Займацца трасавым аўтамадэляваннем пачынае нямала хлопчыкаў, а застаецца ў гэтай справе палова з іх. Па словах кіраўніка аб’яднання па інтарэсах “Трасавае аўтамадэляванне” Гродзенскага дзяржаўнага абласнога палаца творчасці дзяцей і моладзі Канстанціна Юшкевіча, гэтая дзейнасць спалучае шмат уменняў. І да моманту, калі хлопец бярэ ў рукі пульт і пад яго кіраўніцтвам мадэль стартуе на трасе, трэба выканаць шмат і руціннай, і творчай працы. Так што гэта справа для ўпартых і мэтанакіраваных.
Канстанцін Мечыслававіч займаецца трасавым аўтамадэляваннем, можна сказаць, усё жыццё. 41 год назад ён быў у ліку першых навучэнцаў гуртка тагачаснага Палаца піянераў, а ў 7 класе ўжо дакладна ведаў, што хоча стаць канструктарам аўтамабіляў. Атрымаўшы вышэйшую інжынерную адукацыю ў Беларускім політэхнічным інстытуце (зараз БНТУ), вярнуўся працаваць на адзін з заводаў у Гродне. І зноў прыйшоў у палац — ужо ў якасці педагога дадатковай адукацыі.
Больш за 30 гадоў працуе тут К.М.Юшкевіч, і за гэты час праз гурток прайшло нямала хлопцаў, якія выбралі тэхнічную прафесію і на ўсё жыццё захапіліся мадэляваннем. Вось Георгія Кароткага прывёў бацька Мікалай, які і сам калісьці быў выхаванцам Палаца творчасці. Зараз Георгій — чэмпіён Гродзенскай вобласці.
— Адна з прыярытэтных задач гуртка — гэта прафарыентацыйная дзейнасць, — расказвае Канстанцін Мечыслававіч. — Вельмі важна, каб малады чалавек вызначыўся з той справай, якой будзе займацца ў дарослым жыцці. Многія бацькі прыводзяць да нас дзяцей з разуменнем таго, што ў гуртку яны навучацца і рукамі майстраваць, і чарцяжы чытаць, і працаваць у камандзе.
Вось і сын К.М.Юшкевіча Генрых прайшоў такі ж шлях. Зараз ён студэнт факультэта інавацыйных тэхналогій машынабудавання Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, атрымлівае спецыяльнасць “Абсталяванне і тэхналогіі высокаэфектыўных працэсаў апрацоўкі матэрыялаў”, а яшчэ ён педагог дадатковай адукацыі. Генрых — КМС па аўтамадэльным спорце, пераможца Рэспубліканскай спартакіяды па тэхнаспорце. А зараз разам з калегам Віталіем Маркушэвічам плануе прыняць удзел у адкрытым чэмпіянаце Украіны. Генрых перадае сваім юным калегам тыя веды, якія атрымаў ад бацькі і якія сам назапасіў за гады заняткаў трасавым аўтамадэляваннем.
— Як ва ўніверсітэце ставяцца да вашага захаплення? — пытаюся ў Генрыха Юшкевіча.
— Вельмі станоўча, — адказвае хлопец. — І сябры заўсёды цікавяцца маім удзелам у спаборніцтвах. Я ва ўніверсітэт прыйшоў падрыхтаваным студэнтам, бо быў знаёмы і з тэхнікай, і з тэхналогіяй, без якіх немагчыма ствараць мадэлі і ўдзельнічаць у спаборніцтвах.
А пачынаюць юныя аўтатрасавікі з чытання чарцяжоў. Кожная мадэль робіцца ўласнымі рукамі. Для гэтага трэба і чарцёж навучыцца чытаць, і працаваць з інструментамі, даведацца пра тэхналогіі апрацоўкі розных матэрыялаў — паперы, латуні, шклотэксталіту. І пра тэхніку бяспекі не забываць. Мадэль, якую ствараюць гурткоўцы, — гэта маленькі аўтамабіль, які мае ўсе якасці аўтамабіля вялікага.
Толькі праз некаторы час пачынаюцца спаборніцтвы на трасе. У Гродне траса мае даўжыню 27,57 метра. Усё тут зроблена самімі педагогамі, навучэнцамі і іх бацькамі. Так, электрычную частку выканаў інжынер Мікалай Кароткі. Дарэчы, траса, якую адкрылі ў мінулым годзе, аснашчана сістэмай кіравання і падліку кругоў, што дае магчымасць праводзіць на ёй спаборніцтвы рэспубліканскага ўзроўню.
На спаборніцтвы заўсёды запрашаюць бацькоў гурткоўцаў. Канстанцін Мечыслававіч увёў правіла, што перад пачаткам заездаў кожны ўдзельнік павінен адказаць на тры тэарэтычныя пытанні. А што тычыцца ўмення кіраваць мадэллю, тут у кожнага свой стыль, у якім праяўляецца характар, тэмперамент, уменне сканцэнтравацца. Каманднае спаборніцтва дапамагае выхаваць і такія якасці, як узаемаразуменне і ўзаемадапамога, трываласць.
— Колькі гадоў займаюся трасавым аўтамадэляваннем, а і ў мяне прысутнічае хваляванне, калі бяру ў рукі пульт. Часам бачу, што ў хлопцаў перад стартам рукі дрыжаць, таму трэба іх навучыць спраўляцца з эмоцыямі, настроіцца на перамогу, на адказнасць за агульную справу, — гаворыць Канстанцін Мечыслававіч.
І як жа без эмоцый, калі рэкорд праходжання гродзенскай трасы — 3,5 секунды! Але ж гэта так крута! — дадае Генрых Юшкевіч.
На сцяне ў памяшканні гуртка вісіць дошка рэкордаў, на якую заносяцца дасягненні і імёны найбольш выніковых удзельнікаў гуртка.
Вынікова выступаць на спаборніцтвах выхаванцы К.М.Юшкевіча пачалі на пачатку 2000-х. І хоць першае выступленне на рэспубліканскіх спаборніцтвах не назавеш удалым — занялі перадапошняе месца, але ж нездарма каманду з прыцэлам на будучыню назвалі “Мара”. На наступны год былі трэцімі, потым — другімі, яшчэ праз год — першымі. І так гродзенцы застаюцца лідарамі ў краіне. За такую паспяховую работу К.М.Юшкевіч быў узнагароджаны Ганаровай граматай упраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама, адзначаны прэміяй Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта за падрыхтоўку пераможцаў рэспубліканскіх спартакіяд.
А мары застаюцца. У планах Канстанціна Мечыслававіча — рабіць з вучнямі больш складаныя мадэлі на інжынерным узроўні, а таксама правесці ўпершыню начныя гонкі. Удзельнічаць у заездах будуць мадэлі, якія маюць сапраўдныя фары. Прыняць удзел у спаборніцтвах могуць людзі рознага ўзросту.
— Па выніках работы за мінулы год Палац творчасці дзяцей і моладзі заняў першае месца ў Гродзенскай вобласці сярод устаноў дадатковай адукацыі, — расказвае дырэктар палаца Леанід Валенцюкевіч. — Праца Канстанціна Мечыслававіча — гэта вялікі складнік нашага агульнага поспеху. Канстанцін Юшкевіч — паважаны чалавек у калектыве, аўтарытэт для выхаванцаў і іх бацькоў за адказнасць, любоў да сваёй справы. Дзякуючы такім адданым людзям выхоўваюцца творчыя і неабыякавыя дзеці. Мы ўпэўнены, што будучыя інжынеры сёння вучацца ў нашых гуртках.
Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота аўтара.