Пяро акунаецца ў туш — і на шкло наносіцца контур дэталей будучай карціны. Абазначаны тонкай лініяй сюжэт майстрыха запаўняе гуашшу. Пэндзлік пырхае лёгка, упэўнена, надаючы аб’ёму аблокам, густаты — сакавітай траве, пышнасці — яблыневай квецені, імклівасці — рэчкам Муха і Вец. Марыя Кулецкая адзіная на Пружаншчыне мае званне “Народны майстар Рэспублікі Беларусь”. Яна разам з сотнямі школьнікаў адраджае амаль страчанае мастацтва — маляванкі на шкле. Гэтымі днямі ў музеі-сядзібе “Пружанскі палацык” майстар сустракае сваіх навучэнцаў на персанальнай выставе, прысвечанай яе 70-годдзю.
Вяртанне з нябыту
“Маляванкі на шкле я памятаю з дзяцінства. У нас іх называлі шклінкі-маляванкі. Мы з сяброўкамі ў дзяцінстве бегалі ў госці адна да адной і ў маіх Навасёлках, і ў суседніх вёсках. І там усюды шклінкі былі абавязковым атрыбутам. Часта і не адна, а па некалькі ў кожным пакоі. Кацяняты ў кошыках, дзяўчаты з галубамі ў руках, кветкі — тыя наіўныя сюжэты мне запалі ў душу з маленства, і сёння яны ў мяне стаяць перад вачыма. Нават традыцыйныя чорна-белыя фотаздымкі ў адной вялікай раме ў нас былі з роспісам: і вайсковыя, і вясельныя, і сямейныя. У такіх шклінках мастакі пакідалі пустымі месцы па памеры фотаздымкаў, змайстраваўшы для іх за шклом свайго роду кішэнькі. Старэйшыя гаспадары іх вельмі бераглі — нават калі шкло трэскалася, яго не знімалі са сцен. А маладзейшыя, відаць, палічылі, што гэтыя карціны выйшлі з моды і сталі іх адпраўляць на гарышчы. Я вырашыла, што гэтыя працы не павінны знікнуць, іх проста неабходна захаваць для будучых пакаленняў. Усё ж шклінкі-маляванкі — частка нашай культуры, аднак пра іх многія нават не чулі”, — расказвае Марыя Мікалаеўна.
Акрамя маляванак, у Марыі Мікалаеўны шмат іншых заняткаў. Яна тчэ, піша алеем, пляце з лазы і саломы, вышывае, робіць гліняныя свістулькі. Бо галоўная мэта, мара мастачкі — захаваць і перадаць нашчадкам майстэрства нашых продкаў. І тут яна ўпэўнена: не трэба абмяжоўвацца адным толькі відам творчасці.
Маляваць яна ўмела — з дзяцінства любую вольную хвілінку праводзіла з пэндзлем, ды мастацкі кошт такім рэчам ведала — за плячыма была адукацыя Бабруйскага мастацкага вучылішча. Засталося толькі аднавіць забытае рамяство. З экспедыцыямі і ў пошуках шклінак Марыя Кулецкая абышла ўсе Пружаны і навакольныя вёскі, была амаль у кожнай хаце.
“Я прасіла гаспадароў адшукаць шклінкі, і людзі ішлі насустрач — прыносілі старыя, пыльныя, часам пабітыя карціны. Сярод іх былі сапраўдныя шэдэўры! Я дэталёва вывучала, як яны рабіліся, якім быў фон, як і якімі фарбамі маляваліся, “фатаграфавала” іх вачыма, каб потым паўтарыць іх манеру, аднавіць тэхніку”, — успамінае Марыя Кулецкая.
А потым узялася сама за справу. Маляванкі яна не капіравала — толькі пераймала тэмы, асвойвала почырк народных мастакоў. Як і старыя майстры, у сваіх работах Марыя Мікалаеўна ў якасці падкладкі выкарыстоўвае фольгу, абавязкова камечаную. Некаторыя ўчасткі карціны можна пакінуць незафарбаванымі, і аснова, дзякуючы гэтаму, стане бліскучым упрыгажэннем. Менавіта так малюнкам па шкле даўней надавалі святочны выгляд. Кожную маляванку яна апраўляе чорнай рамкай, якую наносіць выключна пяром-зорачкай і чорнай тушшу.
“Чамусьці людзі блытаюць маляванку з вітражамі. Гэта зусім іншае. Тут вы на прасвет нічога не ўбачыце. Гэта карцінка, але па шкле. І літаральна пад кожны малюнак падкладвалася камечаная фольга. Яна магла быць фонам, а магла даваць колер коцікам, галубам і інш. А ўсе контуры былі намаляваны менавіта чорнай тушшу — не пэндзлем, а пяром, каб лінія была тонкай. А вось сам малюнак быў ад рукі — часта несіметрычны, часам не ідэальна роўны, маглі быць неаднолькавыя вочы, не пад капірку кветкі. І якраз гэта ажыўляла малюнак, гэтым прыцягвала”, — тлумачыць мясцовыя асаблівасці мастачка. — А што да фарбаў, то імі даўнейшыя мастакі не былі распешчаны: было ўсяго тры-чатыры колеры. І то былі толькі алейныя фарбы, якімі фарбавалі вокны і падлогу. Астатнія атрымаць дапамагала імправізацыя. Напрыклад, часта ў ход ішлі разведзеныя пакост і вохра. Але я не прымушаю дзяцей маляваць тымі фарбамі: яны вельмі доўга сохнуць. Таму фарбы выкарыстоўваем любыя: і вітражныя, і гуаш, і акрылавыя. А вось туш дзецям замяняць перманентным маркерам я не дазваляю — атрымліваецца зусім не тое”.
Работы Марыі Кулецкай як сімвал Беларусі, частачка яе Пружаншчыны цяпер захоўваюцца ў прыватных калекцыях Беларусі, Украіны, Расіі, Літвы, Польшчы, Германіі, Швецыі, Фінляндыі, Італіі. Чатыры карціны народнага майстра можна ўбачыць у дзяржаўных музеях Беларусі.
Тэмы работ майстрыхі таксама традыцыйныя: народныя абрады, кветкі, звяры і птушкі і, канечне, родныя пейзажы. Малюе яна і на біблейскія сюжэты, паказвае на шкле народныя абрады і мясцовыя архітэктурныя помнікі. Упэўненасці ў сваёй справе і натхнення Марыі Мікалаеўне надаў першы яе фестываль, у якім прыняла ўдзел у 1991 годзе. Там мастацтвазнаўцы і ўбачылі пружанскія шклінкі-маляванкі і параілі ёй працягваць гэтае мастацтва, адраджаць яго, каб вярнуць з нябыту.
Сярод паслядоўнікаў
Сёння некалі страчаныя традыцыі майстрыха ахвотна перадае вучням. Толькі-толькі яна пакінула кіраўніцтва студыяй “Шклінкі-маляванкі” ў раённым Доме культуры, дзе займалася каля сотні дзяцей. А падчас летніх канікул, калі да пружанскіх бабуль з’язджаліся ўнукі, колькасць вучняў у Марыі Мікалаеўны істотна павялічвалася. Цяпер справу майстра вядзе яе выпускніца Вера Воўчык.
Выстава М.М.Кулецкай у музеі-сядзібе “Пружанскі палацык” аб’яднала навучэнцаў і педагогаў многіх школ. Завітала сюды са сваім 3 класам і Аксана Аляксандраўна Клімава, настаўніца сярэдняй школы № 1 Пружан. “Так атрымалася, што клас у мяне сабраўся вельмі творчы: дзеці малююць, захапляюцца салома- і бісерапляценнем. Але, на жаль, у школе ў нас мастацкага аб’яднання па інтарэсах няма, таму па суботах мы часта запрашаем у школу на гадзіны творчасці Марыю Мікалаеўну ці ходзім самі да яе на заняткі ў студыю “Шклінкі-маляванкі”, наведваем яе выставы. Можа, гэта і лепш: што настаўнік гаворыць пра мастацтва, а што — народны майстар Беларусі! Такі чалавек у нас адзіны на ўвесь раён. Дзеці заўсёды ў захапленні ад сустрэч з ёй. Марыя Мікалаеўна ўмее сустрэць дзяцей, заўсёды іх пачастуе, зробіць ім на тварах аквагрым і, канечне, навучыць якому-небудзь адмысловаму рамяству”, — адзначыла А.А.Клімава.
“Працаваць з дзецьмі, радавацца іх поспехам, усведамляць, што ў нашых маляванак ёсць будучыня — самае цікавае ў маёй справе, — прызнаецца Марыя Кулецкая. — Хаця асвоіць яе не кожнаму проста. Самае складанае — навучыць маляваць у люстэркавым адбітку, бо мы малюем адваротны бок. Вось малюю я палацык — мне трэба ў галаве трымаць яго выгляд, а маляваць яго люстраны адбітак. Дзецям гэта не адразу даецца. Яны нават пішуць на карцінцы маме віншаванні з 8 Сакавіка як належыць”.
Марыя Мікалаеўна вучыла дзяцей літаральна ва ўсіх пружанскіх школах і гімназіі. Часта школьнікі прыходзілі да яе ў студыю. Суседнія вясковыя школы і цяпер запрашаюць на суботні дзень знакамітага майстра, каб яна навучыла іх свайму майстэрству. Вучыць маляваць на шкле яна і выхаванцаў сацыяльна-педагагічнага цэнтра Пружанскага раёна.
Майстрыха вучыць роспісу не толькі дзяцей, але і сваіх дарослых калег. Шмат гадоў запар яна праводзіла курсы і майстар-класы для педагогаў, кіраўнікоў студый народнай творчасці, раённага і абласнога цэнтраў творчасці ў Брэсце, а таксама ў Пружанах. Для тых педагогаў, якія захапіліся роспісам і захацелі арганізаваць гэты кірунак у сябе, яна з задавальненнем ладзіць больш разгорнутае навучанне, міні-курсы. Некалькі разоў падзяліцца такім рэдкім мастацтвам яе запрашалі і ў суседнюю Польшчу.
Нягледзячы на ўжо даволі сталы ўзрост, мастачка працягвае прымаць удзел у семінарах, прэзентацыях, рэспубліканскіх і міжнародных выставах, фестывалях і конкурсах. У яе скарбонцы — каля 70 грамат і дыпломаў! Але галоўнай узнагародай сталі тыя людзі, якіх ёй удалося зацікавіць сваёй справай. Сярод яе выпускнікоў больш за 10 чалавек выкладаюць роспіс па шкле ў розных установах адукацыі краіны. Яе дачка Ірына таксама ўлюбёная ў шкло. Яна скончыла Універсітэт культуры, дзе асвойвала роспіс па шкле, была стыпендыятам прэзідэнцкай прэміі па падтрымцы таленавітай моладзі, цяпер з’яўляецца членам Беларускага саюза майстроў народнай творчасці. Яна выкладала роспіс па шкле ў адной са школ Мінска, а цяпер працуе дызайнерам. Шклінкі ўпадабалі і яе ўнукі, сыны Ірыны. Нядаўна прыязджалі да бабулі, і тая падарыла ім пёркі для роспісу. 5-класнік Юрка паступіў у мастацкую школу і таксама марыць быць мастаком, як мама і бабуля.
Святлана НІКІФАРАВА.
Фота з архіва майстра.