Школа — самае канфліктнае асяроддзе?

Школьная медыяцыя — паняцце дастаткова новае для нашай сістэмы адукацыі. На практыцы гэта вырашэнне школьных канфліктаў з удзелам незалежнага трэцяга боку, а іменна медыятара, які кіруе зносінамі і перагаворамі, выступаючы за добраахвотнае прыняцце рашэнняў удзельнікамі спрэчкі. І, як заўсёды, новае выклікае больш пытанняў, чым адказаў. Быць ці не быць? Чым павернецца для практыкаў прыняты Закон “Аб медыяцыі”? Наколькі новы спосаб дапаможа ўплываць на сітуацыю ў адным з самых канфліктных асяроддзяў — у школе? Удзельнікі канферэнцыі “Дружалюбная школа для стабільнай будучыні”, якая прайшла днямі на базе філіяла Расійскага дзяржаўнага сацыяльнага ўніверсітэта ў Мінску, спрабавалі знайсці адказы на самыя набалелыя пытанні. Прычым асновай для прафесійнай размовы стаў не толькі беларускі вопыт медыяцыі, які ў нас пакуль зусім небагаты, але і вопыт замежных калег. А задумацца сёння, сапраўды, ёсць над чым.

“Пудзіла” ў кожнай школе

Што такое школьны канфлікт? Іншым разам, банальная дзіцячая спрэчка на тэму: той гэтага штурхнуў. А іншым, і трагічнае непаразуменне паміж пакаленнямі, паміж равеснікамі, якое прыводзіць да самага страшнага. Так ці інакш абысці тэму маскоўскага стралка на канферэнцыі не атрымалася, ды і не трэба было. Здаецца, не ў нас, у Маскве, але дзе гарантыя, што заўтра такое не здарыцца ў нас пад носам з нашымі дзецьмі. Калі гаварыць пра гэты канкрэтны выпадак, то не будзем займацца пошукамі вінаватых, заўважым толькі, што школа — далёка не апошні яго ўдзельнік.
“Як навучыць дзяцей спраўляцца з канфліктамі? Як правільна паводзіць сябе ў той ці іншай сітуацыі? — акцэнтавала кола пытанняў генеральны дырэктар грамадскага аб’яднання “Беларускі фонд SOS-дзіцячая вёска” Аксана Ялова. — Думаецца, такім рэчам дзіця павінны навучыць у сям’і. Аднак паездкі ў грамадскім транспарце нярэдка наводзяць мяне на думку, што не кожны дарослы можа справіцца з гэтай задачай. Звыклая для многіх агрэсія ў вырашэнні пытанняў знаходзіць сваё адлюстраванне і ў дзецях. За прыкладамі не патрэбна далёка хадзіць, я назіраю падобнае ў класе сваёй дачкі. І гэта не толькі беларуская рэчаіснасць. Нашы польскія калегі адзначаюць, што праблематыка, якая развіваецца ў вядомым савецкім фільме “Пудзіла”, характэрна сёння кожнай польскай школе”.
Медыяцыя, на думку спецыялістаў, эфектыўны і ў той жа час дастаткова просты шлях яе вырашэння. Быццам бы справа за малым: за прафесійнай цікавасцю з боку педагогаў і жаданнем дзяцей актыўна ўдзельнічаць у працэсе.
Бараўлянская сярэдняя школа стала адным з аб’ектаў укаранення медыяцыі. Аднак перш чым прыступіць да работы, спецыялісты правялі апытанне сваёй мэтавай аўдыторыі. І педагогі, і навучэнцы, і бацькі пацвердзілі: канфлікты — неад’емная частка школьнага жыцця. На жаль, іх вырашэнне дасягаецца нярэдка аўтарытарнымі, сілавымі прыёмамі. Пры гэтым большасць апытаных адзначылі, што хацелі б навучыцца вырашаць канфлікты правільна.
“Статыстыка нашых замежных калег сведчыць, што пры выкарыстанні медыяцыі 80 працэнтаў канфліктных сітуацый вырашаецца станоўча, — падкрэсліла вядучы спецыяліст па адукацыйных праектах грамадскага аб’яднання “Беларускі фонд SOS-дзіцячая вёска” Юлія Быкоўская. — Паколькі медыятарам можа быць любы настаўнік-прадметнік і вучань, гэта зніжае нагрузку на педагога-псіхолага. У той жа час медыяцыя заснавана на прынцыпе добраахвотнага звяртання за дапамогай”.
З улікам усяго гэтага былі распрацаваны адукацыйныя праграмы. Навучэнцы 5—11 класаў, іх бацькі і педагогі прайшлі падрыхтоўчыя трэнінгі, дзе пазнаёміліся з самім паняццем медыяцыі. Пасля чаго ў школе быў арганізаваны конкурсны адбор медыятараў з ліку дзяцей. Самым цікавым момантам работы стаў непасрэдна этап падрыхтоўкі.

Адзін у полі не воін

“Першая група медыятараў была падрыхтавана намі з дапамогай нямецкіх экспертаў яшчэ ў 2010 годзе, — адзначыла загадчыца лабараторыі медыяцыі і практычнай канфлікталогіі філіяла РДСУ ў Мінску кандыдат псіхалагічных навук Марына Бойка. — Тады мы рыхтавалі мультыплікатараў і былі ўпэўнены, што яны будуць працягваць гэтую тэму ў тым ліку і ва ўстановах адукацыі. І сапраўды нямала людзей распрацоўвала праекты службаў медыяцыі, але да рэалізацыі ідэй дайшлі далёка не ўсе. Сярэднія школы №№ 4, 6, 161 Мінска, школа № 19 Барысава… У некаторых школах службы і цяпер працуюць.
Здавалася б, чаму такая патрэбная ідэя не знаходзіць падтрымкі на месцах? Педагогі адзначаюць шэраг перашкод. Па-першае, пра медыяцыю па-ранейшаму мала хто ведае, а значыць, яна не выклікае поўнага даверу. Па-другое, адзін у полі не воін. Вельмі складана змяніць школьную рэальнасць, калі ты не знаходзіш падтрымкі ў калег і адміністрацыі. Па-трэцяе, сёння назіраецца недахоп праграм для падрыхтоўкі менавіта дзяцей-медыятараў”.
Яшчэ адзін важны момант, па прычыне якога пакуль“не працуе” ідэя цывілізаванага вырашэння канфліктаў, — без перабольшання, катастрафічная перагружанасць школы рознага роду мерапрыемствамі і справаздачамі пра іх. І тым не менш цікавасць да тэмы можна пацвердзіць, напрыклад, значнай колькасцю ўдзельнікаў канферэнцыі. Таму ініцыятары развіцця медыяцыі ў Беларусі ўпэўнена будуюць планы на будучыню: стварэнне згуртавання школьных медыятараў, зацікаўленых педагогаў і псіхолагаў; распрацоўка курсаў павышэння кваліфікацыі “Медыяцыя ў адукацыі”, а таксама праектаў, накіраваных на падтрыманне медыяцыі.

Эфект Люцыфера, або Як адмовіцца ад пакарання

Рустэм Максудаў, старшыня Усерасійскай асацыяцыі ўзнаўляльнай медыяцыі, шчыра прызнаецца, што пасля 16 гадоў адданасці гэтай справе пачаў глядзець на яе больш цвяроза і разумна. У рэшце рэшт грамадства само прыйдзе (ці ўжо прыходзіць?) да неабходнасці пераасэнсавання вырашэння рознага роду канфліктаў.
“Для мяне асабіста паказальным з’яўляецца адказ на пытанне: а самі медыятары звяртаюцца да паслуг медыяцыі ці не? — падкрэсліў госць канферэнцыі. — Калі людзі робяць гэта для іншых, але не робяць для сябе, значыць, гэта крывадушнасць. Я выкарыстоўваў дапамогу медыятараў у вырашэнні ўласных канфліктаў, бо веру ў тое, што раблю.
Цяпер у Маскве штогод праходзяць семінары і канферэнцыі па аналізе традыцыйных форм урэгулявання канфліктаў. Сёння мы гаворым пра ўзнаўляльную медыяцыю, аднак што гэта такое? Думаецца, яна пачалася з крытыкі той рэакцыі дзяржавы на злачынствы, якая з’яўляецца на гэты момант характэрнай для ўсіх краін свету. Пакаранне!
Вось вам просты прыклад. Я працаваў з падлеткам, які знаходзіўся у калоніі за забойства: ён спаліў бамжа. Мы запыталіся, як ён сябе адчувае пасля гэтага? Хлопец расказаў, што спачатку было вельмі страшна і дрэнна, яму сніліся кашмары. А калі трапіў у калонію, усё, па вялікім рахунку, нармалізавалася, бо яго артыкул тут аўтарытэтны і яго паважаюць. Атрымліваецца, большасць людзей, якія нясуць пакаранне, адчуваюць цярпімасць з боку грамадства.
Істотна новым падыходам мне падаецца адмаўленне ад пакарання і адмаўленне ад таго, што гэта норма. Калі здараецца злачынства, шкода пацярпеўшага боку можа і павінна быць кампенсавана, хоць гэта бывае і неверагодна цяжка. Такім чынам, у аснове павінна ляжаць не пакаранне, а загладжванне віны, разуменне злачыннасці сваіх дзеянняў, а паколькі ў канфлікце ахвярамі сябе нярэдка адчуваюць абодва бакі, то і магчымасць выказацца. Гэта і з’яўляецца мэтай узнаўляльнай медыяцыі”.
У якасці аргумента Рустэм Максудаў прывёў прыклад знакамітага стэнфардскага эксперымента, які апісаны ў кнізе “Эфект Люцыфера. Чаму добрыя людзі ператвараюцца ў злодзеяў” Філіпа Зімбарда. Эксперымент уяўляў сабой псіхалагічнае даследаванне рэакцыі чалавека на абмежаванне свабоды. Добраахвотнікі ігралі ролі ахоўнікаў і зняволеных і жылі ва ўмоўнай турме, створанай у падвале факультэта псіхалогіі. У ходзе эксперымента пачалі ўзнікаць па-сапраўднаму небяспечныя сітуацыі, а ў кожным трэцім ахоўніку выявіліся садысцкія схільнасці. Зняволеныя былі моцна маральна траўміраваны. Эксперымент быў завершаны раней тэрміну.
Калі вярнуцца да школьнай медыяцыі, то, на думку Рустэма Рамзіевіча, дарослыя могуць атрымаць доступ да кіравання дзіцячымі згуртаваннямі, бо далёка не ўсе школьнікі хацелі б трапіць у сітуацыю, апісаную ў рамане Уільяма Голдзінга “Валадар мух”.
Наталля Кутузава, старшы навуковы супрацоўнік Інстытута філасофіі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, кандыдат філасофскіх навук, звярнула ўвагу ўдзельнікаў канферэнцыі на латэнтную канфліктнасць, якая заснавана на этнічных і рэлігійных фактарах і таксама мае месца ў сучаснай школе. Школьную медыяцыю яна назвала спрыяльным спосабам у абвяржэнні этнічных і рэлігійных дзіцячых стэрэатыпаў.

Закон “Аб медыяцыі” і ментальны бар’ер

Практычная частка канферэнцыі ўключала ў сябе майстар-клас “Школьная медыяцыя ў дзеянні”, “Рlayback-тэатр”, а таксама дыскусійную пляцоўку “Развіццё школьнай медыяцыі ў Беларусі”. Якраз у рамках апошняй, дзе выказаць свае меркаванні маглі ўсе жадаючыя, было вылучана яшчэ некалькі важных момантаў. Напрыклад, прызнанне прафесійнага статусу медыятара, якога пакуль няма ў Беларусі. Ды і наколькі ён патрэбны? Закон “Аб медыяцыі” пры адпаведнай унесенай папраўцы можа толькі абцяжарыць медыятараў дадатковай папяровай справаздачнасцю. Да таго ж, наколькі мы гатовы сёння вырашаць свае канфлікты пры ўдзеле пасрэдніка. Не так проста пазбавіцца ад падобнага ментальнага бар’ера. І ўсё ж… Самае страшнае “прачнуцца” тады, калі нежаданне зразумець іншага стала нормай, калі трагедыя, якую можна было папярэдзіць, ужо адбылася, калі ахвяра ці злачынца — гэта ваша дзіця.

 

Наталля АЛЁХІНА.