Па знешнім выглядзе гэтая гульня нагадвае шашкі. Пакуль не пазнаёмішся з ёй бліжэй. Даведаўшыся правілы, разумееш, што перад табой незвычайныя, але шахматы, у якіх разыгрываецца баталія дзвюх армій фігурак.
Коні, гарматы і бітвы мацнейшых
Сёння гэтая гульня з’яўляецца адной з самых папулярных у свеце. У Беларусі сянцы, а менавіта так называюцца кітайскія шахматы, пакуль яшчэ новы спартыўны кірунак. Але толькі не ў Першамайскім раёне сталіцы, дзе ў гэтым годзе гульцоў у сянцы сярод школьнікаў налічваецца больш за 100. Навучанне праводзіцца ў Фізкультурна-спартыўным цэнтры дзяцей і моладзі Першамайскага раёна Мінска, а таксама ў пачатковай школе № 198, сярэдняй школе № 93 і гімназіі № 11. Гадуе будучых і дзеючых чэмпіёнаў педагог дадатковай адукацыі фізкультурна-спартыўнага цэнтра Андрэй Іванавіч Каспяровіч.
ДАВЕДКА
Наконт паходжання гэтай незвычайнай для беларусаў гульні ёсць два меркаванні: заходнія даследчыкі лічаць, што прамаці ўсіх шахматных гульняў — старажытнаіндыйская гульня чатуранга. А вось у кітайцаў ёсць іншае меркаванне. Яны перакананы, што сянцы з’явіліся раней за чатурангу, прыблізна 3,5 тысячы гадоў назад. Дакладна невядома, хто мае рацыю, але тое, што гульня не саступае ў працягласці існавання шахматам — факт.
“Заўсёды быў аматарам шахмат. Гадоў 20 назад зацікавіўся іх усходнімі відамі — сёгі і сянцы. Але выбраў для больш глыбокага вывучэння першыя, таму што здаліся мне больш перспектыўнымі. Пасля зразумеў, што дарма не даў старажытнай і мудрай гульні шансу мяне захапіць, пачаў гуляць у сянцы. І з цягам часу захапленне перарасло ў справу жыцця — ужо трэці год выкладаю сянцы дзецям”, — расказвае пра выбар віду спорту Андрэй Іванавіч.
“Я гуляў у многія віды шахмат і адзначу, што кітайскія для мяне найбольш цікавыя. З пункту гледжання спартсмена, скажу, што асаблівасць гульні ў тым, што, у адрозненне ад звычайных шахмат, тут многае вырашае ўзаемадзеянне фігур. Калі ў звычайных шахматах самая моцная фігура, ад якой шмат залежыць, — гэта ферзь, то ў кітайскіх шахматах такой фігуры няма. Вырашальным з’яўляецца работа групы фігур і іх узаемадзеянне. Намнога больш багатая гульня і ў плане тактыкі. Трэба прытрымлівацца балансу атакі і абароны: атакаваць, не забываючыся пра абарону, і абараняцца, выкарыстоўваючы пры магчымасці контратакі,— тлумачыць асаблівасці сянцы трэнер. — Дзяцей жа прыцягвае незвычайнасць, вобразнасць сянцы: на дошцы ёсць рака (спецыяльны ўчастак пасярэдзіне, які падзяляе поле на два лагеры — чырвоных і чорных), палацы — такія тэрыторыі на дошцы, на якіх на працягу ўсёй гульні знаходзяцца фігуркі караля і двух дарадчыкаў. Ёсць цікавыя фігуры гармат, якія могуць пералятаць праз іншыя. Гэтая казачнасць вобразаў адразу зачароўвае юных аматараў шахмат”.
Гульня сапраўды нагадвае бітву з удзелам генералаў, дарадчыкаў, сланоў, коней, ладдзей, гармат і пяці пешак. У кожнага гульца па 16 фігурак. На фігурках намаляваны іерогліфы, якія абазначаюць іх назву. Дарэчы, па словах педагога, дзецям запомніць назвы фігур удаецца лягчэй за дарослых дзякуючы простым асацыяцыям, якія яны прыдумваюць для таго ці іншага іерогліфа. Фігуркі ставяцца на перасячэнні ліній, а не на клетачкі. Выхаванцам педагог тлумачыць, што гэтыя лініі — рэйкі метро, па якіх перамяшчаюцца фігуры. Побач з ладдзямі стаяць коні. Як і ў звычайных шахматах, гэтыя фігуркі скачуць літарай “Г”. Але механізм іх скачкоў крыху іншы. Педагог зноў звяртаецца да вобразнасці: ёсць плот, побач стаіць конь. Ці можа конь адразу пераскочыць плот? Не, для гэтага патрэбна разагнацца. Такім чынам, на дошцы конь разганяецца па рэйках і пасля па дыяганалі пераскоквае на адно поле. Няма дзе разагнацца — няма і перамяшчэння фігуры. Наступная фігура на дошцы, слон, мае такую ж асаблівасць, як і конь. І яшчэ адна вобразная спасылка для дзяцей — слон не можа перасякаць раку (сярэдзіну дошкі): рака глыбокая, а слон цяжкі, патануць не хоча, таму ў раку не лезе. Калі растлумачыць механізм перамяшчэння фігурак па полі такім чынам, кітайскія шахматы не толькі дзецям, але і дарослым падаюцца нават лягчэйшымі за класічныя.
Кацярына Аляксандраўна, маці Канстанціна і Мікіты Задарожных:
“Абодва мае сыны пайшлі займацца сянцы ў мінулым годзе. На чэмпіянаце Беларусі па сянцы малодшы заняў 2-е месца сярод дзяцей да 8 гадоў і такім чынам стаў самым малодшым прызёрам. Наш трэнер геніяльна заахвочвае дзяцей, сам займаецца арганізацыяй турніраў, актыўна вядзе старонкі ў сацыяльных сетках, прысвечаныя навучанню сянцы, пастаянна адпісваецца пра вынікі дзяцей у бацькоўскай групе. А вынікі яго работы ўжо бачны не толькі ў спорце: напрыклад, малодшы сын перастаў спяшацца, рашаючы задачы па матэматыцы, пачаў разлічваць стратэгію рашэння ў галаве і даваць абдуманы адказ”.
Лабірынты і танцы ў палацы
“Самае важнае, што робяць кітайскія шахматы, — вучаць дзяцей думаць, не карыстаючыся падказкамі і парадамі іншых, — перакананы педагог. — Гэта не проста гульня, а мысліцельны працэс, падчас якога мозг атрымлівае добры трэнінг. Таксама сянцы вучаць прымаць рашэнні і несці за іх адказнасць, умець аналізаваць сітуацыю, ставіць і дасягаць мэты”.
Дзяўчат у гэты від спорту прыходзіць менш за хлопчыкаў. У гэтым годзе іх прыблізна трэць ад агульнай колькасці гульцоў. Андрэй Іванавіч тлумачыць гэта тым, што стратэгічныя віды традыцыйна карыстаюцца большым попытам у мужчынскай паловы чалавецтва. Большасць выхаванцаў — вучні пачатковых класаў. Да іх у педагога асаблівы падыход у навучанні. “Любая гульня павінна выконваць дзве функцыі — спартыўную і развіццёвую. Я стараюся асабліва засяроджваць увагу на другой. Ці будуць мае выхаванцы далей займацца прафесійна гульнёй — пакажа час. Але калі зараз яны зацікаўлены сянцы, значыць, на гэтым этапе гульня павінна прынесці ім карысць, развіццё. На занятках яны крыху знаёмяцца з гісторыяй і філасофіяй Кітая, закладзенай у шахматах. Даведваюцца, што рака з’явілася на дошцы невыпадкова: такім чынам кітайцы ўвекавечылі рэальны гістарычны момант сваёй краіны — даўнюю вырашальную бітву на рацэ”.
Малодшыя школьнікі трэніруюць памяць, развіваюць чытацкія навыкі і замацоўваюць веды аб шахматах, развучваючы спецыяльныя вершы, праз якія запамінаюць размяшчэнне фігур на дошцы, назвы гэтых фігур, магчымасці іх руху па дошцы і г.д. Іх педагог дае ў якасці дамашніх заданняў. Яшчэ адно развіццёвае практыкаванне, якое любяць усе без выключэння юныя шахматысты, — лабірынты, якія Андрэй Іванавіч будуе ім на шахматнай дошцы. Лабірынт па правілах перамяшчэння павінна прайсці пэўная фігура. Пасля заданні ўскладняюцца — патрабуецца прайсці лабірынт з “вартавымі” — іншымі фігурамі, якія кантралююць пэўныя лініі руху. Такім чынам педагог трэніруе ў дзяцей уменне бачыць цалкам усю дошку і пагрозу, якую нясуць у сабе фігуры праціўніка, прымаць правільнае рашэнне. Гэтыя практыкаванні выдатна “пракачваюць” і геаметрычнае мысленне. Дзевяцікласніцы, навучэнкі Андрэя Іванавіча, прызнаюцца, што, дзякуючы “лабірынтаваму трэнінгу”, школьны курс геаметрыі даецца ім лягчэй.
“Яшчэ адно з любімых дзецьмі практыкаванняў я называю “Танцы ў палацы”. Яно заключаецца ў тым, што шахматысту трэба ў межах тэрыторыі, адведзенай на дошцы пад палац, перавесці па шахматных правілах каня з аднаго вугла ў супрацьлеглы, або, калі ўскладняць заданне, памяняць фігуркі коней месцамі. Такія практыкаванні прымушаюць дзяцей працаваць творча, трэніруюць запамінанне геаметрычных і прасторавых асаблівасцей руху фігур. Падчас партыі з сапернікам навыкі абавязкова ўсплывуць у памяці”, — расказвае педагог.
Дамашнія заданні Андрэй Іванавіч размяшчае ў сацыяльных сетках, якія актыўна вядзе. Для пошуку рашэнняў на іх не патрэбна нават шахматная дошка. Калі ёй усё ж прыходзіцца скарыстацца, каб паспрабаваць розныя хады і такім чынам знайсці рашэнне, значыць, трэба яшчэ працаваць над сабой. “Калі гуляем у любы від шахмат, не перамяшчаем фігуркі перад тым, як зрабіць ход. Усе мысліцельныя працэсы пракручваем у галаве, уяўляючы тыя ці іншыя варыянты ходу, аналізуючы іх і прымаючы рашэнне. Менавіта да такога падыходу я прывучаю выхаванцаў”, — тлумачыць Андрэй Іванавіч.
Вольга Чаславаўна, маці Уладзіслава Петрашэвіча:
“Сын займаецца трэці год, і ўжо з’яўляецца чэмпіёнам Беларусі сярод хлопчыкаў да 12 гадоў па кітайскіх шахматах. Трапіў Улад у гэты спорт выпадкова, але на першых занятках быў настолькі ўзрушаны і зацікаўлены, што сумненняў не засталося. Трэнер Андрэй Іванавіч творча выкладае складаную шахматную навуку: дзеці прыдумваюць адно для аднаго заданні, вучаць вершы, якія, напрыклад, дапамагаюць запомніць расстаноўку фігур на дошцы, рашаюць мудрагелістыя задачы, праходзяць лабірынты. А я шкадую толькі аб адным: не магу скласці сыну дастойную канкурэнцыю ў сянцы”.
Прынцы і прынцэсы сянцы
На працягу года трэнер ладзіць для сваіх выхаванцаў мноства турніраў рознага ўзроўню. Унутраныя турніры праходзяць у Фізкультурна-спартыўным цэнтры Першамайскага раёна і школах, дзе ён выкладае сянцы. Цікава, што для дзяўчат педагог праводзіць асобныя ад хлопцаў выпрабаванні. Але такое раздзяленне тлумачыцца проста: на кожным з трох турніраў, названых педагогам казачна — “Асенняе каралеўства”, “Зімовае каралеўства” і “Вясенняе каралеўства”, выбіраюцца ў пераможцы прынц і прынцэса каралеўства сянцы. Дзякуючы гэтым прыдумкам, цікавасць дзяцей да ўдзелу ў спаборніцтвах і павышэння свайго майстэрства ўзрастае ў разы. А таксама такім чынам у педагога ёсць магчымасць вызначыць не аднаго, а адразу двух пераможцаў і надзяліць іх тытуламі.
Акрамя ўнутраных турніраў, праводзяцца і камандныя — паміж школамі. У мінулым годзе прайшоў турнір “Каманда Каляд”: каманды збіраліся з розных школ і сапернічалі паміж сабой. У Першамайскім раёне трэнер па сянцы праводзіць чэмпіянаты раёна сярод дзяўчынак і сярод хлопчыкаў, і агульнакамандны. Наступны этап — гарадскія чэмпіянаты. У мінулым годзе ў кабінеце Канфуцыя пры БДЭУ прайшоў чэмпіянат Беларусі сярод школьнікаў і студэнтаў, а таксама адбыўся міжнародны турнір, прысвечаны 100-годдзю кампартыі Кітая, дзе спаборнічалі з расіянамі, кітайцамі. У планах трэнера — пашырэнне геаграфіі сянцы ў нашай краіне і супрацоўніцтва з Федэрацыяй кітайскіх шахмат сянцы, дзякуючы якой стануць магчымымі стажыроўкі дзяцей-шахматыстаў у Паднябеснай.
Алёна КРЫВЯНКОВА.
Фота з архіва А.І.Каспяровіча.