Аб’яднаныя кластарам

Ролю метадычнай службы ва ўстанове дадатковай адукацыі складана пераацаніць. Менавіта метадысты ствараюць умовы для раскрыцця магчымасцей, прафесійных інтарэсаў і здольнасцей педагогаў, і менавіта ад іх кампетэнцый залежыць эфектыўнасць выхаваўчай работы ўсёй установы. Каб убачыць, пачуць і паказаць калегам, як і чым жывуць метадычныя службы ўстаноў дадатковай адукацыі краіны, Нацыянальны цэнтр мастацкай творчасці дзяцей і моладзі 20 і 21 мая ў анлайн-рэжыме правёў II Рэспубліканскую навукова-метадычную сесію “Інавацыйны патэнцыял метадычных службаў як фактар якасці дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі”.

Трамплін для развіцця

Сесія праходзіла ў межах рэалізацыі рэспубліканскага інавацыйнага праекта “Укараненне мадэлі рэспубліканскага метадычнага кластара як рэсурсу развіцця дадатковай адукацыі дзяцей і мола­дзі”, які рэалізоўвае НЦМТДіМ з 2016 года. У 2017 годзе праходзіла I навукова-метадычная сесія, таму сёлетняя стала свайго роду падвядзеннем вынікаў праекта.

Надзея Васільеўна Васільчанка, дырэктар НЦМТДіМ, пачынаючы сесію, адзначыла: “Рэалізацыя праекта па ўкараненні мадэлі рэспубліканскага метадычнага кластара стала магутным стымулам актывізацыі інавацыйных працэсаў ва ўстановах дадатковай адукацыі і прадэманстравала творчы патэнцыял педагагічных кадраў. За гэтыя 4 гады ў праект уключылася 51 установа дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, на базе якіх функцыянуе 61 апорная метадычная пляцоўка, якія цяпер набылі статус транслятараў інавацыйнага педагагічнага вопыту і забяспечваюць магчымасць атрымання эфектыўнай і адраснай інфармацыйнай і метадычнай падтрымкі. Сёння можна сказаць, што вынікам праекта і безумоўнай каштоўнасцю для нас стаў штуршок да развіцця рэгіянальных кластарных мадэлей у абласных цэнтрах дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі праз актыўнае развіццё сеткавага ўзаемадзеяння, правядзенне вэбінараў, семінараў, канферэнцый, анлайн-кансультавання, стажорскіх пляцовак, праектных майстэрань і іншых форм дыстанцыйных зносін. Укараняючы кластарную мадэль, мы выйшлі на такія інавацыйныя формы работы з педагагічнымі кадрамі, як пастаянна дзеючыя міжрэгіянальныя майстар-класы па выніках рэспубліканскіх адукацыйных праектаў, дзейнасць лабараторыі народнай творчасці, педагагічны форум, навукова-метадычная сесія метадычных службаў і іншыя”.

Лічбавізацыі дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі прысвяціла сваё выступленне Ф.І.Храмцова, прафесар, выдатнік адукацыі Рэспублікі Беларусь, член-карэспандэнт Міжнароднай акадэміі адукацыі. Па яе словах, менавіта праект НЦМТДіМ па ўкараненні мадэлі рэспубліканскага метадычнага кластара паспрыяў распрацоўцы і ўкараненню ва ўстановах краіны новых лічбавых вучэбна-метадычных комплексаў, а таксама лічбавых вучэбных гульняў, праграм, лічбавых стымулятараў, якія забяспеч­ваюць высокую ступень уключэння вучняў у вучэбны працэс. Яшчэ адзін вынік праекта — стварэнне, рэгулярнае абнаўленне і прасоўванне адкрытых анлайн-курсаў, майстар-класаў наватараў-метадыстаў, педагогаў-інаватараў па профільных праграмах дадатковай адукацыі. Падводзячы вынікі свайго выступлення, Флюра Ібрагімаўна адзначыла: “Лічбавыя тэхналогіі ўпершыню ў гісторыі дадатковай адукацыі даюць магчымасць забяспечыць індывідуалізацыю для кожнага навучэнца адукацыйнай траек­торыі, метадаў, форм, тэмпу засваення зместу ва ўмовах выклікаў і пагроз”.

“Ад задумы да ўвасаблення”

Менавіта такую назву атрымалі творчыя пляцоўкі — прэзентацыі інавацыйных мадэлей развіцця рэгіянальнага метадычнага кластара, якія прадставілі ўсе рэгіянальныя абласныя ўстановы дадатковай адукацыі, а таксама Мінскі дзяржаўны палац дзяцей і моладзі і Мінскі абласны інстытут развіцця адукацыі. У сваіх выступленнях іх прадстаўнікі расказалі, як арганізавана метадычная прастора для педагогаў, як ствараецца аптымальны і мабільны доступ да неабходнай для прафесійнай дзейнасці інфармацыі, як наладжана павышэнне прафесійнага майстэрства і кампетэнтнасці педагогаў. У практыцы выкарыстоўваюцца як традыцыйныя формы работы (метадычныя аб’яднанні, семінары-практыкумы, майстар-класы і г.д.), так і інавацыйныя тэхналогіі (семінары-прэзентацыі, вэбінары, коўчынг-сесіі, брыфінгі і г.д.). Укаранёны дыстанцыйныя формы: вэб-семінары, інтэрнэт-форумы, віртуальныя клубы і інш.

Часта ўстановы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі арганізуюць мерапрыемствы ў супрацоўніцтве з установамі агульнай сярэдняй адукацыі, культуры (палацы культуры, бібліятэкі, музеі і г.д.), УВА, грамадскімі аб’яднаннямі, падраздзяленнямі МНС, МУС, воінскімі часцямі, ветэранскімі арганізацыямі, інспекцыямі прыродных рэсурсаў і навакольнага асяроддзя і інш.

Пляцоўкі — рэгіёну

Інтэрактыўную прэзентацыю інавацыйных партфеляў рэспубліканскага метадычнага кластара “Апорная метадычная пляцоўка — рэгіянальнай супольнасці” прадставілі ўстановы дадатковай адукацыі краіны ў 3 кірунках: “Кіраванне. Інавацыя. Ініцыятыва”, “Тэхналогіі павышэння прафесійнай кампетэнтнасці педагогаў” і “Этнакультурнае выхаванне навучэнцаў”.

Так, Смаргонскі раённы цэнтр творчасці дзяцей і моладзі прадэманстраваў эфектыўную сістэму кіравання інавацыйнымі працэсамі, Цэнтр дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі “АРТ” Мінска прадставіў мадэль дзейнасці сваёй установы па павышэнні выхаваўчага патэнцыялу сям’і, а метадыст Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі “Светач” Мінска расказала пра падтрымку сацыяльных ініцыятыў дзяцей і моладзі рэсурсамі дадатковай адукацыі. Т.І.Платкоўская, намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Дзяржынскага раёна, расказала пра дыстанцыйнае навучанне маляванню асоб з АПФР. За пэндзлі і алоўкі па той бок манітора бяруцца маладыя людзі 18—24 гадоў, якія не могуць вочна займацца ў аб’яднаннях па інтарэсах.

Пра тэхналогіі павышэння прафесійнай кампетэнтнасці педагогаў зыходзячы з коўчынг-падыходу расказала А.А.Струновіч, метадыст Цэнтра творчасці “Эверэст” Магілёва. Аўтарскі адукацыйна-метадычны комплекс — кейс-канструктар якаснага метадычнага суправаджэння адукацыйнага працэсу па рэалізацыі праграмы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі — прадставіла Т.В.Балоцкая, намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце Ваўкавыскага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі. Пра метадычнае суправаджэнне педагогаў, у аснове якога — сістэмнасць, бесперапыннасць і адраснасць, расказала дырэктар Уваравіцкага цэнтра дзіцячай творчасці Буда-Кашалёўскага раёна І.Б.Зыблева. Вопытам эфектыўнай арганізацыі метадычнага аб’яднання педагогаў дэкаратыўна-прыкладнога і выяўленчага мастацтва “Кошык з рамёствамі” падзялілася ў сваім відэароліку М.В.Старасценка, педагог дадатковай адукацыі Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі “Агат” Магілёва.

Пра інавацыйныя практыкі этнакультурнага выхавання ў Полацкім раённым цэнтры дзяцей і моладзі расказала Наталля Пятроўна Сляпцова, загадчык вучэбна-метадычнага кабінета гэтай установы: “На базе нашай установы створана адзіная этнакультурная адукацыйная прастора. У аб’яднаннях па інтарэсах вывучаюцца беларускія народныя традыцыйныя і новыя рамёствы: лён, бяроста, саломапляценне, лозапляценне, мастацкая апрацоўка скуры, валенне з воўны, роспіс па тканіне і шкле, праводзяцца майстар-класы па вырабе беларускіх лялек-скрутак, лялек-абярэгаў. Мы рэалізавалі праект “Ад вытокаў — у будучыню”, ідэя якога — выкарыстанне выхаваўчага патэнцыялу каляндарна-абрадавага цыкла беларускага народа ў выхаванні навучэнцаў. Праект знаёміць з народнымі традыцыямі, святамі, абрадамі ў адпаведнасці з порамі года, а яго фіналам стаў раённы фестываль народнай культуры “Ад вытокаў — у будучыню”. Нашы педагогі рэалізавалі даследчыя адукацыйныя міні-праекты па вывучэнні беларускіх і славянскіх народных традыцый і новых рамёстваў.

Інавацыяй у дзейнасці апорна-метадычнай пляцоўкі стала творчая работа навучэнцаў і педагогаў дадатковай адукацыі над культурна-адукацыйным праектам “Полацк вачамі дзяцей, або Горад у мініяцюры”. Яго рэалізацыя дазволіла сабраць дакладную гісторыка-краязнаўчую інфармацыю аб аб’ектах гістарычнай спадчыны Полацкай зямлі. Працягам стаў новы праект “Краіна майго дзяцінства”, які прадставіў серыю інсталяцый і макетаў, прысвечаных малой радзіме. Інавацыйны гісторыка-адукацыйны праект “Стужка часу”, прымеркаваны да Года малой радзімы, аб’яднаў у сабе вывучэнне і рэканструкцыю гістарычна важных падзей Полаччыны. Вынікам работы стала прэзентацыя ажыўшых старонак гісторыі Полацкай зямлі”.

На этнакультурным выхаванні навучэнцаў аб’яднанняў па iнтарэсах мастацкага профiлю засяродзіла ўвагу ўдзельнікаў сесіі Аксана Вацлаваўна Малькевіч, метадыст Пастаўскага раённага цэнтра дзяцей і моладзі: “Вялікі ўклад у развіццё і захаванне этнакультурнай спадчыны Пастаўшчыны ўносяць аб’яднанні па інтарэсах дэкаратыўна-прыкладнога напрамку. Адметнай у плане захавання этнакультурнай спадчыны з’яўляецца школа мастацкіх рамёст­ваў “Саламяныя фантазіі”, якая шырока вядома за межамі раёна. Пад кіраўніцтвам вопытнага педагога-майстра Т.А.Дзегцярук навучэнцы не толькі вывучаюць мастацтва саломапляцення, інкрустацыі, аплікацыі з саломкі, разам з традыцыйнымі прыёмамі работы з саломкай асвойваюцца сучасныя тэхнікі. Разам з тым вывучэнне і ўкараненне этнакультурных элементаў выкарыстоўваецца ў дзейнасці ўсіх аб’яднанняў па інтарэсах мастацкага профілю цэнтра, незалежна ад кірунку, напрыклад, па харэаграфіі і вакале”.

Аб інавацыйных формах і метадах далучэння навучэнцаў да вывучэння этнакультурных рэгіянальных традыцый сваёй малой радзімы ў Слуцкім цэнтры дзіцячай творчасці расказала В.В.Шайко, метадыст вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі: “Рэалізацыю праекта мы пастараліся арганізаваць у рамках дзейнасці, значнай і цікавай для навучэнцаў, бо выкарыстанне толькі традыцыйных метадаў і прыёмаў ужо не адпавядае патрабаванням часу. Дзеці цяпер фактычна нараджаюцца з мабільным тэлефонам у руках, а першай цацкай для іх становіцца камп’ютар. Каб быць пачутымі і зразумелымі сучаснымі тынэйджарамі, трэба гаварыць з імі на адной мове. Таму, каб зацікавіць падлеткаў гісторыяй і культурай, традыцыямі і звычаямі са Случчыны, мы зрабілі акцэнт на выкарыстанні магчымасцей мультымедыятэхналогій і інтэрактыўных форм заняткаў”.

У прыклад В.В.Шайко прывяла віртуальныя экскурсіі і падарожжы — праграмна-інфармацыйны прадукт у выглядзе відэа-, аўдыя- і графічных матэрыялаў, які стварае ў гледача поўную ілюзію прысутнасці, а змест і структуру падарожжа разнастайваюць віктарыны, гульні, конкурсы, спаборніцтвы. Так, у цэнтры ўжо распрацаваны віртуальныя падарожжы “Мой край”, “Сем цудаў Слуцка”, “Слуцк. Падарожжа ў часе”. Яшчэ адным сучасным шматфункцыянальным сродкам навучання з’яўляецца інтэрактыўны плакат, які ўяўляе сабой электронны шматфункцыянальны вучэбны плакат, які мае інтэрактыўную навігацыю і мультымедыйнае напаўненне: графіка, тэкст, гук, відэа. Але асаблівую цікавасць у навучэнцаў выклікалі QR-коды. Метадычнай службай гэтай установы былі распрацаваны і праведзены QR-віктарыны “Вядомыя людзі Беларусі”, “Традыцыйныя абрадавыя стравы беларусаў”, арт-мазаіка “Беларускі арнамент”, інтэлектуальны масіў “Крыптаграфія: ад папірусу да камп’ютара”, QR-тэка “Дзень беларускага пісьменства”. Упадабалі юныя случчане і QR-квесты, у якіх пры дапамозе QR-кодаў можна зашыфра­ваць маршрутны ліст, назвы лакацый, заданні, адказы на іх.

Традыцыі і інавацыі

Падчас сесіі на сайце НЦМТДіМ разгарнулася панарама інавацыйных педагагічных практык педагогаў краіны. Тут прадстаўлены традыцыйныя падыходы да навучання ў такіх тэхніках, як вышыўка, ткацтва, саломапляценне, гліняная цацка-свістулька, ручная набіўка па тканіне і інш.

Пра інавацыйныя гісторыка-культурныя праекты ў адукацыйнай прасторы рэгіёна ў сваім роліку расказала  А.С.Багдановіч, метадыст аддзела турызму і актыўнага адпачынку Полацкага раённага цэнтра дзяцей і мола­дзі. Падтрымка грантаў сацыяльных праектаў стала тэмай відэа-выступлення С.К.Куцько, дырэктара Астравецкага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі. А.Э.Дулеўская, намеснік дырэктара Цэнтра творчасці дзяцей і мола­дзі “Спектр” Гродна, у сваім выступленні “Шлях да сябе” засяродзіла ўвагу на тым, як разві­ваць творчыя якасці асобы педагога.

Пра інавацыйны патэнцыял рэсурснага цэнтра ў развіцці актыўнай творчай асобы і прафесійным самавызначэнні навучэнцаў, а таксама пра навучанне метадам работы Soft Skills творча расказала А.І.Максіменка, педагог дадатковай адукацыі, кіраўнік маладзёжнага рэсурснага цэнтра “Ступені” Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Барысаўскага раёна.

Узаемадзеянне ўстановы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі з сем’ямі, якія выхоўваюць дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, у рамках праекта “Крок наперад” стала тэмай выступлення І.А.Рашыдавай, педагога Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Бабруйска. Педагогі сталічных устаноў дадатковай адукацыі прадставілі цэлы спектр методык: “Светач” прадставіў свой вопыт па фарміраванні гуманнага стаўлення да жывёл (з вопыту правядзення раённай акцыі “Мы за іх у адказе!”), “Эўрыка” прапапанавала свае інтэрактыўныя методыкі для арганізацыі эфектыўнага ўзаемадзеяння з навучэнцамі-мігрантамі і іх сем’ямі, новыя кірункі маладзёжнага цэнтра вулічнай культуры і спорту “РrоКач” паказалі ў “Вікторыі”, а Мінскі дзяржаўны турыстычна-экалагічны цэнтр дзяцей і моладзі расказаў пра сваю экалагічную сцежку “Горад птушак”.

Завяршыла сесію работа інтэрнэт-форуму, падчас якога разгарнулася абмеркаванне актуальных пытанняў кластарнага ўзаемадзеяння ў рэчышчы тэмы навукова-метадычнай сесіі. Сваю ацэнку, каментарыі і прапановы па далейшым удасканаленні прафесійнага ўзаемадзеяння змаглі выказаць усе жадаючыя, якія далучыліся ў гэтыя дні да анлайн-сесіі.

Святлана НІКІФАРАВА.
Фота прадастаўлены ўстановамі дадатковай адукацыі.