Акно ў свет дзіцяці

Выхаванне дзіцяці — найважнейшая і адна з самых няпростых задач.

З першых крокаў і да паўналецця па крупінках закладваюцца каштоўнасці, фарміруецца характар і адносіны да жыцця, людзей, наваколля. І на гэтых першых прыступках станаўлення чалавека галоўная роля належыць бацькам і настаўнікам. Атрымліваецца, што ў сям’і і школы агульныя мэты і задачы, агульная місія.

Бераг і мора

Наконт гэтага вельмі добра выказаўся савецкі пісьменнік Леў Касіль. Сям’ю і школу ён уяўляў у вобразах берага і мора. “На беразе дзіця робіць свае першыя крокі, а потым перад ім адкрываецца неагляднае мора ведаў, і курс у гэтым моры пракладае школа…. Але гэта не значыць, што дзіця павінна зусім адарвацца ад берага”. Гэта якраз пра тое, што на працягу ўсяго школьнага жыцця дзіцяці ўзаемадзеянне бацькоў і навучальнай установы павінна быць непарыўным.

На жаль, нярэдка можна пачуць, як спрачаюцца “бераг і мора”, спрабуючы перакласці праблемы выхавання адно на аднаго. Некаторыя бацькі лічаць, што прывялі дзіця ў школу, і на гэтым іх удзел у выхаванні завяршыўся. Педагогі ўпэўнены, што іх справа — вучыць, а не выхоўваць. Насамрэч у абодвух працэсах ім належыць аднолькавая роля, таму трэба працаваць сумесна. Тым больш, як паказваюць назіранні, супрацоўніцтва сям’і і школы мае асаблівую важнасць у поспехах і паспяховасці школьніка. Спецыялісты сцвярджаюць, што гармонія ўнутры самой сям’і, падтрымка бацькамі падыходаў школы да выхавання і ўдзел сям’і ў школьных мерапрыемствах можа быць самым важным фактарам поспеху дзіцяці. Такім чынам, можна канстатаваць, што развіццё асобы дзіцяці праз фарміраванне ў яго патрэбы ў дасягненні поспеху непасрэдна звязана з тым, наколькі адзіныя ў супрацоўніцтве сям’я і школа.

Як правіла, арганізатарам такога супрацоўніцтва становіцца педагог. Сёння настаўнікі, будуючы ўзаемадзеянне з бацькамі, выкарыстоўваюць мноства форм і метадаў. Нават прывычныя бацькоўскія сходы трансфармаваліся ў нешта больш ёмістае і змястоўна насычанае. Спартыўныя спаборніцтвы, святочныя канцэрты, сумесныя паходы і экскурсіі — гэтыя традыцыйныя мерапрыемствы выкарыстоўваюцца ў кожнай установе адукацыі. Але ў кожнай ёсць і ўласныя ідэі, якія выдатна ўпісаліся ў выхаваўчы працэс.

Клубныя сустрэчы

Калектыў гімназіі № 56 імя А.А.Вішнеўскага Гомеля сям’ю разглядае як галоўнага заказчыка і саюзніка ў выхаванні дзяцей, і для стварэння ўмоў, якія дазволяць усебакова развівацца кожнаму вучню, настаўнікі і бацькі аб’ядноўваюць намаганні.

Тры гады назад у гімназіі быў створаны бацькоўскі клуб “Акно ў свет дзіцяці”, які дзейнічае пад кіраўніцтвам намесніка дырэктара па выхаваўчай рабоце Таццяны Бычковай.

Кожны месяц матулі і таты прыходзяць у клуб, каб сумесна з педагогамі разбірацца ў розных пытаннях. Часта на сустрэчы запрашаюцца класныя кіраўнікі, псіхолагі, медыцынскія работнікі, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый.

— Мы ніколі не ставілі сваёй задачай сілком прыцягнуць да ўдзелу ў клубе, — тлумачыць Таццяна Уладзіміраўна. — Для нас важна, каб у бацькоў была асабістая зацікаўленасць, асабістае жаданне збірацца, вырашаць праблемы, абмяркоўваць пытанні і чамусьці вучыцца адно ў аднаго.

Назва клуба “Акно ў свет дзіцяці” выразна вызначае яго мэту: лепш зразумець псіхалогію дзяцей, іх паводзіны. Вядома, што ў бацькоў часта не хапае пэўных ведаў — тых, якімі валодае педагог. Клуб якраз і дазваляе павысіць узровень псіхолага-педагагічнай культуры ў галіне выхавання дзяцей. Тут фарміруюцца педагагічныя навыкі, адкрываючы бацькам правільныя падыходы, а ў выніку абіраецца адзіны курс выхавання, дзе настаўнікі і бацькі не разыходзяцца ў меркаваннях і не спрачаюцца, а ідуць у адным кірунку.

Яшчэ адзін бясспрэчны плюс для дарослых — у тым, што на пасяджэннях клуба яны маюць магчымасць пазнаёміцца бліжэй, будаваць зносіны і дзяліцца сваім вопытам сямейнага выхавання. Праблемы дзяцей у пэўным узросце аднолькавыя, а таму для іх вырашэння можна выкарыстоўваць аднолькавыя падыходы.

У асноўных мэтах і задачах клуба таксама развіццё новых форм грамадска-сямейнага ўзаемадзеяння і навучанне прадукцыйным спосабам вырашэння сямейных канфліктаў, узбагачэнне сямейнага адпачынку культурнымі мерапрыемствамі. Гэта стварае ўмовы для захавання цэласнасці сям’і і паўнавартаснага развіцця ў ёй дзяцей, наладжвання добрых дзіцяча-бацькоўскіх адносін. А ўвогуле, “Акно ў свет дзіцяці” — дзейсная форма па папярэджанні дрэннага становішча ў сям’і.

Тэматыка пасяджэнняў заўсёды актуальная і запатрабаваная. І гэта не сумныя размовы за сталом, а сустрэчы з элементамі трэнінгаў, гульнявых сітуацый, у якіх дарослыя “прымерваюць на сябе”, напрыклад, падлеткавыя праблемы ці нейкія канфліктныя сітуацыі, у якіх часта апынаюцца вучні. Тыя, хто наведвае пасяджэнні клуба, дзеляцца ўражаннямі і думкамі з іншымі, і далей у працэс уключаюцца ўсё новыя і новыя ўдзельнікі з ліку бацькоў.

— Галоўны прынцып у арганізацыі работы бацькоўскага клуба — абавязкова пазітыўнае стаўленне да ўдзельнікаў і адсутнасць павучальных гутарак і натацый,— гаворыць Т.У.Бычкова. — Калі мы, педагогі, хочам навучыць бацькоў правільнаму выхаванню дзяцей і працаваць з імі ў цеснай сувязі, мы павінны быць прыкладам, калі можна так сказаць, нам неабходна нібыта “авансаваць” тыя станоўчыя якасці і ўласцівасці, якія мы хацелі б сфарміраваць у іх.

Крок насустрач

Замыкацца ў сценах сваёй гімназіі адміністрацыя і педагогі не сталі і далучыліся да раённай акцыі “Крок насустрач”. Акцыя накіравана на тое, каб данесці да шырокага кола бацькоў як мага больш ведаў па выхаванні дзяцей і вырашэнні праблем, з якімі звычайна сутыкаюцца сем’і. І тут ужо навучальная ўстанова прыцягвае да супрацоўніцтва прадпрыемствы і арганізацыі горада. Прынцып дзеяння такі: педагогі, загадзя вызначыўшыся з тэматыкай, рыхтуюць сустрэчу з працоўнымі калектывамі і выязджаюць непасрэдна на прадпрыемствы. Звычайна тэма размовы падказваецца бацькамі — работнікамі прадпрыемства. Амаль у кожнага з іх ёсць дзеці-школьнікі, а значыць, ёсць і пытанні, адказы на якія яны хочуць знайсці.

Не сакрэт, што сёння ў многіх працоўных калектывах ёсць прадстаўнікі сем’яў, якія прызнаны сацыяльна небяспечнымі і знаходзяцца на кантролі. Для іх таксама не будзе лішнім папрысутнічаць на гутарцы, якую прапануюць педагогі.

— Такіх сустрэч у нас было ўжо шмат, — расказвае намеснік дырэктара гімназіі. — Мы бачым зацікаўленасць з боку працоўных калектываў, тым больш што яны самі прапануюць тэму, і мы вядзём прадметную размову. Некаторым бацькам патрэбна адпаведная падрыхтоўка ці проста адабрэнне педагога ў іх імкненні дапамагчы дзецям, і вельмі радуе, што мы можам дапамагчы ў гэтым.

Наталля ЛУТЧАНКА.