І качагары мы, і цесляры…

Няма больш важных і менш важных прафесій, ад прафесіяналізму кожнага залежыць лад і якасць жыцця чалавека. У гэтым упэўнены ўдзельнікі міжнароднай канферэнцыі “Правядзенне прафарыентацыйнай работы ў рэгіёне: узаемадзеянне дзяржаўных і недзяржаўных структур з мэтай выканання дзяржаўнага заказу на падрыхтоўку кадраў”, якая прайшла 15 студзеня ў Мінскім гарадскім інстытуце развіцця адукацыі. Як граматна сфарміраваць заказ на падрыхтоўку кадраў неабходнай кваліфікацыі для нашай краіны, падняць прэстыж рабочых прафесій, а таксама знайсці аптымальныя рашэнні па арганізацыі прафарыентацыйнай работы — гэтыя і іншыя пытанні сталі галоўнымі на канферэнцыі. Мэта канферэнцыі — падвядзенне вынікаў рэалізацыі міжнароднага праекта “Фарміраванне матывацыі да прафесійнага самавызначэння сярод навучэнцаў у мэтах выканання сацыяльнага заказу дзяржавы на забеспячэнне спецыялістамі ўсіх галін эканомікі” на прыкладзе вопыту работы сістэмы адукацыі Германіі.

Цяжкасці прафесійнага самавызначэння

Арганізатарамі канферэнцыі і міжнароднага праекта стаў Мінскі гарадскі інстытут развіцця адукацыі, Мінскі міжнародны адукацыйны цэнтр імя Ёханеса Рау і культурна-спартыўнае таварыства “Віта” (Дортмунд, Германія). У мерапрыемстве прынялі ўд зел больш за 180 чалавек, сярод якіх навучэнцы, педагагічныя работнікі ўстаноў сярэдняй агульнай, прафесійна-тэхнічнай і вышэйшай адукацыі Мінска і іншых рэгіёнаў Беларусі, а таксама Расійскай Федэрацыі, супрацоўнікі Нацыянальнага інстытута адукацыі, Рэспубліканскага інстытута прафесійнай адукацыі, камітэта па адукацыі, камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінгарвыканкама, Дортмундскага міжнароднага адукацыйнага цэнтра (Германія), а таксама патэнцыяльныя заказчыкі кадраў і вучоныя. Падчас пленарнага пасяджэння кіраўнік праекта рэктар Мінскага гарадскога інстытута развіцця адукацыі Таццяна Іванаўна Мароз растлумачыла, што праект рэалізоўваўся на працягу некалькіх гадоў не толькі ў Мінску, а таксама ў Мінскай, Гродзенскай і Віцебскай абласцях у рамках праграмы падтрымкі Беларусі нямецкім урадам. Яго ўдзельнікамі сталі Бабініцкая сярэдняя школа Аршанскага раёна Віцебскай вобласці, Гальшанская сярэдняя школа Ашмянскага раёна Гродзенскай вобласці, сярэдняй школа № 76 Мінска (гарадскі рэсурсны цэнтр па працоўным выхаванні і прафарыентацыі), сярэдняй школа № 186 Мінска, а таксама Мінскі дзяржаўны адукацыйна-аздараўленчы цэнтр “Лідар”. Асноўнай мэтай праекта было развіццё сістэмы прафарыентацыйнай работы з навучэнцамі праз укараненне інавацыйных форм і падыходаў.
— Нам вельмі прыемна, што ў рамках рэалізацыі праекта мы атрымалі дапамогу ад нашых нямецкіх калег. Дзякуючы гэтаму мы вывучылі вопыт арганізацыі навучання і прафарыентацыйнай работы ў Германіі, які дазваляе гаварыць аб тым, што там няма пэўных прыярытэтаў да людзей з вышэйшай адукацыяй, у гэтай краіне вельмі паважлівыя адносіны да людзей рабочых прафесій, — паведаміла Таццяна Іванаўна. — Дзякуючы рэалізацыі гэтага праекта мы таксама змаглі ўбачыць многія кірункі дзейнасці, якія ў нашай краіне ў найбліжэйшай будучыні таксама стануць актуальнымі і будуць рэалізаваны на ўсіх узроўнях, у тым ліку і ў сістэме адукацыі, і ў сістэме працы і сацыяльнай абароны.
Вольга Рэнш-Ветцэль, кіраўнік праграмы падтрымкі Беларусі Федэральнага ўрада Германіі, супрацоўнік Дортмундскага міжнароднага адукацыйнага цэнтра, адзначыла, што праграма рухаецца наперад і ўжо атрымала пралангацыю ад урада Германіі на наступныя тры гады, большай часткай яна будзе накіравана не на Мінск, а на рэгіёны. Такім чынам, супрацоўніцтва з Германіяй і вывучэнне яе вопыту ў кірунку прафарыентацыі будзе працягнута.
— Для нас важна, каб ідэі профільнага навучання былі рэалізаваны не толькі ў пэўнай установе, але і ў рабоце з бацькамі, грамадствам, з вучнямі, гэта значыць давалі б магчымасць укараняць той цікавы вопыт, які на сённяшні момант не так актыўна прымяняецца ў нашай краіне. Мяняецца час — і вучань наш таксама мяняецца, таму тыя напрацоўкі, якія былі зроблены многа гадоў назад, напэўна, сёння ўжо не такія актуальныя, бо падлетак зусім па-іншаму глядзіць на выбар прафесіі, — адзначыла рэктар МГІРА.
Менавіта аб асаблівасцях і цяжкасцях выбару будучай прафесіі паведаміла загадчык кафедры агульнай і карэкцыйнай (спецыяльнай) псіхалогіі і педагогікі Інстытута развіцця адукацыі Рэспублікі Татарстан Вера Вадзімаўна Герасімава ў сваім выступленні “Аб перазагрузцы псіхолага-педагагічнага суправаджэння прафесійнай арыентацыі навучэнцаў агульнаадукацыйных арганізацый”. На яе думку, тыя намаганні, якія робяць адукацыйныя арганізацыі па прафарыентацыі навучэнцаў, на сёння патрабуюць маштабнай перазагрузкі, бо гэты від дзейнасці ў большасці выпадкаў рэалізоўваецца несістэмна і павярхоўна. Менавіта таму многія выпускнікі школ адчуваюць цяжкасці з прафесійным самавызначэннем, а большая частка выпускнікоў устаноў сярэдняй спецыяльнай і прафесійнай адукацыі не працуе па спецыяльнасці.

Пра беспрацоўе і формулу ідэальнага работніка

Аб асноўных тэндэнцыях рынку працы ў Мінску ў 2015 годзе паведаміла намеснік старшыні камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінгарвыканкама начальнік упраўлення занятасці насельніцтва Таццяна Юр’еўна Кудзевіч. Паводле яе слоў, у 2015 годзе на рынку працы горада адбыліся значныя змяненні — рэгістраваўся вялікі ўзровень беспрацоўя і скарачэнне занятасці насельніцтва. У Мінску сёння на ўліку знаходзяцца амаль 6 тысяч беспрацоўных.— Асноўныя праблемы сёння — гэта рост зарэгістраванага беспрацоўя, актыўны пошук грамадзянамі работы, да таго ж адначасова ў нас зніжаецца попыт наймальнікаў на працоўныя кадры. Наймальнік сёння мае магчымасць падбіраць некалькі кандыдатаў на заяўленую вакансію. Таму мы прымаем меры па павышэнні канкурэнтаздольнасці беспрацоўных на рынку працы з дапамогай праграм, арганізоўваем навучанне запатрабаваным на рынку працы прафесіям, праводзім прафарыентацыйныя мерапрыемствы, — растлумачыла Таццяна Юр’еўна.
З боку наймальніка на канферэнцыі прысутнічала намеснік генеральнага дырэктара па кадрах, ідэалагічнай рабоце і сацыяльных пытаннях ААТ “Амкадор” — кіруючая кампанія холдынга” Таццяна Васільеўна Міхеева. Яна расказала аб сацыяльным партнёрстве паміж заказчыкам кадраў і сістэмай адукацыі, у прыватнасці, аб тым, як яшчэ ў сценах навучальнай установы можна скарэкціраваць падрыхтоўку выпускнікоў устаноў адукацыі пад задачы пэўнага прадпрыемства.
— Сённяшняя сітуацыя на рынку працы стварае асаблівыя ўмовы і для наймальніка, і для работніка. Ад наймальніка патрабуецца ўменне прыцягнуць у кампанію высокапрафесійнага работніка і стварыць гібкую сістэму матывацыі высокавытворчай працы. А мы гэтаму сапраўды ўдзяляем шмат увагі. На першы план выходзіць задача сфарміраваць аптымальнага па складзе — прафесійнага, стабільнага і, што для мяне вельмі важна, адданага свайму калектыву і прадпрыемству — работніка, — адзначыла Таццяна Васільеўна.
Выдатным вопытам і напрацоўкамі ў галіне прафарыентацыі падзялілася з прысутнымі намеснік начальніка ўпраўлення адукацыі, спорту і турызму адміністрацыі Заводскага раёна Мінска Міраслава Пятроўна Нямчонак у дакладзе “Актуальнасць аднаўлення форм і метадаў прафарыентацыйнай работы з навучэнцамі на сучасным этапе развіцця грамадства”.

Вучань + педагог = канструктыўны дыялог

Падчас канферэнцыі ўсе ўдзельнікі размеркаваліся па трох секцыях, дзе педагогі змаглі абмеркаваць актуальныя пытанні па прафарыентацыі навучэнцаў ва ўстановах адукацыі і арыентацыі моладзі на рабочыя спецыяльнасці. У першай секцыі “Выбар прафесіі: сучасны маладзёжны погляд” адбыўся дыялог паміж педагогамі і навучэнцамі сярэдніх школ №№ 76, 186, Гальшанскай сярэдняй школы Ашмянскага раёна, Бабініцкай сярэдняй школы Аршанскага раёна, удзельнікамі міжнароднай змены Мінскага дзяржаўнага адукацыйна-аздараўленчага цэнтра “Лідар”, пераможцамі Міжнароднага творчага інтэрнэт-конкурсу “Я — профі”. Педагогі разам з дзецьмі разглядалі пытанні прафесійнага самавызначэння, арганізацыі прафарыентацыйнай работы з навучэнцамі, псіхолага-педагагічныя аспекты прафесійнай арыентацыі, дзяліліся вопытам па павышэнні матывацыі да выбару пэўнай прафесіі і нават тым, як сучасныя інфармацыйныя тэхналогіі ў рабоце настаўнікаў-прадметнікаў дапамагаюць вызначыцца з выбарам прафесіі.Удзельнікамі другой секцыі “Інавацыйны падыход і навукова-метадычнае забеспячэнне прафарыентацыйнай работы ўстановы адукацыі” сталі супрацоўнікі Нацыянальнага інстытута адукацыі Міністэрства адукацыі краіны, прафесарска-выкладчыцкі склад кафедраў Мінскага гарадскога інстытута развіцця адукацыі, супрацоўнікі Рэспубліканскага інстытута прафесійнай адукацыі, супрацоўнікі інстытута інтэграваных форм навучання і маніторынгу адукацыі БНТУ, супрацоўнікі Віцебскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта, а таксама прадстаўнікі адукацыйных устаноў Расійскай Федэрацыі. У выніку абмену вопытам удзельнікі секцыі прыйшлі да высновы, што павышэнню эфектыўнасці прафарыентацыі будзе спрыяць сістэмны падыход у вырашэнні праблем прафарыентацыі навучэнцаў, актыўнае ўкараненне профільнага навучання на трэцяй ступені агульнай сярэдняй адукацыі, а таксама арганізацыя сеткавага ўзаемадзеяння ўстаноў адукацыі, арганізацый-заказчыкаў і зацікаўленых сацыяльных партнёраў па пытаннях прафарыентацыі навучэнцаў. Немалаважным, на думку ўдзельнікаў секцыі, з’яўляецца супрацоўніцтва з сем’ямі навучэнцаў, паколькі менавіта сямейныя каштоўнасці часта вызначаюць будучы прафесійны выбар чалавека. Між тым прапаноўваецца актыўна ўкараняць разнастайныя формы прафарыентацыйнай работы — вучэбныя, комплексныя, віртуальныя экскурсіі на аддаленыя ад установы адукацыі прадпрыемствы.
Кіраўнікі і педагагічныя работнікі ўстаноў агульнай сярэдняй і прафесійна-тэхнічнай адукацыі ў секцыі “Прафарыентацыйная работа ва ўстанове адукацыі: як сфарміраваць прафесійную мабільнасць і пазбегнуць прафесійных стэрэатыпаў у сучасных навучэнцаў” разглядалі сучасныя падыходы да фарміравання прафесійнага самавызначэння навучэнцаў і станоўчы вопыт стварэння адпаведных умоў для гэтага ва ўстановах адукацыі. Шматлікія прапановы, выказаныя падчас дыскусіі, увайшлі ў выніковую рэзалюцыю канферэнцыі, а выступленні яе ўдзельнікаў былі надрукаваны ў часопісе “Вестник МГИРО”.

Людміла ГУРСКАЯ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.