Ахоўнікі лясоў і ласосяў

Кожны раз, калі збіраюся ў сельскую школу, асабліва ў глыбінцы, каб азнаёміцца з вопытам у экалагічным кірунку, паездку чакаю з асаблівым нецярпеннем, бо, як правіла, там я чарговы раз пераканаюся, што з імпэтам можна вывучаць і захоўваць прыроду, толькі калі твой дом абступаюць не праспекты і шматпавярховікі, а родныя лясы, лугі і рэкі. Менавіта такой выдалася паездка ў Варнянскі яслі-сад — сярэднюю школу, што на Астравеччыне Гродзенскай вобласці.

Лесапасадачныя будні

Хоць сама школа і аграгарадок Варняны не надта вялікія, усё ж тэрыторыя іх экалагічнай творчасці пачынаецца адразу за Астраўцом. Тысячы соснаў, елак і бяроз, якія паўтара дзясятка кіламетраў беглі ўздоўж дарогі да Варнян, былі пасаджаны у тым ліку школьнікамі. Ужо чвэрць стагоддзя споўнілася дружбе мясцовай школы з Варнянскім і Катлоўскім лясніцтвамі. Якраз пасадка дрэўцаў у навакольных лясах стала іх агульнай мэтай, а яшчэ і заданнем Міжнароднай алімпіяды па пасадцы дрэў ENO Treelympics. Алімпіяду ладзіць ужо 4 гады Фінляндыя, і ўдзельнікі Варнянскага школьнага лясніцтва “Лесавічок” прымаюць удзел у гэтым спаборніцтве ўжо трэці год запар. Гэтай вясной, дапамагаючы запаўняць прагалы ў старых лясах і саджаючы новыя, прадстаўнікі Варнян сталі абсалютнымі пераможцамі алімпіяды, абышоўшы 1040 школ з 67 краін свету. Яны пасадзілі 194 тысячы дрэў, абагнаўшы амаль на 70 тысяч сярэбраных прызёраў — школьнікаў з Турцыі. Дзякуючы такой добрай ініцыятыве з боку Фінляндыі, юныя лесаводы толькі за мінулы год пасадзілі 1,8 млн дрэў, прычым 1,5 млн — менавіта ў Беларусі. Так, так! У спісе з дзесяці сёлетніх пераможцаў ENO Treelympics дзевяць удзельнікаў — беларускія школы.


Як расказала Алена Іванаўна Юркойць, дырэктар школы і настаўніца хіміі і біялогіі, каардынатар дзейнасці школьнага лясніцтва і ўсяго экалагічнага кірунку ў Варнянскай школе, яе навучэнцы сталі вернымі сябрамі і працавітымі памочнікамі мясцовых лесаводаў. Кожны год дзеці дапамагаюць пасадзіць каля 20 га лясных культур, удзельнічаюць ва ўборцы лесу, працуюць у гадавальніку. Ад Варнянскага лясніцтва за імі замацавана тэрыторыя лесу ў 1 га. Туды юныя лесаводы ходзяць на суботнікі, падсадку, уборку скошанага сена. Кожную зіму робяць і развешваюць там сінічнікі — штогод па 200 штук. Каб дубровы і лясы шырыліся, школьнікі збіраюць насенне чырвонага дуба, ліпы, клёна і каштана на сваім прышкольным участку, дзе некалі для гэтай мэты закладвалі прысады і дэндрарый.

Такая дапамога лясгасу заахвочваецца не толькі дыпломамі і граматамі, але і матэрыяльна. Напрыклад, за дзейнасць у працоўным атрадзе падчас мінулагодніх летніх канікул школьнікі змаглі зарабіць па 100 рублёў кожны. Акрамя таго, Астравецкі лясгас прадастаўляе школьнікам транспарт для экскурсій па Беларусі. Але, мабыць, самы галоўны вынік у тым, што знаёмства з прафесіяй лесавода ў Варнянскай школе становіцца для некаторых вучняў стымулам да паступлення ў лесагаспадарчыя навучальныя ўстановы. Так адбываецца кожны выпускны год.


“Мы сабралі звесткі пра выпускнікоў апошніх 20 гадоў і высветлілі, што ажно 186 з іх атрымалі адукацыю, звязаную з лесам. Многія з іх працуюць у мясцовых лясніцтвах, супрацоўнічаюць са школай. Гэта ляснічы Варнянскага лясніцтва,6 леснікоў і інш. Адзін з выпускнікоў, Артур Комар, атрымаўшы дыплом з адзнакай на факультэце лясной гаспадаркі БНТУ, працуе ў Інстытуце эксперыментальнай батанікі. І зараз 4 чалавекі вучацца”, — пералічвае А.І.Юркойць.

Навуковыя крокі

У школе дзейнічае навуковае таварыства “Інтэлект. Творчасць. Супрацоўніцтва”, дзе дзеці паглыбляюцца ў тэмы экалогіі, біялогіі, краязнаўства. На іх рахунку ўжо мноства сур’ёзных навуковых даследаванняў, шмат перамог у экалагічных конкурсах. Сын Алены Іванаўны быў пераможцам абласнога этапу конкурсу “100 ідэй для Беларусі” з работай па вывучэнні тыпаў краніравання яблынь і ўплыву шчыльнасці пасадак на ўраджайнасць. Былі на рахунку школьнікаў перамогі на абласным этапе конкурсу “Крыніцы Гродзеншчыны”, дзе старшакласнікі вывучалі паходжанне Свентаянскай крыніцы, звязаныя з ёй легенды і літаратурныя сведчанні. А ў бягучым годзе дзеці, якія вызначалі колькасць аскарбінавай кіслаты ў яблыках розных гатункаў, сталі пераможцамі абласной навукова-даследчай канферэнцыі “Крыштальная Альфа” — чатыры гады назад дзеці і педагогі пасадзілі яблыневы сад на 280 дрэў, і сёлета быў першы ўраджай.

Цікава, што даследчыя работы праводзяцца не толькі для навучэнцаў. На базе школы дзейнічаюць 4 групы дзіцячага сада, і выхаванцы старшай групы займаюцца даследаваннямі біялагічнага, экалагічнага кірункаў і не раз былі пераможцамі раённага конкурсу “Я — даследчык”: дзеці чаранкуюць фіялкі, вызначаюць колькасць лімоннай кіслаты ў лімонах і г.д.

Паглыбленым даследаванням спрыяюць і кругласутачныя летнія лагеры “Экакраязнаўцы”, якія праводзяцца ў школе 5 гадоў. Заняткі ў лагеры праходзяць у тым ліку на выязных базах, дзе ёсць магчымасць праводзіць лабараторна-доследныя заняткі. А хутка школьныя вучоныя пяройдуць на новы, больш высокі, узровень, бо пры школе плануецца адкрыць сапраўдную біёлага-эколага-краязнаўчую лабараторыю. Для гэтага ім выдзеляць суседні пусты будынак.

“Вынікі дзіцячых навукова-даследчых работ сталі асновай нашай экскурсійнай дзейнасці, — гаворыць Алена Іванаўна. — На нашым маршруце ёсць 14 стаянак, дзе мы расказваем пра гордасць свайго краю. На тэрыторыі Астравеччыны — 2 заказнікі рэспубліканскага ўзроўню (Сарачанскія азёры і Белы Мох), а таксама 8 маладаследаваных рэспубліканскіх гідрабіялагічных помнікаў. Ёсць помнікі прыроды мясцовага ўзроўню. Сумесна з кафедрай археалогіі і спецыяльных гістарычных дысцыплін БДУ мы даследуем і археалагічныя помнікі, валуны. Такім чынам, стараемся весці работу поўнамаштабна, з пункту гледжання не толькі біялогіі, але і экалогіі, геаграфіі, гісторыі”.

Захапленне экалогіяй прыносіць школьнікам нядрэнны даход у рамках дзейнасці бізнес-кампаніі “Экалаўка”. Працуе яна па 4 кірунках. Першы — вырошчванне і продаж саджанцаў: туй, самшытаў і інш. З новага года тут плануюць заняцца вырошчваннем ранняй расады кветак — ужо купілі цяпліцу, печку для яе, прывезлі глебу, каб з першых дзён вясны можна было высаджваць насенне. Другі — сезоннае вырошчванне грыбоў. Асабліва добра пайшла справа з ураджаем вешанак. Трэці кірунак — вырошчванне і рэалізацыя яблыкаў. А зараз, у зімовы час, у школьных прадпрымальнікаў самы перспектыўны кірунак — экскурсіі па ўнікальным інфармацыйным цэнтры па захаванні атлантычнага ласося. Цэнтр быў адкрыты ў школе сёлета сумесна з грамадскай арганізацыяй “Ахова птушак Бацькаўшчыны” і на ім ужо ўдалося зарабіць 2150 рублёў..

Рыбная тэма

Інфармацыйны цэнтр стаў лагічным вынікам яшчэ аднаго адкрыцця варнянцаў. Педагогі і мясцовыя жыхары заўважылі ўнікальны для Беларусі факт — у іх рэчкі Тартак, Сянканку, Газянку, Камяліну, Халодны ручай у пачатку кожнай зімы прыплываюць на нераст ласасёвыя: кумжа, сёмга і ручаёвая фарэль, ці стронга. Але ў гэты час у рыбы тут шмат праблем: перашкаджаюць плаціны баброў, падцікоўваюць выдры, якія вельмі любяць ласавацца чырвонай рыбай. Ды і браканьеры не раз прарэджвалі нешматлікую папуляцыю. Таму галоўнай задачай варнянскіх школьнікаў, педагогаў і мясцовых жыхароў стала ахова рыбы-чырванакніжніцы.

“Спецыфіка ласасёвых у тым, што малькі, дасягаючы 7 гадоў, заўсёды вяртаюцца на нераст туды, дзе некалі вылупіліся, — радзіму яны знаходзяць па паху вады. Ікра зімуе ў чыстай вадзе, вясной з’яўляюцца малькі і сыходзяць у Балтыйскае мора, каб аднойчы сюды вярнуцца на нераст. Таму так важна даць доступ рыбам да нашых рэк. А бабры сваімі хаткамі перакрываюць рыбам шлях. І дзе неабходна, мы разбіраем іх, бурым плаціны, — тлумачыць Алена Іванаўна. — Рыбы плывуць да нас па Нёмане і Віліі супраць цячэння каля 600 кіламетраў, таму, калі дасягаюць фінішу, яны зусім знясіленыя, бездапаможныя, самкам ледзь хапае сіл хвастом згрэбці гальку ў грудок-гняздо і адкласці туды ікру. Мы з дзецьмі часам застаём гэты момант — з-за празрыстай вады і невялікай глыбіні ўсё як на далоні! Браканьер у гэты момант можа не тое што злавіць, а проста сабраць абяссіленых рыб рукамі. На нераст звычайна выпадае ўсяго 10 дзён у год — у снежні, калі тэмпература вады ўсяго +2 градусы. Гэтага часу ласасёвым хапае, каб аднераставаць, адпачыць і адправіцца зноў у шлях. Таму мы разам са старшымі школьнікамі і іх бацькамі, а таксама валанцёрамі з Гомельшчыны, Міншчыны, Віцебшчыны на гэтыя 10 дзён ставім палаткі ўздоўж рэк, палім буржуйкі і кастры, чым і пужаем і выдраў, якія звычайна менавіта ноччу выходзяць на паляванне, і магчымых залётных браканьераў”.

Дзякуючы якраз інфацэнтру, у школе мараць, што патэнцыяльныя браканьеры абдумаюцца. На інтэрактыўнай выставе любы жадаючы можа даведацца пра няпросты лёс ласасёвых рыб, цяжкасці міграцыі і нерасту і пранікнуцца праблемай іх захавання. Яшчэ нядаўна на Астравеччыне можна было знайсці да 50 гнёздаў кумжы, летась было значна менш.

За год наведвальнікамі цэнтра стала больш за тысячу гасцей з усёй краіны. У жніўні пры ўваходзе ў школу галоўных ахоўнікаў быў устаноўлены памятны знак кумжы, а днямі партнёры праекта прывезлі і ўстанавілі электронны трэнажор, на якім дзеці змогуць гуляць у экалагічныя гульні на перапынках і з карысцю выкарыстоўваць яго на ўроках.


Прыемна бачыць, як праца школьных эколагаў спрыяе захаванню прыроды іх роднага краю.

Святлана НІКІФАРАВА.
Фота з архіва ўстановы адукацыі.