Да таго, што субота стала вольным ад вучобы днём, усе прывыклі. Але многія школьнікі лічаць, што ў гэты дзень можна нічога не рабіць — толькі адпачываць. Рэспубліканскі конкурс на лепшую арганізацыю шостага школьнага дня якраз і размяжоўвае гэтыя паняцці — “нічога не рабіць” і “адпачываць”. А тое, што педагогі ўмеюць зрабіць суботу любімым днём дзяцей, сумнявацца не даводзіцца. І фінал Рэспубліканскага конкурсу на лепшы праект па арганізацыі шостага школьнага дня стаў лепшым доказам гэтага.
Конкурс праводзіцца раз у два гады, і сёлета ён быў пятым па ліку. Тое, што ўзровень конкурсу за гэтыя гады значна вырас, адзначыла старшыня журы Наталля Канстанцінаўна Катовіч, начальнік упраўлення выхаваўчай і ідэалагічнай работы Нацыянальнага інстытута адукацыі:
— Вельмі цяжка часам бывае прадставіць складаныя метадычныя рэчы ў займальнай форме. Прыемна, што ў сёлетніх удзельнікаў гэта выдатна атрымалася на ўсіх этапах — і падчас падрыхтоўкі праектаў, і падчас іх рэалізацыі, і падчас іх творчай абароны ў фінале. Сёлета ўпершыню ўсе фіналісты сталі прызёрамі, а не ўладальнікамі дыпломаў за ўдзел, як было ў мінулыя разы.Тым не менш быў праект, які выбіваўся нават сярод лепшых, за што і атрымаў гран-пры. Гэта праект педагогаў Жамчужненскай сярэдняй школы Баранавіцкага раёна “Захаваць жыццё на сяле”. Гэта, бадай, першая ўдалая спроба правесці прафарыентацыю навучэнцаў на рабочыя спецыяльнасці. А пра тое, што тэма прафарыентацыі не страчвае актуальнасці і ў ёй педагогі дасягнулі значных вышынь, гаворыць і перамога педагогаў з гімназіі № 1 Горак, якія прадставілі свае ідэі ў праекце “Шукаю сябе ў свеце прафесій. Ідэі, якімі хочацца падзяліцца”. Зачаравалі членаў журы і ўсіх прысутных канкурсанты з Доцішскай сярэдняй школы Воранаўскага раёна, якія прадставілі “Карту нявыдуманых гісторый пра Перамогу”, і асабліва самы старэйшы прадстаўнік Воранаўшчыны — ветэран Сцяпан Аксенцьевіч Жук, якому больш за 90 гадоў. Парадавалі экспертаў і новыя падыходы педагогаў да прывучэння дзяцей да здаровага ладу жыцця. Лепшай творчай ідэяй шостага школьнага дня журы выбрала полацкі “Клубок дарог”, а таксама аб’яднанне ў адну выхаваўчую сетку некалькіх устаноў адукацыі Партызанскага раёна сталіцы. Лепшым інавацыйным праектам стаў праект сярэдняй школы № 34 Магілёва, ідэя якога — творчая рэалізацыя тых падлеткаў, якія традыцыйна да іх не далучаюцца і якіх крыўдна называюць цяжкімі.Больш падрабязна пра гэтыя і іншыя распрацоўкі пераможцаў чытайце ў сённяшнім дадатку. Як адзначыў падчас конкурсу намеснік міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь Віктар Віктаравіч Якжык, усе гэтыя ідэі настолькі ўдалыя, што калі іх возьмуць на заметку педагогі іншых школ краіны, то гэта, без сумнення, пойдзе на карысць усім, асабліва тым, для каго яны ствараюцца, — дзецям.
Аддзел праблем выхавання.
Фота Канстанціна НЕТЫЛЁВА.