Трэніровачны лагер па баскетболе прайшоў у сталічнай “Палова-Арэне” з 4 па 12 ліпеня. Сюды трапілі лепшыя з юных баскетбалістаў. “Настаўніцкая газета” таксама наведала яго.
Па 50 дзяўчынак і хлопчыкаў 2005—2006 г.н. адабралі для ўдзелу ў лагеры на беразе ракі Свіслачы. Дзіцячы баскетбольны лагер афіцыйна называўся “Баскетбол з нуля. Пачынаем з азоў”. На працягу васьмі дзён спачатку хлопчыкі, а затым і дзяўчынкі працавалі над развіццём і ўдасканаленнем сваіх баскетбольных навыкаў.
— Федэрацыя баскетбола ўжо 20 гадоў штогод праводзіць дзіцяча-юнацкую баскетбольную лігу. Гэта самае маштабнае спаборніцтва для дзетак. У гэтай лізе ўдзельнічаюць дзеці ад 9 да 16 гадоў. І ў гэтым сезоне пачалі гуляць баскетбалісты 2005—2006 г.н. Падалі заяўку 16 каманд, у кожнай з якіх 12 удзельнікаў. Гэта значыць, амаль 200 спартсменаў прыехалі на турнір, — расказаў Юрый Воўк, арганізатар праекта. — З іх адбіралі дзяцей для лагера. Вядома, бралі не ўсіх, таму што на 50 месцаў каля 100 хлопчыкаў значыліся ў спісах. У прыярытэце былі дзеці, якія ўдзельнічалі ў нашай лізе. Да таго ж самі школы вызначалі лепшых баскетбалістаў.
На адкрыцці лагера прысутнічалі таксама старшыня Беларускай федэрацыі баскетбола Максім Рыжанкоў і яго намеснік Ягор Мешчаракоў.
— Я ўпэўнены, што ўсю працу трэба пачынаць з дзяцей, таму мы разам з ФІБА-Еўропа падрыхтавалі падрабязную праграму. Акрамя таго, мы пастараліся прыцягнуць больш дзяцей з рэгіёнаў: Масты, Валожын, Брэсцкая вобласць. Тут дзеці жывуць у цэнтры горада, могуць паглядзець Мінск, атрымаць неабходныя навыкі для свайго развіцця, — расказаў на адкрыцці Максім Рыжанкоў. — Таксама мы падрыхтавалі для іх невялікія падарункі ад федэрацыі: заплечнікі, майкі. Відаць, што ўдзельнікі гараць гульнёй знутры.
— Лагер сапраўды вельмі важны, паколькі ўжо на ранніх этапах дазваляе вызначыць, хто з моладзі 2005—2006 г.н. уяўляе цікавасць для юніёрскіх нацыянальных зборных. Акрамя таго, юныя баскетбалісты атрымліваюць тыя веды, якія дазваляюць ім расці. Напрыклад, многія робяць фундаментальныя рэчы няправільна, а перавучыць іх вельмі складана. Таму размінка, обыгрыш, пасы і іншыя асновы трэба ўмець выконваць правільна. Парада прафесіянала для маладога гульца вельмі важная, — адзначыў намеснік старшыні Беларускай федэрацыі баскетбола Ягор Мешчаракоў.
Эксперты ў галіне баскетбола распрацавалі спецыяльную праграму заняткаў для юніёраў. Напрыклад, лагер пачынаўся з гульнявой праглядальнай трэніроўкі. Настаўнікі па выніках першых дзён ацэньвалі ўзровень падрыхтоўкі юных гульцоў. Далей тры дні дзеці наведвалі ранішнія і вячэрнія заняткі. Трэнінгі па агульнафізічнай падрыхтоўцы і праца над асноўнымі тэхнічнымі баскетбольнымі элементамі праводзіліся ў абавязковым парадку.
— Перад пачаткам работы лагера сустракаліся з лепшымі трэнерскімі кадрамі, якія не першы год працуюць з дзецьмі, і абмяркоўвалі, што трэба падрастаючым спартсменам. Мы склалі план і вызначылі станцыі практыкавання: кідок, вядзенне, абарона, перадачы, праца ног і фізічная падрыхтоўка. Потым сталі прыцягваць экспертаў, якія лепш у гэтым разбіраюцца і могуць данесці неабходныя веды да дзяцей. Было складана знайсці трэнераў: у кагосьці адпачынак, хтосьці на спаборніцтвах. Трэнерскі штаб для хлопчыкаў сабралі лёгка, нават з невялікай канкурэнцыяй. Дзяўчынкам падабраць інструктараў было складаней, бо ў гэты час многія раз’ехаліся.
Пад купалам “Палова-Арэны” атрымалася сабраць лепшых спецыялістаў краіны. Напрыклад, з працай у абароне юных баскетбалістаў знаёмілі трэнер жаночай каманды “Цмокi-Мiнск” Андрэй Ваўлеў і экс-цэнтравы зборнай Беларусі Мікалай Аляксееў. Правільна аддаваць перадачы вучыў трэнер мужчынскіх “Цмокаў” Расціслаў Вергуноў. А лепшыя дзіцячыя спецыялісты краіны Надзея Камянец і Сяргей Варыводаў вучылі тэхніцы кідкоў і правільнай працы ног у баскетболе. Каардынацыяй і агульнафізічнай падрыхтоўкай дзяцей займаўся наш славуты беларускі цэнтравы трэнер па АФП каманды “Цмокi-Мiнск” Аляксандр Куль.
— Такія летнікі — звычайная практыка ў мэтах развіцця баскетбола, павышэння майстэрства не толькі дзяцей, але і іх трэнераў. У адной групе займаюцца дзеці з розным узроўнем падрыхтоўкі, але гэта не перашкаджае эфектыўна працаваць з імі. Усе яны вельмі стараюцца. Вялікае задавальненне займацца з такімі дзецьмі, бачыць у іх вачах агонь і жаданне вучыцца, — падзяліўся Аляксандр Куль. І гэта далёка не ўвесь пералік экспертаў, якія прымалі ўдзел у працы лагера. Акрамя гэтага, прыязджалі і нацыянальныя зборныя.
Для хлопчыкаў атрымаўся вельмі цікавы майстар-клас. Арганізатарам удалося запрасіць амаль усю мужчынскую зборную. Гэта было ў другі трэніровачны дзень. Прыехалі нават лідары каманды Арцём Парахоўскі, Віталь Лютыч, якія гуляюць у наймацнейшых клубах лігі Еўропы. Дзеці на іх глядзелі з захапленнем. Для іх гэта была суперматывацыя, магчымасць пагутарыць з такімі людзьмі, нечаму навучыцца.
Да дзяўчынак таксама зазірнулі на вячэрнюю трэніроўку прадстаўніцы жаночай нацыянальнай каманды. Разам з рулявым зборнай Наталляй Трафімавай у госці да юных баскетбалістак прыехалі Анастасія Верамеенка, Кацярына Сныціна, Аляксандра Тарасава, Яўгенія Сцяпанава і Ганна Калента.
Зорная “дрым-цім” размеркавалася на чатыры станцыі. Кацярына Сныціна працавала над перадачамі, Аляксандра Тарасава і Яўгенія Сцяпанава вучылі дрыблінгу і обыгрышу 1х1, Ганна Калента паказала некаторыя элементы работы цэнтравых пад кальцом, а Наталля Трафімава прадэманстравала розныя варыянты кідкоў.
Лагер працуе ўжо другое лета запар. У чэрвені 2016 года федэрацыя баскетбола запусціла падобны праект на “Палова-Арэне”, і ў ім прынялі ўдзел больш за 50 маладых гульцоў. У параўнанні з папярэднім годам зацікаўленых больш.
— Ужо ёсць попыт. Людзі самі тэлефануюць, цікавяцца наконт лагера. Хтосьці згодны плаціць грошы і прывозіць з рэгіёнаў сваіх дзяцей. Бацькі зразумелі, што гэтая практыка вельмі карысная. Да таго ж гэта велізарны плюс для ўсяго беларускага спорту, паколькі такіх лагераў раней не было. А тут мы збіраем лепшых дзяцей, якія хутка будуць гуляць у маладзёжных зборных. Знаёмімся з імі бліжэй, вызначаем узровень іх падрыхтоўкі і даём карысныя веды. Яны растуць, становяцца больш прафесійнымі. Да зборнай ужо падыходзяць больш падрыхтаваныя баскетбалісты.
Моцныя гульцы летам не адпачываюць, а працягваюць трэніравацца. Арганізатары праекта хочуць прывучыць дзяцей да пастаяннай працы. Так яны змогуць падымаць свой узровень.
Асноўная задача — паглядзець узровень тэхнічнай і фізічнай падрыхтоўкі лепшых маладых гульцоў пэўнага ўзросту. Акрамя таго, мэта лагера — удасканаліць навыкі, якія ўжо ёсць у гульцоў, і прыўнесці нешта новае, накіраваць іх у патрэбнае рэчышча. Разам з дзецьмі ў лагер запрасілі больш за 20 дзіцячых трэнераў, якія назіралі за працэсам і вучыліся ў лепшых экспертаў. Для іх гэта таксама карысная практыка. Яны могуць убачыць новыя практыкаванні, новыя падыходы, якія потым паспрабуюць укараніць у сваю працу з камандамі. У рэшце рэшт у такіх месцах з’яўляюцца новыя сябры, а гульцы і трэнеры становяцца больш згуртаванымі, а гэта немалаважны фактар. Трэнеры таксама маюць зносіны паміж сабой. Такім чынам, камунікацыя паміж дзіцячымі спецыялістамі ў Беларусі наладжваецца.
— Летась даведаўся, што з’явіўся гэты лагер. Але там былі дзеці 2003—2004 г.н. Гэты ўзрост не трэніраваў, — гаворыць Ігар Чыбісаў, старшы трэнер-выкладчык “ДЮСШ пярвічнай арганізацыі прафсаюза працуючых ВДУ імя П.М.Машэрава”. — Сёлета трапіў сюды. Я задаволены, таму што для дзяцей гэта прафесійнае развіццё, штуршок. У мой час такога не было, і нават на спаборніцтвы мы ездзілі рэдка. Праграма летніка падабаецца, але гэта яшчэ толькі другі год. Думаю, што з кожным годам узровень арганізацыі будзе толькі расці, і ў наступным сезоне будзе яшчэ лепш. Я хацеў бы, каб зрабілі акцэнт на абарону. Базавыя рухі таксама спадабаліся. Сяргей Варыводаў, трэнер БК імя Мешчаракова, паказваў асновы, якія трэба закласці правільна, каб потым паспяхова развіваць. Ён добры трэнер, дзяўчынкам у яго ёсць чаму павучыцца. Нават паглядзець на яго працу было цікава.
Праца лагера пабудавана такім чынам, што за чатыры дні кожны з маладых гульцоў можа засвоіць максімальную колькасць інфармацыі. На трэніроўках вывучаюцца асновы, якія дапамогуць баскетбалістам павысіць свой узровень і перадаць гэты вопыт партнёрам па дзіцячай школе ў іх родных гарадах.
— Вельмі люблю баскетбол, займаюся ім другі год, — расказвае Юстына Вілянкова, падапечная Ігара Чыбісава. — Гэты лагер мне прынёс шмат новага. Рада, што паехала сюды. Я не ўмела кідаць мяч, а тут навучылася. Адпрацавала абарону і вядзенне мяча. Папрактыкавалася ва ўсім, што мне было незразумела.
Фінансаванне — асноўная праблема правядзення гэтага лагера. Федэрацыя аплачвае пражыванне і харчаванне ў Мінску, а таксама выдаткі на экіпіроўку. Таму павелічэнне колькасці заездаў пакуль не ўяўляецца магчымым. Частка фінансавання ідзе з гранта Міжнароднай федэрацыі баскетбола, які беларусы атрымалі, прадставіўшы канцэпцыю лагера. Пакуль федэрацыя можа забяспечыць сродкамі толькі 100 чалавек. Аднак арганізатары плануюць павялічваць колькасці змен. Ужо зараз яны пачынаюць шукаць спосабы прасоўвання трэніровачнага лагера на наступны год.
Вераніка ГАМЗЮКОВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.