Апошні герой

На базе Мастоўскага РАНС арганізавана змена абаронна-спартыўнага лагера “Юны ратавальнік”. 20 юнакоў ва ўзросце 16 гадоў выдатна праводзяць час.

Захапляльныя выпрабаванні, начлег у казарменных палатках і раніца пад спевы птушак — каштоўны вопыт выхавання сілы духу і братэрства. Цікавасць да спартыўнага турызму і работа ў камандзе спрыяюць не толькі ўмацаванню здароўя, але і выхаванню пачуцця адказнасці, узаемадапамогі, дысцыпліны, настойлівасці ў дасягненні выніку, умення пераадольваць цяжкасці дзеля агульнай справы.

З першых дзён знаходжання ў лагеры юнакі ўдзельнічаюць у гульні “Апошні герой”. Хлопцы змагаюцца за “выжыванне” аддзяленняў, спрабуючы знайсці разумныя выхады з інтэлектуальнага лабірынта, жывуць яркім і незабыўным жыццём, трэніруюць цела для здаровага духу. Супрацоўнікі Мастоўскага РАНС знаёмяць дзяцей з абсталяваннем ратавальнікаў, расказваюць аб магчымасцях пажарных машын, паказваюць, якімі спецыяльнымі інструментамі карыстаюцца агняборцы пры тушэнні пажараў і правядзенні выратавальных работ.

Рухавыя і інтэлектуальныя гульні, вывучэнне статутаў Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь, страявая і ваенна-прыкладная падрыхтоўка, пад’ём па штурмавой лесвіцы на вучэбную вежу, адпрацоўка тэхнікі тушэння пажару, пераадоленне сцежкі выпрабаванняў, залікі па стральбе і кіданні гранаты, экскурсіі на выратавальную станцыю з магчымасцю пабыць сапраўднымі вадалазамі, ды і само жыццё без звыклых і часам лішніх выгод цывілізацыі — усё гэта ўваходзіць у 9 дзён знаходжання ў лагеры, які выдатна спрыяе станаўленню падрастаючых мужчын, дапамагаючы ім многае асэнсаваць і зразумець.

Кожны дзень насычаны разнастайнымі выхаваўчымі мерапрыемствамі: адкрыты мікрафон “Беларусь — краіна маёй будучыні”, гадзіна гістарычнай памяці “Той самы першы дзень…”, дыялог “Ваенная прысяга і статут — закон жыцця воіна”, гульнявая праграма “Сцежка выпрабаванняў”, спартыўная гульня “Захоп тэрыторыі”, інтэлектуальная гульня “Разумнікі і разумніцы”. Чырвонай ніткай праходзіць тэматыка 80-годдзя пачатку Вялікай Айчыннай вайны і Года народнага адзінства.

У лагеры дзейнічаюць свае законы: павага да слова і думкі, дабрыня і прыстойнасць, памяць і абавязак. Кожны падлетак штодня мае магчымасць атрымаць свой знак поспеху за даручаную і выдатна выкананую справу. Уручэнне знака праходзіць пры падвядзенні вынікаў дня на вячэрняй праверцы. Індывідуальныя знакі ўручаюцца за цікавыя ідэі і ініцыятыву; за якасць выкананай працы; за актыўны ўдзел у справах аддзялення; за аператыўнасць у выкананні пастаўленых задач. Задача кожнага аддзялення — сабраць як мага больш знакаў поспеху, што дапаможа выявіць лепшае аддзяленне. У канцы “службы” будуць падведзены вынікі. Юнакі, якія набралі найбольшую колькасць знакаў поспеху, стануць “ганаровымі ратавальнікамі” і будуць узнагароджаны падарункамі.

Галоўная мэта абаронна-спартыўнага лагера “Юны ратавальнік” — выхаванне патрыятызму, фарміраванне беражлівых адносін да гісторыі нашай краіны і памяці пра подзвігі і дасягненні старэйшых пакаленняў, імкнення да служэння Айчыне.

Аляксандр ГАЛАВЕНКА,
дырэктар абаронна-спартыўнага лагера “Юны ратавальнік”, настаўнік фізікі гімназіі № 1 Мастоў.