. У рамках праекта напрыканцы ліпеня пройдзе сумеснае свята з бацькамі “Вянок жаночых лёсаў”, дзе таты і мамы выступяць у ролі вядомых гістарычных асоб.

“Праект “Рука об руку” пілотны і эксперыментальны, — адзначае намеснік дырэктара. — Справа ў тым, што мы хочам для сябе зразумець, ці можна зрабіць яго часткай нашай адукацыйнай сістэмы. Але я ўпэўнена, што ўсё атрымаецца, бо вялікія крокі ў згуртаванні бацькоў і дзяцей ужо зроблены”.

Людміла ГУРСКАЯ.
Фота з архіва школы.