Акадэмія дарожнай бяспекі

Арганізацыя шостага школьнага дня накіравана на тое, каб дзеці не засталіся без нагляду дарослых і не трапілі ў бяду, таму педагогі прыкладваюць усе намаганні, каб гэты дзень прайшоў у школе бяспечна і цікава для самога дзіцяці. Але на гэты раз педагог-арганізатар сярэдняй школы № 217 Мінска Эдуард Міхайлавіч Санкевіч выкарыстаў магчымасці шостага школьнага дня не для таго, каб забавіць дзяцей, а каб захаваць іх бяспеку па-за сценамі школы — на дарогах. А ўжо гэта гарантавала педагогу перамогу ў намінацыі “Лепшы інавацыйны праект”.

Вучымся на прыкладах

“Усе мы жывём у грамадстве, дзе неабходна выконваць пэўныя нормы і правілы паводзін. Няхай гэта правілы этыкету, правілы паводзін у грамадскіх месцах або правілы паводзін у дарожна-транспартнай сітуацыі. Захаванне ўсіх гэтых норм сведчыць аб выхаванасці, аб культуры асобна ўзятай асобы, — абгрунтоўвае актуальнасць выбранай тэматыкі Эдуард Міхайлавіч. — Выхаванне асобы навучэнцаў пачынаецца ў сям’і, дзе бацькі і фарміруюць стаўленне дзіцяці да выканання той ці іншай нормы, правіла. Мама, якая перабягае дарогу пад мільгаценне зялёнага святла, чамусьці не задумваецца аб тым, што дзіця, якое бяжыць побач, заўтра зробіць менавіта так. А тата, які не прапусціў пешахода пры павароце на скрыжаванні, наўрад ці здагадваецца аб тым, што падобнае вадзіцельскае хамства некалі стане для сына, які сядзіць побач, стылем ваджэння. Усё гэта даказвае, што выкананне правіл дарожнага руху — гэта ў першую чаргу неад’емная частка культуры сям’і. А ў выпадку яе адсутнасці прафілактычная работа па фарміраванні навыкаў бяспечных паводзін навучэнцаў з боку педагога — марная гульня ў адны вароты. Неабходна аптымізаваць формы і метады арганізацыі работы па фарміраванні навыкаў бяспечных паводзін самых маленькіх навучэнцаў, кансалідацыю сумесных намаганняў сям’і і школы і інтэграцыю сям’і ў адукацыйны працэс”.


Разуменне пазначанай праблемы і магчымасці існуючай матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстановы (тут створаны Цэнтр бяспекі дарожнага руху, музей бяспекі дарожнага руху і аўтаматызаваны аўтагарадок) дазволіла стварыць у школе клуб шостага школьнага дня “Сямейная акадэмія дарожнай бяспекі”, удзельнікамі якога сталі бацькі, педагогі школы і прадстаўнікі ДАІ.

У рабоце клуба ўдзел прымаюць законныя прадстаўнікі (сем’і ў поўным складзе). Разам з педагогамі яны выхоўваюць у дзяцей павагу да правіл дарожнага руху. Адметнай асаблівасцю акадэміі з’яўляецца інавацыйны падыход да навучання навыкам бяспекі дарожнага руху “роўны навучае роўнага” ў сем’ях навучэнцаў. Папярэдне сем’і асобна ўзятай паралелі (сем’і-акадэмікі) прайшлі курс навучання і вучылі астатніх удзельнікаў адукацыйнага працэсу ў шосты школьны дзень. Такім чынам, навучэнцы вывучаюць нормы бяспечнага дарожнага руху і ўспрымаюць іх як неад’емную частку сямейнай культуры.

Першы званок пад рокат матораў

Сёлетні навучальны год пачынаўся не са звычайнай лінейкі. Пад першыя трэлі званка тут праходзіла ўрачыстае адкрыццё акадэміі. Пры ўзаемадзеянні аддзялення ДАІ Фрунзенскага раёна, кампаніі VOLVOGRОUP і Фрунзенскага мотаклуба IRONPRIDE адбылася прэзентацыя інавацыйнай мадэлі навучання навучэнцаў бяспечным паводзінам на праезнай частцы. Дзякуючы супрацоўніцтву з мотаклубам IRONPRIDE, адбылося ўрачыстае адкрыццё новай экспазіцыі, прысвечанай развіццю мотаруху ў Рэспубліцы Беларусь у першым у Беларусі школьным музеі бяспекі дарожнага руху. Калекцыя школьнага музея папоўнілася яркімі экспанатамі: манекенам байкера ў амуніцыі з эксклюзіўнымі шаўронамі мотафестываляў, якія праходзілі на тэрыторыі Беларусі і краін былога СССР за апошнія 30 гадоў, і спартыўным матацыклам эпохі 80-х гадоў, адноўленым пры садзейнічанні кампаніі VOLVOGRОUP.


На тэрыторыі адзінага ў сталіцы аўтаматызаванага дзіцячага аўтагарадка, які ўяўляе сабой паменшаную копію мікрараёна Сухарава, былі арганізаваны практычныя заняткі для навучэнцаў “Падарожжа ў аўтагорад” пры ўдзеле першай сталічнай дзіцячай моташколы BELDRIVE. Выхаванцы моташколы прадэманстравалі навыкі ваджэння на электрамабілях, картынгах і матацыклах у змадэляваных умовах аўтагорада.

Кульмінацыяй школьнай лінейкі стала правядзенне цырымоніі залічэння першакласнікаў на першы курс “Сямейнай акадэміі дарожнай бяспекі” з удзелам прадстаўнікоў мотаклуба IRONPRIDE і членаў школьнага атрада “Юныя інспектары руху”. Кожнаму першакласніку былі ўручаны першыя імянныя пасведчанні юных пешаходаў і падарункі — святлоадбівальныя камізэлькі.

Сёння праект у самым разгары рэалізацыі. Так, у верасні інспектарамі АДАІ і педагогамі школы былі праведзены вучэбныя семінары для сем’яў-акадэмікаў, якія ўжо выкладаюць у “Сямейнай акадэміі дарожнай бяспекі”. Для сем’яў-удзельніц тэрмін навучання ў акадэміі — паўгоддзе і спалучаны з графікам правядзення мерапрыемстваў у шосты школьны дзень. Сем’і-ўдзельніцы пройдуць паслядоўнае навучанне на трох курсах акадэміі: 1 курс пройдзе ў музеі бяспекі дарожнага руху, 2 курс — тэарэтычнай падрыхтоўкі — у Цэнтры бяспекі дарожнага руху, 3 курс — практычнай падрыхтоўкі — у “Школьным аўтаградзе”.

Пасля заканчэння акадэміі яе слухачоў будзе чакаць экзаменацыйнае мерапрыемства з прысваеннем ім звання акадэмікаў дарожнай бяспекі. Гэтае званне дазволіць сем’ям стаць выкладчыкамі ў наступным наборы “Сямейнай акадэміі дарожнай бяспекі”.

“Завяршальны этап работы па ўкараненні мадэлі дзейнасці акадэміі ў адукацыйны працэс шостага школьнага дня пройдзе ў чэрвені 2018 года, — дзеліцца планамі Эдуард Міхайлавіч. — Тады мы будзем ствараць сайт “Сямейнай акадэміі дарожнай бяспекі”, назапашваць метадычную прадукцыю па правядзенні мерапрыемстваў па папярэджанні дзіцячага траўматызму, распрацоўваць памяткі для бацькоў па пытаннях навучання правілам дарожнага руху ў сям’і. Плануем і правядзенне гарадскога метадычнага семінара, дзе падзелімся з калегамі сваім вопытам работы ў кірунку прапаганды бяспечных паводзін на дарогах. Для дзяцей будзе функцыянаваць 4 курс акадэміі па навучанні ваджэнню квадрацыклаў на малааб’ёмных рухавіках унутранага згарання ў мадэляваных умовах аўтаграда пры ўдзеле дзіцячай моташколы BELDRIVE. А для сем’яў будзе арганізаваны сямейны “Квадратур” у межах работы палатачнага лагера “Сямейнай акадэміі дарожнай бяспекі” па маршрутах “Мінск — Брэст”, “Мінск — Віцебск”.

Святлана НІКІФАРАВА.
Фота з архіва школы.