Танцавальная сям’я

Танцавальна-спартыўны клуб “Максіма” сталічнага Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі “Арт” яшчэ зусім юны, але на рахунку яго ўдзельнікаў ужо дзясяткі буйных перамог. А ў мінулыя выхадныя ў іх скарбонку дадаліся яшчэ і 2 залатыя медалі, якія яны заваявалі на Міжнародных спаборніцтвах па танцавальным спорце “Кубак Трыяды — 2021”.

“Першых сваіх навучэнцаў я набраў адразу пасля ўніверсітэта культуры і мастацтваў, у 2017 годзе, калі прыйшоў працаваць у “Арт”. Спачатку гэта было проста аб’яднанне па інтарэсах “Спартыўны бальны танец”, але і з ім мы паспяхова выступалі на конкурсах, чэмпіянатах. І толькі ў мінулым месяцы мы сталі называцца танцавальна-спартыўным клубам “Максіма”, каб выступаць пад іменем, каб нас пазнавалі і ведалі”, — знаёміць з пакуль яшчэ кароткай гісторыяй клуба яго кіраўнік Максім Валер’евіч Юшкевіч.

Элегантнасць венскага вальса і харызматычнасць самбы, энергія дыска і запал ча-ча-ча, тэхнічная выверанасць джайва і лёгкасць квікстэпа… Гэта і не толькі становіцца азбукай танца і часткай жыцця для амаль сотні навучэнцаў “Максімы” ва ўзросце ад 4 да 12 гадоў.

Менавіта такі юны ўзрост навучэнцаў найбольш бянтэжыў Максіма Юшкевіча напачатку.

“Я яшчэ студэнтам працаваў з дарослымі — ставіў танцавальныя пастаноўкі, вясельныя нумары і інш. Мне было камфортна, зручна. Я не ўяўляў, як бы я працаваў з дзецьмі. Але аказалася, я баяўся дарэмна, — прызнаецца педагог. — Так, з імі бывае няпроста, асабліва з 4-гадовымі малышамі, але тут усё залежыць ад характару педагога. Я сам спакойны, ураўнаважаны, мяне цяжка вывесці з сябе, таму мне з імі проста. Іх гарэзлівасць, няўседлівасць я накіроўваю ў мірнае рэчышча. А можа, справа ў тым, што я проста люблю дзяцей, і таму мне проста знаходзіць з імі агульную мову?”

Для многіх навучэнцаў становіцца вырашальнай і асоба педагога. Максім Юшкевіч шмат танцаваў з дзяцінства і працягвае займацца гэтым зараз. Уваходзіць у склад нацыянальнай зборнай Рэспублікі Беларусь па танцавальным спорце, майстар спорту. Амаль кожны танец у яго пастаноўцы становіцца шэдэўрам, а іх відовішчнасць, тэхнічную выверанасць адзначаюць не толькі гледачы, але і прафесійнае журы. Толькі ў мінулым годзе 11 яго навучэнцаў сталі прызёрамі і пераможцамі рэспубліканскіх спаборніцтваў па танцавальным спорце “Лютаўскія мяцеліцы”. Гэтай вясной на чэмпіянаце і першынстве Рэспублікі Беларусь па танцавальным спорце 9 дзяцей заваявалі 2 залатыя медалі, 2 — сярэбраныя і 1 “бронзу”. Цяпер жа на міжнародных спаборніцтвах “Кубак Трыяды — 2021” перамогу атрымалі пары Ганны Крачко — Мікіты Алексніна і Веранікі Хаменка — Уладзіміра Герлоўскага.

У чым сакрэт такога поспеху? Як удалося юным танцорам так імкліва вырвацца ў лідары?

Педагог тлумачыць так: “Я стараюся надаць сваім навучэнцам упэўненасці перад кожным выступленнем. Мае дзеці ведаюць, што яны самыя лепшыя, што пры жаданні пераўзыдуць любога і што нават самы буйны чэмпіянат не прычына для хваляванняў. А яшчэ яны ведаюць, што, нават калі нешта не атрымаецца, яны ўсё роўна для мяне застануцца самымі лепшымі. Ды і самі ўзнагароды для нас — стымул, але не самамэта. Для мяне куды больш значна, што нам удалося стварыць адну вялікую танцавальную сям’ю. Усе сябруюць паміж сабой, пасля заняткаў сустракаюцца разам гуляюць, тэлефануюць адно аднаму. Для мяне важна не толькі прывіць любоў да танца, але і навучыць іх сябраваць”.

Святлана НІКІФАРАВА.
Фота з архіва Максіма Юшкевіча.