Не ўказвайце раслінам, як і дзе расці

Ландшафтны дызайн ужо некалькі гадоў запар набірае папулярнасць і сваіх прыхільнікаў. Большасць экалагічных аддзелаў і цэнтраў дзяцей і моладзі Беларусі адкрылі ў сябе гэты кірунак. Першыя вынікі ўжо дэманструюць юныя ландшафтныя дызайнеры, а дзякуючы ўвядзенню намінацый і для педагогаў, тыя дасягаюць і сваіх уласных вышынь. Упершыню ў рэспубліканскім конкурсе ландшафтных праектаў “Дызайн саду” з’явіўся такі педагог-фаварыт. Ірына Барысаўна Зайцава, кіраўнік аб’яднання “Экадызайн” з Брэсцкага абласнога цэнтра турызму і краязнаўства дзяцей і моладзі, прадставіла свае праекты ва ўсіх трох намінацыях для педагогаў (“Лабірынт”, “Партэр”, “Восень у садзе”) і ва ўсіх іх атрымала абсалютную перамогу. Хоць у конкурсе быў яе дэбют, асоба Ірына Барысаўна вядомая. Яе часта запрашаюць праводзіць для педагогаў семінары па азеляненні школьных двароў, па сучасных тэндэнцыях у афармленні садоў, па гарадскім азеляненні. Сёння мы сустрэліся з ёй, каб пагутарыць пра тонкасці прафесіі і, магчыма, натхніць чытачоў на вашы ўласныя ландшафтныя эксперыменты.

— Ірына Барысаўна, калі вы ўпершыню адчулі ў сабе імкненне ўпрыгож­ваць ландшафт навокал?

— Калі расла ў бабулі. У яе было мала кветак, затое быў вялікі агарод, і я, маленькая, хадзіла па ім і ўяўляла, што агарод мой, планавала, што дзе я пасаджу, дзе што бу­дзе глядзецца прыгажэй і г.д. Але калі я вырасла, стала жыць у кватэры і забылася пра тыя свае агародныя планы. Толькі калі стала гаспадыняй свайго ўласнага дома з участкам, пачала па-новаму, ужо сур’ёзна захапляцца садовым дызайнам. Я цяпер вельмі шмат вучуся, наведваю семінары, заканчваю курсы, гляджу відэа, у мяне вялікая бібліятэка па ландшафтным дызайне, нядаўна скончыла фоташколу, асвоіла асноўныя камп’ютарныя графічныя праграмы для стварэння ланд­шафтных праектаў. Прычым маё захапленне падтрымлівае муж, аматар руж, таму прыгажосць вакол нашага дома мы ствараем разам.

Праўда, выбіраючы сабе прафесію, я не магла пайсці супраць сябе: па адукацыі я аграном, скончыла плодаагароднінны факультэт Маскоўскай сельскагаспадарчай акадэміі імя К.А.Ціміразева, але працавала не зусім па спецыяльнасці: стварала каталогі якасці і стандарты агародніны і садавіны для вялікай сеткі магазінаў. Калі мяне запрасілі працаваць у цэнтр, я паспрабавала, мне спадабаўся калектыў, работа з дзецьмі. Усё завязалася на творчасці, таму я чацвёрты год кірую аб’яднаннем па інтарэсах “Экадызайн”.

— Хто вашы навучэнцы?

— У маёй групе 15 чалавек. Гэта 11-класнікі, якія хутка будуць выбіраць сабе прафесію, навучэнцы гандлёвага вучылішча і асноўная частка — студэнты біяфакультэта педагагічнага ўніверсітэта, якія ўжо рыхтуюцца прыйсці ў школы і паказаць на прак­тыцы ўсё, чаму навучыліся. Але ў іх курс па ландшафтным дызайне кароткі, таму мы дадаткова з імі вучымся і разам творым.

— Ці можна навучыць дызайну? Напэўна, проста засвоіць яго асновы па падручніку не значыць навучыцца. Як выпрацаваць у чалавека густ, прафесіянальныя навыкі? З чаго пачынаеце заняткі?

— Я заўсёды вучу сваіх падапечных гля­дзець навокал. Гавару: “Вы выходзіце не вуліцу — глядзіце на лісточкі, на тое, як яны распускаюцца, як прачынаюцца расліны вясной, як яны вянуць восенню — усе жыццёвыя іх працэсы. Толькі так вы зразумееце, што адбываецца ў прыро­дзе, навучыцеся бачыць і ўспрымаць ландшафт, які вас акружае”. Плюс нельга абыхо­дзіць актуальныя сёння тэндэнцыі захавання мясцовых раслін, характэрных для канкрэтнага месца і клімату. Так, мы ўсё яшчэ перажываем перыяд дэкаратыўнасці туй, на піку папулярнасці высаджванне экзотаў, але ўсё ж мы, хоць і павольна, але ідзём да захавання сваёй роднай прыроды, да стварэння ландшафтаў у адзінстве з тэрыторыяй па-за агаро­джай. Акрамя таго, я вучу сваіх юных калег адчуваць дух месца. Калі гэта атрымаецца, яно само нам падкажа, як яго абыграць. Пахадзіце, падумайце, прымерайце ў думках да гэтай тэрыторыі розныя варыянты. Можна адразу зрабіць праект, на адным дыханні, а можна і мяняць яго. Такім творчым працэсам немагчыма кіра­ваць, гэта ідзе з падсвядомасці. Не менш важна ўмець уявіць свой праект праз 5, 10 гадоў. Усе сады праектуюцца ў дарослым узросце, таму задача дызайнера — закладваючы маладзенькі сад, выса­джваючы маленькія расліны, бачыць, як ён разрасцецца. Нельга ўпускаць і ўзроставыя змены ў раслінах. Гэта бясконцы працэс, работа над адной кампазіцыяй можа зацягвацца на дзесяцігоддзі. Асабіста мне падабаецца любы сад у любым выкананні. Я імкнуся да гэтага ў дачыненні і да маіх навучэнцаў: любіць любы сад з яго стылем, яго духам, умець бачыць у ім эксклюзіўнасць. Мы на занятках вывучаем гісторыю садоў, усе існуючыя стылі, кожны вучыцца бачыць у іх прыгажосць.

— А дзе вы і вашы навучэнцы рэалізуеце свае праекты?

— Шмат чаго я рэалізавала на сваім уласным участку, але большасць праектаў — на тэрыторыі цэнтра. Тут я ствараю кветнікі, міксбордары, альпійския горкі і інш. Цяпер, напрыклад, амаль завяршыла свой конкурсны праект “Лабірынт”.

Мае навучэнцы найчасцей імкнуцца перапланаваць свае ўчасткі ці ўчасткі сваіх бабуль і дзядуляў. А калі ў іх няма месца для творчасці, яны пераносяць свае праекты з паперы на тэрыторыю нашага цэнтра. У нас вялікая калекцыя мнагалетнікаў, кустоў, якія мы выкарыстоўваем.

— А ці ёсць розніца паміж праектам для прыватнага саду і для тэрыторыі пры ўстанове адукацыі?

— На тэрыторыі цэнтра мы стараемся паказаць усе магчымыя ландшафтныя прыёмы: ад рэгулярных садоў да пейзажных, ад натуральных кампазіцый да дэманстратыўных, якія паказваюць усё кветкавае багацце цэнтра. А ў прыватных садах стараемся ісці ад гаспадара, ад яго характару, ладу жыцця, яго ўласнага ўспрымання прыроды і пажаданняў, ад архітэктуры дома.

— Уявім, што ваш навучэнец хоча зрабіць падарунак бацькам і стварыць на тэрыторыі дома сад. Але яго тата любіць сучасныя тэхналогіі, дэндрапаркі, экзатычныя кусты, а мама аддае перавагу кантры. Як знайсці кампраміс пры розных уяўленнях пра сад у яго гаспадароў?

— Лёгка. Сёння, наадварот, у трэндзе змешванне стыляў. Калі ў нас стыль мадэрн, скупая мужчынская сухасць і геаметрыя, архітэктурныя расліны, заўсёды можна да­даць да іх кашпо, напоўніць іх геранямі, сурфініямі. Змешваць можна, але асцярожна, без фанатызму. Кампраміс можна заўсёды знайсці яшчэ і падчас абмеркавання. Так, заўсёды ёсць канфлікт, і наша задача — знайсці залатую сярэдзіну: спалучыць дакладныя лініі з плаўнымі кашпо, унутр круглага кветніка, падбітага самшытам, пасадзіць бягонію ці хрызантэму. Дастаткова ўявіць канчатковую карцінку. Для гэтага мы вучымся гэтыя карцінкі маляваць. Пасля ідзе падбор аналагаў для неабходных нам элементаў, прамалёўванне відавых кропак, каб паказаць ідэю гэтага саду, яго канчатковы варыянт гаспадару.

— Сёння многія шукаюць сабе прыгожыя карцінкі ў інтэрнэце, выкарыстоўваюць гатовыя схемы тых жа міксбордараў, камяністых горак і ­адзін у адзін пераносяць іх у свае сады, але праз час расліны гінуць, карцінкі не прыжываюцца. Чаму? Што людзі не ўлічваюць?

— Некалі ў мяне быў часопіс “Садовы дызайн” — пераклад англійскай версіі. Унутры былі замалёўкі з гатовымі схемамі, і я паспрабавала некаторыя з іх разаб­раць. Аказалася, палову раслін у нас не зной­дзеш: яны ў нас не растуць: клімат не падыходзіць. Ды і выглядаюць яны ў са­дзе зусім не так, як на карцінцы. А перараб­ляць гатовыя рашэнні — марная справа. І нават калі на схеме падабраны расліны для нашага клімату, усё роўна не гарантавана, што вынік вас парадуе: адны і тыя ж расліны па-рознаму адчуваюць сябе ў цяні і на сонцы, на розных глебах. Розным раслінам трэба розны догляд. Мы пачынаем з агляду месца, аналізуем, якая глеба, як і колькі асвятляецца сонцам гэты ўчастак, складаем спіс раслін, якія падыдуць для гэтага ўчастка, і адбіраем самыя лепшыя варыянты па працягласці цвіцення. Гэта самы доўгі этап, бо трэба ведаць самі расліны (а калі навучэнец прыходзіць без адпаведнай папярэдняй пад­рыхтоўкі, то вывучаць расліны даводзіцца з нуля). Тут нам дапамагаюць гульні. У мяне ёсць шмат фотаздымкаў раслін, з якімі мы гуляем у “Халоднае-гарачае” і так падбіраем колеравыя рашэнні, формы, аб’ёмы, умовы вырошчвання. Так адсейваецца большасць раслін, і мы працуем з тымі, якія застаюцца. З іх і складаем кампазіцыі. Ці пачынаем з колеру, калі падбіраем расліны для манахромных кветнікаў. Напрыклад, самы цікавы і самы складаны колер — белы. Белых кветак летам і восенню цвіце мала. Спачатку мы адбіраем з усіх раслін белыя, потым па табліцах адбіраем па працягласці і па тэрмінах цвіцення, бо важна запоўніць белымі кветкамі і вясну, і лета, і восень. Трэба расфарміраваць і па самой кампазіцыі, каб не было тут пуста, а там густа: нам трэба раскідаць колеравыя плямы групкамі, каб агульная карцінка была гарманічнай. Гэта вельмі цікавы і захапляльны працэс.

— Мне часта даводзіцца назіраць за спробамі сваіх знаёмых прыручыць у сябе ў садах міндаль, сакуру, азаліі і іншыя экзатычныя і ад гэтага вельмі капрызныя расліны. Як вы адносіцеся да такой кветкавай інтэграцыі?

— Шчыра кажучы, я супраць экзотаў. Я за тое, каб пасадзіць сад і траціць мінімальныя сілы і час на догляд: абрэзку, стрыжку і апрацоўку. Таму лепш падыдуць мясцовыя расліны. Напрыклад, у сваім садзе я нічога на зіму не ўкрываю. Калі нешта за зіму прапала, значыць, гэта не мая расліна — трэба яе замяніць больш вынослівай. Я пераканана: сад павінен быць лёгкім. Экзатычная расліна як маленькае дзіця. Як толькі яна ў вас з’яўляецца, забірае ўвесь вольны час. Але калі чалавеку якраз гэта і трэба — калі ласка.

— Што вам не падабаецца ў сучасных садах і што б вы змянілі ў іх у цэлым?

— Я за тэхналогіі, але без фанатызму. Так, зручна, калі вы адпачываеце недзе на моры, а свой газон паліваеце, уключаючы паліў са смартфона. Так, партэрны газон патрабуе ўвагі, гэта самае дарагое ў абслугоўванні (яго трэба шмат паліваць, карміць, касіць), а вось з кветкамі важна не перастарацца з палівам. Сёння ўвогуле ідзе тэндэнцыя да мінімізацыі працы чалавека на зямлі. Так, гэта правільна: сад павінен быць у першую чаргу месцам для адпачынку. А пакуль, на мой погляд, ёсць відавочны перабор: усюды ўсё засцілаецца агратканінай, засыпаецца адсыпкай, “кропельнікі” бесперапынна ўвільгатняюць глебу. У выніку каранёвая сістэма раслін ніколі не прасыхае, загнівае, затыхаецца ад недахопу кіс­лароду і з часам гіне. Тут трэба з разуменнем ставіцца. Уся Еўропа адыходзіць ад гэтага, а акцэнт робіцца на першапачатковым правільным планаванні, каб расліны не патрабавалі шмат вады: паліў там — самая вялікая частка расходаў. Я не раз бачыла, як у той жа Польшчы робяць дэкаратыўныя вадаёмы — рэзервуары для збору дажджавой вады і ёй паліваюць агароды. Мне імпануе такое ўстройства садоў, якое не патрабуе пастаяннай увагі, і расліны жывуць сваім жыццём, а мы толькі назіраем за іх развіццём, цвіценнем, сочым, каб яны не надта разрасталіся, крыху стрымліваючы іх буйства. Мы павінны не ўказваць раслінам, як і дзе расці, а даць ім волю.

Святлана НІКІФАРАВА.
Фота з архіва Ірыны ЗАЙЦАВАЙ.