Часцінку неба — дзецям

Не ў кожнага дзіцячае захапленне перарастае ў прафесію. А ў педагога дадатковай адукацыі шматпрофільнага цэнтра па рабоце з дзецьмі і моладдзю “Юнацтва” Магілёва Андрэя Жукава жыццё склалася менавіта так.

У школьныя гады Андрэй Іванавіч быў вельмі актыўным. Захапляўся многім: займаўся танцамі, футболам, настольным тэнісам. А потым выпадкова апынуўся на занятках у гуртку па авіямадэлізме.

— Менавіта гэтая дзейнасць захапіла мяне цалкам. Захапіла настолькі, што займацца ў гурток яшчэ хлапчуком я прыбягаў практычна штодня і да, і пасля ўрокаў у школе, — успамінае Андрэй Жукаў.


Авіямадэлізм зачапіў яго сур’ёзна і, як аказалася, надоўга. Аднак шлях Андрэя Іванавіча ў дадатковую адукацыю быў даволі звілістым, хоць і непасрэдна звязаным са сферай адукацыі ў цэлым. Захапляючыся яшчэ і гісторыяй, ён атрымаў прафесію настаўніка, скончыўшы гістарычны факультэт МДУ імя А.А.Куляшова. З энтузіязмам некалькі гадоў адпрацаваў у школе. Потым быў выкладчыкам у Беларуска-Расійскім універсітэце. Але ўвесь гэты час авіямадэлізм не адпускаў педагога. Перыядычна ён вырабляў мадэлі, удзельнічаў у выставах. А потым лёс павярнуў так, што авіямадэлізм зноў трывала і грунтоўна вярнуўся ў жыццё Андрэя Жукава. Праца педагогам дадатковай адукацыі дазволіла яму не проста займацца любімай справай, а вучыць гэтаму дзяцей. Так захапленне дзяцінства стала прафесійнай дзейнасцю, якая кожны дзень прыносіць задавальненне.

Зараз яго аб’яднанне па інтарэсах “Авіямадэлізм” наведвае каля шасцідзесяці выхаванцаў. Усе яны таксама захоплены канструяваннем самалётаў, а ўсё таму, што Андрэй Іванавіч усяляк імкнецца падтрымліваць цікавасць дзяцей да гэтай справы.

— Калі навучэнцы прыходзяць у майстэрню першы раз, у іх блішчаць вочы. У далейшым я стараюся не даць згаснуць гэтай захопленасці, таму ўжо з першых заняткаў прыцягваю дзяцей да мадэлявання. Вядома, першы час яны майструюць простыя мадэлі з падручнага матэрыялу. Але і гэта прыносіць выхаванцам неймаверную радасць, дае магчымасць адчуць сябе авіяканструктарамі ці пілотамі, — расказвае педагог.

У гурток да Андрэя Жукава навучэнцы прыходзяць тры разы на тыдзень. І хоць час заняткаў у іх фіксаваны, многія дзеці надоўга затрымліваюцца ў майстэрні, асабліва ў выхадныя дні. Гэта і нядзіўна, бо тут сапраўды вельмі цікава. Акрамя непасрэдна вырабу авіямадэлей, дзеці рэгулярна адпраўляюцца на своеасаблівыя “палёты” — выходзяць у поле, каб апрабаваць самалёты ў небе. Але, напэўна, на дзіцячую захопленасць авіямадэлізмам значны ўплыў аказвае і сам педагог. Андрэй Іванавіч літаральна аддае часцінку свайго сэрца навучэнцам. Ён не проста вучыць іх канструяваць самалёты, а стараецца быць для дзяцей старэйшым таварышам.

— Сяброўскія ўзаемаадносіны — адзін з асноўных аспектаў паспяховага навучання, таму я заўсёды шукаю ключык да кожнага дзіцяці, — падкрэслівае Андрэй Жукаў.

Такі падыход цалкам апраўдвае сябе. Наведваючы гурток па авіямадэлізме, навучэнцы мяняюцца. Яны становяцца больш дысцыплінаванымі, адказнымі. Тыя, у каго ёсць праблемы з вучобай у школе, значна павышаюць узровень сваіх ведаў.

— Многія бацькі пытаюцца, якім чынам у мяне атрымліваецца так станоўча ўплываць на дзяцей. Прыходзяць у гурток паназіраць за заняткамі і непрыкметна самі захапляюцца нашай дзейнасцю. Цяпер некаторыя навучэнцы перыядычна наведваюць заняткі са сваімі татамі. Магчыма, хутка прыйдзецца адкрываць клуб па інтарэсах для бацькоў, — усміхаючыся, кажа Андрэй Іванавіч.

Адметна, што на занятках гэты неардынарны педагог асаблівую ўвагу ўдзяляе працоўнаму і патрыятычнаму выхаванню навучэнцаў. Андрэй Жукаў не проста вучыць дзяцей асновам авіямадэлізму, а прывівае ім якасці, уласцівыя сапраўдным мужчынам, патрыётам сваёй краіны. Вырабу мадэлей часта папярэднічае вывучэнне гістарычнай літаратуры, прагляд патрыятычных фільмаў. Подзвігі беларускіх лётчыкаў-герояў натхняюць навучэнцаў на канструяванне пэўнага самалёта. Пачуцці патрыятызму ў іх развіваюць таксама сустрэчы з лётчыкамі рэгіянальнага авіяклуба, удзел у мітынгах і іншых мерапрыемствах, прысвечаных падзеям ваенных гадоў. Наведваючы гурток, дзеці набываюць і працоўныя навыкі.

— Канструюючы мадэлі, дзеці вучацца працаваць не толькі галавой, але і рукамі. У працэсе вырабу самалётаў мы займаемся і дрэваапрацоўкай, і з электронікай працуем. Усе гэтыя ўменні навучэнцы пасля змогуць прымяніць у штодзённым жыцці, — адзначае Андрэй Іванавіч.

Важным Андрэй Жукаў лічыць таксама развіццё талентаў, здольнасцей дзяцей. Яго навучэнцы — пастаянныя прызёры чэмпіянатаў і спаборніцтваў па авіямадэльным спорце, конкурсаў тэхнічнай творчасці. Асобныя навучэнцы маюць спартыўныя разрады, прычым некаторыя ўжо атрымалі першы, як і іх педагог.

Дарэчы, і сам Андрэй Іванавіч імкнецца знаходзіцца ў няспынным рэжыме развіцця. На яго думку, прафесійнае самаўдасканальванне педагога — важны фактар эфектыўнай арганізацыі вучэбнага працэсу. У гэтым асабіста яму вельмі дапамог удзел у Рэспубліканскім конкурсе прафесійнага майстэрства “Педагог дадатковай адукацыі года”.

— Конкурс даў вялікі зарад энергіі, дазволіў азнаёміцца з вопытам калег, узяць на заметку многія ідэі, методыкі. Я зразумеў, што мне яшчэ ёсць куды рухацца ў прафесійным росце, — расказаў Андрэй Жукаў.
І ён штодня працягвае гэты прафесійны рух наперад. А бачачы поспехі сённяшніх навучэнцаў, радуючыся дасягненням выпускнікоў, якія не забылі авіямадэлізм, педагог пераконваецца, што робіць гэта нездарма.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота з архіва Андрэя ЖУКАВА.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *

*