Бадай, кожны ў дзяцінстве выразаў папяровыя сняжынкі. Толькі ў большасці з нас на гэтым асваенне выцінанкі і скончылася. А некаторыя людзі развілі тыя свае спробы зрабіць са звычайнага аркуша ажурныя ўзоры ў сапраўднае мастацтва. Сярод іх — Вольга Маслава, член Беларускага саюза майстроў народнай творчасці, педагог Маладзечанскага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі “Маладзік”. Усё сваё свядомае жыццё яна прысвяціла выцінанцы — яе вывучэнню і навучанню ёй.
Маладзечанскія матывы
На стыку ХІХ і ХХ стагоддзяў выцінанка была самым танным і простым спосабам упрыгожыць свой побыт. Сакрэт просты: для стварэння мудрагелістых папяровых сурвэтак, насценных пано, фіранак, акладаў для абразоў патрэбны былі толькі папера і нажніцы.
Даступнасць неабходных матэрыялаў і інструментаў адыграла сумную ролю ў лёсе гэтага віду народнай творчасці. Выцінанкі не бераглі ў куфрах, не перадавалі дзецям і ўнукам, таму карункавыя матывы зніклі. І калі ў 80-х гадах мінулага стагоддзя мастакі і навукоўцы сталі адраджаць гэтае амаль забытае мастацтва, высветлілася, што знайсці аўтэнтычныя экзэмпляры мінулых стагоддзяў у Беларусі практычна немагчыма. Затое захаваліся традыцыі і прынцыпы. Вось на іх і абапіраюцца сучасныя майстры. І значную ролю ў аднаўленні гэтага мастацтва адыграла Маладзечанская школа выцінанкі, ля вытокаў якой стаяла Вікторыя Чырвонцава, майстар народнай творчасці па выцінанцы. Вольга Юр’еўна — яе вучаніца і яркі прадстаўнік гэтай школы.
“Вікторыя Мікітаўна выкладала ў мяне заняткі па дэкаратыўна-прыкладным мастацтве яшчэ ў мастацкай школе, калі я была маленькай. Менавіта тады я і палюбіла выцінанку. Потым на базе мастацкай школы ў нас адкрылі профільны клас па дэкаратыўна-прыкладным мастацтве, і, калі я вучылася там, гэтае аддзяленне адкрылі і на базе нашага музычнага каледжа. Там таксама выкладала Вікторыя Мікітаўна. Яго я скончыла з чырвоным дыпломам і паступіла ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў”, — расказвае пра свой шлях у мастацтва Вольга Юр’еўна.
Набор інструментаў для выцінанкі просты: аловак, лінейка, шчыльная папера, якая добра рэжацца, не рвецца і раўнамерна афарбавана. Нажніцы могуць быць і звычайныя, і манікюрныя. Старэйшыя дзеці выразаюць канцылярскім нажом.
Калі адкрылі Палац культуры, 7 гадоў Вольга Маслава была там кіраўніком клуба майстроў. У склад клуба ўваходзілі маладзечанскія майстры па самых розных кірунках — ад ткацтва і саломапляцення да работы са скурай. Сярод іх ужо ёсць і народныя майстры. А з 2009 года Вольга Юр’еўна працуе ў “Маладзіку”, куды прыходзяць дзеці з усіх школ горада, а таксама ў 6-й гімназіі, дзе вядзе заняткі па выцінанцы ў групе прадоўжанага дня для навучэнцаў 1—2 класаў.
“Мне заўсёды падабаліся графічныя работы. Нават калі я вучылася ў мастацкай школе, у мяне дыпломнай работай была лінагравюра. Работу з саломай, якую я з дзяцінства асвойвала паралельна, я таксама люблю, але куды больш мяне вабіць магчымасць прымусіць зіхацець звычайную паперу”, — тлумачыць і сваё захапленне, і прафесійны выбар майстар.
А яшчэ яна ўмее сваімі работамі натхніць да разважанняў. У гэтым і асаблівасць маладзечанскай школы. У прадстаўнікоў іншых школ работы больш карункавыя, у некага — больш геаметрычныя. Маладзечанскія маю ць выразны філасофскі падтэкст.
Міксуючы стагоддзі
Пра тое, наколькі цікава гэтае мастацтва яе навучэнцам, гаворыць іх колькасць. У групах пажадана не перавышаць колькасці 15 чалавек, але жадаючых займацца звычайна значна больш. Прычыны такому попыту педагог тлумачыць так: “Выцінанка ў нас у генах. Таму заклікаць ці запрашаць у сваё аб’яднанне дзяцей не трэба: дастаткова арганізаваць выставу работ сваіх навучэнцаў. Калі наведвальнікі не вераць, што гэта выразалі першакласнікі, то для нас гэта найлепшы камплімент. Жадаючых выпрабаваць свае творчыя сілы заўсёды шмат. За выразаннем яны адпачываюць ад урокаў, гэта добры спосаб медыяцыі. Акрамя таго, выцінанка і дробную маторыку развівае, і эстэтычна выхоўвае дзіця, знаёміць яго з традыцыямі”.
У сераду Вераніка Юхнавец прадставіла Мінскую вобласць на рэспубліканскім конкурсе юных майстроў “Беларуская выцінанка”. Дадому яна вярнулася з абсалютнай перамогай і падарункам рэспубліканскага конкурсу юных майстроў “Беларуская выцінанка” для стварэння будучых мастацкіх твораў.
Дарэчы, пра традыцыі. Па меркаванні педагога, іх трэба ведаць, але заўсёды павінна заставацца прастора для ўласных эксперыментаў.
“Канечне, перш-наперш я знаёмлю дзяцей з традыцыямі, каб яны ведалі беларускія святы — не толькі сучасныя, але і тыя, што святкаваліся славянскімі народамі — і ўмелі ўвасобіць іх цяпер, у сучасным грамадстве. Але потым мы спалучаем традыцыі з сучаснасцю, каб дзецям было цікава працаваць. Бо тых жа дарослых дзяўчат трэба матываваць, каб яны, займаючыся па некалькі гадоў запар, не страчвалі цікавасці. Трэба прапаноўваць дзецям, захоўваючы традыцыі, знаходзіць новыя магчымасці, каб яны свае ідэі маглі ўвасобіць і ў сучаснай інтэрпрэтацыі.
У прыватнасці, традыцыйная выцінанка добра спалучаецца з сучаснымі матэрыяламі. Напрыклад, у нас на вокнах выцінанка-вітраж з плёнкі Oracal пад аргшклом, — праводзіць экскурсію па кабінеце, які ад падлогі да столі ўбраны ў папяровыя карункі, Вольга Юр’еўна. — А гэтую батлейку мы ўпрыгожылі ламінаванай выцінанкай. А тут вітражная выцінанка. А вось гэтая амаль 2-метровая кампазіцыя — не проста ўтылітарны прадмет інтэр’ера. Яно можа канкурыраваць і з жывапіснымі палотнамі”.
Трыумф для натхнення
Варвара КНЯЗЕВА, навучэнка:
“У выцінанцы галоўнае — тэма, ідэя. А потым ужо прыдумваеш, якімі вобразамі сваю ідэю выкажаш. Падбіраеш стыль, фон, сімвалы, знакі. Гэта немагчыма без ведання значэння арнаменту. Тут нельга памыліцца: кожны сімвал мае канкрэтны сэнс”.
Працы Вольгі Маславай і яе навучэнцаў штогод высока адзначаюць журы. “Калядная зорка”, “Прывітанне, свет!”, “Нашчадкі традыцый” — перамогі ў гэтых і іншых рэспубліканскіх конкурсах ужо сталі традыцыяй. Заўсёды паспяховы іх удзел у міжнародным фестывалі-конкурсе “Асамблея мастацтваў”. Шмат перамог атрымалі ў Расіі. Так, тры разы запар займалі прызавыя месцы ў міжнародным конкурсе дзіцячага гумарыстычнага малюнка “Катавасія”, што праходзіць у Башкартастане. У Маладзечне традыцыйна праходзіць свята-конкурс майстроў выцінанкі “Папяровыя карункі” — навучэнцы “Маладзіка” кожны раз там сярод пераможцаў. На апошнім конкурсе майстроў мастацтва вырэзвання з паперы “Сняжынка”, які ладзіў Мінскі дзяржаўны палац дзяцей і моладзі, Вераніка Юхнавец прывезла прызавы Дыплом. Ладзіліся выставы калектыву і ў Маладзечанскім палацы культуры. Цяпер Вераніка перамагла ў рэспубліканскім конкурсе юных майстроў “Беларуская выцінанка”, які ў сераду прайшоў у Мінску ў межах XIX Рэспубліканскай выставы навукова-метадычнай літаратуры, педагагічнага вопыту і творчасці навучэнскай моладзі. А Вольга Юр’еўна па запрашэнні арганізатараў выставы праводзіла для педагогаў майстар-клас па стварэнні паштовак з выцінанкай.
Па меркаванні педагога, развіццю мастацтва спрыяе і мноства намінацый на творчых конкурсах: “Мне падабаецца, што ў сучасных конкурсах па выцінанцы вельмі шмат намінацый. Арганізатары падыходзяць да гэтага вельмі правільна: і ўдзельнікаў, і намінацый заўсёды шмат. Гэта значыць, што ў кожнага ёсць магчымасць, не падстройваючыся пад намінацыі, тварыць у сваіх любімых кірунках — ці то арнаментальная кампазіцыя, ці сюжэтная, ці паштоўка, ці ўвасабленне святочных матываў”.
Вераніка Юхнавец:
“Мне 14 гадоў і 8 з іх я захапляюся выцінанкай. Я і сёння памятаю тыя работы, якія нам, першакласнікам, паказалі. Я ўявіць сабе не магла, як можна сваімі рукамі і звычайнымі нажніцамі такое зрабіць. Прыйшла да Вольгі Юр’еўны на заняткі, каб і самой паспрабаваць, і не магу спыніцца і сёння. Я вельмі запальчывы чалавек і такая карпатлівая праца мне дапамагае супакойвацца, кантраляваць свае эмоцыі. Мне падабаецца, што выцінанку можна прымяніць і ў інтэр’еры, і для аздаблення адзення (напрыклад, вельмі арыгінальна глядзіцца падол сукенкі ці спадніцы, аздоблены выцінанкай), і для розных аксесуараў — напрыклад, саламяных карункавых завушніц. Я не ведаю, ці буду я прафесійна займацца выцінанкай, але дакладна ведаю, што проста выкінуць гэтае мастацтва са свайго жыцця ўжо не змагу”.
Святочныя матывы
Дарэчы, святочныя матывы ў “Маладзіку” любяць. У кабінеце развешаны фіранкі, створаныя да розных свят у розныя поры года. Зіма прадстаўлена тут каляднымі ўзорамі і каляднымі зоркамі, вясновыя святы прыходзяць з птушкамі, з вербнымі галінкамі, з велікоднымі яйкамі. Затым ідуць спасы — яблычны, мядовы, арэхавы (адпаведныя выявы ў цэнтры фіранкі). Спелыя сланечнікі і зерне красамоўна абвяшчаюць збор ураджаю. Так, мяняючы фіранкі на вокнах, нашы продкі маглі ўпрыгожваць свае дамы да свят. А падабраныя ўзоры арнаменту без лішніх слоў зычылі даброты гаспадарам і гасцям.
“У нас ёсць свае метадычныя распрацоўкі па вывучэнні арнаменту, шмат і кніг у нас па гэтай тэме, — гаворыць педагог. — Ды і па выцінанцы сёння шмат літаратуры. Ёсць магчымасць і ўжывую паглядзець, як працуюць іншыя майстры. Так, на семінарах і сімпозіумах мы сустракаемся з калегамі з розных краін. Выцінанка ў нас розная. Майстры з Расіі, Украіны, Польшчы любяць рознакаляровасць, але і ў іх работы непадобныя. Наша ж выцінанка больш лаканічная: звычайна ў нас адзін колер ці спалучэнне двух, зрэдку трох. Малодшыя дзеці падкладваюць пад свае ўзоры каляровыя палосачкі — ім цікава гуляць з узорам і колерам. А вось са старэйшымі мы найчасцей працуем з аднатонным кантрасным фонам”.
Творчасць Вольгі Маславай яркай старонкай упісваецца ў гісторыю Маладзечанскай школы выцінанкі. Яна таленавіта адаптуе да тэхнікі выцінанкі элементы, запазычаныя з іншых тэхнік: ткацтва, вышыўкі, разьбы.
Смела бяруцца навучэнцы “Маладзіка” і за новае. Так, цяпер тут сапраўдны бум на паштоўкі-раскладушкі, ці паштоўкі Pop-Up. А ў найбліжэйшы час яны хочуць пачаць ствараць тэатр ценяў.
Разнастайнасць творчых задум педагог тлумачыць так: “Мне хочацца, каб дзеці ўбачылі, у якіх яшчэ кірунках можна выкарыстоўваць выцінанку, і змаглі выбраць для сябе “сваё” ўвасабленне”.
Святлана НІКІФАРАВА.
Фота аўтара і з архіва Вольгі Маславай.